Пасяджэнне Савета Бяспекі

  • 9
  • 12:38

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 снежня правёў пасяджэнне Савета Бяспекі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ваеннай бяспецы і абароне дзяржавы ўдзяляецца вялікая ўвага. Гэта асабліва актуальна з улікам абстаноўкі ў свеце і мілітарызацыі Захаду. "Я не стану вельмі паглыбляцца ў праблему мілітарызацыі заходніх краін, асабліва дзяржаў, якія знаходзяцца паблізу нас, з якімі мы мяжуем. Вы гэту тэму добра ведаеце. Але мы не можам не бачыць гэту самую мабілізацыю і мілітарызацыю", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт указаў на Польшчу і Германію, а таксама невялікія дзяржавы, з якімі мяжуе Беларусь. "Яны не толькі павялічваюць ваенныя бюджэты, але і спрабуюць павялічыць армію прыкладна ў два разы. Паўстае простае зямное пытанне: калі нехта нешта робіць, значыць, яму для нечага гэта трэба. Не будуць гэтыя краіны проста так траціць велізарныя грошы на, як яны кажуць, процістаянне Расіі і Беларусі", - упэўнены ён.

Пры гэтым, дадаў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь і Расія не ствараюць Захаду глабальных праблем, якімі заходнія палітыкі спрабуюць апраўдаць затраты на ўзбраенні і пашырэнне армій. "Мы ні на каго не збіраемся нападаць. Нам усяго дастаткова. Ведаю пазіцыю Расіі, але трэба ж нечым абгрунтаваць гэтыя траты", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт спыніўся на тэме "пагрозы з Беларусі і Расіі", якую ўзмоцнена нагнятаюць на Захадзе. Пры гэтым, імкнучыся парваць адносіны з Масквой і Мінскам, заходнія палітыкі даходзяць нават да таго, што гатовы разабраць чыгуначныя пуці.

"Паўстае пытанне: яны да псіхіятра ходзяць ці не? Калі вы не хочаце прыязджаць да нас па чыгунцы, ад нас не хочаце, каб людзі ехалі, - няхай гэта чыгунка стаіць. Яна ж нікому не перашкаджае. Не, трэба разабраць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт указаў на тое, што ў заходніх краінах хапае ўнутраных праблем: "Народ жыве ў галечы, закрываюцца радзільныя аддзяленні, бальніцы. Калі на адукацыю не хапае грошай, калі жыллёва-камунальныя паслугі растуць неймаверна. Калі абразаюць электрычныя правады, па якіх цячэ электраэнергія танная".

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся пра сітуацыю з літоўскімі грузавікамі, якія застаюцца ў Беларусі пасля закрыцця граніцы Вільнюсам. Ён зноў прапанаваў Літве пачаць перагаворы і назваў пункты, якія цікавяць Беларусь.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Літве цяпер "пачынаюць гвалтам крычаць" наконт аўтамабіляў, якія засталіся ў Беларусі пасля закрыцця граніцы Вільнюсам. "Калі яны (аўтамабілі. - Заўвага) валяюцца на абочыне дарогі, можа, у Літве гэта нармальна. У нас гэта недапушчальна. Мы іх размясцілі на стаянках, ахоўваем, каб ніхто не ўлез у гэтыя аўтамабілі, каб груз захаваўся, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Не трэба "на дурніцу" крычаць гвалтам і шумець. Не трэба прыцягваць амерыканцаў, расіян або ўкраінцаў. Гэты нумар не пройдзе. Гэта тэма ляжыць у плоскасці нашых перагавораў і нашых пагадненняў".

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Беларусь гатова выбудоўваць нармальныя адносіны па ўсіх напрамках. "Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся. Як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных адносін - сядайце за стол перагавораў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовы. Іншых варыянтаў няма, - заявіў беларускі лідар. - Што Літве перашкаджала супрацоўнічаць з намі? Мы загружалі іх парты - 30% бюджэту фарміравалася ў Літве як мінімум за кошт патоку нашых грузаў. Што яшчэ не хапала? Чаго ашалелі?"

Пры гэтым, дадаў Кіраўнік дзяржавы, Беларусь гатова нават выкупіць скорапсавальныя грузы. Што датычыцца вадзіцеляў грузавікоў, то для іх на тэрыторыі Беларусі створаны неабходныя ўмовы знаходжання. "Усё робім для таго, каб было нармальна. І пачынаюць (літоўцы. - Заўвага) там мышкавацца, з-пад дывана або плінтуса высоўваюць галаву: "Аддайце нам гэтыя аўтамабілі!" - заявіў ён.

Разам з тым, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, ёсць і такія пункты, якія цікавяць беларускі бок. "Вярніце нам 17 або 20 аўтамабіляў, якія вы ўкралі. Пажарныя аўтамабілі, якія пастаўлялі ў Зімбабвэ. Нармалізуйце работу нашага санаторыя, дзе мы лячылі чарнобыльскіх дзяцей. Яны ў дзяцей адабралі фактычна санаторый, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І вярніце нам грошы за тое, што мы там будавалі порт".

"Я вельмі паглыблены ў гэту праблему, і мяне больш за ўсё непакоіць, навошта яны гэта робяць. Сказаць, што яны дурні, - не скажаш. Шмат разумных людзей, думаюць над гэтым. Калі яны спрабуюць развязаць нейкі тут канфлікт, наўрад ці ў іх нешта атрымаецца", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы, спыняючыся на тэме шароў з цыгарэтамі, якія лятаюць ці то ў Літву, ці то з Літвы, заявіў, што за гэты час прайшло сур'ёзнае абмеркаванне пытання, аж да прыцягнення пілотаў грамадзянскай авіяцыі. Было адзначана, што абвінавачанні, якія выстаўляе Літва, не адпавядаюць рэчаіснасці.

"Тое, што нам сёння выстаўляюць літоўцы, - гэта немагчыма, гэта нерэальна. Нават калі б гэтыя шары, як яны кажуць, па 200 (цяпер нібыта ці то 20, ці то 50) туды залятаюць... Я размаўляў з лётчыкамі, пілотамі. Яны гавораць, што гэта ніякай праблемы не ўяўляе. Праблему пачынаюць нагнятаць, палітызаваць. Навошта, паўстае пытанне. Няўжо паваяваць хочуць?" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што Беларусі вайна не патрэбна, як і літоўцам, палякам ці эстонцам. "Наваяваліся, хопіць. Страцілі столькі людзей. Яшчэ пакаленні жывыя, якія бачылі гэту вайну. Нам вайна не патрэбна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Яны (шэраг заходніх суседзяў. - Заўвага) выбралі гэты шлях і думаюць, што прыедуць тут амерыканцы, на мяне націснуць (або яшчэ якія-небудзь еўрапейцы). Слухайце, мы поўнасцю перабудаваліся. І калі мы будзем варушыцца, больш актыўна будзем працаваць у эканоміцы, пачынаючы ад Віцебскай вобласці і заканчваючы Гомельскай вобласцю, у нас увогуле не будзе праблем. Нас чакаюць шмат у якіх кутках планеты з нашымі тэхналогіямі, нашымі таварамі. Таму калі мы крыху якасць падцягнем (хоць нам ніхто не ставіць прэтэнзій па якасці, але ўсё роўна над якасцю трэба працаваць), нам канкурэнтаў не будзе", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не паводзіць сябе, як каланіяльныя краіны. "Мы ў тую ж Афрыку ідзём для таго, каб дапамагчы ім тэхналогіямі. Пад гэтыя тэхналогіі ў нас ёсць тэхніка адпаведная. Мы машынабудаўнічая краіна, развіта сельская гаспадарка. У той жа Кеніі (Прэзідэнт да пасяджэння Савета Бяспекі правёў сустрэчу са спікерам Сената Кеніі Амазонам Джэфа Кінгі. - Заўвага) сёння гатовы распрацоўваць радовішчы нафты. Мы гатовы падключыцца. У нас ёсць спецыялісты, якія ўмеюць гэта рабіць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму мы з дабром заўсёды ідзём. Не кажучы пра нашых суседзяў (з якімі Беларусь апрыёры настроена на канструктыўнае супрацоўніцтва. - Заўвага)".

"І калі мы кудысьці едзем, з некім вядзём перагаворы, то гэта не нацэлена супраць трэціх краін", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта ў гэтым ключы вяліся перагаворы і ў ходзе нядаўняй вялікай замежнай камандзіроўкі ў краіны Азіі і Афрыкі. І калі Захад душыць адпаведных замежных партнёраў, то Беларусь, наадварот, прапануе ім руку дружбы і супрацоўніцтва. "Дзяржавы, людзі, улады гэта цудоўна разумеюць і гатовы з намі выбудоўваць добрыя адносіны", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Асобна беларускі лідар спыніўся на сітуацыі, якая складваецца на граніцах з Украінай. "Больш-менш стабілізавалася сітуацыя на беларуска-ўкраінскай граніцы. Хоць там праблем дастаткова. Учора мне наш галоўны пагранічнік (Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. - Заўвага) дакладваў аб тым, што шмат пытанняў, якія трэба будзе вырашаць у мабілізацыйным парадку і выбудоўваць граніцу, якая кінута з боку Украіны, і будаваць заставы, і ўзбройваць пагранічнікаў", - заявіў Прэзідэнт.

Больш таго, адзначыў беларускі лідар, у другой лініі за пагранічнікамі даводзіцца выстаўляць Узброеныя Сілы: "Вядома, гэта адцягвае не толькі нашу ўвагу, але гэта адцягвае пэўныя сродкі".

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што Беларусь вітае перагаворы па Украіне, і адзначыў ролю Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў гэтым працэсе.

"Як бы тут ні спрабавалі прынізіць ролю Трампа, ён малайчына ў гэтым плане. Учарашнія яго заявы міма народа не пройдуць. Ён хоча спыніць вайну, як ён гаворыць, каб не гінулі людзі. Можна вакол гэтага сваволіць і гаварыць што хочаце. Але што скажаш супраць таго, што робяць сёння амерыканцы?" - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы бачыце, якія сілы спрабуюць тарпедаваць, нават амерыканскія прапановы спрабуюць тарпедаваць па мірным дагаворы з Украінай. Я да таго, што, калі нават удасца ўсталяваць мір сёння ці заўтра ва Украіне, нам ад гэтага лягчэй не стане. Нас будуць душыць і далей. І асабліва вось гэтыя дзяржавы... Не хачу іх зневажаць, каб не пакрыўдзіць народ, які ў нас на поўначы ці паўночным захадзе", - дадаў беларускі лідар.

"Яны ад нас нечага патрабуюць. А калі б мы ў Беларусі стваралі альтэрнатыўныя ўрады і падтрымлівалі "байцоў за незалежнасць". Яны там ствараюць баявыя атрады, яны іх узбройваюць. Памятаеце - харугвы. Яны нікуды не дзеліся. І цэлыя палкі, як яны называюць. Гэта што, жарт? І яны яшчэ нам нейкія прэтэнзіі выстаўляюць. Ну, утрымліваюць яны іх - няхай утрымліваюць. Калі ў іх ёсць грошы. Але калі гэта накіравана супраць нашай краіны, мы як на гэта павінны рэагаваць?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

З улікам абстаноўкі, якая складваецца, і мілітарызацыі заходніх краін Кіраўнік дзяржавы заявіў аб неабходнасці актуалізаваць абарончыя дзеянні Беларусі. "Нам трэба актуалізаваць нашы абарончыя дзеянні для таго, каб усе бачылі (і перш за ўсё наш народ), што мы гатовы абараняць кожны кавалачак нашай зямлі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў разгледзець планаванне абароны Беларусі на 2026-2030 гады. Гэта пытанне цесна звязана з абстаноўкай, якое складваецца на граніцах Беларусі. "Мы мужыкі. Мы павінны абараніць сваю краіну. І абараніць тое, што належыць, магчыма, ужо не нам, а нашым дзецям", - сказаў ён.

"Мы не хочам вайны, мы нікога не лічым сваімі праціўнікамі і сапернікамі. Але тым не менш мы рыхтуемся да гэтай вайны, каб яе не было. Тысячу разоў пра гэта сказана. І мы пра гэта адкрыта і рашуча заяўляем. Нашы інтарэсы вельмі простыя. Яны не распасціраюцца за межы нашых граніц. Усё ўнутры нашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пытанні абароны і бяспекі ў Беларусі разглядаюць як важнейшы напрамак: "Таму было пастаўлена пытанне аб вяртанні нам ядзернай зброі, што мы і зрабілі. Аб размяшчэнні на баявое дзяжурства самых сучасных комплексаў расійскай вытворчасці. Мы маем поўнае ўзаемаразуменне і падтрымку Расіі. Таму мы разам і будзем старацца абараніць нашу краіну".

"Мы ні на каго не збіраемся нападаць. Гэта не наша тэма. Хопіць. Наваяваліся", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.