Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці Беларусі ў СНД

Глыбокая і прадукцыйная інтэграцыя на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) з’яўляецца адным з прыярытэтных вектараў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, якая выступае за актыўнае выкарыстанне фармату гэтага інтэграцыйнага аб’яднання, пашырэнне сфер узаемадзеяння для вырашэння найбольш важных для дзяржаў - удзельніц Садружнасці задач.
Галоўнымі характарыстыкамі, якія падкрэсліваюць ролю і запатрабаванасць СНД, з’яўляюцца:
- роўныя правы дзяржаў-удзельніц, гібкасць фарматаў калектыўнага супрацоўніцтва і механізмаў прыняцця рашэнняў;
- сістэмнасць узаемадзеяння практычна ва ўсіх сферах (знешняя палітыка, эканоміка, бяспека, гуманітарнае і навуковае супрацоўніцтва, сацыяльна-працоўныя адносіны і міграцыя);
- інстытуцыянальнасць – сфарміравана працаздольная арганізацыйная структура галіновых органаў, якая налічвае 66 напрамкаў міжгаліновага супрацоўніцтва;
- агульная прававая прастора ў выглядзе міжнародных дагавораў па шырокім спектры галін супрацоўніцтва (каля 4960 шматбаковых дакументаў, уключаючы 380 міжнародных дагавораў);
- гэта адзіны форум рэгіянальнага міжпарламенцкага супрацоўніцтва, які дае магчымасць развіваць міжпарламенцкія сувязі і пазіцыянаваць арганізацыю ў міжнародным парламенцкім вымярэнні.
Ключавой для інтарэсаў Беларусі ў СНД з’яўляецца сфера эканамічнага супрацоўніцтва. Паспяховае ўзаемадзеянне ў такіх галінах, як энергетыка, транспарт, гандаль, прамысловасць, развіццё інавацыйных тэхналогій, павінна стаць трывалай асновай Садружнасці.
Цэнтральны элемент эканамічнай канфігурацыі – функцыянаванне шматбаковай зоны свабоднага гандлю СНД з ёмістасцю рынку больш за 280 млн чалавек.
Цяпер у развіцці Дагавора аб ЗСГ бакамі вядзецца работа над праектам Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі. Ажыццяўляецца падрыхтоўка наступных ключавых комплексных дакументаў, якія вызначаюць далейшае развіццё Садружнасці:
- актуалізаванай Канцэпцыі далейшага развіцця СНД;
- Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2030 года;
- Міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД на перыяд да 2030 года.