Сельская і лясная гаспадарка

Сельская гаспадарка

Сельская і лясная гаспадарка

Сельская гаспадарка - важная галіна эканомікі Рэспублікі Беларусь, якая забяспечвае харчовую бяспеку і экспартны патэнцыял.

Паводле папярэдняй ацэнкі ў 2025 годзе ўклад сельскагаспадарчай вытворчасці ў аб'ём ВУП краіны склаў 6,3%, у арганізацыях галіны працавалі 230 тыс. чалавек.

На 1 студзеня 2025 года ў галіне налічвалася каля 1,4 тыс. сельскагаспадарчых арганізацый і 3,3 тыс. сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. 

Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва ў Беларусі адпавядае ўзроўню развітых краін і па многіх пазіцыях перавышае паказчыкі, дасягнутыя ў краінах СНД. Беларускі харчовы сектар не толькі поўнасцю забяспечвае ўнутраныя патрэбнасці насельніцтва ў прадуктах харчавання, але і з'яўляецца адной з асноўных крыніц атрымання валютнай выручкі.

У 2025 годзе экспарт харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны склаў больш за $10 млрд, што на 18,4% вышэй за ўзровень 2024 года.

Галоўным гандлёвым партнёрам Рэспублікі Беларусь у гэтым сектары традыцыйна з'яўляецца Расійская Федэрацыя, пры гэтым актыўна вядзецца работа па дыверсіфікацыі экспарту, што дало магчымасць экспартаваць прадукцыю ў 115 краін свету, у тым ліку ўсе краіны СНД, краіны ЕС, Азіі, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Блізкага Усходу, Афрыкі. У 2025 годзе асвоены новыя знешнія рынкі - М'янма, Танзанія, КНДР, Конга, Бенін, Сьера-Леонэ.

Яшчэ адзін знакавы паказчык - Беларусь уваходзіць у тройку вядучых вытворцаў ільновалакна. Паводле папярэдніх даных у 2025 годзе яго выраблена 58,3 тыс. т.

Лясная гаспадарка

Па шэрагу ключавых паказчыкаў (лясістасць тэрыторыі, плошча лясоў і запас растучай драўніны ў пераліку на аднаго жыхара) краіна ўваходзіць у дзясятку вядучых еўрапейскіх дзяржаў. На кожнага жыхара Беларусі прыпадае амаль 1 га лясных насаджэнняў. Агульная плошча зямель ляснога фонду перасягае 9,8 млн га.

Лес у Беларусі займае 40,5% тэрыторыі краіны.

У 2025 годзе толькі ў лясным фондзе Мінлясгаса за кошт сяўбы і пасадкі закладзена больш за 27 тыс. га новых лясоў. Вырошчванне пасадачнага матэрыялу ажыццяўляецца ў 79 пастаянных лясных гадавальніках, а таксама ў чатырох спецыялізаваных цяплічных комплексах, дзе выкарыстоўваецца сучасная тэхналогія вырошчвання пасадачнага матэрыялу з закрытай карнявой сістэмай.

Лясы Беларусі прадстаўлены пераважна хвойнымі насаджэннямі, якія займаюць 57,7% ад агульнай плошчы. Астатнія 43,3% - ліставыя насаджэнні.

За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі істотна вырасла доля спелых лясоў. Гэта звязана з натуральнымі працэсамі росту лясных насаджэнняў і праводзімай Міністэрствам лясной гаспадаркі палітыкай па рэгуляванні карыстання лесам. З 1994 года доля спелых лясоў павялічылася з 4,7% да 19,6% у 2022 годзе, што прывяло да росту аб'ёмаў нарыхтоўкі драўніны. Так, калі ў 2015 годзе лесагаспадарчымі ўстановамі Мінлясгаса было нарыхтавана 17,2 млн куб.м, то ў 2025 годзе - больш за 22 млн куб.м, амаль палова - механізаваным спосабам. Уся нарыхтаваная драўніна рэалізуецца дрэваапрацоўчым прадпрыемствам краіны.

Лес сёння дае работу больш як 95 тыс. чалавек (папярэдняя ацэнка за 2025 год). У 2025 годзе 34,5 тыс. чалавек працавалі ў сістэме Мінлясгаса. Дзякуючы іх штодзённай карпатлівай працы ўзровень лясістасці краіны вырас да рэкордных 40,5%.