Дзяржаўная падтрымка сям’і ў Рэспубліцы Беларусь
У Рэспубліцы Беларусь падтрымка сям’і з’яўляецца нацыянальным прыярытэтам. Сям’я выступае важнейшай крыніцай фарміравання і развіцця асобы, узнаўлення чалавечага капіталу, накаплення і перадачы традыцый, духоўных і маральных каштоўнасцей.
Для падтрымкі сем’яў з дзецьмі рэалізуецца комплекс мер з асаблівым акцэнтам на шматдзетныя сем’і:
- выплата дапамог у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей;
- прадастаўленне сямейнага капіталу шматдзетным сем’ям;
- сацыяльнае абслугоўванне сем’яў з дзецьмі;
- дзяржаўная падтрымка пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылля;
- забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей першых двух гадоў жыцця і іншыя віды дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі;
- гарантыі ў сферы адукацыі, аховы здароўя, пенсійнага, працоўнага, падатковага і жыллёвага заканадаўства.
Сістэма дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей
У рэспубліцы дзейнічае разгалінаваная сістэма дзяржаўных дапамог. У яе ўваходзяць тры групы дапамог: па мацярынстве, сямейныя і па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзяцей - усяго 11 відаў (Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей").
Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў устаноўлена на ўзроўні 35-45% сярэднямесячнага заработку па краіне.
Дапамога выплачваецца за ўвесь перыяд догляду дзіцяці да надыходу ўзросту дзіцяці 3 гадоў (у тым ліку пры выхадзе асобы, якая ажыццяўляла догляд дзіцяці, на работу захоўваецца поўны памер дапамогі або выплачваецца 50%), прычым усім атрымальнікам, незалежна ад узроўню даходаў, факта выплаты страхавых узносаў.
Памеры аднаразовых дапамог: пры нараджэнні першага дзіцяці выплачваецца 10 БПМ у сярэднім на душу насельніцтва, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - 14 БПМ.
Расходы на выплату дапамог у адрас сем’яў з дзецьмі ў 2022 годзе склалі Br2,86 млрд.
Дадатковыя выплаты таксама ажыццяўляюцца са сродкаў мясцовых бюджэтаў пры нараджэнні дваіх і больш дзяцей; народжаных адначасова (двойні, тройні) (у памеры 2БПМ на кожнае дзіця).
Праграма сямейнага капіталу
З 2015 года рэалізуецца праграма сямейнага капіталу.
Сямейны капітал - гэта безнаяўныя грашовыя сродкі, якія прадастаўляюцца сем'ям грамадзян Рэспублікі Беларусь пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга альбо наступнага дзіцяці.
Памер сямейнага капіталу вызначаецца на дату нараджэння, у выпадку ўсынаўлення (удачарэння) - на дату ўсынаўлення (удачарэння) трэцяга альбо наступных дзяцей:
- з 1 студзеня 2015 г. па 31 снежня 2019 г. - 10 000 долараў ЗША;
- з 1 студзеня 2020 г. па 31 снежня 2020 г. - 22 500 рублёў;
- з 1 студзеня 2021 г. па 31 снежня 2021 г. - 23 737,5 рубля;
- з 1 студзеня 2022 г. па 31 снежня 2022 г. - 25 995 рублёў;
- з 1 студзеня 2023 г. па 31 снежня 2023 г. - 29 950 рублёў;
- з 1 студзеня 2024 г. па 31 снежня 2024 г. - 31 480 рублёў;
- з 1 студзеня 2025 г. па 31 снежня 2025 г. - 33 275 рублёў.
Права на распараджэнне сямейным капіталам прадастаўляецца пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям'я набыла права на яго прызначэнне.
Пры гэтым сямейны капітал можа быць скарыстаны датэрмінова на:
- будаўніцтва, рэканструкцыю або набыццё жылля, пагашэнне запазычанасці па крэдытах, пазыках, прадастаўленых на гэтыя мэты, і выплату працэнтаў за карыстанне такімі крэдытамі, пазыкамі сем'ямі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў;
- атрыманне агульнай вышэйшай адукацыі, спецыяльнай вышэйшай адукацыі, сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі, установах адукацыі ФПБ і Белкаапсаюза;
- атрыманне медыцынскіх паслуг у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя (набыццё медыцынскіх вырабаў замест уключаных у Рэспубліканскі фармуляр пры выкананні складаных і высокатэхналагічных умяшанняў у кардыяхірургіі, нейрахірургіі, анкалогіі, артапедыі, набыццё лекавых сродкаў, атрыманне стаматалагічных паслуг - пратэзаванне зубоў, дэнтальная імплантацыя з наступным пратэзаваннем, артадантычная карэкцыя прыкусу);
- набыццё тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў з парушэннямі органаў зроку, апорна-рухальнага апарату.
Сістэма сацыяльнага абслугоўвання сем’яў з дзецьмі
Найбольш запатрабаванай у сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, з’яўляецца паслуга пагадзіннага догляду дзяцей (паслуга нянькі). Яна прадастаўляецца бязвыплатна сем’ям, якія выхоўваюць двойню, тройню ва ўзросце да 3 гадоў, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, сем’ям, дзе абодва бацькі або адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і з’яўляюцца інвалідамі I і II груп.
Сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, на базе дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў прадастаўляецца паслуга сацыяльнай перадышкі пры захаванні правоў на ўсе сацыяльныя выплаты (да 56 дзён у каляндарным годзе). Яе мэта - даць бацькам (членам сям’і) магчымасць для аднаўлення сіл, вырашэння сямейна-бытавых пытанняў.
Для арганізацыі комплекснага падыходу ў вырашэнні праблем сям’і ў цэнтрах аказваецца паслуга сацыяльнага патранату.
Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання ажыццяўляюць таксама дзейнасць, накіраваную на папярэджанне дамашняга насілля, сямейнага недабрабыту, гандлю людзьмі. У выпадку неабходнасці такім асобам прадастаўляецца паслуга часовага прытулку ў "крызісным" пакоі.
Прававыя гарантыі для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, у галіне працоўнага заканадаўства
Нормы, якія рэгулююць правы асоб з сямейнымі абавязкамі ў працоўных адносінах, закладзены ў Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Асноўныя працоўныя гарантыі распаўсюджваюцца на абодвух бацькоў, у тым ліку на мачыху і айчыма.
Адна з асноўных норм - водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў. На заканадаўчым узроўні прадастаўлена права сям’і самастойна вызначаць, хто з працуючых бацькоў будзе ажыццяўляць догляд дзіцяці і адпаведна знаходзіцца ў такім водпуску. Сістэма прадастаўлення водпуску гібкая - яго можна падзяліць на часткі любой працягласці.
Прадугледжана права працуючых маці (мачахі) або бацькі (айчыма) на свабодныя ад работы дні, якія аплачваюцца ў памеры сярэдняй заработнай платы:
- пры выхаванні дзіцяці-інваліда да 18 гадоў - на адзін дадатковы выхадны дзень у месяц, які аплачваецца за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, або скарачэнне працягласці штодзённай работы (змены) на адну гадзіну з захаваннем заработнай платы;
- пры выхаванні траіх і больш дзяцей да 16 гадоў (дзіцяці-інваліда да 18 гадоў) - на адзін дадатковы выхадны дзець у тыдзень, што аплачваецца за кошт сродкаў наймальніка, або скарачэнне працягласці штодзённай работы (змены) на адну гадзіну з захаваннем заработнай платы.
Устаноўлены абавязак наймальніка запланаваць працоўны водпуск работнікам, жонкі якіх знаходзяцца ў водпуску па цяжарнасці і родах, - у перыяд гэтага водпуску.
Прадугледжана абавязковае прадаўжэнне тэрміну кантракта:
- з працуючай жанчынай, якая знаходзіцца ў водпуску па цяжарнасці і родах, маці (татам дзіцяці замест маці, апекуном), што знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў, - не менш як да заканчэння названых водпускаў;
- з маці (татам дзіцяці замест маці, апекуном), якая пачала працаваць да або пасля заканчэння водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў, са згоды - не менш як да дасягнення дзіцем узросту 5 гадоў.
Для забеспячэння гендарнага парытэту ў сям’і ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь унесены наступныя нормы:
- прадастаўленне тату (айчыму) кароткачасовага водпуску пры нараджэнні дзіцяці па яго заяве (да 14 дзён у першыя 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці). Іншая працягласць і аплата водпуску могуць быць прадугледжаны калектыўным дагаворам, наймальнікам;
- права выбару працоўнага водпуску ў летні час у бацькаў (айчымаў), якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю ва ўзросце да 18 гадоў;
- прадастаўленне тату (айчыму), які выхоўвае дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў (дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў), права выкарыстання працоўнага водпуску да заканчэння 6 месяцаў работы ў наймальніка;
- распаўсюджанне гарантый, прадугледжаных для працуючых жанчын-маці, на працуючых адзінокіх бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей.
У мэтах сумяшчэння прафесійных і бацькоўскіх функцый у Працоўным кодэксе ўрэгуляваны пытанні, звязаныя з дыстанцыйнай занятасцю.
Агульнарэспубліканская база даных уліку шматдзетных сем’яў
Для маніторынгу за прадастаўленнем поўнага аб’ёму гарантый і льгот шматдзетным сем’ям з 1 студзеня 2020 года ўведзена ў дзеянне адзіная агульнарэспубліканская база даных уліку шматдзетных сем’яў, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 2019 года № 264).
На 1 студзеня 2025 года ў базе даных змешчана інфармацыя пра амаль 123 тыс. шматдзетных сем’яў. Пераважная большасць сем’яў маюць траіх дзяцей - 80,2% ад усіх шматдзетных сем’яў, чацвярых - 14,4%, пяцярых і больш дзяцей - 5,4%. Самы "шматдзетны рэгіён" Беларусі - гэта Брэсцкая вобласць.
Заахвочванне працы шматдзетных маці
Праца мацярынства высока ацэньваецца на дзяржаўным узроўні. Для маці, якія з годнасцю выхавалі пяцярых і больш дзяцей, прадугледжана дзяржаўная ўзнагарода - ордэн Маці. З 1996 года ў краіне ўзнагароджана больш за 13,8 тыс. маці (на 1 студзеня 2025 г.)