Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў наведаў фестываль "Тэрыторыя дзяцінства", прысвечаны 100-годдзю піянерскага руху

  • 1

Мы па заслугах ацэньваем уклад маладой, але моцнай піянерскай арганізацыі ў развіццё беларускай дзяржавы. Аб гэтым заявіў Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў на фестывалі "Тэрыторыя дзяцінства", прысвечаным 100-годдзю піянерскага руху, які праходзіць 19 мая ў НВЦ "БелЭкспа" ў Мінску.

"100 гадоў - вялікі ўзрост такой заўсёды па жыцці маладой арганізацыі. За некалькі мінут адкрыцця ў мяне перад вачамі праляцелі самыя шчаслівыя дзіцячыя гады ў піянерскай арганізацыі. Я ехаў сюды з думкай: а якія ж сёння нашы піянеры, чым адрозніваюцца ад нас, чым займаюцца? Вельмі рады, што нашы дзеці значна лепшыя, больш крэатыўныя, цікавыя, энергічныя, чым мы. У свой час мы таксама рабілі шмат актыўнасцей, даражылі сваім статусам, надзяваючы кожную раніцу напрасаваны гальштук, разам перажывалі за добрыя справы - ад дапамогі ветэранам да рэалізацыі розных мерапрыемстваў", - адзначыў Максім Рыжанкоў.

Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў: тое, што перадаюць з пакалення ў пакаленне піянеры, не дарэмна. "Усё вельмі добра складваецца сёння. Намаганні нас, дарослых, калі крыху аказваем садзейнічанне піянерскай арганізацыі, даюць свой плён. Вы самі, дзеці, самыя вялікія малайцы. Мы па заслугах ацэньваем уклад вашай маладой, але моцнай арганізацыі ў развіццё нашай дзяржавы", - сказаў ён.

Максім Рыжанкоў агучыў зварот Кіраўніка дзяржавы, звярнуўшы ўвагу, што Аляксандр Лукашэнка вельмі любіць беларускую моладзь і даражыць ёю.

Фестываль аб'яднаў пад дэвізам "Будучыня пачынаецца тут" амаль 2 тыс. піянераў і акцябрат з усёй краіны. Сярод іх пераможцы інтэлектуальна-забаўляльнай гульні "Піянерскі квіз", фіналісты VII рэспубліканскага агляду-конкурсу "Лідар года", прызёры фестывалю "Агеньчык запрашае сяброў", прадстаўнікі дзіцячых палат, лідары, актывісты руху і проста яркія і крэатыўныя школьнікі.

На фестывальнай сцэне выступілі хэдлайнеры беларускай эстрады, лепшыя дзіцячыя калектывы, былі арганізаваны інтэрактыўныя праграмы і ўзнагароджанне лепшых піянераў і важатых краіны. Акрамя таго, адна з галоўных фішак - чэк-ліст "10 рэчаў, якія трэба зрабіць на фестывалі "Тэрыторыя дзяцінства". Для яго праходжання дзецям трэба было наведаць тэматычныя кластары, выканаць заданні і сабраць 10 стыкераў. Запоўнены чэк-ліст даў магчымасць стаць уладальнікам святочнага падарунка.

На кластарах удзельнікаў чакалі віртуальныя фотазоны, майстар-класы ад знакамітых экспертаў, настольныя гульні, авіясімулятары і шмат іншага. Яркім завяршэннем фестывалю стала піянерская дыскатэка "Будзь у камандзе" з неонавым шоу, розыгрышамі і сэтамі ад лепшых дыджэяў сталіцы.

Усе навіны