Выстава аб гісторыі будынка Адміністрацыі Прэзідэнта адкрылася ў Мінску

  • 6

Дакументальная выстава "Гісторыя будынка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у архіўных дакументах і матэрыялах" адкрылася 14 листапада ў будынку Адміністрацыі Прэзідэнта.

"Гэты будынак мае сапраўды няпростую гісторыю, як, напэўна, і ўсе падзеі, якія адбываліся ў 30-40-я гады, - расказаў дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй Дземянюк. - Першапачаткова Дом ЦК планавалі будаваць у Магілёве. Але затым у сувязі з уз'яднаннем Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе было прынята новае рашэнне аб будаўніцтве гэтага будынка ў Мінску. Усё было вельмі  няпроста, час быў такі. Вялікая Айчынная вайна спыніла гэты працэс - было пабудавана чатыры паверхі. Пасля вайны будаўніцтва аднавілася, і ў 1947 годзе гэты будынак быў пабудаваны ўжо. У гэтым годзе якраз 75 гадоў - своеасаблівы юбілей гэтага будынка. Таму мы гэту выставу прымеркавалі і да гэтай падзеі, і да Года гістарычнай памяці. Нашай архіўнай галіне ў гэтым годзе 100 гадоў, а Нацыянальны архіў адсвяткаваў сваё 95-годдзе. Таму цыкл такіх выстаў мы практыкуем, дзе выстаўляем арыгіналы дакументаў. І ў парламенце такія выставы прайшлі, Міністэрстве абароны, да 100-гадовых юбілеяў дзяржорганаў. Такі цыкл выстаў мы практыкуем. Гэта ў нашых інтарэсах, гэта папулярызацыя дакументаў. Задача архівістаў - не проста іх захаваць, але і паказаць".

На выставе прадстаўлены дакументы, пачынаючы ад прыняцця рашэння аб узвядзенні будынка ў Магілёве. "Аж да прадметаў, відаў інтэр'ера: якая аддзелка павінна была быць, якія люстры павінны былі вісець у кабінетах. Узоры парод дрэва - гэта таксама захавалася ў архіве", - адзначылі арганізатары выставы.

Як дапоўніла загадчыца аддзела Нацыянальнага архіва Беларусі Маргарыта Старасценка, падрыхтоўка выставы пачалася вясной. "Тут прадстаўлена невялікая частка дакументаў, але калі мы бачылі той масіў дакументаў, які ёсць, калі ў адной справе падшыта больш за 150 дакладных, перапісак, тэлеграм, разнастайных пастаноў, распараджэнняў, пратаколаў пасяджэнняў... Паколькі пасяджэнні праходзілі ледзь не кожныя два тыдні, і кожны раз рабілі справаздачу аб праведзенай рабоце. Гэта схемы, экскізы, планы, рэканструкцыя абсалютна ўсяго дома ЦК з падрабязным апісаннем, дзе які кабінет, якія павінны быць матэрыялы, абліцоўка кабінетаў. Гэта ўсё ў адной справе, але кожны дакумент па-свойму ўнікальны. Таму што ён дае сваю старонку ў гісторыі ўзвядзення гэтага будынка. І мы бачам, з якімі цяжкасцямі сутыкаліся. Таму што не хапала грошай, матэрыялаў, цэменту, рабочых, чырванадрэўшчыкаў, - адзначыла яна. - І мы нават чытаем у данясеннях аб тым, што рабілі вокны або дзверы з сасны, але іх фарбавалі пад чырвонае дрэва, каб гэта выглядала салідна. Пісалася, каб не ўсюды рабіць разьбу на мэблі, а менавіта там, дзе яна выходзіць на гледача. Белым мармурам упрыгожваліся падаконнікі. Упершыню тут былі выкарыстаны бязрамныя, вітрынныя шыбы. Мы хацелі паказаць, з якім намаганнем узводзіўся гэты будынак, якая была вялікая падрыхтоўчая работа".

Выстава будзе прадстаўлена ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на працягу снежня.

Усе навіны