Нарада па пытаннях Беларускай атамнай электрастанцыі
- 9
- 6:29
Радыяцыйная бяспека і надзейнасць эксплуатацыі АЭС з'яўляецца "прыярытэтам з прыярытэтаў". Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 сакавіка на нарадзе па пытаннях Беларускай атамнай электрастанцыі.
"Будаўніцтва першай АЭС - адзін з найбольш маштабных і тэхналагічных праектаў, які мы выконвалі сумесна з расіянамі. Для рэалізацыі гэтага праекта зроблена нямала", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. У прыватнасці, уведзены ў эксплуатацыю і ўстойліва функцыянуе, выдаючы электраэнергію ў сетку, першы энергаблок. Паводле слоў Прэзідэнта, з моманту ўключэння першы блок выпрацаваў ужо больш за 12,5 млрд кВт.гадз , што дало магчымасць замясціць звыш 3 млрд кубаметраў газу і сэканоміць для краіны больш за $400 млн. "Вынік нядрэнны для пачатку", - ацаніў беларускі лідар.
Што датычыцца другога энергаблока АЭС, ідуць мерапрыемствы этапу фізічнага пуску, у красавіку бягучага года запланавана ўключэнне ў сетку, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Я неаднаразова падкрэсліваў, што радыяцыйная бяспека і надзейнасць эксплуатацыі атамнай станцыі - гэта прыярытэт з прыярытэтаў, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Мы доўга абмяркоўвалі гэтыя пытанні на этапе прыняцця вельмі сур'ёзнага рашэння аб будаўніцтве станцыі, улічылі ўвесь сусветны вопыт. Тут выкарыстоўваюцца найвышэйшыя тэхналогіі. Гэта здабытак нашага народа. Таму ўсе пытанні будаўніцтва і работы атамнай станцыі патрабуюць асаблівай увагі і ўзважанага падыходу".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як выступалі супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі асобныя дэструктыўныя групы, асабліва ў 2020 годзе ў час перадвыбарнай кампаніі. "Вы памятаеце, усе альтэрнатыўшчыкі, цяпер збеглыя, абяцалі ў выпадку прыходу да ўлады закрыць атамную станцыю. Хоць ужо мільярды былі ўкладзены ў яе будаўніцтва. Да гэтага іх падштурхоўвалі нашы канкурэнты, перш за ўсё, на жаль, бліжэйшыя нашы суседзі Польшча і Літва, - сказаў беларускі лідар. - І што сёння? Польшча запланавала будаўніцтва дзвюх атамных станцый, а можа, і трох. Літва таксама заяўляе пра будаўніцтва сваёй атамнай станцыі. А цяпер прыкіньце, калі б мы, зайграўшыся ў палітычныя гульні, спынілі будаўніцтва або закрылі атамную станцыю? Або яны прыйшлі б да ўлады і прыкрылі гэту атамную станцыю, куды тады ўжо было ўкладзена каля $5 млрд? Вось іх твар".
З эканамічнага пункту гледжання для энергетычнай бяспекі Прэзідэнт запатрабаваў забяспечыць эфектыўную работу ўсёй станцыі, яе хутчэйшы выхад на поўную магутнасць. Аднак рабіць гэта трэба ні ў якім выпадку не на шкоду якасці будаўніцтва, паўтарыў сваё патрабаванне Аляксандр Лукашэнка. "Я ведаю, што расіяне часам стогнуць, што мы выстаўляем ім завышаныя патрабаванні па бяспецы. Але яны павінны разумець: мы чарнобыльская рэспубліка, мы пацярпелі ад выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі, - растлумачыў ён. - Таму бяспека - пытанне нумар адзін, і мы будзем патрабаваць бяспекі і выканання норм пры будаўніцтве".
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы адрасаваў удзельнікам нарады шэраг асноўных пытанняў: як забяспечана бяпека, ці выконваюцца ўсе нормы і прадпісанні пры будаўніцтве і эксплуатацыі станцыі. Прэзідэнт таксама спытаў аб часавых перспектывах уводу другога энергаблока Беларускай АЭС у эксплуатацыю, яшчэ раз зрабіўшы акцэнт на якасці будаўніцтва. "Мы нічога не ўтойвалі і ўтойваць не маем намеру, што былі пэўныя недахопы ў будаўніцтве атамнай станцыі, якія вельмі аператыўна ўстараняліся нашымі і расійскімі будаўнікамі. Зацягванне тэрмінаў звязана з тым, што мы сапраўды выстаўляем вельмі высокія патрабаванні да бяспекі. Лепш на паўгода - год пазней, чым недзе штосьці недапрацаваць", - сказаў беларускі лідар.
"Якія меры прымаюцца для паскарэння рэалізацыі гэтага праекта? Аснова (рэактар, каркас) - гэта ўжо створана, даведзена да ладу. Засталіся паўтара - два працэнты нейкіх недаробак па будаўнічай частцы. Калі мы скончым цалкам і пойдзем з гэтай пляцоўкі? - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Я абсалютна адкрыты для ўсіх вашых прапаноў. Калі патрабуецца мая дапамога, гатовы адразу ж прыняць неабходныя рашэнні".
Як паведаміў у час нарады Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, у красавіку запланавана першае пробнае ўключэнне ў сетку другога энергаблока. Пры гэтым магутнасць рэактарнай устаноўкі будзе паднята да 40%. "У красавіку-верасні будуць паслядоўна ажыццяўляцца работы па асваенні магутнасці рэактарнай устаноўкі да намінальнай з правядзеннем выпрабаванняў у рамках доследна-прамысловай эксплуатацыі. Гатоўнасць да здачы АЭС у цэлым у адпаведнасці з праграмамі ўводу ў эксплуатацыю прагназуецца ў кастрычніку 2023 года", - расказаў Віктар Каранкевіч.
Міністр нагадаў, што першы энергаблок быў уведзены ў эксплуатацыю ў чэрвені 2021 года. У 2022 годзе ён прайшоў першы планава-папераджальны рамонт і цяпер працуе на намінальнай магутнасці.
"Агульная будаўнічая і тэхналагічная гатоўнасць другога энергаблока складае каля 98%. Вядуцца падрыхтоўчыя работы на завяршальнай стадыі для запуску ланцуговай рэакцыі і вываду рэактарнай устаноўкі на мінімальна кантралюемы ўзровень - гэта 1% магутнасці рэактара", - адзначыў кіраўнік Мінэнерга.