Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) з 1992 года. Беларусі належыць каля 0,2% ад агульнай колькасці акцый (Колькасць акцый можа нязначна мяняцца ў сувязі са змяненнем (як правіла, павелічэннем) капіталу банка, якое перыядычна праводзіцца).
За час супрацоўніцтва з ЕБРР (з 1992 па 2019 год) для развіцця эканомікі краіны было прадастаўлена каля 2,9 млрд еўра фінансавых рэсурсаў. Пры гэтым апошнім часам узаемадзеянне Рэспублікі Беларусь з банкам выйшла на беспрэцэдэнтны ўзровень, у тым ліку ў частцы пашырэння работы ЕБРР у дзяржаўным сектары.
У якасці асноўных напрамкаў узаемадзеяння разглядаюцца:
- павышэнне канкурэнтаздольнасці рэальнага сектара эканомікі, у тым ліку падтрымка малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і прыватнага сектара;
- павышэнне ўстойлівасці і якасці паслуг дзяржаўнай інфраструктуры.
Пры садзейнічанні ЕБРР рэалізоўваецца шэраг значных інвестыцыйных праектаў у транспартным сектары, сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, экалогіі і энергаэфектыўнасці. Больш таго, банк аказвае падтрымку Беларусі і ў рамках падрыхтоўкі першага пілотнага праекта на ўмовах дзяржаўна-прыватнага партнёрства па рэканструкцыі ўчастка аўтамабільнай дарогі М10.
ЕБРР таксама з'яўляецца адміністратарам фондаў Экалагічнага партнёрства Паўночнага вымярэння і Усходнееўрапейскага партнёрства па пытаннях энергаэфектыўнасці і экалогіі, якія дазваляюць прыцягваць бязвыплатныя рэсурсы ў рамках рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Пры гэтым ЕБРР можа мабілізаваць грантавыя рэсурсы і з іншых крыніц, уключаючы ўнутрыбанкаўскія фонды тэхнічнага супрацоўніцтва.