Перагаворы з Прэзідэнтам Ірана Эбрахімам Раісі
- 38
- 12:02
Перагаворы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Ірана Эбрахімам Раісі прайшлі 13 сакавіка ў Тэгеране.
Месцам сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў выбрана рэзідэнцыя Джамхуры ў палацава-паркавым комплексе Саадабад. Па пратаколе перагаворам прэзідэнтаў папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы. Эбрахім Раісі прывітаў Аляксандра Лукашэнку перад уваходам у рэзідэнцыю. Паціснуўшы адзін аднаму рукі, кіраўнікі дзяржаў занялі месца на подыуме.
Пасля заслухоўвання гімнаў і цырыманіялу з удзелам роты ганаровай варты Аляксандр Лукашэнка і Эбрахім Раісі накіраваліся да месца размяшчэння афіцыйных дэлегацый Беларусі і Ірана, а потым пайшлі на перагаворы спачатку ў вузкім, а затым - у пашыраным фармаце.
"Я не дзеля ліслівасці сказаў аб тым, што цяперашнія кантакты паміж Беларуссю і Іранам, асабліва ў апошнія два гады, - гэта сапраўды Ваша заслуга. Скажу сумленна, можа, нават і па маёй прычыне, па прычыне Беларусі, мы крыху аслабілі ўвагу да іранскай дзяржавы. Я часта, задумваючыся над гэтым, раблю выснову аб тым, што нам трэба было пражыць гэты перыяд - перыяд, магчыма, не такіх інтэнсіўных адносін. Гэты перыяд характарызуецца тым, што мы зразумелі, наколькі мы патрэбныя адзін аднаму, наколькі цесна мы павінны супрацоўнічаць у гэтым свеце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Ірана ў сваю чаргу адзначыў, што беларуска-іранскія адносіны заўсёды знаходзіліся на ўздыме. Але ў апошнія два гады, паводле яго слоў, яны сапраўды прадэманстравалі прарыў. "Несумненна, Ваш візіт у Іран надасць сур'ёзны вялікі імпульс развіццю нашых двухбаковых адносін", - заявіў Эбрахім Раісі.
На перагаворах у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу падзякаваў іранскаму калегу за гасціннасць і цёплы прыём, аказаныя беларускай дэлегацыі. "Старая іранская прыказка кажа: "Сябар - гэта ласка божая". І я веру ў тое, што прыехаў да сваіх сяброў. Мне прыемна зноў пабываць у Тэгеране, сталіцы цяперашняга Ірана, які стаў калыскай адной з самых развітых у камерцыйным і культурным плане цывілізацый, праз тэрыторыю якой праходзілі гандлёвыя шляхі задоўга да таго, як была адкрыта Амерыка", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
"Гаворачы сучаснай мовай, вашы продкі ведалі аб лагістыцы, экспарце, транзіце значна больш за тых, хто звыш сарака гадоў душыць вашу краіну санкцыямі і спрабуе насаджаць так званыя дэмакратычныя каштоўнасці. Яны, відаць, толькі забылі, што ў кожнага народа ёсць свае каштоўнасці, якія вынікаюць з яго культуры, ладу жыцця, выхавання, рэлігіі, і з гэтымі каштоўнасцямі трэба лічыцца. Менавіта ў гэтым залог мірнага суіснавання. Там, дзе пра гэта забываюць, пачынаюцца войны", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Гэты візіт у Іран ужо трэці для Аляксандра Лукашэнкі. "Кожны раз я з вялікай павагай назіраю, з якой упартасцю ваш народ процістаіць знешняму націску, спробам навязаць чужую волю. І як вы, нягледзячы ні на што, развіваеце сучасныя тэхналогіі і ядзерную энергетыку. І, як мы сёння вызначыліся з Прэзідэнтам Ірана, мы можам быць вельмі карысныя адзін аднаму, калі па-сапраўднаму аб'яднаем свае намаганні", - заявіў беларускі лідар.
"З вопыту маіх сустрэч з былымі прэзідэнтамі Ірана, перагавораў, якія мы вялі, я адзначыў, што асаблівасць гэтага візіту ў тым, што мы можам выйсці на новую ступень, новы этап нашага супрацоўніцтва. Адметнасцю гэтага супрацоўніцтва будзе найвышэйшая эфектыўнасць. Зрабіць такую заяву мне дазваляюць тыя дамоўленасці, якія ўжо дасягнуты", - рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.
Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Эбрахім Раісі падпісалі дарожную карту ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі на 2023-2026 гады.
У час сустрэчы з іранскім калегам Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Мінск зробіць усё неабходнае для выканання падпісаных дамоўленасцей. "Вы можаце на нас разлічваць", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Дарожная карта прадугледжвае ўсебаковае супрацоўніцтва Беларусі і Ірана ў палітычнай, эканамічнай, консульскай, навукова-тэхнічнай сферах, а таксама ў сферы адукацыі, культуры, мастацтва, СМІ і турызму.
Па выніках перагавораў кіраўнікоў дзяржаў у Тэгеране таксама былі падпісаны план мерапрыемстваў з выпадку гадавіны 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Іранам, міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне каранціну і аховы раслін, пагадненне аб перадачы асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, для далейшага адбывання пакарання.
Бакі таксама ўнеслі змяненні ў міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтамабільных зносінах ад 4 лютага 1998 года, замацаваўшы гэта ў адпаведным пратаколе.
Мемарандумы аб узаемаразуменні падпісаны паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам культуры і ісламскай арыентацыі Ірана, паміж сустаршынямі беларуска-іранскай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва па пытаннях гандлю, а таксама паміж Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Беларусі і Іранскай нацыянальнай арганізацыяй па стандартызацыі.
"Прыемна, што ў нас падобныя пазіцыі і падыходы да многіх пытанняў міжнароднага парадку дня. Галоўнае, што Беларусь і Іран прыхільныя да ідэі пабудовы справядлівага шматпалярнага свету", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Ірана.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мінулы раз наведваў Іран 17 гадоў таму. "Павінен канстатаваць, што ніякія санкцыі, ніякі націск не змаглі спыніць рух іранскага народа да сваёй незалежнасці і забеспячэння сваёй бяспекі", - падкрэсліў ён.
"Мы дэталёва абмеркавалі ўзровень нашых адносін на сённяшні дзень. І адназначна вызначылі з Прэзідэнтам Ірана, што была нейкая невялікая паўза ў нашых адносінах. Сёння асаблівасць гэтага візіту ў тым, што мы паспяхова пераадолелі гэту паўзу. Мы шмат аб чым дамовіліся. І адметнасць таксама гэтага візіту ў тым, што мы ўзгаднілі ўпершыню ўсе пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і заключылі нямала дагавораў, пагадненняў і мемарандумаў аб намерах", - сказаў беларускі лідар.
"У агульным аб'ёме я магу ацаніць гэты візіт, калі мы рэалізуем усе нашы дамоўленасці, у рамках $100 млн", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы адзіныя ў меркаванні з Прэзідэнтам Ірана, што санкцыі - гэты час магчымасцей. Для нас вельмі важна не страціць гэты час", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што 18 сакавіка 2023 года Беларусь і Іран адзначаць знакавую падзею - трыццацігоддзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. "Гэта добрая нагода, каб вывесці наша супрацоўніцтва на новы ўзровень. І такія магчымасці ёсць. І мы сёння з Прэзідэнтам Раісі скарысталіся гэтай магчымасцю", - заявіў ён.
"Мы абсалютна давяраем адзін аднаму. Нашы народы падтрымліваюць нас у гэтым. Мы канстатавалі, што паміж намі па выніках мінулага года дасягнуты высокі ўзровень тавараабароту. Гэта трохразовы рост да ўзроўню 2021 года. Але канстатавалі, што гэта далёка ад тых магчымасцей, якія маюць дзве дзяржавы", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вялікі недахоп у адносінах Беларусі і Ірана раней быў звязаны з тым, што бакі правільна разумелі сітуацыю, шмат аб чым дамаўляліся, але не ўсё рэалізоўвалі. "Таму ў бягучых умовах прынцыпова важна ўмацаваць нашы існуючыя сувязі, пашырыць кантакты і рэалізаваць усе дасягнутыя дамоўленасці. Без усялякіх затрымак і валакіты", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Асаблівай увагі заслугоўвае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Існуючыя напрацоўкі павінны стаць добрай асновай для паглыблення кантактаў і трансфармавацца ў перспектыўныя камерцыйныя праекты.
"Мы будзем супрацоўнічаць па ўсіх напрамках, у тым ліку і ў гуманітарнай сферы. Гуманітарная сфера - адзін з асноўных напрамкаў супрацоўніцтва", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь і Іран таксама маюць намер умацоўваць узаемадзеянне па лініі міжпарламенцкіх сувязей.
"Упэўнены, што падпісаныя сёння дарожная карта (план нашага ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам), а таксама пагадненні і камерцыйныя кантракты паслужаць развіццю доўгатэрміновага партнёрства", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Ён падзякаваў Прэзідэнту Ірана за аказаную гасціннасць, пажадаўшы народу Ірана міру і працвітання. Аляксандр Лукашэнка таксама запрасіў Эбрахіма Раісі зрабіць візіт у Мінск у зручны час.
Пасля завяршэння перагавораў адбыўся афіцыйны абед у гонар Прэзідэнта Беларусі ад імя Прэзідэнта Ірана.
Затым Аляксандр Лукашэнка і Эбрахім Раісі разам наведалі выстаўку вядучых медыцынскіх і навукова-інавацыйных вытворцаў Ірана. Кіраўнікі дзяржаў сумесна агледзелі экспазіцыю.