Прыярытэты ўдзелу Рэспублікі Беларусь у ЕАЭС

Прыярытэты старшынства ў ЕАЭС

Як краіна з экспартна арыентаванай эканомікай Беларусь вельмі зацікаўлена ў свабодзе перамяшчэння тавараў і паслуг у ЕАЭС і ў развіцці яго знешнегандлёвай актыўнасці.

Паўнапраўнымі членамі Саюза з'яўляюцца 5 дзяржаў: Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кыргызская Рэспубліка і Расійская Федэрацыя.

У адпаведнасці з Дагаворам аб ЕАЭС асноўнай задачай функцыянавання Саюза з'яўляецца павышэнне дабрабыту грамадзян дзяржаў - членаў. З гэтай мэтай пяць дзяржаў праводзяць актыўную работу па фарміраванні агульнага рынку Саюза, які прызначаны забяспечыць "4 свабоды": свабоду перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы на ўсёй прасторы Саюза.

Разам з аптымізацыяй паўнамоцтваў наднацыянальных інстытутаў ажыццяўляецца паэтапнае фарміраванне скаардынаваных (энергетычнай, транспартнай) і адзіных (прамысловай, сельскагаспадарчай) палітык у ЕАЭС.

З пункту гледжання забеспячэння роўных умоў канкурэнцыі для суб'ектаў гаспадарання ключавым з’яўляецца пытанне аб недыскрымінацыйных падыходах да фарміравання цэн на энергарэсурсы і тарыфаў на іх транспарціроўку.

Важным напрамкам з'яўляецца ўстараненне перакосаў у сістэмах тэхнічнага рэгулявання, санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мер, якія прыводзяць да тэхнічных бар'ераў на ўнутраных рынках Саюза.

Беларускі бок выступае за пашырэнне знешняга гандлю дзяржаў - членаў ЕАЭС шляхам заключэння пагадненняў аб зонах свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і трэцімі краінамі. Акрамя раней заключаных пагадненняў з В'етнамам, Сербіяй, Сінгапурам, а таксама часовага пагаднення з Іранам, у актыўнай стадыі знаходзіцца перагаворны працэс з Егіптам, Інданезіяй і ААЭ. На завяршальнай стадыі падпісанне поўнафарматнага Пагаднення аб свабодным гандлі з Іранам.

Дзеяздольнасць Саюза забяспечваецца праз укараненне механізмаў, якія садзейнічаюць безумоўнаму выкананню рашэнняў органаў ЕАЭС, накіраваных на ўстараненне бар’ераў на яго ўнутраным рынку.

Патрабуецца ўзмацненне наднацыянальнай кампетэнцыі Еўразійскай эканамічнай камісіі. У першую чаргу гэта датычыцца сфер, дзе прымяняецца найбольшая колькасць бар’ераў і выключэнняў (тэхнічнае рэгуляванне, прымяненне санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мер, ажыццяўленне дзяржаўных закупак, прадастаўленне субсідый).

Важным пытаннем застаецца дасягненне адзінства ў прымяненні інструментаў дзяржаўнага кантролю за рухам тавараў у краінах Саюза (маркіроўка тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі, прасочвальнасць тавараў). Прымяненне гэтых інструментаў не павінна ствараць новыя тэхнічныя бар’еры на рынках, а таксама неапраўдана павялічваць фіскальную і адміністрацыйную нагрузку на бізнес.

Захоўвае актуальнасць пытанне ўзгаднення падыходаў у дзейнасці кантрольных і наглядных органаў дзяржаў-членаў, якія адказваюць за бяспеку прадукцыі, што абарачаецца на рынках ЕАЭС, уключаючы выпрацоўку дзейсных механізмаў абароны рынку ад кантрафактнай прадукцыі, уніфікацыю мер абароны інтэлектуальнай уласнасці.

Прадаўжаецца стварэнне прававых, эканамічных і тэхналагічных умоў для функцыянавання агульных рынкаў электраэнергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС у адпаведнасці з праграмамі фарміравання названых рынкаў.

Істотным крокам для развіцця інтэграцыі і эканомікі краін Саюза павінна стаць паэтапная лібералізацыя ў сферы грузавых і пасажырскіх перавозак на ўнутраным рынку ЕАЭС, фарміраванне скаардынаванай транспартнай палітыкі ў адносінах да транзітных перавозак па тэрыторыі дзяржаў - членаў ЕАЭС з/у трэція краіны.

У ліку прыярытэтаў застаецца фарміраванне агульнага фінансавага рынку ЕАЭС праз гарманізацыю заканадаўства ў фінансавай сферы да ўзроўню, які забяспечвае роўныя ўмовы для пастаўшчыкоў і спажыўцоў фінансавых паслуг на ўсёй тэрыторыі дзяржаў - членаў Саюза; прапрацоўка магчымасці стварэння агульнай саюзнай плацежнай інфраструктуры, якая забяспечвае магчымасць правядзення трансгранічных плацяжоў у нацыянальных валютах краін ЕАЭС і ўзаемная канверсацыя нацыянальных валют.

Актуальны напрамак - узаемадзеянне дзяржаў - членаў ЕАЭС у галіне лічбавага парадку дня. Збліжэнне арганізацыйна-прававых асноў рэгулявання лічбавага развіцця грамадства і лічбавай эканомікі забяспечваецца праз рэалізацыю Стратэгіі развіцця трансгранічнай прасторы даверу і Асноўных напрамкаў рэалізацыі лічбавага парадку дня Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года.

Што датычыцца міжнароднага супрацоўніцтва Саюза, то Беларусь захоўвае прыхільнасць да ідэі інтэграцыі інтэграцый, спалучэння і гарманізацыі інтарэсаў існуючых інтэграцыйных фарматаў на прасторы Еўразіі.