Пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы
- 17
- 10:39
Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прынялі ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Мерапрыемства прайшло 29 студзеня ў Канстанцінаўскім палацы ў Санкт-Пецярбургу.
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сур’ёзнай рабоце, праведзенай з расійскім калегам за апошнія дні.
"Мы сапраўды вельмі сур’ёзна папрацавалі гэтыя два дні. Можна адкрыта сказаць: ад паўднёвага полюса да паўночнага. Абмеркавалі праблемы і Антарктыды - ствараюцца там больш камфортныя ўмовы для работы расіян, зімовачны комплекс створаны. Але самае важнае, што там ніхто нічога не дзеліць. Беларусы працуюць разам з расіянамі. Наша станцыя побач. І ўсялякая дапамога - і навуковая, і ў быце - аказваецца беларускім спецыялістам, якія там размешчаны", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Далей мы з Уладзімірам Уладзіміравічам з поўдня ішлі на поўнач. Прааналізавалі тыя падзеі, якія адбываюцца ў свеце. Вазьміце наша імкненне - Расіі і Беларусі, Кітайскай Народнай Рэспублікі… У авангардзе гэтага ідзе Расія, таму што яна больш за ўсё нагрузку нясе. І церпіць больш, чым хто-небудзь".
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што надыход шматпалярнага свету і нежаданне цяперашняга манапаліста здаваць пазіцыі прыводзіць да канфліктаў у розных кропках на карце свету. "І хусіты, і Блізкі Усход, і Паўднёва-Кітайскае мора, праблемы с Тайванем - гэта ўсё ад таго, што надыходзіць шматпалярны свет. Як гаварыў Міністр замежных спраў Расіі, гэтага не хочацца манапалісту. Вось рознымі метадамі і спрабуюць утрымаць аднапалярны свет. Дайшлі да ўзброеных канфліктаў", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, на перагаворах з Уладзімірам Пуціным абмяркоўваліся і пытанні эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку з краінамі Азіі і Афрыкі: "Абмяркоўвалі мы і работу на азіяцкім кантыненце, асабліва ў Афрыцы, куды нас клічуць. Яны сапраўды нас там чакаюць. Перш за ўсё Расійскую Федэрацыю з вялікімі магчымасцямі".
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў работу па развіцці грузаперавозак па Паўночным марскім шляху. "Мы вельмі хацелі б, каб гэта праграма была хутчэй рэалізавана. Нам лягчэй было б працаваць", - падкрэсліў ён.
"Як бачыце, цэлы комплекс пытанняў - з поўдня на поўнач", - рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка абазначыў галоўныя задачы і напрамкі развіцця супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве як у бягучым перыядзе, так і на перспектыву.
Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што па выніках 2023 года бакі абновяць гістарычны максімум гандлю таварамі і паслугамі. "Уладзімір Уладзіміравіч за 10 месяцаў называў лічбу - больш як $40 млрд, але калі ўзяць у цэлым год (тавары і паслугі) - $54 млрд прыкладна будзе. Гэта сапраўды гістарычны максімум. Дасягненне высокіх паказчыкаў - шмат у чым вынік выканання мерапрыемстваў 28 саюзных праграм, у рамках якіх прыняты прынцыповыя рашэнні. Але нам трэба будзе яшчэ выпрацаваць агульныя крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці іх рэалізацыі", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Ключавымі на гэтым пасяджэнні ВДС былі даклады ўрадаў аб выкананні асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады, зацвярджэнне новага праграмнага дакумента на чарговы трохгадовы цыкл - на 2024-2026 гады. Ён прадугледжвае прадаўжэнне работы па ўмацаванні адзінай эканамічнай прасторы і зняцці перашкод у гандлі, што засталіся.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, важна ўзмацніць міжнароднае пазіцыянаванне саюза, як гэта робіцца ў ЕАЭС.
У якасці галоўнай задачы ў прамысловай сферы Прэзідэнт Беларусі абазначыў актывізацыю супрацоўніцтва ў сферы імпартазамяшчэння. Пры гэтым ужо зроблена нямала. "Тут вельмі шмат зроблена. Мы многае зразумелі, што не разумелі яшчэ два гады таму. Нас не ўдалося паставіць на калені. Наадварот, мы мабілізаваліся і зрабілі нямала. Падпісаны базавыя міжурадавыя пагадненні аб прызнанні тэхналагічных аперацый, аб развіцці мікраэлектронных тэхналогій, праектаванні і вытворчасці электроннай кампанентнай базы, электроннага машынабудавання, аб адзінай прамысловай палітыцы. Учора мы з Уладзімірам Уладзіміравічам у сярэдзіне дня вельмі ўважліва прааналізавалі гэтыя пытанні на прыкладзе мікраэлектронікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Упэўнены, падрыхтаваны да падпісання Дэкрэт на справе забяспечыць узаемнае прызнанне тэхналагічных аперацый. Лічу, што ўрадам трэба ў самыя кароткія тэрміны прыняць меры па яго безагаворачнай рэалізацыі, без якіх-небудзь адступленняў і выключэнняў", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці чаго б там ні каштавала ўстараніць усё, што стрымлівае ўзаемныя пастаўкі тавараў, зрабіць роўнымі ўмовы дзейнасці для прадпрыемстваў, ліквідаваць бар'еры ў сферы дзяржаўных закупак, зняць абмежаванні для транзіту тавараў. "Гэтыя тэмы не новыя, але пакуль яшчэ ў нас цяжкасцей у гэтым плане хапае. Асабліва адзначу, што мы пакуль цалкам не вызначыліся па самых галоўных пытаннях. Гэта датычыцца стварэння адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Якраз той час, калі мы можам спакойна прымаць гэтыя рашэнні. Яны будуць выгадныя і для Расіі, і для Беларусі", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Паводле яго слоў, гэтыя прынцыпова важныя тэмы рэгулярна абмяркоўваюцца на перагаворах з Прэзідэнтам Расіі. "Дамоўленасці дасягнуты. Думаю, што ўрадам трэба актыўней рэалізоўваць гэтыя дамоўленасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Згадаў ён і аб лагістыцы перавозак беларускіх экспартных грузаў праз расійскія парты. У гэтым плане ёсць прапановы па павелічэнні прапускной здольнасці Кастрычніцкай чыгункі ў напрамку партоў Санкт-Пецярбурга. "Мільёны тон беларускіх грузаў пераарыентаваны з партоў балтыйскіх дзяржаў на Санкт-Пецярбург, Мурманск, чарнаморскія парты. Але напружанне існуе. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам месяцы тры таму абмяркоўвалі гэту праблему. Прынялі рашэнне, што Кастрычніцкая чыгунка ў напрамку Піцера павінна больш інтэнсіўна працаваць. Там на першым этапе патрэбны і невялікія грошы, і невялікая работа - каб раз'езды аднавіць", - падзяліўся дэталямі беларускі лідар.
На парадку дня пасяджэння ВДС былі таксама такія важныя тэмы, як стварэнне саюзнага медыяхолдынга, урэгуляванне пытанняў агульнай уласнасці, зацвярджэнне стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года.
"Упэўнены, усе разумеюць, наколькі важна праводзіць узгодненую інфармацыйную палітыку. Ідзе магутнае інфармацыйнае процістаянне. Многія называюць гэта вайной. Але, дзякуй богу, пакуль яшчэ нават у СМІ мы да вайны не падышлі. Але процістаянне сур'ёзнае. Думаю, калі мы створым нармальны медыяхолдынг з улікам (існуючых. - Заўвага) спроб і памылак, будзе добры холдынг", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Новых свежых ідэй, а галоўнае - прарыўных эканамічных праектаў і канкрэтных прапаноў па развіцці супрацоўніцтва чакаюць ад XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ў чэрвені пройдзе ў Віцебску.
У бягучым годзе ў Саюзнай дзяржаве адзначаць шэраг знамянальных дат. Перш за ўсё 80-годдзе вызвалення Беларусі і 25-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. "Гэта магутныя ідэалагічныя падставы. Мы не маем права імі не скарыстацца для папулярызацыі нашых каштоўнасцей і абароны праўды аб агульнай гісторыі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Беларускі лідар адзначыў, што пасяджэнне ВДС праходзіць напярэдадні важных унутрыпалітычных падзей. Упершыню ў гісторыі Беларусі 25 лютага бягучага года адбудзецца адзіны дзень галасавання. "Па прыкладзе Расіі мы таксама ўстанавілі канстытуцыйна адзіны дзень галасавання. У гэты дзень будуць выбраны дэпутаты парламента, мясцовых саветаў (у нас абласныя, раённыя і сельскія захаваны саветы, як гэта было ў савецкія часы). І 17 сакавіка пройдуць прэзідэнцкія выбары ў Расіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Перыяд такі няпросты, але, як вы бачыце, ён праходзіць спакойна. І я ўпэўнены, мы спакойна падыдзем да гэтых дат і таксама спакойна правядзём гэтыя мерапрыемствы", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Па выніках пасяджэння ВДС падпісаны дакументы па ўсіх 15 пытаннях парадку дня. У тым ліку зацверджаны Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады, Стратэгія навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года, Праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2024-2026 гады.
На пасяджэнні бакі прынялі рашэнні і па шэрагу іншых напрамкаў супрацоўніцтва. У іх ліку асобныя пытанні рэалізацыі адзінай прамысловай палітыкі і Правілы пацвярджэння вытворчасці прампрадукцыі на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Асобным пунктам парадку дня было пытанне аб мадэрнізацыі і развіцці чыгуначнай інфраструктуры, што важна для развіцця беларускага знешняга гандлю.
Зацверджаны таксама план мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прысуджаны прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2023-2024 гады.