Нарада аб выніках работы БелАЭС, павелічэнні электраспажывання і прапановах аб будаўніцтве новых атамных магутнасцей

  • 11
  • 15:43

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада правёў нараду аб выніках работы БелАЭС, павелічэнні электраспажывання і прапановах аб будаўніцтве новых атамных магутнасцей.

"Пяць гадоў таму, урачыста запускаючы ў работу першую беларускую атамную электрастанцыю ў Астраўцы, краіна ўступіла ў новую эру. Будаўніцтва АЭС не толькі ўмацавала нашу энергетычную бяспеку, але і вызначыла далейшае развіццё Беларусі як высокатэхналагічнай дзяржавы. Калі хочаце, наяўнасць у краіны ўласнай атамнай станцыі - гэта ў пэўным сэнсе спосаб забеспячэння суверэнітэту і незалежнасці", - заявіў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што ў аснове на кожным этапе будаўніцтва і эксплуатацыі станцыі былі і застаюцца бяспека і надзейнасць.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пяцігодка - гэта дастатковы перыяд, каб падвесці прамежкавыя вынікі: "Мы забяспечылі сябе крыніцай даступнай, экалагічна чыстай энергіі на дзесяцігоддзі наперад, атрымалі эканамічны і экалагічны эфект".

Прэзідэнт прывёў шэраг фактаў аб выніках работы БелАЭС. Скарочаны выкіды парніковых газаў больш як на 26 млн т. За ўвесь час работы станцыя выпрацавала больш за 53 млрд кВт.гадз электраэнергіі, што дало магчымасць поўнасцю адмовіцца ад яе імпарту. Таксама ўдалося знізіць залежнасць ад прыроднага газу (на 14,5 млрд куб.м), доля якога ў генерацыі энергіі даходзіла да 95% (цяпер каля 65%), і сэканоміць бюджэтныя сродкі (больш як $1,6 млрд).

Акрамя таго, атамная станцыя кардынальна змяніла аблічча беларускай энергетыкі. У рамках інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму рэалізавана маштабная праграма мадэрнізацыі электрасетак - рэканструявана звыш 1,7 тыс. км, пабудаваны сучасныя падстанцыі, укаранёны прарыўныя лічбавыя тэхналогіі, якія павышаюць надзейнасць электразабеспячэння спажыўцоў.

"У краіне сфарміравана новая галіна эканомікі, створаны неабходная інфраструктура і сучасная сістэма падрыхтоўкі кадраў. Усяго гэтага мы не мелі. За гады рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы намі назапашаны ўнікальныя кампетэнцыі па пытаннях праектавання, будаўніцтва, эксплуатацыі і абслугоўвання аб'ектаў атамнай энергетыкі. Гэта значыць, мы навучыліся дзякуючы спецыялістам з Расійскай Федэрацыі, дапамозе кіраўніцтва Расіі будаваць такія аб'екты", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў прадаставіць кароткую справаздачу аб напрацаванай практыцы эксплуатацыі атамнай станцыі, выніках узаемадзеяння з расійскімі партнёрамі ў гэтай сферы, магчымых праблемных пытаннях.

Адзін з вынікаў будаўніцтва БелАЭС - наданне імпульсу росту энергаспажывання. У 2024 годзе дасягнуты яго гістарычны максімум - 43,3 млрд кВт.гадз. За апошнія 5 гадоў прырост склаў амаль 6 млрд квт.гадз.

"У нас 100 працэнтаў насельніцтва мае доступ да электраэнергіі. Пры гэтым у рэйтынгу краін Еўропы Беларусь займае 3-е месца, дзе самая нізкая цана на электрычнасць. Паводле даных рэйтынга, апублікаванага ў чэрвені 2025 года, самы нізкі кошт электраэнергіі ў Казахстане, Расіі і Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за кошт выкарыстання электрычнасці для ацяплення і гарачага водазабеспячэння, будаўніцтва электрадамоў павышаецца камфортнасць пражывання соцень тысяч людзей. У 2021-2025 гадах узведзена звыш 2 млн кв.м такога жылля. На электраацяпленне пераходзяць і жыхары прыватных дамоў - за мінулы год пададзена больш за 160 тыс. заявак.

"Нам трэба людзям будаваць камфортнае жыллё. Каб ацяпленне было электрычнае. Гэта ўвогуле цуд для чалавека", - падкрэсліў беларускі лідар.

У краіне таксама развіваецца электратранспарт, прычым не толькі ў буйных гарадах. "Пілотныя праекты па пераводзе грамадскага транспарту на электрычны ўкаранёны ў Жодзіне, Наваполацку, Шклове. А ў цэлым на сённяшні дзень у краіне эксплуатуецца звыш 44 тысяч электрамабіляў і налічваецца больш як 1870 зарадных станцый", - прывёў даныя Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым выклікае здзіўленне, чаму ёсць недахоп грамадскіх відаў транспарту ў прыгарадных і міжгародніх зносінах, заўважыў Прэзідэнт. Гэта тэма, паводле яго слоў, узнімаецца людзьмі ў тым ліку ў сацыяльных сетках. "Людзі крыўдзяцца: стаяць, асабліва ў гадзіны пік, па 150 метраў, як яны пішуць, у чэргах, каб уціснуцца ў гэту маршрутку смярдзючую, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Слухайце, чаго вы з людзей здзекуецеся?!"

"Мы што, не можам замяніць гэтыя маршруткі, Аляксандр Генрыхавіч, аўтобусамі? - заўважыў Прэзідэнт, звяртаючыся да Прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына. - Трэба паставіць, аж да таго, што не толькі на рухавіках унутранага згарання аўтобусы, але і электрабусы паставіць. І няхай ідуць. З задавальненнем людзі паедуць. Камфортна, паветрам дыхаюць у гэтым аўтобусе, не сядзяць там (як у маршрутках. - Заўвага) заціснуўшыся. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта быў бы і больш бяспечны від транспарту: "Ну, страцім мы 2-3 хвіліны, але жывыя будзем і здаровыя".

"Аляксандр Генрыхавіч, ну што гэта, зноў мае ўказанні патрэбны? Трэба бачыць, чым людзі жывуць. Мы з лёгкасцю гэта можам зрабіць, і гэта акупны праект", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што змянілася стаўленне беларусаў да мірнага атама: "Паводле даных сацыёлагаў, у пачатку будаўніцтва БелАЭС яго падтрымлівала 60% насельніцтва, а сёння, з улікам работы і іншых станоўчых фактараў, - ужо больш за 80%".

Ён адзначыў, што новыя магчымасці для эканомікі з атамнай энергетыкай бачаць не толькі ў Беларусі. Гэта ўжо глабальны трэнд. Сёння ў свеце эксплуатуецца 416 ядзерных рэактараў, яшчэ 63 знаходзяцца на этапе будаўніцтва. "Усе будуюць, хто можа", - заўважыў Прэзідэнт.

Паводле прагнозаў МАГАТЭ, агульная магутнасць АЭС у свеце ў бліжэйшыя 25 гадоў павялічыцца больш як у два разы, а доля атамнай генерацыі ў сусветнай вытворчасці электраэнергіі вырасце да 12%.

"Але яшчэ ўчора многія заходнія палітыкі спрабавалі зрабіць стаўку выключна на аднаўляльную энергетыку. Сёння там ужо расказваюць аб перавагах будаўніцтва АЭС, нават тэрмін новы з'явіўся - "рэнесанс атамнай індустрыі". Гэта датычыцца і суседніх краін - Польшчы і Літвы, якія заўзята процідзейнічалі будаўніцтву нашай атамнай станцыі, - заўважыў беларускі лідар. - Усё гэта пацвярджае правільнасць выбранага тады шляху".

Прэзідэнт папрасіў далажыць аб прынятых мерах па павелічэнні электраспажывання, іх выніках і прапановах па далейшым развіцці электраэнергетыкі і звязаных з ёй галін.

"Напрыклад, майнінг крыптавалют, электратранспарт, будаўніцтва жылля з электраацяпленнем. Акцэнт - на перспектывах загрузкі дзеючых і новых магутнасцей, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я тут усякія запіскі прачытаў і меркаванні. У адной з запісак пішуць, што майнінг крыптавалют можа быць нестабільным. Недзе вышэй, недзе ніжэй. У нас цяпер увесь свет хвалюе глабальная праблема - адысці ад залежнасці ад адной валюты - долара. І гэты працэс будзе нарастаць. І крыптавалюта з'яўляецца, напэўна, адным з варыянтаў адыходу".

"Дык чаму ж мы ўжо так перажываем? Валацільнасць нейкая... Ну, напэўна, будзе. Але ваўкоў баяцца - у лес не хадзіць", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Электрамабілі. Ужо сёння ўсе рынуліся. Таксама кавалак вялікі. Ну і эканоміку трэба ж развіваць. А без электрычнай энергіі якая эканоміка? Мы ж машынабудаўнічая краіна. Ды і ў сельскай гаспадарцы. Мы практычна ўсюды можам перавесці наш транспарт у сельскай гаспадарцы, наогул па краіне, на электрычнасць", - сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук абяцаў распрацаваць у Беларусі айчынную электрабатарэю, што ў выпадку поспеху дало б магчымасць не закупляць адпаведныя камплектуючыя за мяжой.

"Вось гэта будзе прарыў. Вось няхай нашы вучоныя пакажуць свой спрыт. Атрымаеце неймаверныя грошы за гэта. Тым больш, гэта ж не навінка", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца далейшага развіцця атамнай энергетыкі, Прэзідэнт нагадаў, што Ураду было даручана прапрацаваць пытанне аб будаўніцтве другой АЭС або як мінімум дадатковага трэцяга энергаблока на дзеючай станцыі. У сувязі з гэтым ён прапанаваў абмеркаваць істотныя асаблівасці, перавагі і недахопы гэтых варыянтаў.

"З Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным мы абмяркоўвалі наша супрацоўніцтва ў ядзернай энергетыцы ў ходзе сустрэчы на Сусветным атамным тыдні ў канцы верасня бягучага года. Разуменне і падтрымка з расійскага боку ёсць, чарга за намі. Мы перш за ўсё павінны вызначыцца, будзем ці не будзем. Калі будзем, то калі, дзе, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта цуд для Беларусі - атамная энергетыка".

Першы варыянт - будаўніцтва новага энергаблока на станцыі ў Астраўцы як другой чаргі БелАЭС. Там ёсць усе ўмовы і спецыялісты: пляцоўка для размяшчэння, вытворчая, тэхналагічная, сацыяльная інфраструктура. Значыць, ёсць магчымасць пабудаваць танней. "І грунты там ужо даследаваны ад а да я, і там нічога ўжо не трэба дадаткова даследаваць", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Другі варыянт - будаўніцтва новай станцыі на ўсходзе краіны, дзе гэта дазваляюць грунты. Адпаведная пляцоўка разглядалася яшчэ пры прыняцці рашэння аб узвядзенні ўжо дзеючай АЭС. Будаўніцтва з нуля на новым месцы запатрабуе ў большым аб'ёме фінансавых укладанняў і арганізацыйных рашэнняў, але дасць магутны імпульс для развіцця ўсходняга рэгіёна. "Таксама з мядзведжага кутка ператворым усходні рэгіён у высокаразвітую тэрыторыю Беларусі. Гэта новыя працоўныя месцы, прыцягненне інвестыцый, рэалізацыя інавацыйных праектаў і ўкараненне новых тэхналогій", - сказаў Прэзідэнт.

У сваім уступным слове на нарадзе Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Астравец, дзе пабудавана АЭС, набыў статус сучаснага і перспектыўнага горада. Колькасць насельніцтва ў ім павялічылася амаль удвая - з 8 тыс. да 15 тыс. чалавек. На станцыі працуюць каля 3 тыс. чалавек, 30% з іх - моладзь ва ўзросце да 32 гадоў, а сярэдні ўзрост калектыву - 38 гадоў. "Выпускнікі энергетычных факультэтаў мараць трапіць туды на працу. Выдатны горад. Не трэба нікога агітаваць. Па любых спецыяльнасцях людзі туды едуць. Па добраўпарадкаванні, інжынернай інфраструктуры, узроўні даходаў (у тройцы лідараў па ўсіх рэгіёнах) мы лічым Астравец залатым стандартам для развіцця раённых цэнтраў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Такім чынам, заўважыў Прэзідэнт, атамная станцыя - найважнейшы драйвер рэгіянальнага развіцця на дзесяцігоддзі наперад. Гэты фактар ён прапанаваў асабліва ўлічваць у кантэксце цяперашняй размовы.

Вынік абмеркавання - прынята рашэнне аб развіцці Астравецкай атамнай электрастанцыі, рэалізацыі другой чаргі - будаўніцтва трэцяга энергаблока. Аднак гэта не значыць, што ад ідэі ўзвядзення яшчэ адной асобнай АЭС у Беларусі адмовіліся ў прынцыпе. Паралельна з будаўніцтвам трэцяга энергаблока на БелАЭС будзе арганізавана работа па даследаванні пляцовак на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, дзе ў далейшым ва ўмовах росту электраспажывання можа быць прынята рашэнне аб стварэнні дадатковых атамных магутнасцей.