Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы

  • 17
  • 15:08

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, якое адбылося ў Маскве.

Пасля прыбыцця ў Крэмль Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў журналістам, якія сабраліся, што ў ходзе перагавораў напярэдадні яны з Уладзімірам Пуціным прынялі рашэнне па ўсіх пытаннях.

Сустрэча лідараў прадаўжалася больш за 6 гадзін. Абмяркоўвалі і пытанні, якія не ўваходзяць у парадак дня пасяджэння ВДС.

Аб выніках праведзеных напярэдадні перагавораў Аляксандр Лукашэнка расказаў і ў пачатку пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета. "Паважаныя сябры, вы ведаеце, што мы з Уладзімірам Уладзіміравічам учора правялі фундаментальныя перагаворы. Мы абмеркавалі пытанні, як кажуць журналісты, закрытага характару. Яны заўсёды існуюць. Больш увагі ўдзялілі пытанням бяспекі, развіцця ваенна-прамысловага комплексу і пытанням абароны Саюзнай дзяржавы", - сказаў ён.

"Гэта былі рэзультатыўныя перагаворы. Па ўсіх пытаннях, а іх было больш за дзясятак, мы дасягнулі згоды. Вядома, мы асабліва не раскрываем тэматыку. Але, думаю, у бліжэйшы час вы гэта ўсё пачуеце і ўбачыце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Што датычыцца пасяджэння ВДС, то яно ў большай ступені прысвечана пытанням сацыяльна-эканамічнага характару", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"З улікам бягучага моманту значэнне гэтага ўнікальнага міждзяржаўнага аб'яднання цяжка пераацаніць. Па сукупнасці дасягнутых вынікаў за такі непрацяглы перыяд наш саюз па праву знаходзіцца ў лідарах сярод іншых інтэграцыйных аб'яднанняў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Таму не дзіўна, што многія напрацоўкі ў рамках Саюзнай дзяржавы атрымалі развіццё ў сумежных інтэграцыйных аб'яднаннях на прасторы СНД.

"Нам сёння, як ніколі раней, важна ў поўным аб'ёме рэалізаваць палажэнні Дагавора аб утварэнні супольніцтва Беларусі і Расіі, падпісанага якраз у гэтыя красавіцкія дні 27 гадоў таму ў 1996 годзе. Гэты фундаментальны дакумент стаў зыходным пунктам для далейшага паглыблення двухбаковых адносін. І вы памятаяце, мы ўжо з Уладзімірам Уладзіміравічам падпісвалі дагавор аб нашым саюзе і будаўніцтве Саюзнай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, планамерна пашыраючы прававую базу ўзаемадзеяння, бакі адкрылі шырокапалосныя магістралі для актывізацыі бізнесу, супрацоўніцтва навуковых колаў і творчых калектываў, партнёрства маладзёжных аб'яднанняў. Свабода перамяшчэння грамадзян і капіталу, роўныя магчымасці для адукацыі і працоўнай дзейнасці - усё гэта бясспрэчныя перавагі інтэграцыі ў вачах звычайных беларусаў і расіян. "Я гэта гавару таму, што часта людзі, ужо забыўшы пра гэта, лічаць, што гэта натуральна. Забываюць, што ні адна краіна ў сваіх адносінах не мае таго, што маюць Расія і Беларусь. Мы свабодна перамяшчаемся, нашы людзі могуць выбіраць месца працы, і ўсе пытанні ў гэтым плане ў нас вырашаны", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Своеасаблівым маркерам паспяховасці нашага эканамічнага супрацоўніцтва з'яўляецца колькасць гандлёвых аперацый. За мінулыя 27 гадоў вартасныя аб'ёмы тавараабароту павялічыліся больш як у чатыры з паловай разы. Ключавы напрамак у двухбаковых адносінах - вытворчая кааперацыя. Сёння гэта сувязі больш як 8 тысяч беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў і сотні тысяч працоўных месцаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

За гады будаўніцтва Саюзнай дзяржавы рэалізавана звыш 60 сумесных навукова-тэхнічных праграм у розных сферах: асваенні космасу, інфармацыйных тэхналогіях, сельскай гаспадарцы, выпуску матэрыялаў і прыбораў.

Аляксандр Лукашэнка асабліва згадаў аб развіцці супрацоўніцтва па лініі маладых вучоных дзвюх краін. Звяртаючыся да Прэзідэнта Расіі, ён сказаў: "Моладзь сустрэлася. Тое, аб чым Вы гаварылі мне ў Мінску. Маладыя вучоныя намецілі праграму далейшага развіцця. Адштурхнуліся ад таго студэнта, які некалі Вам паставіў пытанне. Вы патэлефанавалі, што ў гэтым напрамку трэба рухацца. І мы на базе Акадэміі навук правялі вельмі сур'ёзны злёт маладых вучоных. І знайшлі вельмі сур'ёзныя агульныя падыходы для работы ў далейшым".

"Многія распрацоўкі паспяхова ўкараняюцца ў вытворчасць, дзякуючы чаму выконваецца праграма імпартазамяшчэння і зніжэння залежнасці ад заходніх тэхналогій", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, нагадаў, што яшчэ раней ён абмяркоўваў з Уладзімірам Пуціным няпростае пытанне імпартазамяшчэння ў сферы мікраэлектронікі. Да яе ў тым ліку вярнуліся і напярэдадні ў час перагавораў у Крамлі. Прэзідэнт падкрэсліў, што нядаўна дэталёва вывучаў гэту тэматыку ў ходзе наведвання прадпрыемства "Планар" у Мінску. Там спецыялісты запэўнілі, што самалёты і ракеты як ляталі, так і будуць лятаць - для гэтага ў Беларусі ёсць неабходныя тэхналогіі і магчымасці.

"Нават у гэтым складаным пытанні мы знайшлі выхад са становішча. І ў многіх іншых. Таму мы вытрымаем. Гэта не аўтамабіль і трактар стварыць. Гэта (мікраэлектроніка. - Заўвага) - складаныя рэчы. Мы навучыліся гэта рабіць, у нас ёсць кампетэнцыі. У Савецкім Саюзе гэта ўсе рабілі. Проста мы (у постсавецкі перыяд. - Заўвага) сарыентаваліся на Захад. Сёння зразумелі, што яны нам не сябры. Нам трэба самім гэта ўсё рабіць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расія стварылі эфектыўную сістэму абароны і забеспячэння бяспекі, у рамках якой паспяхова функцыянуе рэгіянальная групоўка войскаў і адзіная сістэма ППА. А прынятыя крокі па ўмацаванні пагранічнай бяспекі дазволілі значна павысіць абароненасць Саюзнай дзяржавы ад міжнароднага тэрарызму, некантралюемых патокаў міграцыі, кантрабанды зброі і боепрыпасаў, наркатрафіка, незаконнай эканамічнай дзейнасці.

"Учора Прэзідэнту (Расіі. - Заўвага) расказваў, што проста патокам з Украіны пайшла зброя - у Расію, праз Расію да нас. У нас з Украінай граніца намертва закрыта. Праз Бранскую, іншыя вобласці пайшла зброя. Мы закончылі з Аляксандрам Васільевічам Бортнікавым (дырэктар Федэральнай службы бяспекі Расіі. - Заўвага) сёння аперацыю. У бліжэйшы час праінфармуем грамадства. Вы ведаеце, мы затрымалі гэтага тэрарыста, які пранік на тэрыторыю Беларусі, і праз Расію яго хацелі вывезці ў іншую краіну", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, КДБ і ФСБ правялі сумесную аперацыю. "Накрылі ўсю сетку. Расіяне дапрацоўваюць тут, у Расіі, па іншых напрамках. Таму ў спакоі нас не пакінуць. Сховішчы - што ў Беларусі, што ў Расіі - зброі і ўзрыўчаткі ёсць. Заходзяць і бяруць гэта. Вось як і ў Піцеры здарылася сітуацыя (размова пра ўзрыў у кафэ, у выніку якога загінуў блогер і ваенны карэспандэнт Уладлен Татарскі. - Заўвага). Хутчэй за ўсё, ніхто ў кішэнях цераз граніцу не вязе боепрыпасы і ўзрыўчатку. Сховішчы тут. І ў нас мы некалькі такіх накрылі. Таму мы ўчора вельмі сур'ёзна абмеркавалі пытанні бяспекі ў гэтым плане. Думаю, мы справімся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што на міжнароднай арэне краіны праводзяць узгодненую знешнюю палітыку. "Наша супрацоўніцтва ў галіне знешняй палітыкі - гэта наогул прыклад для іншых ведамстваў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі на пасяджэнні ў Крамлі зноў нагадаў аб неабходнасці мець сур'ёзны саюзны медыяхолдынг.

"Медыярэсурсы - таксама ў нас спецыялісты абмяркоўваюць гэту тэму. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам дамовіліся яшчэ ў Піцеры, што нам трэба мець сур'ёзны саюзны медыяхолдынг. Трэба ствараць гэты медыяхолдынг", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Так, гэта, можа, у нейкай ступені будзе не танна. Але калі мы хочам, каб парадак дня гучаў (ёсць аб чым гаварыць), трэба ствараць гэты медыяхолдынг, не прыклейваючы яго да нейкіх іншых арганізацый. Аб гэтым мы дамовіліся. Але гэта не адразу робіцца. Тым больш што патрэбны пэўныя сродкі", - дадаў беларускі лідар.

"У пытанні інфармацыйнага проціборства, як і ў пытанні фарміравання магутнай ідэалагічнай падтрымкі нашага саюзнага будаўніцтва, з боку нашых грамадзян нямала зроблена. Мы, вядома, не маем права прайграць бой за розумы і сэрцы нашых грамадзян на друкаваных, тэле-, радыё-, лічбавых палях бітваў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Ідэалагічнае процістаянне па лініі Захад - Усход не аслабее нават пасля таго, як змоўкнуць гарматы. Гэта - надоўга", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

"Сітуацыю вакол нашых краін вы ведаеце. Яна няпростая. Без сумненняў, мы дастойна вытрымалі першыя масіраваныя знешнія эканамічныя ўдары. Аб гэтым шмат сказана", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад работу па імпартазамяшчэнні. У прыватнасці, паводле яго слоў, у Расіі паспяхова асвойваецца вытворчасць тэхнікі і абсталявання для будаўніцтва і далейшага ўтрымання чыгуначных пуцей. "Сышоў Захад - асвоілі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што на змену няўдалым спробам эканамічнай блакады ідзе ваенны шантаж у выглядзе мэтанакіраванага нарошчвання сіл і сродкаў НАТА каля граніц Саюзнай дзяржавы. Асабліва вакол Калінінградскай вобласці. "Эканамічная блакада не магла ўдасца. Проста яны наскокам нас вырашылі ўзяць. Калі б падумалі сур'ёзна, яны гэтага не рабілі б, бо эканоміка самадастатковая. Не атрымалася эканамічна - пачалі мэтанакіравана націскаць у ваенных адносінах, - заўважыў беларускі лідар. - Узмацняецца рыторыка аб перспектыве глабальнага ўзброенага канфлікту".

Ён падкрэсліў, што ва ўмовах развязанай супраць Беларусі і Расіі інфармацыйнай, палітычнай і эканамічнай вайны, крызісу міжнароднага права і відавочнай бяздзейнасці міжнародных інстытутаў Беларусі і Расіі неабходна яшчэ больш скаардынавана і аператыўна адстойваць і абараняць нацыянальныя інтарэсы. "У сваім Пасланні я адкрыта сказаў: калі будзе трэба, мы прыменім усё, што ў нас ёсць, каб абараніць нашы дзяржавы і народы, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - І нікога мы не шантажыруем. Так будзе".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўрады Беларусі і Расіі з мінулага года фактычна працуюць у рэжыме антыкрызісных штабоў і дабіліся прыкметных вынікаў у адаптацыі эканомікі і выбудоўванні новых гандлёва-лагістычных маршрутаў. "Ужо і няма ў чым папракнуць урады. Тыя асноўныя пытанні, якія былі намечаны, вырашаны. Засталіся хвасты. Як гаворыць наш прэм'ер, мы іх за вясну даб'ём. Дзякуючы такому супрацоўніцтву абнавілі кааперацыйныя сувязі, перавялі разлікі ў гандлі стратэгічнымі таварамі на расійскія рублі, з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў і рэалізуем шэраг буйных інвестыцыйных праектаў больш як на паўтара мільярда, якія нам вельмі і вельмі патрэбны - і Расіі, і Беларусі", - адзначыў Прэзідэнт.

У 2022 годзе саюзным Саветам Міністраў і Вышэйшым дзяржаўным саветам у рабочым парадку прынята 56 нарматыўных прававых актаў, накіраваных на развіццё саюзнага будаўніцтва. Сярод іх Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы, Праграма ўзгодненых дзеянняў дзвюх краін у галіне знешняй палітыкі на 2022-2023 гады, дакументы аб развіцці пагранічнай бяспекі і процідзеянні тэрарызму. Таксама ўнесены змяненні ў парадак распрацоўкі і рэалізацыі праектаў і праграм Саюзнай дзяржавы.

"Сёння ў нас шырокі парадак дня. Мы разгледзім як традыцыйныя пытанні, так і зусім новыя, але вельмі важныя", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін цёпла вітаў удзельнікаў пасяджэння, якія прыбылі ў Маскву: "Усё для вас блізкае, не чужое, сваё". Ён падкрэсліў, што абедзве краіны вельмі цесна працуюць па лініі Саюзнай дзяржавы.

"Урады і парламенты актыўна папрацавалі, падрыхтаваўшы нашу сённяшнюю сустрэчу. Па сутнасці, мы сабраліся толькі для таго, каб зафіксаваць вынікі вашай работы. Хачу вам за гэту работу падзякаваць і выказаць надзею на тое, што, калі і будуць нейкія пытанні да гэтага часу яшчэ не ўзгодненыя (хоць я такіх не бачу), калі штосьці ўзнікне ў ходзе жывых стасункаў і рэальнай работы, то мы, безумоўна, як гэта заўсёды і было ў практыцы нашай сумеснай дзейнасці, узгоднім і знойдзем прымальныя для абодвух бакоў рашэнні", - сказаў Прэзідэнт Расіі.

Паводле яго слоў, на пасяджэнні ВДС прадметна разгледжаны стан спраў на прыярытэтных напрамках будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і адобраны шэраг рашэнняў, накіраваных на далейшае паглыбленне інтэграцыйных працэсаў.

"Такі настрой на актывізацыю работы па ўсіх напрамках, па ўсім комплексе супрацоўніцтва поўнасцю падзяляецца і грамадскасцю нашых краін, і жыхарамі нашых дзяржаў, - падкрэсліў Уладзімір Пуцін. - Нашы краіны аб'ядноўваюць традыцыйныя дружба, агульныя духоўныя, культурныя і маральныя каштоўнасці. Менавіта на гэтай аснове мы разам і будуем Саюзную дзяржаву, і нам ужо ўдалося шмат чаго дабіцца".

У цеснай каардынацыі ўрады Беларусі і Расіі займаюцца пытаннямі забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці, звярнуў увагу Прэзідэнт. Развіваецца ўзаемадзеянне ў валютна-фінансавай і крэдытна-грашовай сферах, разам рэалізуюцца комплексныя меры па мінімізацыі ўрону ад незаконных санкцый, умацоўваецца кааперацыя з замежнымі краінамі, якія працуюць з Беларуссю і Расіяй і хочуць прадаўжаць гэта супрацоўніцтва ў будучым.

"Эфектыўнасць такіх сумесных намаганняў пацвярджаецца паказчыкамі ўзаемнага гандлю, якія ўзрастаюць. Расія трывала займае месца буйнейшага гандлёва-эканамічнага партнёра Беларусі", - сказаў расійскі лідар. Свае словы ён падмацаваў данымі аб тавараабароце дзвюх краін: за 2021 год ён вырас на 35% да $40 млрд, а ў 2022-м павялічыўся яшчэ на 12% да рэкордных $45 млрд. "Але па беларускай статыстыцы - да $50 млрд з улікам паслуг, - удакладніў Уладзімір Пуцін. - Усе, хто займаецца пытаннямі эканомікі, разумеюць, што для нашых краін гэта вельмі салідныя велічыні". 

Пры гэтым аб'ёмы паставак з абодвух бакоў збалансаваныя, і гэта таксама вельмі добры паказчык сумеснай работы, заўважыў расійскі лідар.

"Поўным ходам ідзе фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі. Аляксандр Рыгоравіч пастаянна на працягу многіх гадоў гэта пытанне ўзнімае. І мы рухаемся ў напрамку рэалізацыі ўсіх гэтых пытанняў", - адзначыў Уладзімір Пуцін.

Ён нагадаў, што ў снежні 2022 года ўступіла ў сілу пагадненне аб прызнанні тэхналагічных аперацый. Гэты дакумент дапаможа забяспечыць перавод дзейнасці расійскіх і беларускіх прамысловых прадпрыемстваў на агульныя стандарты, каб рэалізацыя буйных кааперацыйных праектаў рухалася бесперабойна. "Мы ўчора вечарам абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Па некаторых напрамках, у прыватнасці, па сельгастэхніцы, работа рухаецца вельмі паспяхова і ідзе на карысць прамысловасці Расіі і Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.

Кіраўнік расійскай дзяржавы таксама адзначыў значныя дасягненні ў інтэграцыі ключавых галін эканомікі. Паводле яго слоў, прадаўжаецца рэалізацыя Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады і саюзных праграм. "Гэта работа дае канкрэтны, адчувальны вынік. Гэту дзейнасць, як мы сёння дамовіліся, безумоўна, будзем прадаўжаць, не зніжаючы тэмпаў", - заявіў Уладзімір Пуцін.

Паводле слоў расійскага лідара, прадаўжаецца стварэнне аб'яднаных рынкаў нафты і газу дзвюх краін. "Да падпісання рыхтуецца дагавор па фарміраванні адзінага электраэнергетычнага рынку", - расказаў Уладзімір Пуцін.

Паводле слоў расійскага лідара, у гуманітарны парадак дня дзейнасці Саюзнай дзяржавы ўключаны пытанні аказання дапамогі навучэнцам і ўстановам адукацыі Данбаса. Уладзімір Пуцін падзякаваў свайму беларускаму калегу Аляксандру Лукашэнку за падтрымку гэтага пачынання і гатоўнасць фінансаваць праект з агульнага саюзнага бюджэту.

"Калі гэта не гуманітарныя пытанні, што тады ўвогуле можна аднесці да пытанняў гуманітарнага характару? Адукацыя, дапамога дзецям, маладым людзям - гэта, напэўна, заўсёды павінна быць у фокусе нашай увагі", - перакананы Прэзідэнт Расіі.

Ён таксама падкрэсліў, што Расія і Беларусь прадоўжаць нарошчваць сваё ўзаемадзеянне ў сферы абароны і бяспекі, пашыраць супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы. "Гэта, безумоўна, адпавядае карэнным інтарэсам нашых краін і народаў, - заявіў Кіраўнік расійскай дзяржавы. - Аляксандр Рыгоравіч узняў пытанне аб прадаўжэнні некаторых нашых ранейшых дамоўленасцей. Я цалкам і поўнасцю гэта падтрымліваю і са свайго боку прашу наш Савет бяспекі адпрацаваць усё, што было пастаўлена сёння ў якасці прыярытэтнай задачы ў гэтай галіне з боку Прэзідэнта Беларусі".

Аб якіх менавіта дамоўленасцях ідзе размова, Прэзідэнт Расіі ўдакладняць не стаў.

Уладзімір Пуцін таксама выказаўся аб пачатку падрыхтоўкі канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. Паводле яго слоў, у гэтым дакуменце будуць сфармуляваны асноўныя задачы ўзаемадзеяння ва ўмовах усё большай напружанасці на знешніх граніцах і развязанай супраць Беларусі і Расіі санкцыйнай і інфармацыйнай войнаў.

"Нам, безумоўна, варта было б прадметна заняцца стратэгічным планаваннем. Мы будзем і далей умацоўваць сістэмы бяспекі Саюзнай дзяржавы, гарантуючы тым самым умовы для яе ўстойлівага, паступальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця", - рэзюмаваў расійскі лідар.

Кіраўніка беларускай дзяржавы журналісты папрасілі пракаменціраваць заяву Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, зробленую ў час візіту ў Кітай, аб тым, што ні адна краіна не можа размяшчаць ядзерную зброю на тэрыторыі іншай краіны. "Я з ім згодны, - адказаў беларускі лідар. - Таму трэба выводзіць усю ядзерную зброю амерыканцам з пяці або шасці краін, дзе яна размешчана. І кропка. Я наогул у гэтых адносінах радыкал. Я лічу, што ядзерную зброю трэба на працягу літаральна некаторага часу звесці ў адну кучу і знішчыць. Вось і ўсё. А малоць языком, як гэты наш таварыш умее рабіць, - усе спецыялісты. Таму добра, давайце збяром у кучу і знішчым. Гэта самы лепшы варыянт. А пакуль - мы робім так, як робяць яны".