Нарада аб дапрацоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады

  • 12
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада сабраў нараду аб дапрацоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады.

У пачатку нарады Кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт сітуацыі на беларуска-літоўскай граніцы.

"Хачу заявіць: мы гатовы да адкрыцця граніцы даўно. Мы яе не закрывалі. На працягу некалькіх гадзін яна з нашага боку можа аднавіць сваю работу. Пагранічнікі ў цэлым да гэтага гатовы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў ходзе даклада Старшыні Дзяржпагранкамітэта, які адбыўся гэтымі днямі, было даложана аб сітуацыі і аб тым, што Літва хацела б разрадзіць існуючую сітуацыю. "На што я яму адказаў: калі Літва хоча - мяч на яе баку. Калі ласка, адкрывайце граніцу, будзем працаваць і супрацоўнічаць, як гэта было да гэтага часу", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што народ Літвы не мае ніякага дачынення да рашэння ўлад сваёй краіны аб закрыцці граніцы з Беларуссю. "Нават не хачу гаварыць, па якіх прычынах. Сёння мы ведаем рэакцыю літоўскага народа - грамадзян Літвы, бізнесу - на гэтыя дзеянні. Зразумела, уладам Літвы давялося варушыцца і прымаць нейкія меры, - сказаў Прэзідэнт. - Як звычайна, яны вырашылі мышкаваць і яшчэ раз паспрабаваць нас нахіліць і абвінаваціць у гэтых не то "шарыках" (запуску метэаралагічных зондаў з кантрабандай цыгарэт. - Заўвага), не то яшчэ ў нечым. Хоць вычарпальны адказ на гэта пытанне быў дадзены. І расследаваннем нашых органаў, ды і Літвы пацвярджаецца, хто займаецца гэтым цыгарэтным бізнесам, хто гэтыя "шарыкі" перакідвае і гэтак далей".

"Разумеючы, што вакол закрыцця граніцы склалася няпростая сітуацыя, яны (літоўскі бок. - Заўвага) паспрабавалі з міждзяржаўнага ўзроўню перанесці вырашэнне пытання на ўзровень пагранічнай заставы. Яны, я гэта называю мышкаваннем, звярнуліся ў Лідскі пагранічны атрад (не ў дзяржаўны орган, не ў МЗС, не ва Урад) не то з просьбай, не то з патрабаваннем адкрыць граніцу. На ўчастку там два пагранпераходы ў нас працуюць. На адным з участкаў адкрыць граніцу. "Мы (літоўскі бок. - Заўвага) нібыта будзем эвакуіраваць нейкія аўтамабілі..." - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я нават не даслухаў гэты даклад. Сказаў: добра, як толькі будуць гатовы эвакуіраваць, дамовяцца з нашым бокам... У нас жа там ні мытнікаў фактычна на пункце пропуску, ні пагранічнікаў. Закрылі - закрылі. Нашы службы пераразмеркаваны на іншыя ўчасткі - гэта было маё рашэнне. Будуць гатовы (у Літве. - Заўвага) - будзем дамаўляцца. Хочаце эвакуіраваць - эвакуіруйце", - заявіў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым органы ўнутраных спраў на працягу ўсяго папярэдняга дня па заданні Аляксандра Лукашэнкі і пад кіраўніцтвам Дзяржсакратара Савета Бяспекі ўсе літоўскія аўтамабілі сабралі паблізу пунктаў пропуску і ўзялі іх пад ахову. "Каб нас потым не абвінавацілі, што мы там нешта дрэннае зрабілі. Узялі іх пад ахову. Хочуць эвакуіраваць, што ж, будзем дамаўляцца", - сказаў Прэзідэнт.

"Аўтамабілі сабраны, стаяць пад аховай. Тыя, хто іх ахоўвае, папрасілі, па-мойму, 120 еўра за суткі. Заплацілі за ахову. Колькі сутак будуць стаяць - памножыць на 120 еўра, - плаціце, забірайце аўтамабілі з грузам. Калі ў бліжэйшыя некалькі дзён гэтага не будзе зроблена, мы прымем рашэнне, як МЗС заявіла, у адпаведнасці з нашымі законамі. Аж да канфіскацыі гэтых аўтамабіляў. Яны не могуць стаяць на дарогах - 1100 ці 1200 вялізных фур", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што даў асобнае даручэнне адносна вадзіцеляў велікагрузаў. "Людзі пакутавалі, вадзіцелі пакутавалі. Я даў указанне, каб вадзіцеляў не крыўдзілі. Яны ні ў чым не вінаватыя. Грузаатрымальнікі ў Літве таксама ні ў чым не вінаватыя. Няхай звяртаюцца да сваіх улад у Літве для вырашэння гэтых пытанняў. Таму вадзіцеляў мы даставім непасрэдна ў пункт пропуску на граніцу. Паглядзіце, каб там не пакрыўдзілі вадзіцеляў, - даручыў Прэзідэнт. - Не хочуць яны ехаць - могуць начаваць у сваіх аўтамабілях, як яны гэта рабілі на дарозе, або ў гасцініцах. Мы забяспечыць вадзіцеляў павінны ўсіх - 1100 ці 1500 чалавек - усіх трэба забяспечыць усім неабходным. Каб людзі былі накормленыя, маглі ўмыцца і іншыя патрэбнасці".

"Будуць эвакуіраваць - няхай эвакуіруюць. Гэта не нашы пытанні. І ўвогуле мы, напэўна, амаль нічога не возім праз гэту граніцу ў сувязі з санкцыямі. Толькі нейкія віды тавараў, якія вельмі-вельмі патрэбны тым жа літоўцам або палякам. Вельмі-вельмі патрэбны - заказалі, мы адвезлі. Не заказалі - мы туды не вязём. А з казахамі, расіянамі, кітайцамі, іншымі краінамі ім (Літве. - Заўвага) давядзецца вельмі сур'ёзна не проста растлумачвацца, а разбірацца. Таму што так ніхто не робіць", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Аб усім астатнім мы яшчэ пагаворым у бліжэйшы час на перагаворах з дэлегацыяй Злучаных Штатаў Амерыкі. Адчуваю, што без іх тут не абышлося", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пераходзячы да тэмы нарады, Кіраўнік дзяржавы заявіў: "Нам трэба падрыхтаваць якасную і сапраўды рабочую праграму! Без пражэкцёрства. Зыходзячы з жыцця, нашага вопыту і існуючых рэсурсаў".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ летам Урадам была распрацавана канцэпцыя праграмы на будучую пяцігодку. Прапанаваны шэраг прыярытэтаў, запатрабаванне на якія не раз гучала ў грамадстве, яны былі закладзены ў перадвыбарную праграму Прэзідэнта. У тым ліку лічбавізацыя эканомікі, моцныя рэгіёны, дарогі і транспартная інфраструктура, даступнае жыллё, якасць мабільнай сувязі, турызм, павышаныя стандарты камфорту.

"Акрамя таго, у нас хапае надзённых пытанняў у эканамічнай сферы, прычым у такіх напрамках, якія маюць высокі патэнцыял развіцця і могуць стаць драйверам эканамічнага росту: павышэнне ўзроўню тэхналагічнасці вытворчасцей, інвестыцыйнай актыўнасці прадпрыемстваў, зніжэнне ўсіх відаў затрат, рост прадукцыйнасці працы і многія іншыя", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што літаральна праз месяц дакумент павінен быць унесены на разгляд Усебеларускага народнага сходу: "Гэта пытанне нашай стратэгіі, перш за ўсё сацыяльна-эканамічнага развіцця. Хоць усе там пытанні адлюстраваны. Таму дэлегаты УНС павінны разгледзець гэту праграму і прыняць яе ў адпаведнасці з Канстытуцыяй".

"Цяпер вельмі важна прыняць правільныя праектныя рашэнні і прадставіць іх на разгляд дэлегатам УНС. Пасля абмеркавання, магчымай дапрацоўкі і зацвярджэння праграма пяцігодкі стане законам для далейшай работы ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый. Значыць, тое, што мы прапішам і што будзе прынята на УНС, павінна няўхільна выконвацца, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Дзяржаўныя і рэгіянальныя праграмы, а таксама штогадовыя прагнозныя і іншыя дакументы павінны пасля прыняцця поўнасцю адпавядаць рашэнням УНС. Скарэкціраваць іх, унесці змяненні ў напрамкі развіцця краіны стане магчымым толькі праз рашэнне гэтага прадстаўнічага сходу".

Прэзідэнту прадставілі два праекты праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады.

Саветам Міністраў з зацікаўленымі прадстаўлены праект праграмы пяцігодкі, які змяшчае пяць прыярытэтаў. "Далей, як дакладвае Урад, ён разгорнуты, канкрэтызаваны ў адпаведных праектах дзяржпраграм, рэгіянальных планаў і мэтавых індыкатараў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Але, як кажуць, адна галава добра, а дзве - лепш. Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу выказалі жаданне актыўна паўдзельнічаць у дапрацоўцы дакумента. Я такую ініцыятыву падтрымаў, даручыў прыцягнуць да гэтай работы нашых вядучых эканамістаў і людзей, якія выкажуць сваё меркаванне. Рабочая група з ліку дэлегатаў, якія маюць значны вопыт і кампетэнцыі ў розных сферах, створана. Яе ўзначаліў Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка, учарашні Прэм'ер-міністр (Раман Галоўчанка. - Заўвага)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, рабочая група ва ўзаемадзеянні з Урадам сфарміравала абноўлены праект праграмы, але ўжо з васьмі прыярытэтаў.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў шэраг пытанняў да актуалізаванай версіі.

Аб змястоўнасці раздзелаў

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прапанаваныя індыкатары (заданні) - гэта своеасаблівыя абавязацельствы перад людзьмі. Значыць, яны павінны быць падмацаваны канкрэтнымі дзеяннямі (задачамі) і, самае галоўнае, фінансаваннем.

"Напрыклад, істотны міграцыйны прырост (недзе мы аж запісалі лічбу 100 тыс. чалавек). Ці сведчыць гэта аб тым, што мы не можам развіць унутраны працоўны патэнцыял і ўзяць нарэшце пад кантроль рацыянальнае размяшчэнне прадукцыйных сіл раўнамерна па ўсёй краіне? А гэта трэба рабіць. І пачынаць, я ўжо шмат разоў гаварыў, трэба з жылля - будаваць жыллё там, дзе гэта патрэбна для эканомікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Больш таго, якія катэгорыі мігрантаў уваходзяць у гэту колькасць? Нагадваю, у нас прынята вельмі жорсткае заканадаўства аб іх прыцягненні ў краіну. Гэтага патрабавалі нашы людзі, абяцаючы, што прадукцыйнасць працы будзе значна вышэйшая", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У час нарады Прэзідэнт згадаў пра сельскагаспадарчую тэматыку і абазначыў перад аграрыямі пытанні, якія трэба абавязкова вырашыць на працягу лістапада.

Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на навядзенні парадку, гаспадарскім падыходзе ў апрацоўцы зямель і захаванні неабходных тэхналогій у жывёлагадоўлі. Усе гэтыя пытанні падрабязна абмяркоўваліся на нядаўняй нарадзе з Прэзідэнтам у Віцебску па развіцці паўночнага рэгіёна Беларусі, але многія задачы актуальныя і ў разрэзе краіны ў цэлым.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў наяўнасць пазітыўных зрухаў. "Скажу вам шчыра, праляцеўшы паўкраіны за гэтыя святочныя дні, я ўбачыў, што нашы людзі ўмеюць працаваць. Нават у Гомельскай вобласці (не перахваліць бы Івана Крупко) прыдрацца няма да чаго, - адзначыў Прэзідэнт. - Я ўжо не гавару па Мінскай вобласці. Дзе-нідзе яшчэ ў рулонах салома ёсць. Але, думаю, звязём. Галоўнае, каб не на падсевах траў гэта было, каб не загубіць. Па Брэсцкай, Гродзенскай вобласці - у бліжэйшыя пару тыдняў я пабуду, пагляджу, што там робіцца на захадзе. Думаю, што да гэтага часу там палявыя работы ўжо будуць спынены".

У ліку задач, якія яшчэ стаяць перад аграрыямі, Аляксандр Лукашэнка назваў завяршэнне ўборкі кукурузы на зерне. "У нас яшчэ 2-3% кукурузнага зерня не сабрана. Не бачу катастрофы. Падсохне - убераце", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў жывёлагадоўлі трэба мець запас кармоў і з борта верталёта відаць, што ў цэлым гэтым пытанням удзялілі ўвагу. "Прыемна глядзець з паветра, калі каля кожнага комплексу практычна белыя рукавы. Гэта значыць, вы туды закансервавалі кукурузнае зерне. Можа, яшчэ нешта", - падзяліўся назіраннямі Прэзідэнт.

Яшчэ адна важная задача цяперашняга перыяду - узворванне. "Не адкладвайце на вясну! Вясной трэба сеяць, а не араць. Араць трэба восенню. Пакуль стаіць надвор'е і прагноз нібыта нядрэнны, дзе толькі можна, трэба араць, узнімаць зябліва", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым плане ён заклікаў звярнуць увагу і на тыя параўнальна невялікія ўчасткі зямлі, куды аграрыі з-за высокай вільготнасці глебы не змаглі раней улезці на трактары. Пры наяўнасці добрых умоў надвор'я іх таксама трэба прыводзіць у парадак.

Нагадаў Прэзідэнт і аб неабходнасці ўключаць у сельгасабарот невыкарыстоўваемыя цяпер прысядзібныя ўчасткі ў вёсках. "Маленькі трактарок - усё павінна быць узарана - 30-40 сотак. Калі гэта 10 прысядзібных участкаў у вёсцы, палічыце, што гэта ўжо ператвараецца ў гектары".

"Пытанне нават не ў гэтым. Мы гераічна сёння вядзём меліярацыю. Я ўжо гаварыў, што ў бліжэйшы час трэба мне запланаваць - паслухаць, як ідзе гэта меліярацыя і другая праграма развіцця Палесся. Каб гэта не было як раней: "Дайце грошы, мы трактары купім!" Калі мы ўзяліся за Палессе, яго трэба прывесці ў нармальны стан, як гэта ў лепшых гаспадарках у палешукоў. Нядрэнна працуюць. Гэта сведчыць аб тым, што лепш працаваць на трактары, чым ваяваць, як у суседняй Украіне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але трэба ўсё гэта давесці да ладу, каб у зімоўку мы ўвайшлі з нармальным станам на палях. Трэба падняць зябліва. Ну і падрыхтаваць малочнатаварныя комплексы і іншыя жывёлагадоўчыя памяшканні да зімы".

"Вось літаральна некалькі праблем, якія трэба вырашыць на працягу лістапада. У снежні гэта ўжо будзе позна рабіць. Камітэт дзяржкантролю, адпаведныя структуры, не толькі ў Віцебскай вобласці, атрымалі заданне капітальна праверыць гэтыя напрамкі дзейнасці, прыняць адпаведныя рашэнні і далажыць. Гэта добра, што яны там (на сельгаспрадпрыемствах Віцебскай вобласці, дзе неабходна навесці парадак. - Заўвага) фарбаваць пачалі, гной нарэшце прыбіраць. Гэта нядрэнна. Але яшчэ трэба ўнікнуць у тэхналогіі: чым карміць, як карміць, як утрымліваць, як абслугоўваць гэтых жывёл. Але даціскайце. Мы цяпер кантралюем гэты працэс, як там усё атрымліваецца. Людзі заварушыліся. Гэта добра. Нават у Гомельскай вобласці вымушаны былі адрэагаваць на вашу работу на Віцебшчыне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна звяртаў увагу на нарадзе па прагнозе развіцця на 2026 год, што калі нехта прапануе больш напружаныя мэтавыя заданні, то ён за гэта. "Але ўмела абгрунтуйце падыходы. Не проста: "Вось, мала, давайце больш!". Усё павінна быць абгрунтавана і фінансава падлічана. Але і заніжаць нельга", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аб абгрунтаванасці і ўзаемазвязанасці алічбаваных заданняў

Гаворачы пра лічбавізацыю, Прэзідэнт адзначыў, што да гэтага пытання трэба падыходзіць разумна, не пераводзячы ўсю інфармацыю ў лічбу: "Не таму, што я кансерватар. Вы ведаеце, што мне даводзілася прымаць рашэнні па IT-тэхналогіях. Амаль ніхто ў свеце не займаўся (гэтымі пытаннямі. - Заўвага). Я прымаў гэтыя рашэнні, у больш рашучым плане дзейнічаў. Не трэба так ужо вельмі забягаць наперад. І не трэба нам усё пераводзіць у лічбу".

Прэзідэнт растлумачыў, што не варта прымяняць лічбавізацыю там, дзе без яе можна абысціся. "Там, дзе трэба, давайце. Там, дзе можам без гэтага абысціся, давайце туды лезці не будзем. Забяспечым гэту кібербяспеку", - падкрэсліў ён.

Закранаючы тэму кібербяспекі, Кіраўнік дзяржавы прапанаваў, як і раней, захоўваць некаторыя рэчы на папяровых носьбітах. Такое рашэнне дасць магчымасць захаваць інфармацыю і пазбегнуць яе ўцечак. "Давайце на папяровых носьбітах, як гэта было раней, некаторыя рэчы будзем пакідаць. І народу залішне перажываць не трэба: "Ах, персанальныя даныя - нумар тэлефона, яшчэ нешта, адрас..." - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт не абмінуў і такую тэму, як рацыянальнае выкарыстанне мабільных тэлефонаў. Асабліва гэта датычыцца чыноўнікаў: "Ніякага сакрэту, калі ў вас тэлефон, чым вы займаецеся, куды вы ходзіце... Ніякага сакрэту".

Нягледзячы на развіццё мабільнай сувязі, Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што неабходна захаваць правадную тэлефонную сетку. "Гэта дакладна на серверах у Канадзе або ЗША не будзе ваша размова. У адваротным выпадку: ваш тэлефон ляжыць побач - спецслужбы ведаюць усё, што ў вас адбываецца. Уключаны, адключаны - няважна", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб уключэнні ў праект праграмы прыярытэту па ўмацаванні абараназдольнасці

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пры ўсёй архіважнасці гэта тэма мае сваю спецыфіку, адносіцца да ваеннай палітыкі, стратэгіі і абароны. Гэта звязана ў тым ліку з наяўнасцю закрытых пытанняў, якія не варта афішыраваць. Адно з іх - ядзерная зброя, якая размешчана на тэрыторыі Беларусі.

"Да гэтага часу амерыканцы заяўляюць, што яны не ведаюць, ёсць у нас (ядзерная. - Заўвага) зброя ці не. Ну і добра, няхай яны так думаюць. Мы іх папярэдзілі. Мы не гаворым колькі, дзе, як... Гэта мая справа. Яна ляжыць у надзейным месцы. Я нават больш сказаў: мы яе яшчэ раз абслужылі - адвезлі ў Расію, абслужылі і вярнулі самы сучасны варыянт тактычнай ядзернай зброі. Мы не можам гэта ўсё раскрываць, і не столькі для нашых людзей, колькі для іх (за мяжой. - Заўвага) гэта паказваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Тое ж самае, дадаў Аляксандр Лукашэнка, датычыцца комплексу "Арэшнік", які ў снежні паступіць на баявое дзяжурства: "Дэталі раскрываць мы не будзем. Гэта мабільны комплекс, ён ніколі не будзе знаходзіцца ў адным месцы. Ён будзе баражыраваць па пэўных кропках і з пэўнай кропкі (зможа пры неабходнасці. - Заўвага) нанесці ўдар".

"Па сутнасці, гэта пра неабходны контур бяспекі, які забяспечвае мірнае і спакойнае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны", - сказаў Прэзідэнт.

"Калі чалавек не будзе адчуваць за спінай ваенную моц, цяжка будзе гаварыць аб эканоміцы. Таму логіка нібыта ў сувязі з падзеямі, якія развіваюцца за межамі нашай краіны, ёсць. Але пры гэтым трэба ўлічваць, што гэта асобнае пытанне - пытанне нацыянальнай бяспекі, якое мы разглядалі", - заўважыў беларускі лідар.

"Людзі павінны разумець, што мы рэагуем на тую складаную абстаноўку, якая існуе вакол граніц, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Людзі, якія вызначаюць напрамак нашага развіцця, будуць разумець, што трэба рэагаваць на існуючую абстаноўку, асабліва ў пытаннях бяспекі".

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад Польшчу, якая выдзяляе вялізныя сумы грошай на абарону: "Не хачу дэманізаваць палякаў, але навошта мільярды і мільярды злотых траціць на абарону? Навошта? Проста каб закапаць. Дык яны таксама не дурні. Закопваць яны не стануць. Ну, напэўна, для нечага робяць. А мы?"

У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь дзякуючы добрым адносінам з Расіяй сёння мае тактычную ядзерную зброю, а ўжо ў снежні на баявое дзяжурства паступіць комплекс "Арэшнік". "Сёння ў нас добрыя адносіны з брацкай Расіяй, з брацкай дзяржавай. "Арэшнік", ядзернае ўзбраенне... "Буравеснік", "Пасейдон" нам не патрэбны, вядома. Таму што гэты "Буравеснік" лятае суткі, можна запусціць з Уладзівастока - ён любую кропку паразіць. Навошта яго цягнуць на перадавую? Або, дапусцім, "Пасейдон". Што мы, на Нарачы будзем "Пасейдон" запускаць?" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Тым не менш, упэўнены Кіраўнік дзяржавы, калі размова ідзе пра абараназдольнасць краіны, спадзявацца толькі на такія віды ўзбраення, як "Арэшнік" і тактычная ядзерная зброя, нельга.

"Так, сапраўды, расіяне дапамагалі, дапамагаюць і будуць дапамагаць з прычыны той палітыкі, якую мы праводзім у адносінах да Расіі. Але асноўныя ўзбраенні нам трэба мець свае, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Яшчэ раз падкрэсліваю: ракеты - гэта добра. Але ваяваць будуць людзі. І тыя ўзбраенні, якія людзям патрэбны, мы павінны ствараць. Не будуць такія эфектыўныя беспілотнікі ў нас, як у стэпе і гэтак далей. У нас лясны масіў, не так проста беспілотнікамі ваяваць".

Прэзідэнт растлумачыў, што размова ідзе аб такіх відах узбраення, як аўтаматы, кулямёты і пісталеты, а таксама аб ваеннай тэхніцы. Тым больш, вопыт канфлікту ва Украіне паказвае актуальнасць выкарыстання малых мабільных груп. "Прыехала ваенная тэхніка (дзесяць салдат - аддзяленне) - канфлікт ва Украіне паказвае гэта - мабільныя групы нанеслі ўдар і збеглі. На гэтай жа машыне паехалі хутка. Мы маем такія машыны. Ды і кітайцы нам прапануюць, расіяне. Але ў нас свае вельмі добрыя - "Волат" - выпускаем аўтамабілі, - падкрэсліў ён. - Усё роўна гэты род войскаў (у выпадку ваеннага канфлікту. - Заўвага) будзе вырашаць гэтыя праблемы на нашай тэрыторыі. На іншых тэрыторыях мы не збіраемся ваяваць. Нам не трэба захопліваць Літву, Латвію, Польшчу. Нам сваёй зямлі дастаткова, таму мы выбудоўваем сваю абарону".

Аб адсутнасці кансэнсусу

Аляксандр Лукашэнка назваў гэты пункт важным, канстатаваўшы адсутнасць кансэнсусу паміж рабочай групай і Урадам.

"У выніку сёння на маім стале два варыянты праграмы. Савет Міністраў дакладвае, што ўключыў у сваю версію ўсе свежыя і карысныя прапановы групы. Яе змест на 90% такі ж, толькі форма іншая - гэта меркаванне Урада, - сказаў Прэзідэнт. - У сваю чаргу Нацыянальны банк (аснову гэтай рабочай групы спецыялісты Нацбанка складаюць) запэўнівае, што ён гатовы збліжацца з Урадам толькі на базе сваёй версіі дакумента".

"З аднаго боку, добра, што ёсць некалькі меркаванняў у цэлым па дакуменце. З іншага, трэба падыходзіць да адзінага варыянта. Не будзем жа мы выносіць на УНС два дакументы і патрабаваць ад дэлегатаў: "Давайце, выкажыце сваё меркаванне!". Яны будуць выказваць, тыдзень будзем сядзець, слухаць... Можа, у абласцях збяруцца, выпрацуюць адзіны пункт гледжання. Але ўсё ж такі пажадана мець адзіную праграму. Людзям патрэбны рэалістычны, канкрэтны, зразумелы для кожнага не толькі дэлегата, але і грамадзяніна нашай краіны дакумент", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Праведзены ўжо шэраг падрыхтоўчых мерапрыемстваў, абмеркаванняў, былі запушчаны пляцоўкі для збору народных прапаноў. Атрымана 70 тыс. водгукаў. "Таму трэба адказаць на пытанне, якімі сябе бачаць беларусы і якой беларусы бачаць сваю краіну", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Плануецца, што па выніках нарады з улікам агульнага меркавання ўрад дапрацуе праект праграмы, каб яго прадставіць на разгляд дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу.