Будаўніцтва
Будаўнічы комплекс Рэспублікі Беларусь уключае звыш 10 тыс. арганізацый рознай формы ўласнасці, што ажыццяўляюць архітэктурную, горадабудаўнічую і будаўнічую дзейнасць.
У 2024 годзе ў будаўніцтве занята больш як 189 тыс. работнікаў арганізацый.
Беларускія спецыялісты паспяхова працуюць па ўсіх напрамках - прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва, узвядзенне аб'ектаў аховы здароўя і сельскай гаспадаркі, спартыўных збудаванняў, жылых кварталаў. Асваенне інавацыйных тэхналогій дае магчымасць будаўніча-мантажным арганізацыям ажыццяўляць самыя смелыя архітэктурныя рашэнні, узводзіць унікальныя збудаванні, праводзіць рэканструкцыю і рэстаўрацыю.
Дзякуючы будаўнічым арганізацыям у Беларусі з'явілася нямала знакавых будынкаў, такіх як Нацыянальная бібліятэка, штаб-кватэра Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, Палац Незалежнасці і плошча Дзяржаўнага сцяга ў Мінску, Летні амфітэатр у Віцебску, футбольны стадыён у Барысаве. Вядуцца работы па стварэнні Нацыянальнага гістарычнага музея.
Пра высокі прафесіяналізм беларускіх будаўнікоў сведчаць і ўзведзеныя прамысловыя аб'екты. Адзін з самых маштабных - Беларуская АЭС.
Адной з галоўных задач будаўнічай галіны з'яўляецца нарошчванне экспарту паслуг. Найбольш папулярнымі ў замежных заказчыкаў з'яўляюцца такія напрамкі, як будаўніцтва прамысловых збудаванняў, рэканструкцыя энергетычных сістэм, жыллёвае, дарожнае будаўніцтва, будаўніцтва аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры (школы, дзіцячыя сады).
Асноўным партнёрам Рэспублікі Беларусь у гандлі будаўнічымі паслугамі традыцыйна застаецца Расійская Федэрацыя. Аднак геаграфія экспарту пашыраецца, асвойваюцца новыя рынкі.
На долю краін па-за СНД у 2024 годзе прыпала каля 70% ўсяго экспарту будаўнічых паслуг Беларусі.