Нарада па пытаннях цэнаўтварэння
- 17
- 40:27
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лютага сабраў у шырокім складзе нараду па пытаннях цэнаўтварэння, каб пракантраляваць, як выконваюцца ранейшыя даручэнні ў гэтай сферы, і намеціць наступныя крокі.
"Тэма нашай размовы складаная. І з-за гэтай складанасці і іншых прычын вельмі непрыемная. Я добра ведаю са сваёй практыкі, як і многія прысутныя на гэтай нарадзе, што такое заработная плата, цэны. Для нашага народа, для ўсіх нас гэта важнае пытанне, таму што кожны дзень з раніцы да вечара мы, сутыкаючыся з гэтымі праблемамі, зразумела, гэтым жывём, - сказаў Прэзідэнт. - Але тым не менш рашэнне было прынята. Мы дамаўляліся, што праз некаторы час збяромся і паглядзім, як Урад і ўсё кіраўніцтва краіны выконвае даручэнне Прэзідэнта. Нехта павінен быў устанавіць сістэму кантролю за цэнаўтварэннем, а таксама і кантролю за інфляцыяй унутры краіны. Нехта павінен быў вельмі строга пракантраляваць вырашэнне гэтага пытання. Таму ўсе маюць дачыненне да вырашэння гэтай праблемы".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на факты і прывёў канкрэтныя прыклады, каб "у розумах у некаторых эканамістаў не блукалі розныя вельмі зручныя шалёныя думкі".
"Усе мы прывыклі да таго, што "дэмакратыя і свабодны рынак выратуюць свет". Адкуль гэта прыйшло пасля доўгага перыяду дэкларатыўных цэн у Савецкім Саюзе і рэгулявання ўсіх і ўсяго. Адкуль гэта прыйшло? Рытарычнае пытанне. Амерыканцы, Захад нас заўсёды да гэтага штурхалі: дэмакратыя, дэмакратыя, правы чалавека! Чытай: "Што хачу, тое і варачу ў краіне, што хачу, тое гавару. А потым 2020-ы год, памятаеце… Вось і ўся дэмакратыя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт прывёў яшчэ адну паралель: "Злучаныя Штаты Амерыкі нас папракалі ў тым, што выбары няправільна правялі. Там таксама прычынай непарадкаў і сутыкненняў сталі вынікі выбараў. Чым скончыліся? Стралянінай. Я заўсёды прыводжу гэты прыклад красамоўны - застрэлілі дзяўчыну, якая тры ці чатыры вайны прайшла, абараняючы інтарэсы ЗША. Ніхто не палічыўся ні з чым. Ніякія правы, ніякая дэмакратыя. Пры гэтым я не асуджаю тых абаронцаў вышэйшага органа ўлады, таго будынка, на які рабіўся напад. Я не асуджаю, гэта іх праблемы. Але за што ж нас тады асуджалі".
Яшчэ адзін прыклад, яшчэ больш важны для рыначнікаў - санкцыі, якія Захад наклаў на Расійскую Федэрацыю, а заадно і на Беларусь, каб расіяне цераз яе не змаглі абысці гэтыя санкцыі. "Чаму быў устаноўлены нейкі паталок цэн на галоўны тавар Расійскай Федэрацыі? І не толькі на гэты. Я маю на ўвазе нафту, а затым і нафтапрадукты. Чаму Захад і ЗША пачалі рэгуляваць цэны на нафту і нафтапрадукты? Рыначная ж у свеце эканоміка", - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
"Я гэта вам нагадваю і гавару, каб вы разумелі, што мы павінны жыць уласным розумам у сваёй краіне і рабіць усё так, як выгадна нашаму народу. Калі мы бачым неабгрунтаваны рост цэн і што багацеі, якія ўчора з'явіліся толькі невядома адкуль, стварыўшы свае сеткі у гандлі і гэтак далей, пачалі набіваць кішэні, калі заработная плата ў (радавых работнікаў. - Заўвага) кампаніі 500 долараў, а ў іх у 46 або 60 разоў большая. Гэта што, нармальна?" - адзначыў беларускі лідар.
"Хачу, каб вы разумелі, што маё патрабаванне застаецца нязменным. Гэтым самым - двума прыкладамі, а іх вялікая колькасць, - я вам даказаў, што ніякай дэмакратыі ў іх няма, ніякіх правоў чалавека, ніякага свабоднага рынку і свабоднага цэнаўтварэння. Яны дзейнічаюць выключна ва ўласных інтарэсах. Ну дык давайце і мы, наколькі гэта магчыма, будзем захоўваць свае інтарэсы - нашага народа. У сацыяльнай дзяржаве, дзе ўсё для народа", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што жорсткая задача па выпрацоўцы мер рэгулявання цэн у няпростых эканамічных умовах была пастаўлена перад Урадам чатыры месяцы таму. "Гэта вельмі цяжкая работа пасля доўгіх гадоў рыначнай распушчанасці. Я разумею, што стрымаць цэны, калі ў іх нестабільнасці зацікаўлены мільёны людзей (як у Беларусі, так і за яе межамі. - Заўвага), вельмі няпроста. Але ўлады ў нас дастаткова. Перавагі нашай улады мы якраз павінны выкарыстоўваць. Часткова гэта, напэўна, адбылося. Таму вырашыць гэту задачу без сур'ёзнай работы з усім вытворчым і гандлёвым ланцужком было б немагчыма", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Каб стрымаць інфляцыю, спачатку была падпісана Дырэктыва № 10, а з сярэдзіны кастрычніка ўступіла ў сілу пастанова Саўміна № 713 "Аб сістэме рэгулявання цэн".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў шэрагу выпадкаў цэны нават панізіліся, хаця гэта і не было мэтай. Але пасля іх лютаўскага ўсплёску ў мінулым годзе гэта нармальна, і рэнтабельнасць арганізацый усё роўна засталася на высокім узроўні. "Некаторыя мне тут пішуць: "Зніжэнне цэн". Мы не ставілі перад сабой такой задачы. Размова ішла аб рэгуляванні цэн. Хоць з перапуду некаторыя, убачыўшы вялікі слой тлушчу, панізілі гэтыя цэны. Нічога страшнага", - сказаў ён.
"Сістэму рэгулявання (скажам адкрыта - стрымлівання цэн) распрацоўвалі ўсёй грамадой: парламент, Урад, Камітэт дзяржаўнага кантролю, прафсаюзы, мясцовыя органы ўлады, кантралюючыя, праваахоўныя органы. Перада мной вынікі маніторынгу. Як сцвярджае статыстыка, нам удалося істотна запаволіць інфляцыйныя працэсы ў краіне. У IV квартале пасля рашучых дзеянняў у 2022 годзе зафіксавана дэфляцыя амаль 2%. Гэта значыць, адбыўся адкат цэн", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі збіраліся мінулы раз, Урад прагназаваў гадавую інфляцыю прыкладна 20%. Гэта страшная інфляцыя была б. Але з улікам прынятых мер яе ўдалося знізіць хаця б да 12-13% па выніках (2022 года. - Заўвага)", - сказаў беларускі лідар.
Ёсць тавары, якія патаннелі, адзначыў Прэзідэнт. І іх спіс значны. Гэта ў тым ліку грэчка, рыс, макаронныя вырабы, алей, чай, натуральная кава, парфумерыя і касметыка, тэлевізары і гэтак далей.
"Тым не менш на фоне барацьбы з павышэннем цэн ад 1% да 4% сталі даражэйшыя тавары штодзённага попыту. Гэта малако, кефір, тварог, іншая малочная прадукцыя, масла, мяса, яйкі і нават дзіцячае харчаванне. Усё гэта сведчыць аб тым, што новая сістэма рэгулявання патрабуе далейшага ўдасканалення і, як ва ўрадзе кажуць, данастройкі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заявіў, што сабраў шырокі склад удзельнікаў нарады, каб намеціць наступныя крокі па стрымліванні цэн і выхадзе на пастаўленую задачу - інфляцыя не большая за 7-8% за бягучы год. "Гэта амаль у два разы ніжэй, чым у мінулым годзе", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на некаторыя недахопы работы адказных за цэны, што бачна на гэтым этапе.
Па-першае, рознічныя цэны зніжаюцца пераважна за кошт гандлёвага звяна, у той час як індэкс цэн вытворцаў прадаўжае расці. "У гэтым трэба сур'ёзна разабрацца. Так, гэты паказчык з верасня па снежань у мінулым годзе ў прамысловасці склаў 100,7%, у сельскай гаспадарцы - 103,6%. Гэта значыць, сельгаспрадукцыя падаражэла ў чацвёртым квартале амаль на 4%, прамысловыя тавары - на 1%", - адзначыў беларускі лідар.
Па-другое, арганізацыі гандлю па-ранейшаму дапускаюць парушэнні заканадаўства ў галіне цэнаўтварэння. "І гэта на фоне праверак, па выніках якіх больш як 100 суб'ектаў гандлю і службовых асоб прыцягнуты да адказнасці і па фактах неабгрунтаванага павышэння цэн узбуджана пяць дзясяткаў крымінальных спраў. Складваецца ўражанне, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю адышло ад сваёй непасрэднай работы, асабліва ў рэгіёнах. Праз коску я павінен назваць і дэпутатаў, і кантралёраў. Адно міністэрства з гэтым не справіцца. Гэта задача ўсяго Урада. Я губернатараў нездарма запрасіў і тады, і цяпер. Без вас мы наогул не вырашым гэту праблему. Таму што сфера гандлю ўся ў вас", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Па-трэцяе, зніжаецца рознічны тавараабарот (па выніках 2022 года ён склаў 96,3% да ўзроўню 2021 года). "Нам удалося не дапусціць пустых паліц і вярнуць разнастайнасць асартыменту за кошт прыходу на беларускі рынак новых пастаўшчыкоў, у асноўным з дружалюбных нам Расіі і Турцыі. Але гэта не падстава супакойвацца. Цэны на імпартныя тавары павінны быць па кішэні нашым грамадзянам, асабліва калі нешта мы не вырабляем самі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Імпарт таксама павінен быць пад вельмі жорсткім кантролем. Паколькі ён паваліць увесь унутраны ваш рынак".
Прэзідэнт таксама пацікавіўся, як выконваецца яго даручэнне аб навядзенні парадку з узроўнем заработнай платы кіраўнікоў і ўладальнікаў буйных гандлёвых сетак. Звяртаючыся да прадстаўнікоў СМІ, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вы, калі ласка, Камітэт дзяржкантролю і Урад узварухніце так, каб яны вам назвалі ўсе факты, дзе ў 30-40 разоў "вялікія" дзеячы, кіраўнікі атрымліваюць зарплату вышэйшую, чым звычайны прадавец і іншыя. А потым бегаюць па сетках і крычаць: "Ах, Прэзідэнт задушыў!" Бунт узнімаюць. Хочуць гэтых няшчасных прыпадняць і зноў учыніць нейкую бучу. Але вопыт у мяне ёсць, як з гэтай бучай разбірацца. І будуць разборкі вельмі жорсткія. Таму да людзей - прадаўцоў - трэба давесці: вось 800 або 1 тыс. рублёў ваша зарплата, а вось 50-60 тыс. зарплата у гэтых так званых уладальнікаў".
Зыходзячы з інфармацыі гандлёвых сетак, Урад далажыў Прэзідэнту, што ў большасці арганізацый гандлю суадносіны зарплат работнікаў і кіруючага складу больш-менш захоўваюцца. "Гэта значыць супакоілі сітуацыю. Усё ж такі зменшылі апетыт кіраўнікі і гаспадары, уласнікі", - заўважыў наконт гэтага Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу, што суадносіны зарплат работніка і кіраўніка, уладальніка гандлёвай арганізацыі павінны быць у межах 1 і 8. "Аднак у асобных гандлёвых сетках гэта патрабаванне не выконваецца. Напрыклад, "БелВілесдэн" (сетка "ГІПА". - Заўвага), каэфіцыент склаў аж 67, - прывёў шэраг фактаў Прэзідэнт. - "Еўрагандаль" - амаль 42, "Дабраном" - 12. Гэта што, нармальна? Яны што, працуюць больш, чым прадавец?"
"Урад і аблвыканкамы выпрацавалі шэраг прапаноў, каб такога ў далейшым не было. Вось мы і паслухаем гэтыя прапановы. Пажытку для роздуму больш чым дастаткова. Не хацелася б, каб вы мне аб "гераізме" расказвалі. Нам трэба бачыць недахопы і прыняць дадатковыя меры (гэта вам давядзецца дапаўняць, але я хачу іх пачуць) для таго, каб гэтага непарадку не было", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Па-чацвёртае, па-ранейшаму застаюцца пытанні па трактаванні і практыцы прымянення асобных норм пастановы № 713. Таму Прэзідэнт даручыў прадоўжыць растлумачальную работу, правесці пры неабходнасці дадатковыя сустрэчы з людзьмі, прадстаўнікамі сферы гандлю.
Яшчэ адна праблема - узніклі няроўныя ўмовы для айчынных вытворцаў і імпарцёраў, што садзейнічае рэалізацыі пераважна замежнай прадукцыі. "Імпарцёры маюць магчымасць фарміраваць выгадную для сябе цану за межамі краіны і атрымліваюць вялікі прыбытак. Паслухаем, наколькі гэта справядліва, і ці бачаць гэта ва Урадзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я цудоўна разумею, што любая сістэма мер рэгулявання - гэта жывы арганізм, які мяняецца з улікам унутраных і знешніх фактараў. Гэта значыць, не ўсё залежыць ад нас у краіне. Але я і не стаўлю такой задачы, каб мы ўвесь свет рэгулявалі. Мая задача, і ваша ў тым ліку, - кантроль за працэсамі, якія адбываюцца ў межах нашай Беларусі. Часам пазітыўныя змяненні дапушчальна паскорыць, што называецца, уручную. Вось гэтым мы сёння і зоймемся".
Пачынаючы нараду, Прэзідэнт падкрэсліў, што адкрыты для канструктыўных прапаноў і гатовы прымаць неабходныя для людзей рашэнні. "Праблема павінна вырашацца. І людзі не павінны скоса глядзець на тую ўладу, якую яны сфарміравалі. Галоўнае маё патрабаванне вы ведаеце - забеспячэнне шырокага асартыменту тавараў па справядлівых цэнах і недапушчэнне дэфіцыту. Гэта патрабаванне датычыцца ўсіх", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ідзе глабальны перадзел свету, яго перафармаціраванне. "Ён не будзе такім, як учора. Не кажучы ўжо аб тым, якім быў пазаўчора. Хто дзеліць гэты свет? Не мы ж. Мы - удзельнікі гэтай дзяльбы, на якіх нацэлены драпежніцкія погляды буйных дзяржаў. І хто будзе ў выніку гэтага неакаланіялізму валодаць часткамі свету - пытанне. Што нам рабіць у гэтай сітуацыі? Трэба прайсці акуратна гэты перыяд, захаваць сябе. А захаваем толькі тады, калі будзе ўнутраная стабільнасць", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтых пытаннях ёсць разуменне з боку беларускага грамадства, людзі бачаць няпростую сітуацыю ў некаторых суседніх краінах, памятаюць пра пандэмію, калі вытворчасць у шэрагу краін спынілася, і яе наступствы, у тым ліку пра верталётныя грошы, якія сталі прычынай знешняй, завознай інфляцыі ў Беларусь. Аляксандр Лукашэнка папярэджваў аб гэтых рызыках загадзя, як і аб тым, што сітуацыяй паспрабуюць скарыстацца асобныя катэгорыі ўнутры краіны, узняўшы цэны. "Дык вось, трэба іх прывесці да прытомнасці, даць зразумець, што сёння пытанне большае, чым цэны. Гэта аснова справядлівага ўнутранага парадку і міру ў нашай краіне", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Цэнаўтварэнне - гэта аснова справядлівага свету ў Беларусі. Гэта галоўны артыкул дагавора ўлады і народа. Трэба вытрымаць, выстаяць. Трэба кожнаму імкнуцца захаваць нашу краіну. У нас для гэтага ўсё ёсць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы не проста можам яе захаваць, а калі скончыцца гэта дзяльба планеты, мы будзем на парадак вышэй".
Пры гэтым вельмі важна, каб на гэта былі нацэлены абсалютна ўсе. "Не павінна быць такога, што нехта з нас не хоча гэтага зрабіць. Не ўмее - мы навучым, - адзначыў Прэзідэнт. - Хто не хоча - адыдзіце ўбок. Бо трапіце ў спіс збеглых, якія там сёння па перыметры стаяць, і не толькі зубамі некаторыя ляскаюць, але просяцца назад".
"Пытанне вельмі сур'ёзнае. І наконт гэтага трэба варушыцца", - абагульніў Кіраўнік дзяржавы. Ён выказаўся за тое, каб адбылася размова Урада з прадстаўнікамі гандлю, вытворчасці і гэтак далей, у час якой ім будуць падрабязна даведзены патрабаванні Прэзідэнта адносна справядлівага рэгулявання цэнаўтварэння.
Кіраўнік дзяржавы прывёў шэраг фактаў і статыстычных даных, якія характарызуюць сітуацыю на спажывецкім рынку і змяненне цэн на розныя катэгорыі тавараў.
Ён канстатаваў, што рэгуляванне цэн дало магчымасць стрымаць інфляцыйныя працэсы, а прыняцце з кастрычніка 2022 года новых мер садзейнічала зніжэнню тэмпаў росту спажывецкіх цэн, у выніку ў ІV квартале 2022-га была зафіксавана дэфляцыя амаль 2%.
"Спажывецкія цэны на рэгулюемыя тавары ў снежні 2022-га ў параўнанні з вераснем (да ўвядзення мер) знізіліся амаль на 3%", - сказаў беларускі лідар. Прычым зніжэнне цэн датычылася як айчынных, так і імпартных тавараў.
Існуе меркаванне, што прынятыя Урадам меры па рэгуляванні цэнаўтварэння не сталі сістэмнымі рашэннямі па недапушчэнні неабгрунтаванага росту цэн на спажывецкім рынку, зніжэнні сабекошту выпускаемай прадукцыі, насычэнні ўнутранага рынку пад поўную патрэбнасць. Кіраўнік дзяржавы на такі пункт гледжання парыраваў: "Сістэмныя рашэнні і не маглі быць за 4 месяцы. Я ўжо гаварыў: жывы арганізм, не ўсё ад нас залежыць. І было сказана: калі дапусцілі недзе памылкі і пралікі, трэба данастроіць сістэму".
Гаворачы аб змяненні цэн на айчынныя тавары, Прэзідэнт асобна засяродзіў увагу на росце цэн на асобныя прадукты харчавання штодзённага попыту, асабліва на плодаагароднінную прадукцыю. Прычым цэны павялічваліся нават на тыя прадукты, якія вырошчваюцца ў Беларусі: цыбуля, морква, бульба. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, наколькі абгрунтаваны гэты рост, які сабекошт і рэнтабельнасць такой прадукцыі.
"Штомесячныя тэмпы прыросту цэн айчынных вытворцаў спажывецкіх тавараў толькі запаволіліся, але не спынены. Я і не настойваю на тым, каб цэны былі спынены. Таму што пры такой міжнароднай інфляцыі спыненне цэн павернецца дэфіцытам на паліцах. Але неабгрунтаванага шалёнага росту не павінна быць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што, паводле інфармацыі КДК, некаторыя рашэнні дзяржорганаў па ўстанаўленні адпускных цэн на новыя тавары прыняты без дастатковай прапрацоўкі. Пры гэтым МАРГ ні разу не выносіў прадпісанні аб адмене такіх рашэнняў.
Асобна Кіраўнік дзяржавы спытаў аб тым, як у гандлёвых аб'ектах ідуць справы з асартыментам тавараў. Было даложана, што цяпер у цэлым сітуацыя з асартыментам стабілізавалася.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на праблему няроўных умоў ажыццяўлення дзейнасці айчынных вытворцаў і імпарцёраў. Гэта, паводле яго слоў, стварае перавагі для рэалізацыі замежнай прадукцыі. Напрыклад, у больш выгаднай сітуацыі пры рэалізацыі круп праз розніцу аказваецца той прадавец, хто займаецца імпартам, паколькі ён можа прымяняць надбаўку імпарцёра 20% і яшчэ да 30% гандлёвай надбаўкі. "Хіба аслеплі? Мы што, гэтага не бачым?" - слушна заўважыў Прэзідэнт.
Акрамя таго, ішла размова аб тым, што гандлёвыя надбаўкі на тавары нізкага цэнавага сегмента не дазваляюць пакрыць транспартныя затраты на іх дастаўку ад размеркавальнага цэнтра да канкрэтнага аб'екта гандлю. Гэта можа прывесці да адсутнасці тавару ў продажы. "На гэта трэба было звярнуць увагу, гэта значны аспект, не дробязь", - сказаў беларускі лідар.
Недастаткова прапрацаваным Прэзідэнт назваў механізм вызначэння цэн у сферы вытворчасці па індывідуальных заказах, напрыклад па мэблі. "Дробнаму бізнесу трэба рыхтаваць пакет дакументаў у орган улады для ўзгаднення цаны па кожным новым відзе прадукцыі. Дурасць поўная. Я вас папярэджваў: гэтага быць не павінна. Правілы ўстанавілі, і няхай яны самі вызначаюць цану", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Я вас папярэджваю: адступлення ад гэтага быць не можа. У гэтым сутнасць нашай палітыкі - справядлівасць".
Прэзідэнт заўважыў, што ў цяперашняй няпростай сітуацыі ў свеце і вакол Беларусі можна было б паспрабаваць спісаць некаторыя недахопы на санкцыі, знешні націск і іншае. "Сапраўды, гэта адна з прычын таго, што ўнутры краіны ў нас адбываецца. Але гэта не прычына, каб усё зваліць у адну кучу і сказаць: мы да гэтага не маем дачынення. Аказваецца, маем. І практыка за чатыры месяцы паказала, што маем. Калі ўзялі пад кантроль - у сярэднім цэны апусціліся амаль на 3%", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што справядлівы падыход павінен быць у аснове і цэнаўтварэння, і аплаты працы работнікаў.
У час нарады Аляксандр Лукашэнка выказаўся за выраўноўванне ўмоў гаспадарання для ўсіх суб'ектаў, у тым ліку для індывідуальных прадпрымальнікаў.
Прэзідэнт заўважыў, што "іпэшнікі пачалі нейкі шум" у сувязі з увядзеннем для іх новых правіл работы. Аднак прычын для якога-небудзь незадавальнення Аляксандр Лукашэнка не знаходзіць. Індывідуальных прадпрымальнікаў жа дзяржава загадзя папярэдзіла аб рыхтуемых новаўвядзеннях, быў прадугледжаны пераходны перыяд для таго, каб яны маглі падрыхтавацца. "А што мы няправільна зрабілі? Столькі часу мінула - чвэрць стагоддзя я з гэтым целяпаюся... І адступалі, і так і сяк працавалі з гэтымі іпэшнікамі", - сказаў беларускі лідар.
На яго думку, настаў час, каб выраўнаваць умовы гаспадарання. "Як можа працаваць, напрыклад, наша лёгкая прамысловасць, калі анучы і іншае вязуць (індывідуальныя прадпрымальнікі. - Заўвага) з-за мяжы ў дзесяць разоў танней? А чаму танней? Таму што падаткі не плацяць так, як плацяць у лёгкай прамысловасці, - адна з прычын", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Мы нікога не душым, ніякіх іпэшнікаў мы не выштурхоўваем (з айчыннага рынку. - Заўвага). Але мы іх ставім у аднолькавыя ўмовы. Працуеш - плаці падаткі як усе. Не можаш - бяры мятлу. Час настаў такі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што эканоміка Беларусі ў 2022 годзе ў цэлым спрацавала нядрэнна, але вынікі маглі б быць лепшыя.
"У цэлым маглі б лепш. Зыходзячы са складанасцей, цяжкасцей, маглі б лепш. Але рэальная зарплата крыху большая была, нічога не абвалілася, як нам прадракалі. Не скажу, што малайцы, але маглі б крыху лепш", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў сваю чаргу прывёў цікавы факт: "З 20 еўрапейскіх краін Беларусь заняла 17-е месца па ўзроўні інфляцыі. Гэта значыць 16 краін паказалі інфляцыю вышэйшую за нашу".
Ён таксама далажыў у час нарады, што ў стабілізацыйныя фонды па краіне закладзена больш за 144 тыс. т бульбы, агародніны, яблыкаў. Гэта амаль на трэць больш, чым у мінулы міжсезонны перыяд. Значная частка прадукцыі ўжо закантрактавана.
"Ёсць у губернатараў пытанні па гэтых стабфондах?" - удакладніў Прэзідэнт.
Губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік пацвердзіў, што ў яго рэгіёне стабілізацыйныя фонды закладзены ў поўным аб'ёме. Абласныя гандлёвыя сеткі камунальнай формы ўласнасці заключылі дагаворы пад свае поўныя патрэбнасці. Аднак у рабоце прыватнага гандлю ёсць свае нюансы. На сустрэчах яго прадстаўнікі гавораць, што іх сеткі зарэгістраваны ў іншых абласцях, таму прадукцыяй яны закупляюцца ў іншых рэгіёнах, а потым развозяць па ўсёй рэспубліцы. Падтрымаў гродзенскага калегу і губернатар Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка.
У сваю чаргу Раман Галоўчанка і Старшыня КДК Васіль Герасімаў не выключылі, што нейкім гаспадаркам больш выгадна прадаваць на экспарт, таму яны, цалкам магчыма, могуць выдумліваць розныя адгаворкі аб тым, што іх тавар не запатрабаваны на ўнутраным рынку. Але ў цэлым, паводле слоў чыноўнікаў, сітуацыя з закладкай прадукцыі ў стабілізацыйныя фонды і яе наступнай рэалізацыяй у гэта міжсезонне значна лепшая, чым у папярэднія гады. Актыўная работа са стабфондамі паўплывала і на цэны: імпарту стала менш, а кошт вырашчанай у Беларусі агародніны прыкметна знізіўся.
"Я проста хачу губернатараў і мэра Мінска папярэдзіць: не дай бог праз месяц гэта ўсё вылезе і мы пачнём зноў есці егіпецкую бульбу, а сваёй па нармальных цэнах бачыць не будзем - наракайце самі на сябе. Я не збіраюся вас вучыць, што рабіць. Вы паклалі ў рэзерв гэтыя аб'ёмы - заключыце з гандлем, забяспечце хоць бы на сваёй тэрыторыі, у вобласці, сваімі прадуктамі. І каб яна была канкурэнтная з імпартам. Каб імпарт наогул блізка не мог з вамі канкурыраваць. Таму што лепшай бульбы, чым са сваёй зямлі, лепшай капусты, морквы і цыбулі, чым са сваёй зямлі, дзе мы нарадзіліся і жывём, быць не можа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што не забараняе пастаўляць прадукцыю на экспарт, але гэта толькі ў тым выпадку, калі ўнутраны рынак поўнасцю забяспечаны. "Прадавайце. Але калі праваліцеся да ліпеня-жніўня, пакуль ранняя бульба і капуста не з'явяцца, наракайце самі на сябе, - папярэдзіў ён. - Вырашайце самі там. Разам з урадам, калі гэта трэба. Але я яшчэ раз паўтараю: вы паставілі гэта пытанне - мною было прынята рашэнне. Яно няўхільна павінна быць выканана. Бульба, капуста, морква і іншае да новага ўраджаю - чысценькая, акуратненькая, як імпартная, выкладзена ў магазінах. З задавальненнем купяць беларускае, але так, каб яно мела таварны выгляд. Яно нядрэннае па якасці, прадавайце. Але калі, як сказаў прэм'ер, па шалёных цэнах у чэрвені, ліпені, жніўні будуць афрыканская і яшчэ там нейкая бульба - наракайце самі на сябе. Нізкія цэны, сваё - рабіце. Астатняе вязіце куды хочаце. Калі ласка - вывозьце, толькі свой народ накарміце".
У час нарады Кіраўнік дзяржавы даручыў вывучыць магчымасць будаўніцтва новых сховішчаў па сучасных тэхналогіях, а таксама паставіў задачу сваім памочнікам у рэгіёнах прааналізаваць сітуацыю са стабфондамі як з пункту гледжання захаванасці прадукцыі, так і яе рэалізацыі.
Раман Галоўчанка расказаў аб сітуацыі з цэнамі на імпартныя тавары: "Праводзіцца работа па выбудоўванні кантролю пастаўкі імпартных тавараў на ўнутраны рынак па адэкватных цэнах. На сёння схема выглядае так. Дзяржаўны мытны камітэт ажыццяўляе маніторынг кошту больш як дзвюх тысяч увозімых таварных пазіцый, у выпадку ўстанаўлення фактаў перавышэння кошту (у нас ёсць назапашаная база рэальнага кошту такіх тавараў) ДМК тут жа інфармуе МАРГ. МАРГ у сваю чаргу аналізуе, як гэта ўплывае на інфляцыю, і прымае папераджальныя меры. За некалькі месяцаў работы гэтай сістэмы выяўлена каля 8 тыс. фактаў увозу па цане вышэйшай за індыкатыў. Гэта работа будзе прадаўжацца".
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, чаму нельга вызначыць канкрэтных імпарцёраў для асноўных таварных пазіцый. "Калі выгадна будзе", - дадаў ён.
Прэзідэнт растлумчыў сваю прапанову выпадкам з жыцця. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, аднойчы да яго звярнуліся з просьбай увезці ў краіну какава-зярняты. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не быў паглыблены ў сутнасць праблемы, але вырашыў падтрымаць бізнесменаў з адной, агульнай для ўсіх умовай: гэтыя какава-зярняты павінны быць пастаўлены на беларускі рынак па цэнах ніжэйшых, чым яны тады каштавалі на рынку. "Праз тры месяцы прыходзяць і гавораць: "Завезлі, аддалі на "Камунарку". Я гавару: "Але яны ўзялі?" - "А як яны не возьмуць? Дырэктар гаворыць: калі я не вазьму - заўтра пасадзяць. Чаму? Таму што намнога танней". Я гавару: "Хлопцы, завозьце ўсе аб'ёмы, калі гэта танней".
"Сапраўды танней прывезлі. Эканоміку паказалі, паказалі, колькі яны зарабілі. Гэта значыць нармальна. А чаму мы не можам па крытычных групах тавараў дамовіцца з людзьмі?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.
"Я лічу, што калі хтосьці можа прапаноўваць імпартны тавар па больш таннай цане, то гэта трэба заахвочваць, - адказаў Раман Галоўчанка. - Задача, да якой я падыходзіў некалькі разоў (на жаль, гэта ўся пературбацыя з лагістыкай яе парушыла), - гэта стварэнне па асноўных катэгорыях... Какава-зярняты - гэта вузкі прыклад. Вось памідоры, бананы - на іх сядзяць старыя імпарцёры, яны ведаюць, што, чаму, як. У мяне была такая думка, аж да таго, што Балбасава (лагістычны цэнтр у аграгарадку Балбасава. - Заўвага) выкарыстоўваць для таго, каб зрабіць там вялікі размеркавальны цэнтр па такіх пазіцыях".
"Дык рабі. Для гэтага ж і стваралася", - нагадаў Прэзідэнт.
"Мы да гэтага блізка падышлі, ужо дамоўленасці былі. Але сітуацыя з санкцыямі і кавідам крыху зламала гэту схему. Але мы давядзём яе да канца, таму што гэта правільны шлях. Нельга ўсё манапалізаваць, але на асноўных катэгорыях тавараў мы гэта абавязкова адпрацуем", - паабяцаў Прэм'ер-міністр.