Трылогія малой радзiмы
У Беларусі 2018–2020 гады прайшлі пад знакам малой радзімы. Глыбіня і шчырасць гэтай тэмы нікога не пакінула абыякавым, яна аказалася блізкай літаральна ўсім, бо свая малая радзіма ёсць у кожнага. Гэта мясціна, дзе ты нарадзіўся і вырас. І нават калі ў выніку абставін з ёй цябе раздзяляюць сотні і тысячы кіламетраў, любоў і пяшчоту да роднай зямлі ты адчуваеш усё жыццё.
"Мы разам ствараем нашу Беларусь для жыцця. І нядзіўна, што многія турысты адзначаюць не толькі прыгажосць і чысціню Беларусі, але нават знаходзяць тут нешта сваё".
Пра глыбокую адданасць Аляксандра Лукашэнкі сваёй роднай зямлі без перабольшання ведае ўся Беларусь. На малой радзіме Прэзідэнт бывае часта. Менавіта ён стаў ідэйным натхняльнікам і ініцыятарам правядзення трылогіі, прысвечанай гэтай найважнейшай тэме. Сам Кіраўнік дзяржавы расказваў, што на прыняцце гэтага рашэння яго падштурхнулі разважанні пра важнасць малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека: "Яна шматаблічная. Для адных – гэта родны горад, вуліца ў горадзе або невялікі дворык, вёска, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, для іншых – кавалачак дзікай прыроды, які цешыў вока і дарыў пачуццё напоўненасці і спакою". Падкрэсліваў Прэзідэнт і тое, што настаў час кожнаму не толькі ўзгадаць пра свае карані, пра месца, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалку зямлі. "Вельмі хочацца, каб дапамога ішла ад сэрца, стала ўласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветнай, творчай – хто як можа і хто колькі можа. Залежыць ад магчымасцей, фантазіі і жадання кожнага. Надышоў момант праявіць сябе і ўпісаць сваё імя ў гісторыю гэтай малой радзімы, гэтага кавалачка нашай зямлі". "Дзяржава шмат зрабіла ў гэтым напрамку і не спыніцца на дасягнутым. Але ж няма мяжы дасканаласці, і заўсёды знойдзецца, дзе прымяніць уласныя сілы. Беларусь – наш агульны дом, і ў нашых інтарэсах зрабіць яго ўтульным і ўзорным. Давайце пакажам, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Нас шмат, і таму нават самы сціплы ўклад кожнага адыграе сваю ролю, зробіць краіну яшчэ больш прыгожай".
Указ № 247 аб правядзенні ў Беларусі Года малой радзімы быў падпісаны Прэзідэнтам 20 чэрвеня 2018 года. Дакумент прыняты, каб стымуляваць сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў, фарміраваць у беларусаў актыўную грамадзянскую пазіцыю, захаваць гісторыка-культурную і духоўную спадчыну. Далей сваёй пастановай Савет Міністраў зацвердзіў Рэспубліканскую праграму мерапрыемстваў па правядзенні ў Беларусі 2018–2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы. У праграме больш за 120 мерапрыемстваў. Гэта і ўладкаванне месцаў масавага адпачынку, навядзенне парадку ў лесе і месцах пахаванняў, рэкультывацыя і ўключэнне ў сельгасабарот зямель, якія не выкарыстоўваюцца, будаўніцтва меліярацыйных сістэм, удасканаленне парадку горадабудаўнічага планавання ў сельскай мясцовасці. Асобная тэма ў агульным спісе мерапрыемстваў – садзейнічанне беспрацоўным у арганізацыі самазанятасці ў сельскай мясцовасці, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніцтва, рамесніцтва, аграэкатурызму, фермерскай гаспадаркі. Размова ідзе аб аказанні кансультацыйнай дапамогі, навучанні асновам прадпрымальніцкай дзейнасці, прадастаўленні фінансавай падтрымкі, стварэнні цэнтраў рамесніцтва.
Мерапрыемствы Года малой радзімы знайшлі шырокі водгук сярод беларусаў. Тысячы грамадзян прынялі ўдзел у акцыях па азеляненні тэрыторый і добраўпарадкаванні месцаў адпачынку, навядзенні парадку на зямлі. Тэме Года малой радзімы былі прысвечаны выставы і фестывалі, творчыя конкурсы і важныя сацыяльныя і дабрачынныя праекты. У 2018 і 2019 гадах зроблена нямала: актыўна добраўпарадкоўваліся гарады і вёскі, развівалася сацыяльная інфраструктура, асобная ўвага надавалася рамонту мясцовых дарог, захаванню гісторыка-культурнай спадчыны. У красавіку 2018 года ў час рэспубліканскага суботніка Аляксандр Лукашэнка разам з трыма сынамі на сваёй малой радзіме добраўпарадкоўваў Трафімаву крыніцу. А летам 2019-га, традыцыйна разам з землякамі сустракаючы ў Александрыі Купалле, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Мы разам ствараем нашу Беларусь для жыцця. І нядзіўна, што многія турысты адзначаюць не толькі прыгажосць і чысціню Беларусі, але нават знаходзяць тут нешта сваё. Тое, што нагадвае ім дарагія сэрцу родныя мясціны".