Занятасць насельніцтва

Забеспячэнне эфектыўнай занятасці насельніцтва - прыярытэт у сацыяльнай палітыцы беларускай дзяржавы. Права на працу як найбольш дастойны спосаб самасцвярджэння чалавека замацавана ў Канстытуцыі Беларусі.

Палітыка дзяржавы ў галіне занятасці накіравана на:

  • забеспячэнне роўных магчымасцей працаўладкавання ўсім грамадзянам і замежным грамадзянам, асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны незалежна ад полу, нацыянальнасці, узросту, сацыяльнага становішча і веравызнання;
  • захаванне добраахвотнасці працы, свабоднага волевыяўлення грамадзян пры  выбары віду занятасці;
  • забеспячэнне сацыяльнай абароны ў галіне занятасці;
  • каардынацыю дзейнасці ў галіне занятасці насельніцтва з дзейнасцю па іншых напрамках эканамічнай і сацыяльнай палітыкі.

Пачынаючы з 2016 года ўзровень беспрацоўя, разлічаны па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы, паступальна зніжаецца з 5,8% у 2016 годзе да 3% у 2024 годзе.

Адначасова ў Беларусі існуе ўстойлівы попыт на рабочую сілу. На 1 студзеня 2025 года ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій прапаноўвалася больш за 161 тыс. свабодных працоўных месцаў.

Для рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва і забеспячэння грамадзянам адпаведных гарантый створана Дзяржаўная служба занятасці насельніцтва. Усе паслугі, што прадастаўляюцца службай занятасці саіскальнікам работы і работадаўцам, аказваюцца на бязвыплатнай аснове.

Прыярытэт у рабоце службы занятасці – садзейнічанне беспрацоўным у працаўладкаванні на пастаяннае месца працы.

Па выніках 2024 года пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкавана звыш 137 тыс. грамадзян, або больш за 85% ад маючых патрэбу ў працаўладкаванні.

Дзяржава гарантуе беспрацоўным і грамадзянам, якія звярнуліся па пытаннях працаўладкавання, бясплатную прафесійную арыентацыю ў мэтах аказання практычнай дапамогі ў выбары прафесіі, змене роду заняткаў і павышэнні кваліфікацыі.

Беспрацоўным грамадзянам па накіраванні службы занятасці прадастаўлена права на бясплатнае навучанне ў мэтах прадастаўлення ім магчымасці атрымання неабходных для пачатку, змянення або аднаўлення працоўнай дзейнасці ведаў, уменняў, навыкаў і кампетэнцый з улікам патрэбнасцей рынку працы і ў адпаведасці з існуючымі прызваннем, здольнасцямі, навыкамі і асаблівасцямі стану здароўя.

Акрамя беспрацоўных на навучанне могуць быць накіраваны грамадзяне, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, дзіцяці-інваліда да 18 гадоў і якія атрымліваюць дапамогу на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, якое інфіцыравана вірусам імунадэфіцыту чалавека.

Перыяд навучання беспрацоўных па накіраванні службы занятасці ў дзённай форме атрымання адукацыі залічваецца ў стаж работы.

Адным з важных напрамкаў палітыкі ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва з’яўляецца падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы грамадзян – беспрацоўным аказваецца фінансавая падтрымка (у памеры ад 11 да 20 бюджэтаў пражытачнага мінімуму) на бязвыплатнай і незваротнай аснове для пачатку прадпрымальніцкай дзейнасці.

У мэтах садзейнічання занятасці беспрацоўным грамадзянам і забеспячэння наймальнікаў работнікамі рэалізуюцца мерапрыемствы па стымуляванні працоўнай мабільнасці грамадзян.

Службай занятасці па жаданні беспрацоўнага ажыццяўляецца садзейнічанне ў пераездзе на работу ў сельскую мясцовасць з аказаннем фінансавай дапамогі ў памеры дзевяцікратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

Клопат пра сацыяльна слабаабароненыя катэгорыі насельніцтва - прыярытэт сацыяльна арыентаванай дзяржавы.

У мэтах набыцця вопыту практычнай работы па атрыманай прафесіі (спецыяльнасці) аказваецца садзейнічанне ў працаўладкаванні беспрацоўных на часовыя працоўныя месцы. Забяспечваецца часовая працоўная занятасць навучэнцаў і студэнтаў у свабодны ад вучобы час. Ажыццяўляецца частковая кампенсацыя затрат наймальнікаў, якія прадастаўляюць працоўныя месцы для працаўладкавання грамадзян, вызваленых з папраўчых устаноў, па аплаце працы такіх асоб.

Садзейнічанне занятасці інвалідаў

У якасці дадатковых мер па працаўладкаванні інвалідаў уведзена сістэма кватавання працоўных месцаў, якая дасць магчымасць забяспечыць максімальнае прыцягненне наймальнікаў усіх форм уласнасці да гэтага працэсу.

У мэтах рэабілітацыі і далейшага працаўладкавання рэалізуецца праграма па адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці, якая накіравана на:

  • набыццё і  ўдасканаленне інвалідамі прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў работы з улікам атрыманай або існуючай у іх спецыяльнасці (прафесіі);
  • набыццё, аднаўленне і развіццё існуючых у інвалідаў працоўных здольнасцей і замацаванне іх у працэсе ажыццяўлення працоўнай дзейнасці;
  • павышэнне канкурэнтаздольнасці інвалідаў на рынку працы.

Адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці ажыццяўляецца па існуючай у іх прафесіі ў адпаведнасці з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі, абілітацыі і можа праводзіцца ў залежнасці ад здольнасцей ад шасці месяцаў да аднаго года, а для інвалідаў з інтэлектуальнымі парушэннямі - да двух гадоў. Пры правядзенні мерапрыемстваў па адаптацыі дзяржава выдзяляе наймальнікам сродкі на набыццё абсталявання, матэрыялаў, сродкаў індывідуальнай аховы ў памеры да 200 базавых велічынь за адно працоўнае месца для працаўладкавання інвалідаў, а таксама часткова кампенсуе затраты па аплаце працы вакансіі.

Набыццё вопыту практычнай работы

Праграма набыцця вопыту практычнай работы прадугледжвае прыём наймальнікамі на часовую работу беспрацоўных, якія ўжо валодаюць неабходнай спецыяльнасцю, але не маюць вопыту работы. У сваю чаргу наймальніку кампенсуецца частка затрат на аплату працы такога работніка.

Інфармацыйны партал дзяржаўнай службы занятасці

У мэтах усебаковага інфармавання грамадзян і юрыдычных асоб аб паслугах, што прадастаўляюцца органамі дзяржаўнай службы занятасці, аб правах і абавязках грамадзян і наймальнікаў у галіне забеспячэння занятасці насельніцтва функцыянуе Інфармацыйны партал дзяржаўнай службы занятасці.

Інфармацыйны партал дае магчымасць:

  • ствараць для кожнага кліента службы занятасці "асабісты кабінет";
  • атрымліваць звесткі аб наяўнасці вакансій у любым рэгіёне. Інфармацыя аб вакансіях абнаўляецца ў рэжыме рэальнага часу спецыялістамі  службы занятасці і наймальнікамі;
  • забяспечваць наймальнікам доступ да прагляду рэзюмэ, запоўненых грамадзянамі, якія шукаюць работу на партале, або перададзенымі на партал па жаданні беспрацоўных органамі дзяржаўнай службы занятасці;
  • забяспечваць інфармаванне грамадзян і арганізацый аб сітуацыі  на рынку працы рэспублікі, праводзімых мерапрыемствах, паслугах, што аказваюцца дзяржаўнай службай занятасці;
  • атрымліваць доступ да нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць дзейнасць дзяржаўнай службы занятасці ў галіне забеспячэння занятасці насельніцтва;
  • наймальнікам самастойна ў анлайн-рэжыме размяшчаць звесткі аб наяўнасці ў іх свабодных працоўных месцаў (вакансій).

На партале функцыянуе тэматычны раздзел "Часовая занятасць моладзі", у рамках якога сфарміраваны пералік арганізацый, гатовых прымаць на работу моладзь у вольны ад вучобы час, у тым ліку непаўналетніх грамадзян.

Дзейнічае лічбавы прафарыентацыйны сэрвіс "Крок у прафесію", у якім рэалізавана інтэрактыўная анлайн-дыягностыка, якая ўключае 30 камплектаў тэстаў (33 методыкі), а таксама прадастаўленне актуальнай інфармацыі аб прафесіях, іх запатрабаванасці на рынку працы.

Электронныя кірмашы вакансій

У 2019 годзе ў работу службы занятасці ўкаранёны новы інструмент "Электронны кірмаш вакансій" (http://e-vacancy.by), які дае магчымасць сувязі непасрэдна саіскальнікам работы з наймальнікамі.

Дзейнасць агенцтваў па працаўладкаванні

Прадастаўленне грамадзян паслуг па садзейнічанні ў працаўладкаванні на тэрыторыі краіны можа ажыццяўляцца толькі тымі юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ўключаны ў Рэестр агенцтваў па працаўладкаванні (на 1 лютага 2025 года ў рэестры 92 агенцтвы). 

Для агенцтваў вызначаны парадак прадастаўлення паслуг.