Пасяджэнне Савета Міністраў пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • 27
  • 23:58

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка ў Доме Урада правёў пасяджэнне Савета Міністраў аб выніках работы эканомікі за 2022 год і вырашэнні актуальных задач сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2023 годзе.

"У сярэдзіне мінулага года мы дамовіліся, што ацэнім разам работу эканомікі па яго выніках на пасяджэнні Савета Міністраў у фармаце канстытуцыйных паўнамоцтваў Прэзідэнта - вядома, якіх. Мы пражылі з вамі няпросты 2022 год. На нас, як вядома, спрабавалі націскаць па ўсіх напрамках. Пад удар трапілі ключавыя экспартныя галіны, 40% нашых традыцыйных рынкаў збыту, транспартна-лагістычныя калідоры, сістэма банкаўскіх разлікаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта не проста жаданне паралізаваць беларускую эканоміку, а планамерная спроба пазбавіць звычайных людзей сродкаў да існавання. "Як вынік - выклікаць сацыяльны выбух, які паставіў бы пытанне аб тым, ці застанецца на палітычнай карце свету такая дзяржава, як наша. Як і раней, з усёй адказнасцю заяўляю: застанецца. І будзе толькі мацней. Ні эканамічна, ні палітычна нікому не ўдасца нас зламаць, як і не ўдавалася да гэтага часу", - заявіў беларускі лідар.

У такой няпростай сітуацыі галоўнай задачай для Прэм'ер-міністра, Урада і ўсёй вертыкалі ўлады, нагадаў Прэзідэнт, было забяспечыць эфектыўную работу эканомікі, стабільнасць сацыяльна-працоўнай сферы і падтрымліваць узровень дабрабыту насельніцтва.

"Усё трымаецца на эканоміцы. Усякая бяспека, барацьба з беспілотнікамі, бандытамі, тэрарыстамі - усё ў эканоміцы. Будзе эканоміка - усё астатняе мы вырашым. На працягу года мы не раз праводзілі нарады, выпрацоўвалі папераджальныя і кампенсуючыя меры, ацэньвалі іх дзейснасць, знаходзілі вокны магчымасцей. Такім чынам атрымалі каласальны вопыт развіцця нават у такіх беспрэцэдэнтных умовах. Таму можна з упэўненасцю гаварыць, што экзамен на эканамічную ўстойлівасць мы ў цэлым вытрымалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час пасяджэння Кіраўнік дзяржавы спыніўся на асобных, найбольш крытычных момантах, якія патрабуюць асаблівай увагі. Па яго даручэнні экспертныя групы, якія каардынавалі памочнікі Прэзідэнта ў абласцях, у студзені правялі паўторны маніторынг работы эканомікі ў рэгіёнах.

"З першай праверкі і канкрэтызацыі задач прайшло прыкладна паўгода - дастатковы тэрмін, каб рабіць высновы. І я бачу, што сітуацыя ў параўнанні з летняй палепшылася, няхай і не нашмат. Але пры гэтым паўнацэннай антысанкцыйнай перабудовы, на жаль, яшчэ не адбылося. Пакуль адны кіраўнікі шукаюць і знаходзяць магчымасці эфектыўна працаваць, іншыя занялі пазіцыю чакання спадзеючыся на лепшыя часы. А трэція наогул вырашылі, што іх хата з краю, і спадзяюцца выключна на дапамогу дзяржавы. Я вельмі рады, што такіх зусім няшмат", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У жніўні 2022 года Кіраўнік дзяржавы чарговы раз паставіў перад Урадам задачу аднаўляць аб'ёмы інвестыцый з прыярытэтам стварэння імпартазамяшчальных вытворчасцей, якія арыентаваны на экспарт, працуюць на мясцовай сыравіне. "Аднак па дакладах я бачу, што новых прадпрыемстваў практычна няма. А інвестыцыі ж, асабліва ў рэгіёнах, - гэта развіццё населенага пункта, рабочыя месцы, дастойныя зарплаты. Тое, што датычыцца кожнага і дае яму ўпэўненасць у заўтрашнім дні", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Урад дырэктыўна назначыў аб'екты і адказных, каб у кожным раёне пачаць рэалізацыю хаця б аднаго такога інвестпраекта. Мэтавы план ужо зацвердзілі, і Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць, як ён з паперы ўвасабляецца ў жыццё. "Якая чаканая, а можа, ужо недзе і рэальная эфектыўнасць ад вашых праектаў і ідэй? Праз два з паловай гады трэба будзе даваць справаздачу перад народам за выкананне пяцігадовай праграмы. Калі яе сарваць, ні аднаму простаму працаўніку не патрэбны будуць апраўданні аб няпростых часах і драконаўскіх санкцыях. Як я часта кажу, не вайна ж ідзе на тэрыторыі Беларусі. Таму для Урада павелічэнне колькасці рабочых месцаў, даходаў насельніцтва павінна стаць ключавым маркерам пры рэалізацыі мэт, пастаўленых на гэты год", - паставіў задачу Прэзідэнт.

У снежні 2022 года ў Беларусі пачала расці рэальная заработная плата, захавана дынаміка ў пачатку бягучага года. "Але ж гэта не заслуга якасных змяненняў у эканоміцы. Гэта вынік карэкціровак цэнавай палітыкі. Плюс у статыстыку дадалася выплата традыцыйных карпаратыўных бонусаў па выніках года. Трэба думаць, дзе браць рэзервы, каб рост зарплаты не спыніўся", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Вядома, асаблівая ўвага - барацьбе з інфляцыяй. Цэны - пытанне нумар адзін для людзей. Такога ўздыму, які адбыўся мінулай восенню, больш дапускаць катэгарычна нельга. Якімі хочаце спосабамі (манетарнымі, рэгуляторнымі, адміністрацыйнымі), але дабівайцеся, каб, як дамовіліся, трымаць калідор у межах 7%. Гэта лічба павінна быць чырвонай лініяй, яе павінен разумець бізнес, вытворца і гандаль. Інакш меры будуць прыняты самыя жорсткія. Безгранічча мы дапусціць проста не можам. Цэны павінны быць справядлівымі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не менш важная ўмова - паўнацэнны асартымент на паліцах магазінаў. "Прадукты харчавання, медыкаменты, тавары штодзённага попыту і для гаспадарча-бытавых патрэб - усё павінна быць у дастатку. У прыярытэце - ад айчыннага вытворцы. Таму першачарговая задача Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Мінсельгасхарча, "Белдзяржхарчпрама", мясцовых органаў улады - забяспечыць бесперабойныя пастаўкі тавараў, у тым ліку харчовых, на ўнутраны рынак краіны. Усё, што мы не спажываем, - калі ласка, на экспарт. Там зарабляйце. Праводзьце работу з падначаленымі арганізацыямі ў частцы перагляду і зніжэння затрат. Наведзяце тут парадак - будзеце паспяхова працаваць нават у самым жорсткім рэгуляванні. І людзі нас зразумеюць і будуць задаволены", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб усе сацыяльныя абавязацельствы па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва Беларусі былі выкананы безагаворачна. "Гэта сацыяльны кантракт улады з народам, - заявіў ён. - Прыярытэтнымі напрамкамі для нас былі і застаюцца павышэнне зарплаты бюджэтнікаў і ваенных, падтрымка сем'яў з дзецьмі і пенсіянераў. Як, увогуле, і было ў 2022 годзе, калі на гэтыя мэты выдзелілі 32 мільярды рублёў (або на 3 мільярды больш, чым у 2021-м). Як бы ні было цяжка, на гэта грошы дзяржава павінна адшукаць".

Прэзідэнт запатрабаваў удзяліць павышаную ўвагу будаўнічай галіне. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта датычыцца і вялікіх незавершаных аб'ектаў, у прыватнасці кінутых міжнароднымі банкамі, і, вядома ж, будаўніцтва жылля, у тым ліку арэнднага, з магчымасцю перадачы ва ўласнасць асобным катэгорыям грамадзян пры выкананні пэўных умоў.

"Міністр архітэктуры адказвае за кожны квадратны метр і аб'ёмы будаўніча-мантажных работ. Кантралюйце. Адгаворкі, як мы спрабавалі, але зноў не змаглі, больш не пройдуць. Усе абавязацельствы дзяржавы па стварэнні інфраструктуры ў рэгіёнах, дадзеныя на Усебеларускім народным сходзе, заяўленыя ў праграме пяцігодкі, таксама павінны быць выкананы няўхільна. Рэсурсы на гэта Ураду неабходна шукаць сумесна з Нацыянальным банкам. За само будаўніцтва інфраструктуры адказваюць аблвыканкамы і Міністэрства будархітэктуры", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Яшчэ адна важнейшая задача для нашай адкрытай эканомікі - рост экспарту. Аб'ектыўна, нам пакуль не ўдалося паўнацэнна кампенсаваць усе страты. Як мне дакладваюць, на рынкі дружалюбных краін пераарыентавана прыкладна 80%. Таму сітуацыя не драматычная. Але. Усё, што недабралі ў у мінулым годзе, мы павінны папоўніць у гэтым, як і абяцалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На гэты час Беларусь значна нарасціла тавараабарот з галоўным стратэгічным партнёрам - Расіяй. Павялічаны пастаўкі ў фізічных аб'ёмах, гандаль мае высокую маржынальнасць. "Аднак і тут ёсць нявырашаныя праблемы. У прыватнасці, з праходжаннем прадукцыі беларускай дрэваапрацоўкі па тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. А гэта ж наш экспарт у трэція краіны", - заўважыў Прэзідэнт.

На пляцоўцы ЕАЭС або па іншых каналах, але пытанні лагістыкі павінны быць вырашаны максімальна аператыўна і эфектыўна, паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што паспяховасць экспартнай стратэгіі залежыць непасрэдна ад наладжанай транспартнай работы.

"У 2023 годзе асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць развіццю перавозак праз марскія парты, прадоўжыць работу па выбудоўванні эфектыўных транспартна-лагістычных ланцужкоў ва ўсходнім напрамку. Нам патрэбны новыя маршруты для пашырэння гандлю, неабходна далейшае абнаўленне транспартнай інфраструктуры, - паставіў яшчэ адну задачу перад Урадам Аляксандр Лукашэнка. - Сумесна з расійскімі калегамі трэба ўзмацніць работу па адмене дазвольнай сістэмы на ўсе віды аўтаперавозак грузаў і нерэгулярных перавозак пасажыраў. На працягу 2023 года даручаю забяспечыць доступ айчынных кампаній да выканання кабатажных перавозак на тэрыторыі Расіі. Усё, што трэба было ад мяне, зроблена. Трэба некалькі невялікіх крокаў, і гэта праблема будзе вырашана".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сярод краін далёкай дугі галоўным стратэгічным партнёрам Беларусі застаецца Кітай. "Кітай для нас сёння - гэта пункт апоры ва ўсім велізарным Азіяцкім рэгіёне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Гатоўнасць да супрацоўніцтва ў кітайцаў каласальная. Па выніках нядаўняга візіту ў Пекін заключаны амаль 40 кантрактаў больш як на $3,5 млрд. Цяпер трэба не прапусціць час з-за бясконцых прапрацовак і ўзгадненняў. Чытай - валакіты".

У цяперашняй вельмі дынамічнай геапалітычнай абстаноўцы Беларусі трэба дзейнічаць хутка, каб заняць свае нішы на рынках. "Мы павінны не толькі нарасціць таварны паток, але і ўзяць тэхналогіі, стварыць у сябе перадавыя вытворчасці. Трэба выціснуць максімум і аднавіць актыўнасць кітайскіх бізнесменаў на нашай тэрыторыі, павялічыць у некалькі разоў кітайскія інвестыцыі. Цікавасць да Беларусі ў Паднябеснай велізарная", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у 2022 годзе на рэкордным для Беларусі ўзроўні склалася паступленне валютнай выручкі на чыстай аснове. "Яго прырода відавочная - спрыяльная экспартная кан'юнктура і, што чакана, застопараны імпарт абсталявання і тэхналогій, - растлумачыў Прэзідэнт. - Такі дэфіцыт і адкладзены попыт можа нам адгукнуцца ў бліжэйшыя гады павышэннем націску на валютны рынак. Таму мы проста абавязаны забяспечыць сябе тэхналогіямі".

Сур'ёзны ўрок таго, як нівеліраваць санкцыйны націск, Беларусь ужо атрымала ў сітуацыі, якая склалася, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт зноў нагадаў сваё сцвярджэнне, што санкцыі - гэта час магчымасцей, асабліва для Беларусі, якая можа знайсці новыя рынкі. Тым больш, прапанаваць ёсць што. Варта толькі ўспомніць пра тыя айчынныя напрацоўкі, вынаходкі, тэхналогіі, якія прадстаўлены на выстаўцы "Беларусь інтэлектуальная" і дэманструюцца па ўсёй краіне. "Ну дык асвойвайце іх (гэтыя і аналагічныя распрацоўкі. - Заўвага) цяпер, пакуль рынкі свабодныя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт лічыць цяперашнюю сітуацыю рэальнай падставай і стымулам для ўзбуйнення і маштабавання невялікіх вытворчасцей. "Усюды, дзе замена імпартнага рацыянальна, павінна стварацца і ўкараняцца сваё, беларускае. Але не метадам сляпога капіравання, а з палепшанымі характарыстыкамі. Залежнасць ад заходніх тэхналогій і камплектуючых трэба мінімізаваць на працягу 2-3 гадоў", - сказаў ён.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу максімальна паскорыць рэалізацыю імпартазамяшчальных праектаў з Расіяй: "Гэта вытворчасці, якія проста крытычна патрэбны абедзвюм краінам. Асабліва мікраэлектроніка. Расія мае патрэбу ў гэтай прадукцыі. Мне дакладваюць, што на працягу апошніх месяцаў пастаўкі туды айчыннай мікраэлектронікі выраслі ў некалькі разоў. Але спыняцца нельга. Нам неабходна заваяваць і ўтрымаць на будучае расійскі рынак. А ў перспектыве асвоіць і новыя рынкі".

"Нафтаперапрацоўка, калійная, тытунёвая галіны пацярпелі ад санкцый значна больш, чым іншыя. Мэта - аднаўляць аб'ёмы вытворчасці і шукаць альтэрнатыўныя рынкі для гэтай запатрабаванай у свеце прадукцыі - застаецца актуальнай і ў гэтым годзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У цэлым па прамысловым сектары задачы такія: усе несанкцыйныя галіны павінны дадаць па 4-5% у вытворчасці і выйсці на максімальны ўзровень загрузкі магутнасцей".

Пры гэтым тыя галіны, якія спрацавалі добра, таксама авінны шукаць магчымасці палепшыць вынік, звярнуў увагу Прэзідэнт.

Гаворачы аб перспектывах развіцця сельскай гаспадаркі, Аляксандр Лукашэнка расставіў акцэнты для аграрыяў на гэты год.

"Мы атрымалі сапраўды рэкордны ўраджай і рэкордную экспартную выручку. Але ў асноўным за кошт раслінаводства. У бягучым годзе падцягваем жывёлагадоўлю. Трэба выводзіць наш аграрны сектар на новы ўзровень, - абазначыў задачу Кіраўнік дзяржавы. - Умовы спрыяльныя: ураджайнасць добрая, забяспечанасць кармамі няхай і не да 100%, але павысілі. Хоць, як мне дакладваюць, у палавіне раёнаў краіны пакуль не могуць спыніць скарачэнне пагалоўя жывёлы. Збярыце ўсе сілы ў кулак і навядзіце жалезную вытворчую дысцыпліну. Тут усё залежыць толькі ад дысцыпліны".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на праблемы са стабілізацыйнымі фондамі, аб якіх яму з году ў год дакладвае КДК: дрэнныя ўмовы захоўвання, нізкая якасць прадукцыі, выбаркі няма. Па выніках гэтага перыяду захоўвання Кіраўнік дзяржавы чакае даклад аб тым, як спрацавалі Урад і губернатары. "Запатрабаванне будзе сур'ёзнае. Кожны губернатар адкажа за кожны згнілы яблык", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

"Вядома, не будзе попыту і выбаркі, калі да сярэдзіны зімы ўсё завяла і згніло. Пытанне да губернатараў: хто дае ацэнку ўмовам, у якіх захоўваецца прадукцыя? - прадоўжыў ён. - Але гэта толькі адзін бок медаля. Як у гэты ланцужок убудаваны гандлёвыя сеткі? Мы напружваем аграрыяў, каб забяспечыць насельніцтва якаснымі айчыннымі прадуктамі па прымальных цэнах, а ў гандлю нават няма абавязацельстваў рэалізаваць тое, што вырашчана на роднай зямлі. Я звяртаюся да губернатараў: вазьміцеся за гэта пытанне з усёй сур'ёзнасцю".

Аграрны комплекс у цэлым неабходна выводзіць на новы ўзровень, і для гэтага ёсць усе рэзервы, падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён таксама закрануў тэму правядзення меліярацыі, адзначыўшы, што трэба рабіць гэта актыўней і ў поўнай меры ўключаць у сельгасабарот гэтыя землі, падтрымліваць іх у належным стане. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што зацверджаны аб'ёмы меліярацыйных работ і яны прафінансаваны, а восенню адбыўся рэспубліканскі семінар па гэтай тэматыцы. "Усё там расклалі па палічках - бяры і рабі. І не дай бог, гэтыя ўгоддзі ў некага зноў ператворацца ў балоты або зарастуць. Старшыні выканкамаў адкажуць асабіста", - папярэдзіў беларускі лідар.

Нагадаўшы аб надыходзячай пасяўной кампаніі, Прэзідэнт паставіў задачу правесці яе бездакорна, на самым высокім узроўні. "Паколькі прадукты харчавання цяпер - гэта залатая жыла. Цэны шалёныя, такіх ніколі не было і, магчыма, не будзе. Таму ўжо сёння думайце, дзе будзем захоўваць", - заўважыў ён.

Асобна Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да Міністэрства замежных спраў: "Бесперапынна даводзьце да дзелавой супольнасці ў кожнай краіне знаходжання дыпмісій пазіцыю, што Беларусь - адкрыты, сумленны і міралюбівы партнёр. Сур'ёзныя бізнесмены ў адрозненне ад многіх заходніх палітыкаў разумныя і прагматычныя. Яны гатовы да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і нават цяпер шукаюць магчымасці для аднаўлення старых бізнес-сувязей і стварэння новых. Міністэрству замежных спраў трэба нефармальна падыходзіць да вырашэння пытанняў у гэтай сітуацыі. Ручаёк, які вы адновіце або ўстановіце, выльецца ў выніку ў вялізную раку".

Пры гэтым не трэба абмяжоўвацца адкрыта варожымі для Беларусі ЗША і Еўропай, хоць і гэтыя рынкі нельга скідаць з рахункаў, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Афрыка, Лацінская Амерыка, Азія - нашы гандлёвыя інтарэсы, наш новы патэнцыял там, - заявіў беларускі лідар. - Уступленне ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, узмацненне ўзаемадзеяння з краінамі АСЕАН ужо адкрыла Беларусі дзверы на рынкі, якія найбольш хутка растуць, і самыя перспектыўныя".

Еўразійскі эканамічны саюз павінен павялічваць сваё значэнне як адзін са значных цэнтраў рэгіянальнага ўзаемадзеяння, упэўнены Прэзідэнт. "Хоць размовы аб рабоце па ўстараненні існуючых бар'ераў і абмежаванняў, калектыўным рэагаванні на заходнія санкцыі ўжо нагналі аскому, але актуальнасці не страчваюць. Над кожнай пазіцыяй трэба працаваць. Прычым максімальна аператыўна", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на хуткасці прыняцця эканамічных рашэнняў, якія маюць важнае значэнне для любой галіны эканомікі. "Як паказаў маніторынг па рэгіёнах, прадпрыемствам жыццёва неабходна магчымасць самім прымаць рашэнні. Зарэгламентаваныя ўмовы, у якіх яны сёння працуюць, тармозяць увесь працэс. А мы, калі хочам развівацца і далей, павінны працаваць ва ўмовах эканамічнай мабілізацыі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Таму максімальна спрасціце ўсе працэдуры - ад закупак да выдачы сертыфікатаў гатовай прадукцыі".

Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта прапрацаваць і да 1 мая ўнесці прапановы па разняволенні рэгіёнаў і прадпрыемстваў. "Няхай губернатары (максімум - губернатары) прымаюць усе рашэнні, не трэба цягнуць іх (гэтыя рашэнні. - Заўвага) наверх, на Прэзідэнта", - сказаў ён.

Пры гэтым асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на неабходнасць зніжаць долю стратных прадпрыемстваў у дзяржсектары. "Ёсць прыбытак - значыць, прадпрыемства працуе нармальна. Таму рэнтабельнасць і рост прыбытку павінны стаць галоўнымі крытэрыямі для ацэнкі эфектыўнасці работы кіраўніка любога ўзроўню", - зрабіў акцэнт Прэзідэнт.

"Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць дысцыпліне разлікаў. Я ўжо не раз падкрэсліваў: не будзе парадку з даўгамі - не будзе нармальнага функцыянавання эканомікі. А воз і цяпер там. Прычым самыя вялікія праблемы - якраз у аграрнага сектара, якому дзяржава аказвае каласальную падтрымку", - дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па выніках маніторынгу прадпрыемствы, асабліва ў рэгіёнах, крытыкуюць работу банкаўскай сістэмы. Асноўных прэтэнзій дзве. Першая - недастатковая дапамога банкаў у пошуку маршрутаў плацяжоў (кульгае нават кансультацыйная падтрымка). Другая - зацягнутыя тэрміны разгляду крэдытных заявак. "Пры гэтым часта банкі нават не турбуюць сябе інфармаваннем саіскальніка аб выніку", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я папярэджваю Вас, Павел Уладзіміравіч (Калаур, Старшыня праўлення Нацыянальнага банка. - Заўвага). У нас банкаўская сістэма - нібы дзяржава ў дзяржаве. Я каторы раз аб гэтым гавару. Гэтага быць не павінна", - прадоўжыў беларускі лідар.

Задачу перад банкаўскім сектарам Прэзідэнт паставіў вельмі простую і ясную: стварыць адзіны цэнтр садзейнічання прадпрыемствам у праходжанні плацяжоў.

"Дзе гэта рацыянальна, уважліва трэба перагледзець працэдуру фінансавання. Прадпрыемствы не могуць чакаць тыднямі і месяцамі, пакуль іх заяўку адобраць або завернуць, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Банкаўская сістэма павінна генерыраваць аптымальныя па тэрмінах і кошце рэсурсы для задавальнення попыту на крэдыты".

"Кожны наш крок сёння павінен быць вывераны і падлічаны. Усе павінны бачыць перспектыву і дзейнічаць стратэгічна. Тады 2023 год стане яшчэ адным крокам нашага развіцця. Нешта ўпусцім цяпер - потым будзе цяжка навярстаць, немагчыма", - падагульніў гэту тэму Аляксандр Лукашэнка.

"Мінулы год, калі яго ацэньваць з улікам складанасцей і цяжкасцей, дзякуй богу, прайшлі. Не буду гаварыць, добра мы спрацавалі або дрэнна спрацавалі - прайшлі. Цярпіма, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы галаву ў руку ўзялі, разумеем, якім шляхам ісці, бачым, што трэба рабіць.Таму гэты год, я ўсіх вас, членаў Урада, папярэджваю - за эканоміку. Вы павінны эканоміку зрабіць, чаго б гэта нам ні каштавала. Кожны ў сваёй сферы, на сваім месцы. Усе гэта павінны разумець і з гэтага зыходзіць".

Пасяджэнне Савета Міністраў пад кіраўніцтвам Прэзідэнта прадаўжалася амаль чатыры гадзіны. Пасля аб'ёмнага ўступнага слова Кіраўніка дзяржавы, у якім ён выказаўся па найбольш надзённых тэмах, адбылася фундаментальная размова аб перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аляксандр Лукашэнка не раз падкрэсліваў, што эканоміка - аснова ўсяго, уключаючы пытанні бяспекі дзяржавы.

У 2023 годзе трэба не проста кампенсаваць зніжэнне ВУП мінулага года, але і перайсці да росту. Такую задачу на пасяджэнні паставіў Аляксандр Лукашэнка.

З дакладам выступіла Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева. Яна праінфармавала аб рабоце эканомікі ў 2022 годзе і выніковых паказчыках, а таксама падзялілася статыстыкай па актуальнай праблематыцы.

Рэагуючы на яе выступленне, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што зніжэнне ВУП прыкладна на 4% - гэта шмат. "Калі б гэта быў 1-1,2% - і палітычна, і з усіх бакоў гэта было б больш-менш. 4% - гэта вы проста няправільна зразумелі тое, што я вам гаварыў: вы з Нацыянальным банкам спыніліся ў канцы трэцяга квартала - чацвёртым. Трэба ў бягучым годзе гэта ўсё аднаўляць і перасягаць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Не забывайце (на гэта мы звернем у бягучым годзе асаблівую ўвагу): у цэлым нібыта недзе добра, а колькі прадпрыемстваў, колькі тысяч людзей працуюць няважна? Тэмпература па шпіталі нядрэнная, а колькі там, у "падвале", людзей з нізкімі паказчыкамі мы маем у эканоміцы? Таму схавацца за агульныя, сярэднія лічбы не атрымаецца".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на перапоўненасць складоў вырабленай тэхнікай. "Міністры, кіраўнікі прадпрыемстваў пераконваюць, што "мы вось тут, як звычайна, у пачатку года запас ствараем" і іншае. Гэты запас - гэта вымыванне абаротных сродкаў. Гэта застылыя грошы на складзе. І потым, што значыць запас? Мы ж да ўзроўню мінулага года і мінулых гадоў лічым. І ў дынаміцы гэта рост. Навошта гэты рост? Апраўдання быць не можа".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб адказнасці за падзеж жывёлы: "Мужыкі, губернатары, гэта вам цяжка абыдзецца. Ніхто вас угаворваць больш не будзе. Побач ці наперадзе будзе Міністр стаяць. Ён у нас доктар, ветурач. Вы галавой адкажаце разам з губернатарамі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Раскрытыкаваў Кіраўнік дзяржавы і работу па выбарцы крэдытаў, адзначыўшы, што грошы пад праекты выдзеліць гатовы, але саміх па сабе праектаў не прапануецца. "Я гэта ўбачыў па Расіі. Усё, з Прэзідэнтам дамовіліся, грошы выдзяляем. А калі расіяне гавораць: "Беларусы, дайце нам праекты. Паўтара мільярда долараў - дайце нам праекты" - дык цялёпкаліся некалькі месяцаў, і тое пад паўтара мільярда праектаў не набралі", - заўважыў Прэзідэнт.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў на пасяджэнні прааналізаваў выкананне задач па сацыяльна-эканамічным развіцці і даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. Паводле яго слоў, па асобных напрамках ёсць шэраг недапрацовак.

"Галоўнае - гэта вынік. Трэба разумець (і гэта мэта нашай сённяшняй сустрэчы), што па выніках гэтага года будзе ўжо такое спагнанне, што далей няма куды. Там ужо не прыхарошыш", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка ўдзельнікаў пасяджэння.

Прэзідэнт адзначыў, што недапрацоўваюць дрэваапрацоўка, лёгкая прамысловасць. Сярод іншых тэм асаблівая ўвага была ўдзелена сітуацыі ў нафтахіміі, АПК, падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў аб сваім патрабаванні па арганізацыі рамонту тэхнікі. "Няма самартызаванай тэхнікі. Яна павінна быць адноўлена", - падкрэсліў ён.

Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, адпаведная работа вядзецца і цяпер практычна ўся тэхніка па краіне гатова да работ. Аднак гэта не выключае той факт, што ў шэрагу сельгасарганізацый у гэтым плане яшчэ могуць быць сур'ёзныя недапрацоўкі. Аляксандр Лукашэнка даручыў КДК у пачатку красавіка праехаць па краіне і даць аб'ектыўную ацэнку фактычным вынікам.

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні Савета Міністраў назваў тры ключавыя задачы 2023 года для выканання ўстаноўленых параметраў эканамічнага развіцця. "Лічым, што ў гэтым годзе для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця трэба зыходзіць з тых жа задач, якія Прэзідэнт паставіў у Пасланні беларускаму народу 2022 года. Нагадаю, што гэта былі дзве ключавыя задачы. Першая - забяспечыць устойлівую работу прадпрыемстваў. Другое - зрабіць усё, каб просты чалавек не адчуў на сабе негатыўных наступстваў знешняга націску", - адзначыў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, у 2023 годзе давядзецца вырашыць тры ключавыя задачы для выканання ўстаноўленых параметраў эканамічнага развіцця. "Першая - устойлівая работа рэальнага сектара эканомікі. Другая - праактыўная інвестыцыйная палітыка дзяржавы. Трэцяя - вырашэнне найбольш важных пытанняў, якія хвалююць насельніцтва: даходы, ЖКГ, дарогі, ахова здароўя і гэтак далей", - дапоўніў Прэм'ер.

Паводле яго слоў, у рабоце рэальнага сектара захоўваецца мабілізацыйны падыход 2022 года. "Вынікі студзеня сведчаць, што ключавыя галіны эканомікі адаптаваліся да існуючых умоў. Мінпрам спрацаваў на ўзроўні 104,9%, "Беллегпрам" - 105,5%, "Белнафтахім" - 102,5%, "Белдзяржхарчпрам" - 124,9%. Паводле аператыўных даных, індэкс фізічнага аб'ёму прамысловай вытворчасці за 2 месяцы павялічыўся яшчэ на 2,3 працэнтнага пункта і склаў 98,2%. У цэлым па студзені зніжэнне ВУП тэхнічна абумоўлена высокай базай (студзеня. - Заўвага) 2022 года па асобных галінах. Такая ж тэндэнцыя будзе назірацца па выніках лютага. У сакавіку выйдзем на тэмпы вышэйшыя за 100%", - сказаў Раман Галоўчанка.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу ўрада, што варта арыентавацца ў тым ліку і на высокую базу мінулых перыядаў, а не на тое, што страцілі ў 2022 годзе. "Нам трэба дабаўляць, ды яшчэ і як дабаўляць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Урад працуе ў рэальных умовах і ведае, чым жыве сёння кожнае прадпрыемства, запэўніў Прэм'ер-міністр.

"Год толькі пачаўся. Першы квартал мы будзем бачыць у красавіку. Таму, паглядзім, пройдзе першы квартал, даложыце", - сказаў Прэзідэнт.

Асобна Раман Галоўчанка далажыў аб рэалізацыі інвестпраектаў у рэгіёнах. Тут галоўныя патрабаванні - акупнасць і зваротнасць рэсурсаў. Увесь мінулы год Урад адпрацоўваў даручэнне Прэзідэнта аб рэалізацыі ў бягучай пяцігодцы ў кожным раёне як мінімум аднаго інвестпраекта. Кожны раён мог самастойна распрацаваць і занесці праект для рэалізацыі на сваёй тэрыторыі.

Блок даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі датычыўся пытанняў сацыяльнай сферы. "Я хачу вашу ўвагу звярнуць на сацыяльны складнік. Вось, кажуць, ахова здароўя, школы мы тут пабудуем і гэтак далей. Ведаеце, у нас няма нейкай крытычнай сітуацыі ў ахове здароўя і ў адукацыі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такіх сацыяльных аб'ектаў у краіне ўжо дастаткова пабудавана, і трэба ў асноўным завяршыць тыя, што пачаты. Але самае галоўнае - усюды навесці належны парадак. Адзін з прыкладаў - недахопы ў рабоце ўстаноў аховы здароўя, якія выяўляюцца створанай нядаўна міжведамаснай рабочай групай. "Бардак там сур'ёзны ў ахове здароўя. Я хацеў бы, каб Міністр у гэтым плане працаваў з той групай, якая цяпер калясіць па ўсёй краіне", - заявіў беларускі лідар.

"Хопіць гэтых бальніц. Трэба ў гэтых парадак навесці. Пачалі недзе будаваць (у Гродне ці яшчэ) - давайце закончым і не будзем лезці ў новыя будоўлі. Тым больш па школах", - сказаў Прэзідэнт.

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка далажыў, што адпаведныя даручэнні Кіраўніка дзяржавы ўжо рэалізуюцца на практыцы: "Тое, што ёсць, трэба абавязкова дабудоўваць. Так, ёсць выключныя выпадкі па дзіцячых садах. Вось 12 дзіцячых садоў было пабудавана ў мінулым годзе. Гэта сапраўды вялікія мікрараёны ў буйных гарадах. Але ваша патрабаванне нам зразумела. Гэта абсалютна рэалістычна зрабіць".

Прэзідэнт у сувязі з гэтым звярнуў увагу, што будаваць і развіваць школы ў населеных пунктах ніжэйшых за аграгарадкі не трэба. Больш мэтазгодна арганізаваць падвоз дзяцей з невялікіх навакольных вёсак ва ўстанову адукацыі ў аграгарадку, дзе ў поўнай меры будзе забяспечана ўся неабходная адукацыйная база. "Адзін настаўнік на ўроку вёў матэматыку, фізіку і гэтак далей для розных класаў. Што гэта за выкладанне? Чаму мы дзяцей навучым? Таму дзяцей лепш падвозіць. Збіраць у аўтобус і падвозіць па пэўных маршрутах. Там і дзіцячы сад, там і школа. Не траціць грошы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнта - навесці парадак з бальніцамі, і не толькі ў пытанні рамонту, абслугоўвання, але і з кадрамі. Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане звярнуў увагу на магчымасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў і неабходнасць прыняцця дадатковых мер, каб замацоўваць гэтыя кадры на рабочых месцах у рэгіёнах.

Падводзячы вынікі дыскусіі па сацыяльнай тэматыцы, кіраўнік дзяржавы звярнуўся да старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай і паставіў задачу сур'ёзна ацаніць стан спраў у гэтай сферы. "Вы ведаеце гэту сферу. Трэба нам гэту сацыялку і тое, што ў яе ўваходзіць, сур'ёзна паглядзець, аб'ектыўна. Не сам урад ацаніць павінен, а стварыць групу людзей", - сказаў беларускі лідар.

Вядома, рэгіянальнае развіццё немагчыма без падтрымання неабходнай інфраструктуры, у тым ліку дарог. "Для нас цяпер архіважная задача - гэта дарогі. Усе на аўтамабілях. Недзе там па ЖКГ нейкія пытанні трэба вырашыць. Віцэ-прэм'ер мне дакладваў: ён узяў на ўзбраенне ў кожнай вёсцы бетанаваць дарогу. Не асфальт, а бетон. Таму што яе парэжуць (у выпадку з асфальтавым пакрыццём. - Заўвага), а бетон будзе ляжаць. І наогул мы дамовіліся больш цэменту выкарыстоўваць на гэта. Але не выконваецца ж", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Як і ў выпадку са школамі, Аляксандр Лукашэнка патрабуе гаспадарскага падыходу, з улікам тэндэнцый у развіцці рэгіёнаў: "Трэба рабіць там, дзе перш за ўсё трэба. Калі там нейкая вёсачка, дзе два чалавекі, - трэба шліфануць гэту дарогу. І не трэба там бетон выкладваць. У аграгарадках, раённых цэнтрах недзе гэтыя дарогі - там, дзе вельмі трэба і дзе заўтра будуць жыць людзі. Толькі такі павінен быць, гаспадарскі падыход".

Што датычыцца жылля, Аляксандр Лукашэнка чарговы раз пацвердзіў, што дзяржава ў першую чаргу падтрымае сем'і ваенных і шматдзетных. "Па пяць, па трое, чацвёра дзяцей - давайце ім пабудуем жыллё. Яны ж галоўную праблему для нас вырашаюць. Таму так, трэба будаваць жыллё і не перабраць, каб людзі і свае грошы ўкладвалі. Абавязкова трэба не перабраць тут, - сказаў ён. - А то зноў усе будуць сядзець і чакаць: "Я ў чарзе стала ў выканкаме - мне дадуць танныя крэдыты пабудаваць хату". Не. Гэта тым людзям, якія не маюць права наогул бізнесам займацца і зарабляць недзе грошы. Гэта перш за ўсё ваенныя. Мы ж іх пазбавілі ўсяго: ідзіце, служыце. Дык дайце ім хоць кватэру. І гэта не такія вялікія грошы. За паўтара - два гады мы вырашым для ваенных праблему. Добра. Дык і запатрабаваць з іх тады можна".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на рацыянальнае выкарыстанне фінансавых рэсурсаў: "Трэба эканоміць грошы. Я не першы год працую і ў мяне ў гэтым плане інтуіцыя і чуццё".

Прэзідэнт упэўнены, што нельга самазаспакойвацца на фоне таго, што краіна ў цэлым нядрэнна спраўляецца з санкцыйнымі выклікамі. "Самае страшнае - заспакоіцца... Нельга заспакойвацца", - сказаў ён.

"Я вас прасіў - вы мне дайце эканоміку. Урад, губернатараў, старшынь, усю вертыкаль - дайце эканоміку, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Усе астатнія пытанні мы вырашым. Таму мабілізоўвайцеся ўсе і прадаўжайце рабіць тое, што мы рабілі ў мінулым годзе, калі нас аглушылі гэтымі санкцыямі".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кожны павінен на сваім месцы працаваць максімальна эфектыўна. "Ведаем, куды ісці. Але трэба шліфаваць, - заявіў беларускі лідар. - Мы справімся з гэтай абстаноўкай".

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба рацыянальна расходаваць сродкі ў сістэмах тых ці іншых міністэрстваў і ведамстваў. У якасці аднаго з прыкладаў Аляксандр Лукашэнка прыгадаў наяўнасць вялікай колькасці арганізацый па павышэнні кваліфікацыі, якія існуюць пры ведамствах, у той час як адпаведную работу часам было б рацыянальней арганізаваць на базе асноўных дзеючых ВНУ.

"Калі мы хочам павысіць нейкую кваліфікацыю, ну давайце на базе дзеючых універсітэтаў гэта рабіць. Навошта асобна ствараць структуры і іх фінансаваць? Прачніцеся нарэшце і паглядзіце, куды вы траціце грошы. Зразумела, у вас не хопіць ні настаўнікаў, ні ўрачоў таму, што яны чорт ведае на што адцягнуты", - заўважыў беларускі лідар.

Блок сацыяльных пытанняў абмяркоўваўся ў час даклада Намесніка Прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнкі. Размова ішла аб рабоце ўстаноў сферы адукацыі, аховы здароўя, культуры. У якасці прыкладу разглядаўся інстытут павышэння кваліфікацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Прэзідэнт спытаў кіраўніка міністэрства Ірыну Касцевіч, наколькі абгрунтавана і неабходна наяўнасць асобнага такога інстытута. "Галіна - 40 тысяч чалавек, яна шматпланавая і шматпрофільная, - адказала Міністр. - У год мы павышаем кваліфікацыю работнікаў па ўсіх напрамках ад 1,5 тыс. да 1,8 тыс. чалавек". Гэта, напрыклад, спецыялісты па сацыяльнай рабоце, па рэабілітацыі, якія асвойваюць новыя падыходы ў сацыяльнай рэабілітацыі.

"Справа ў самой сутнасці, у сістэме: калі рэабілітацыя, то ў рэабілітацыйным цэнтры (правесці заняткі па павышэнні кваліфікацыі. - Заўвага). А чаго выкладчыка клікаць у міністэрства на 5-ы паверх. Адвязі туды, дзе рэабілітацыю праводзяць", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.

"Лішніх грошай няма. Добра ў цябе - 60 (колькасць работнікаў інстытута пры Мінпрацы. - Заўвага). Але гэта ж у кожнага Міністра гэтыя ўніверсітэты-інстытуты", - заўважыў Прэзідэнт.

Як растлумачыў па гэтай тэме Старшыня КДК Васіль Герасімаў, часта работа, якая павінна ажыццяўляцца міністэрствамі, перакладаецца на гэтыя інстытуты. "Тым самым колькасць, якую мы вызначаем па дзяржапараце, раздута за кошт гэтых незразумелых структур, якія побач", - абазначыў праблему кіраўнік ведамства.

Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы аргументы за і супраць, даручыў да канца года разабрацца з пытаннем такіх інстытутаў ва ўсіх галінах. "Трэба ўшчыльняцца", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

У цэлым ён запатрабаваў наводзіць парадак у кожным пытанні, і гэта датычыцца ўсіх ведамстваў, у тым ліку сілавых структур.

"Мы павінны ўсё прывесці ў ідэальны стан", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кантроль цэн у Беларусі не прадугледжвае планавую эканоміку, як у Савецкім Саюзе, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца кантролю цэн. Не мы павінны камандаваць. Вось першы крок зрабілі, па галаве надавалі (адказным за цэнаўтварэнне. - Заўвага) - зразумелі палітыку дзяржавы: справядлівыя цэны. А далей яны самі павінны па вашых правілах, якія вы выпрацавалі, устанаўліваць цэны. Мы не адрэгулюем ім цэны. Няма планавай эканомікі, як у Савецкім Саюзе", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што неабходна даводзіць пэўную планку, знаходзіць аптымальны варыянт, каб, з аднаго боку, не завышаліся цэны, а з іншага - не стварыць дэфіцыту тавараў. "Трэба бачыць дакладны прагноз, а не бачыш - тады будзем чакаць па факце", - сказаў Прэзідэнт.

Ён лічыць правільным, калі самі вытворцы і гандаль будуць устанаўліваць цэны. Але пры гэтым павінна быць тая самая планка, устаноўленая правіламі дзяржаўнага рэгулятара, якую нельга пераступіць. "Таму трэба менавіта да гэтага прыйсці. А так яны прыбягуць і скажуць: "Вы нам абмежавалі!" А мы ж кожнаму сабекошт не палічым. Мы ж разумеем як эканамісты, што ўсё не палічыш. Таму павінен быць парадак нейкі, каб яны разумелі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў пытанні цэнаўтварэння ён строга патрабаваў навесці парадак, аж да крымінальнай адказнасці. Ён таксама адзначыў, што не павінна быць перакосаў у сацыяльным плане і звышдаходаў у гандлі, калі месячныя зарплаты даходзяць да некалькіх дзясяткаў тысяч долараў: "Гэта што, нармальна? Што, лягчэй ва Урадзе, чым яму, працаваць? Не. У сем разоў складаней. Але ў вас зарплата ў 10 разоў меншая. А то і больш, чым у 10 разоў. Але няўжо гэта справядліва? І людзі ж гэта бачаць. І думаюць: "А куды Прэзідэнт глядзіць?"

"Таму не трэба адступаць. Але трэба выпрацоўваць нармальныя метады, якія спрацуюць", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур на пасяджэнні Савета Міністраў, характарызуючы макраэканамічную сітуацыю ў 2022 годзе, адзначыў, што яна запатрабавала перамяшчэння акцэнтаў і прыняцця ўсебаковых мер па адаптацыі нацыянальнай эканомікі да змяненняў аперацыйнага асяроддзя. "Грашова-крэдытная палітыка была арыентавана на падтрыманне эканамічнай актыўнасці. У бягучым годзе выпрацаваныя сумесна з урадам падыходы захаваюцца. Разам з забеспячэннем цэнавай і фінансавай стабільнасці, аказаннем рэсурснай падтрымкі эканомікі і суправаджэннем знешнегандлёвай дзейнасці застануцца прыярытэтнымі задачамі на бягучы год. Гэта дасць магчымасць, не парушаючы макраэканамічнай збалансаванасці, сфарміраваць неабходныя ўмовы для эканамічнага развіцця краіны і павышэння якасці жыцця нашых грамадзян", - адзначыў ён.

Павел Калаур разлічвае, што працэнтная стаўка па новых рыначных крэдытах юрыдычным асобам у нацыянальнай валюце на канец года не перасягне 10% гадавых.

"Павел Уладзіміравіч, нам трэба 8-8,5%, - звярнуўся Прэзідэнт да кіраўніка Нацбанка. - Вось гэта будзе абавязацельства! Гэта якраз укладваецца - не больш жа як 10%".

Павел Калаур таксама растлумачыў, што ёсць праграмы льготнага крэдытавання з больш нізкай, чым рыначная, крэдытнай стаўкай.

Размова таксама ішла аб тым, каб банкаўская сістэма па магчымасці забяспечвала больш доўгія тэрміны крэдытавання для прадпрыемстваў, каб яны маглі больш актыўна інвесціраваць у сваё развіццё.

Прэзідэнт на пасяджэнні Савета Міністраў таксама падрабязна распытаў аб сітуацыі ў падведамных галінах профільных віцэ-прэм'ераў, у тым ліку Пятра Пархомчыка і Леаніда Зайца, якія адказваюць за прамысловасць і сельскую гаспадарку.

Адной з тэм, якая абмяркоўвалася з удзелам віцэ-прэм'ера Пятра Пархомчыка, стала работа прамысловасці і некаторы рост складскіх запасаў на асобных прадпрыемствах. "Я не бачу пакуль крытычнай заклапочанасці па запасах. Тым больш па выніках студзеня мы правялі вельмі сур'ёзную нараду з прысутнасцю ўсіх галіновых міністраў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія дапусцілі такую дынаміку", - растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Ён адзначыў, што ў некаторых выпадках наяўнасць складскіх запасаў залежыць ад сезоннасці, каб стварыць неабходную асартыментную базу для задавальнення сезоннага попыту.

Калі ж гаварыць пра работу галіны ў цэлым, то за студзень гэтага года тэмп росту індэкса прамысловай вытворчасці - 104,9%, люты - 108%, праінфармаваў Пётр Пархомчык. "Паглядзім, як спрацуеш, цябе вучыць няма чаго - учарашні дырэктар, ды яшчэ і Міністр прамысловасці (раней Пётр Пархомчык узначальваў ААТ "БелАЗ" і займаў пасаду Міністра прамысловасці. - Заўвага). Прамысловасць, сельская гаспадарка - гэта ўсё", - адрэагаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся не толькі агульнай сітуацыяй па галіне, але і падрабязна распытаў віцэ-прэм'ера, ці ёсць прадпрыемствы або працэсы, якія выклікаюць асаблівую насцярожанасць. Размова ішла, у прыватнасці, аб сельгасмашынабудаванні, асаблівасцях паставак тэхнікі на замежныя рынкі.

У размове з віцэ-прэм'ерам Леанідам Зайцам Прэзідэнт зноў звярнуў увагу на праблему з падзяжом жывёлы ў асобных сельгаспрадпрыемствах і запатрабаваў неадкладнага прыняцця мер для яе вырашэння. Акрамя таго, размова ішла аб сітуацыі ў праблемных гаспадарках Віцебскай вобласці. На думку віцэ-прэм'ера, трэба ўзмацніць кіраўніцкую дысцыпліну і павысіць адказнасць кіраўнікоў мясцовай улады, старшынь райвыканкамаў за вынікі працы ў АПК.

Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні таксама цікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні адносна стабфондаў. Размова аб забеспячэнні захаванасці вырабленай сельгаспрадукцыі і рэалізацыі яе ў гандлі ў міжсезонне.

Традыцыйна нагадаў Кіраўнік дзяржавы і аб надыходзячай пасяўной кампаніі. Яе неабходна правесці бездакорна, на самым высокім узроўні. "Паколькі прадукты харчавання цяпер - гэта залатая жыла. Цэны шалёныя, такіх ніколі не было і, магчыма, не будзе. Таму ўжо сёння думайце, дзе будзем захоўваць", - заўважыў ён.