Выдавецкі дом "Звязда"

Акрамя кнігавыдавецкага блока і штодзённай беларускамоўнай газеты "Звязда", у яго ўвайшлі літаратурна-мастацкія выданні: газета "ЛіМ", часопісы "Полымя", "Нёман", "Маладосць", "Вожык". Усе названыя перыядычныя выданні - з уласнай вялікай творчай гісторыяй, са значным аўтарытэтам у асяроддзі творчай інтэлігенцыі, што дало магчымасць стварыць на базе новай установы асяродак развіцця і актыўнага прымянення сучаснай беларускай мовы, пляцоўку для творчасці і дыялогу аб нацыянальных каштоўнасцях.
За час, што мінуў з моманту стварэння выдавецкага дома "Звязда", пашырылася праблемна-тэматычнае поле выданняў - да холдынга далучыліся часопісы "Алеся" (часопіс для жанчын) і "Родная прырода" (навукова-папулярны экалагічны часопіс), а таксама выданні для беларусаў замежжа - газета "Голас Радзімы" і часопіс "Беларусь" (выдаецца на трох мовах: беларускай, англійскай і кітайскай).
Лакаматывам выдавецкага дома з’яўляецца газета "Звязда" - адзінае штодзённае дзяржаўнае выданне на беларускай мове, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў. За больш як стагадовую гісторыю газета, па сутнасці, ніколі не змяняла сваіх прыярытэтаў, якімі і сёння застаюцца ўсебаковае асвятленне дзяржаўнай палітыкі, дзейнасці кіраўніцтва краіны, органаў дзяржкіравання (у першую чаргу сацыяльнага блока: працы і сацабароны, культуры, адукацыі, аховы здароўя).
Адным з асноўных прыярытэтаў у публікацыях і дзейнасці рэдакцыі "Звязды" з’яўляецца беларускасць - захаванне культуры і чысціні беларускай мовы, выхаванне пачуцця гонару за свой народ, за сваю Радзіму, за яе слаўную багатую гісторыю.