Пасяджэнне Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу

  • 14
  • 18:15

Прэзідэнт Беларусі, Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада правёў пасяджэнне Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу.

Мерапрыемства арганізавана ў перыяд актыўнай падрыхтоўкі да другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу, якое пройдзе 18-19 снежня. На гэтым этапе неабходна прыняць рашэнні, якія будуць вынесены на разгляд сходу, а таксама абмеркаваць шэраг арганізацыйных пытанняў, заўважыў Прэзідэнт.

"Задача Прэзідыума - падрыхтаваць змястоўную частку маючага адбыцца Усебеларускага народнага сходу. Перш за ўсё неабходна сфарміраваць парадак дня яго пасяджэння і вызначыцца з дакладчыкамі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Па-першае, плануецца зварот Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і парламента. У адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй штогадовыя пасланні заслухоўваюцца толькі на пляцоўцы УНС.

Па-другое, сходу трэба будзе зацвердзіць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку. Ключавыя яе палажэнні абмяркоўваліся на нядаўняй нарадзе Кіраўніка дзяржавы з Урадам і рабочай групай з ліку профільных спецыялістаў. "Праведзеная дыскусія дала магчымасць выслухаць альтэрнатыўныя пункты гледжання. Разумныя прапановы ўлічаны, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Як і ставілася задача, праграма накіравана на павышэнне дабрабыту і якасці жыцця людзей". Па яго даручэнні дапрацаваная праграма раздадзена дэлегатам УНС, якія на месцах павінны актыўна падключыцца да яе абмеркавання.

Па-трэцяе, Усебеларускаму народнаму сходу неабходна вырашыць кадравыя пытанні. Так, трэба будзе выбраць новага члена Прэзідыума УНС замест выбыўшага. "У нас кампактны Прэзідыум, непажадана, каб былі вакансіі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, на пасяджэнне Прэзідыума вынесены кадравыя прапановы вышэйшых судоў. Іх прадставілі Старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч і Старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала. Рашэнне па гэтых прапановах, у адпаведнасці з працэдурай, прымаецца адкрытым галасаваннем. "Калі вы іх узгодніце, то дэлегатам трэба будзе прыняць адпаведныя рашэнні - адхіліць або падтрымаць", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка арыентаваў удзельнікаў мерапрыемства на тое, каб дакладна вызначыцца, якія пытанні падрыхтоўкі да пасяджэння УНС ужо вырашаны, а што патрабуе дадатковай увагі з боку Прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што цяперашняе пасяджэнне Прэзідыума УНС, акрамя сваіх практычных задач па падрыхтоўцы да маючага адбыцца пасяджэння УНС, мае важнае сімвалічнае значэнне. "Гэта сігнал нашаму грамадству, што наперадзе нас чакае вельмі значнае мерапрыемства, ад якога залежыць жыццё нашых людзей. І выконваць тое, што будзе прынята на УНС, гэта задача ўсіх. Гэта датычыцца ўсіх: усяго грамадства і перш за ўсё органаў улады", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што УНС працуе не першы год, але ўпершыню да яго настолькі пільная ўвага і па сутнасці, і па форме. Таму трэба выпрацоўваць стыль работы УНС і Прэзідыума УНС, які захаваецца назаўсёды, арыентаваў беларускі лідар. Магчыма, на яго выпрацоўку спатрэбяцца гады, але пачынаць трэба ўжо цяпер.

"Самае небяспечнае для нас (людзі гэта заўважылі, асабліва спецыялісты), калі УНС (не сёння, вядома) потым з іншым Прэзідэнтам пачне канфліктаваць. Гэта бяда. Ніякага канфлікту быць не павінна. Таму, выбудоўваючы па сутнасці работу УНС і яго Прэзідыума, трэба рабіць так, каб кожны займаўся сваёй справай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

І ў працяг размовы звярнуў увагу на тое, у чым канцэптуальна заключаецца сутнасць паўнамоцтваў аднаго і другога.

"Прэзідэнт ёсць Прэзідэнт. Гэта Кіраўнік дзяржавы, яго паўнамоцтвы дзесяцігоддзямі ўжо сфарміраваліся, і не трэба гэта разбураць. Гэта дае пэўны эфект", - сказаў беларускі лідар. 

УНС, паводле яго слоў, павінен займацца больш значнымі, глабальнымі пытаннямі. "Мы дамовіліся, гэта ўжо жалезабетонна, што ён вызначае напрамкі работы дзяржавы на бліжэйшую перспектыву, стратэгічныя задачы", - заявіў  Аляксандр Лукашэнка. 

Гэта не значыць, што ў кампетэнцыю УНС не будуць уваходзіць тактычныя пытанні. Дэлегаты, вядома, павінны бачыць працэсы, якія адбываюцца ў краіне, заўважаць, калі ёсць недахопы, і на месцах акуратна ўказваць, расказваць аб гэтым мясцовым органам улады.  Але сход не павінен прыпадабняцца да нейкіх органаў, якія бегаюць па краіне і кантралююць нейкія працэсы, папярэдзіў Прэзідэнт. Гэтага, паводле яго слоў, ні ў якім разе нельга дапусціць.

"У нас тут некаторыя балеюць гэтай праблемай - як уладкаваць работу УНС, дэлегатаў… Прапануюць кантраляваць усё і ўся. Гэтага дапусціць нельга. У кожнага свае абавязкі і паўнамоцтвы, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Калі мы будзем парушаць пэўны парадак, мы прыйдзем да сумных наступстваў".

У якасці прыкладу значных пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі УНС, Аляксандр Лукашэнка прывёў абмеркаванне і зацвярджэнне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку. "Усе дэлегаты і члены Прэзідыума павінны бачыць, як у краіне выконваецца гэта праграма, як рэалізуюцца асноўныя палажэнні гэтай праграмы", - адзначыў ён.

Намеснік Старшыні УНС сёмага склікання Аляксандр Косінец адзначыў, што кожны дэлегат мае права ўнесці заўвагі ці прапановы. Затым усё гэта будзе накіравана ў Сакратарыят УНС. Прапановы па дапрацоўцы праграмы будуць улічаны да 5 снежня, а 8 снежня яна будзе прадстаўлена Старшыні УНС. Аляксандр Косінец таксама адзначыў, што патрэбны рэалістычны, канкрэтны, зразумелы кожнаму беларусу дакумент.

"Давайце дамовімся, што сапраўды ўсе дэлегаты павінны быць уключаны, якую б пасаду яны там ні займалі. Яны вялікія вучоныя ці яны рабочыя і сяляне - яны павінны ў меру сваёй магчымасці, адукаванасці і гэтак далей разумець, пра што ідзе размова. І калі трэба, калі яны хочуць, яны гатовы выступіць - мы нікому не павінны забараняць выступаць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Усебеларускі народны сход фарміруецца ў тым ліку з членаў парламента, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый. Ён адзначыў, што такім дэлегатам таксама варта было б выступіць на УНС, папярэдне абмеркаваўшы гэту праграму. "Не толькі Брэсцкая, Магілёўская, як звычайна, вобласці. Прыйшлі, выступілі - зразумела, рэгіянальны прынцып. Але мы ж УНС не па рэгіянальным прынцыпе фарміравалі. Таму трэба падумаць аб гэтым, каб людзі былі гатовы выступіць і сказаць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Такім чынам, лічыць Прэзідэнт, на УНС будзе прадстаўлены новы погляд з пункту гледжання цэнтраў фарміравання УНС. "Людзі павінны выступаць. Гэта ж сур'ёзны форум, гэта ж застанецца ў гісторыі не толькі краіны, але і кожнага чалавека", - падкрэсліў ён.

Яшчэ адзін прыклад - вызначэнне агульнага напрамку па забеспячэнні бяспекі краіны. Так, на УНС зацвярджаюцца Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына Беларусі. 

"УНС - гэта орган, які будзе займацца перспектыўнымі, сур'ёзнымі пытаннямі, якія, акрамя УНС, ніхто не можа вырашаць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вось гэта мы павінны выразна бачыць. Разумець і ўздымаць на УНС гэтыя пытанні, калі нешта не так або насцярожвае дэлегатаў. Мець сувязь з дэлегатамі УНС, якія праінфармуюць членаў Прэзідыума аб тым, што адбываецца ў гэтым пытанні". 

Важна, паводле слоў Прэзідэнта, вызначыць месца Прэзідыума УНС не толькі ў сістэме дзяржаўнай улады ў краіне, але і ў грамадстве ў цэлым. А таксама прыняць вывераныя рашэнні па колькасці Апарату УНС. "Лішніх людзей тут быць не павінна. Усё трэба рабіць зыходзячы з неабходнасці і з тых аб'ёмаў работы, якая кладзецца на Апарат, Прэзідыум і УНС. Я хачу, каб вы падыходзілі не толькі творча, але і па-гаспадарску да гэтага пытання", - арыентаваў беларускі лідар.

Па выніках мерапрыемства прынята пастанова Прэзідыума УНС, якой зацверджаны парадак дня другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу. Як паведаміў намеснік Старшыні УНС Аляксандр Косінец, у першы дзень будзе заслуханы зварот Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і парламента. У адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй штогадовыя пасланні заслухоўваюцца толькі на пляцоўцы УНС. У другі дзень запланавана зацвярджэнне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады. Яе прадставіць Прэм'ер-міністр, які, у прыватнасці, таксама зробіць справаздачу аб выкананні праграмы папярэдняй пяцігодкі.

У ліку іншых пытанняў парадку дня УНС - выбранне члена Прэзідыума УНС. Прыняць гэта рашэнне трэба шляхам тайнага галасавання. Акрамя таго, на пасяджэнні УНС будуць разгледжаны кадравыя пытанні Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, а таксама пытанні, звязаныя з фінансаваннем сходу.