Нарада па пытаннях развіцця навуковай сферы і дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- 24
- 23:38
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 21 лістапада правёў нараду па пытаннях развіцця навуковай сферы і дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У ліку ўдзельнікаў нарады - вышэйшыя службовыя асобы, старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў кіравання, члены Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, кіраўнікі і работнікі арганізацый НАН, устаноў вышэйшай адукацыі, кіраўнікі і работнікі галіновых арганізацый. Увогуле больш за дзве з паловай сотні ўдзельнікаў.
Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, нагадаў, што раней не раз анансаваў гэту сустрэчу. Цяперашнім Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук было прапанавана правесці нараду ў фармаце сустрэчы, а не з'езда, як гэта было раней.
"Я зрабіў вывад, падумаў, што мы проста не гатовы да з'езда вучоных. З'езд - гэта адпаведны ўзровень, дакументы, асабліва рашэнні. Новы, малады кіраўнік Акадэміі навук, думаю, разам з вамі ў патрэбны момант прапрацуе гэтыя прапановы, і з'езд вучоных мы правядзём. Але там больш мы будзем гаварыць не пра статус вучонага", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што напярэдадні нарады яму перадалі некалькі аналітычных запісак і ўсюды гаворыцца аб неабходнасці павышэння статусу вучонага. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка абазначыў сваю прынцыповую пазіцыю па гэтым пытанні.
"Хачу ў вас спытаць пра статус вучонага. Вы ад мяне хочаце, каб я ваш статус павысіў? Вы задумайцеся, як я, над гэтым. Я вось тыдзень думаю, як мне ваш статус павысіць. Ніхто, акрамя самога вучонага, статус павысіць не можа. Гэта павінны зрабіць вы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка задаў прамое пытанне: дзе той вучоны, імя якога грыміць хай не на ўвесь свет і нават не на постсавецкую прастору, але хаця б на Беларусь?
"Гэта не толькі да мяне пытанне, але і да вас - статус вучонага. Запомніце, не павысіце яго - ніякага ў вас статусу не будзе. Статус - не зарплата і грошы. Гэта ваш узровень як вучонага. Таму статус вучонага шукайце ў сабе", - падкрэсліў беларускі лідар.
Разважаючы пра статус вучонага, Аляксандр Лукашэнка правёў паралелі з аналагічным пытаннем у адносінах да міліцыі і ваенных, які востра стаяў у 1990-я гады. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тады ён асабіста садзейнічаў павышэнню іх статусу, і гатовы рабіць гэта цяпер у дачыненні да вучоных. Але міліцыя і ваенныя ў складаны перыяд 2020 года сваімі дзеяннямі самі абазначылі свой статус, стаўшы на абарону краіны і грамадства. "Яны тым самым узнялі свой статус на самы высокі ўзровень. Можа, той час не надышоў, можа, "2020-ы год" для вучоных не настаў, калі вы статус свой узнімеце", - заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы прывёў канкрэтныя практычныя прыклады, дзе прымяненне навуковых ведаў магло б аказаць станоўчы вынік на эканоміку. Размова зайшла аб распрацоўцы прэс-падборшчыкаў і даільных установак, якім можна знайсці шырокае прымяненне ў сельскай гаспадарцы.
"Віцэ-прэм'ера паклікаў, гавару: памры, але зрабі робат на сваёй ферме, - адзначыў Прэзідэнт. - Ён мне заявіў, што цяпер праходзяць выпрабаванні другога варыянта, да будучага года зробім. Дзе былі вы?"
"Вось вам і статус, і зарплата, і грошы, калі хочаце шчырай размовы з майго боку, - дадаў ён. - Шлях доўгі ад ідэі і атрымання гэтага прэса на полі. Я гэта разумею. Вынайдзіце схему, дзе мы вас праавансуем, пакуль вы не створыце канечны прадукт - гэты прэс, даільную ўстаноўку або яшчэ што-небудзь".
Размова зайшла і пра аплату працы вучоных. Тут Прэзідэнт заўважыў, што ад людзей навукі патрабуецца канкрэтны вынік. "Устаньце і скажыце: каму мы не заплацілі за вялікія адкрыцці? Калі такія людзі ёсць, неадкладна разгледзім вашы заявы і прымем адпаведнае рашэнне", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка спыніўся і на такім пытанні, як прадастаўленне высокіх пасад маладым вучоным, кіруючыся прынцыпамі амаладжэння навуковага асяроддзя. "Назначылі некалькі новых рэктараў і правялі маніторынг калектываў перш за ўсё. Як жа яны там працуюць? Ганьба. Сталі нахабнымі, зажэрліся - інакш не скажаш. Даходзіла да таго, што рэктар назначае нараду - не дурнейшыя за яго людзі... На дзве гадзіны спазніцца можа. А тое і наогул не прыйсці", - заявіў ён.
Яшчэ адзін прыклад, калі, на думку Аляксандра Лукашэнкі, вучоныя маглі па-сапраўднаму праявіць сябе, - гэта перыяд пандэміі. Кіраўнік дзяржавы заклікаў прайсці гэты складаны час, не паддаючыся на заклікі спыніць работу прадпрыемстваў і эканоміку ў цэлым. У такога падыходу было дастаткова крытыкаў, у тым ліку ўнутры краіны, але з часам слушнасць і правільнасць падыходу беларускага Прэзідэнта прызналі і за мяжой. "А дзе былі вы, вучоныя? Чаму вы не прынеслі мне гэту або іншую ідэю? - спытаў ён. - Паўстае пытанне: які вам патрэбны статус? Як вы працуеце на сваю краіну?"
"Я задаю вам тую каляіну, у якой мы павінны сёння з вамі абмяркоўваць праблему, а не выходзіць сюды і завываць, што мы чагосьці не зрабілі, мы чагосьці не дасягнулі. Давайце дасягаць", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы ж хочаце жыць у суверэннай, незалежнай краіне. А без гэтага краіны быць не можа! Без навукі не можа быць краіны. І сёння такі момант, калі навука архіважная. Вы да гэтага гатовы? Калі гатовы, давайце без амбіцый і пантоў пачынаць працаваць! - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Грамадства прыйшло да такога стану, што без навукі далей развіцця не будзе. Мы адстанем, спынімся, упадзём, а тыя, хто ідзе за намі, нас затопчуць".
Аляксандр Лукашэнка параіў Старшыні Прэзідыума НАН Уладзіміру Караніку вызначыцца з кадравай палітыкай для выканання пастаўленых задач: "Вызначцеся, з кім вы там будзеце працаваць. Імгненна будзе спагнанне, і прытым вельмі жорсткае. Адкрыта і сумленна".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяпер важна не толькі стратэгія, але і тактыка. "Час канкрэтных спраў. Таму што час выбраў нас. І за нас ніхто гэта не зробіць. Мы не можам гэту "спадчыну" пакінуць нашым дзецям", - падкрэсліў беларускі лідар.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт выказаўся пра ролю вучоных (перш за ўсё выкладчыкаў) у выхаванні моладзі: "Моладзь трэба выхоўваць працай. І многае залежыць ад вас, вучоных, якія займаюцца адукацыяй. Гэта будучая эліта. І ад рэктараў шмат залежыць. Падумайце над тымі пытаннямі, якія я ўзняў і аб тым, што я сказаў. І давайце пагаворым у гэтым ключы".
На нарадзе Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік унёс шэраг прапаноў па ўдасканаленні навуковай дзейнасці.
Аляксандр Лукашэнка даручыў Прэм'ер-міністру разгледзець адпаведныя пытанні ва Урадзе з прыцягненнем пры неабходнасці іншых адказных. "Па ўсіх пытаннях прыняць рашэнні. Па ўсіх! Да 1 студзеня мне далажыць для таго, каб я гэта фармалізаваў. Зразумела, вашы прапановы (кіраўніка НАН. - Заўвага) лягуць у аснову", - даручыў ён.
Прэзідэнт нагадаў, каб тыя акцэнты, якія ён расставіў у пачатку нарады ў частцы статусу вучоных, рэзультатыўнасці іх работы і ў цэлым ролі навукі для будучага развіцця краіны, былі абавязкова ўлічаны ў падагульняючым варыянце прапаноў.
"За мной затрымкі не будзе. Абяцаю, што на працягу сутак усе ўнесеныя вамі дакументы і ўрадам будуць падпісаны Прэзідэнтам. Трэба, каб з 1 студзеня мы пачалі працаваць", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
Кіраўніку НАН Уладзіміру Караніку Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў аб задачы заняцца кадрамі, вызначыцца, з кім далей працаваць. "Трэба падключыць Прэзідэнта - калі ласка, урад - калі ласка", - сказаў ён.
"Да 1 студзеня ўсе пытанні! - яшчэ раз падкрэсліў беларускі лідар. - Каб вучоныя нам не сказалі, што мы чагосьці не дапрацавалі".
Аляксандр Лукашэнка ў час нарады арыентаваў Вышэйшую атэстацыйную камісію не зніжаць жым у забеспячэнні якасці дысертацый.
"Ні ў якім разе не зніжаць патрабаванняў, пакуль ты працуеш у ВАК кіраўніком. Ніякага зніжэння быць не павінна, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандра Гучка. - Я ведаю, што табе няпроста. Кожны хоча быць аступененым. А я хачу, каб ён не толькі быў аступененым, меў ступень, а быў сапраўдным вучоным. Не трэба прыніжаць ролю вучоных".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што няхай будзе менш дактароў навук, але важны рэзультат. "За ім павінна стаяць школа", - упэўнены Прэзідэнт.
"Не думайце, што мы аслабім тут жым. Мы гэтым самым падтрымліваем сапраўдных вучоных. Пакуль я Прэзідэнт, я ад вас буду патрабаваць гэтага. Краіне патрэбны добрыя вучоныя! Не павінна быць пасрэднасцей", - заявіў беларускі лідар.
Аналагічна Кіраўнік дзяржавы выказаўся і ў адрас выкладчыкаў, каб яны не чыталі лекцыі па "жоўтых канспектах". Важна прытрымлівацца сучасных тэндэнцый і не адставаць ад практыкі, а не арыентавацца толькі на факт наяўнасці ступені.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ёсць шмат кампетэнцый, але нельга стаяць на месцы. "Трэба паглыбляць свае вытворчыя школы", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта на гэта трэба выдзяляць сродкі, каб айчынная прадукцыя была лепшай за замежныя аналагі. У якасці прыкладу ён прывёў задачы па развіцці вытворчасці трактароў МТЗ. "Займіцеся якасцю, стварыце супертрактар з трактара, які ў нас ёсць", - арыентаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што важна ўстараніць разрыў паміж вытворцамі, якія павінны выступаць у ролі заказчыкаў, і даследчыкамі - навуковай сферай. І гэта ў тым ліку задача Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.
Аб важнасці цеснай сувязі паміж навукай і вытворчасцю ў сваім выступленні на нарадзе таксама гаварыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, які раней доўгі час працаваў у прамысловасці, у тым ліку на пасадах міністра і профільнага віцэ-прэм'ера. Ён адзначыў, што важна хутчэй укараняць распрацоўкі і прататыпы, даводзячы іх да стадыі серыйнага выпуску.
"Самае галоўнае - пытанне інавацыйнага развіцця. Нельга спыняцца на нейкім пэўным цыкле. Трэба пастаянна рухацца наперад. Закончыў адзін цыкл развіцця свайго прадпрыемства - трэба тэрмінова пераходзіць на новую стадыю. Толькі ў гэтым выпадку будзеш канкурэнтаздольным", - падкрэсліў Пётр Пархомчык.
На нарадзе таксама выступілі кіраўнікі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, прадстаўнікі акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі.
На завяршэнне праведзенай дыскусіі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні падвёў вынікі і паставіў перад навуковай сферай і адказнымі за яе развіццё шэраг задач.
Прэзідэнт нагадаў, што ў жніўні бягучага года адбылася нарада з рабочай групай па аналізе дзейнасці НАН Беларусі: "Вывучэнне яе высноў і прапаноў паказала, што ў рабоце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ўсёй навуковай сферы ёсць відавочныя недахопы і перакосы. Аб гэтым, можа, нават залішне, мы гаварылі сёння. Але пры гэтым ёсць і сур'ёзны патэнцыял".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што праз некалькі тыдняў Усебеларускаму народнаму сходу давядзецца зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў. Аляксандр Лукашэнка назваў праграму важнейшым дакументам. "Дакумент, у якім навука павінна загучаць на зусім іншым узроўні. Стаць сапраўдным драйверам развіцця краіны", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт упэўнены, што менавіта ад эфектыўнасці рэалізацыі навуковага патэнцыялу залежыць канкурэнтаздольнасць эканомікі і ўмацаванне суверэнітэту Беларусі. "Дасягненні ў нашай навукі ёсць. Перш за ўсё ў галіне матэрыялазнаўства, інфармацыйных тэхналогій, медыцыны, сельскай гаспадаркі, біятэхналогій, касмічных даследаванняў і некаторых іншых", - указаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы ведаеце маё паважлівае стаўленне да вучоных людзей. Таму сёння сабраліся. Але, думаю, нам з'езд вучоных трэба правесці, дзе будуць гаварыць толькі вучоныя, і гэта будзе вельмі сур'ёзнае мерапрыемства. Я думаю, у будучым годзе. Вы падцягнеце сваю работу, падумаеце над тымі пытаннямі, аб якіх мы сёння гаварылі, асэнсуеце іх, і мы правядзём гэты з'езд", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"На этапе станаўлення маладой беларускай суверэннай дзяржавы мы выбралі навуку як адзін з прыярытэтаў сваёй работы. І ні разу не ўсумніліся ў правільнасці гэтага рашэння, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы захавалі навуковыя школы, развілі матэрыяльна-тэхнічную базу навуковых арганізацый, сфарміравалі механізмы дзяржаўнай фінансавай падтрымкі даследаванняў і распрацовак".
Прэзідэнт адзначыў, што з кожным годам бюджэтныя расходы на навукова-тэхнічнае і інавацыйнае развіццё толькі павялічваюцца. "На гэта грошы выдзяляюцца немалыя. Але самае галоўнае пытанне заключаецца ў тым, ці расце аддача ад тых затрат і намаганняў, якія дзяржава траціць на развіццё навукі. Не заўсёды - гэта вынікае з нашай сённяшняй дыскусіі. Ці генерыруе навуковая сфера распрацоўкі, якія адпавядаюць сусветнаму ўзроўню, гатовыя для ўкаранення ў канкрэтных галінах, а не толькі для дэманстрацыі на стэндах выставак?", - абазначыў пытанні эфектыўнасці навуковай сферы Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, нявырашаных пытанняў у гэтай сферы шмат. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пры назначэнні даручаў старшыні Прэзідыума НАН Уладзіміру Караніку паскорыць работу па ўстараненні ўсіх праблем, якія тармозяць дзейнасць Акадэміі і навуковай сферы ў цэлым. "Ён мне паабяцаў, што да 1 студзеня асноўныя завалы і праблемныя пытанні будуць вырашаны. Да з'езда вучоных мы павінны прыйсці ў поўным узбраенні. Магу сказаць, што пакуль сур'ёзнага такога паскарэння ў гэтым напрамку не назіраецца", - дадаў Прэзідэнт.
"На сённяшні дзень пытанне пытанняў - натуральнае старэнне навуковых кадраў, асабліва ў фундаментальных напрамках. Мы можам павялічыць фінансаванне, пабудаваць новыя будынкі і лабараторыі, аснасціць іх самым перадавым абсталяваннем. Але павінны памятаць пастаянна: хто там будзе працаваць? У нас моладзі ў навуцы - прыкладна адна трэць (нехта гаворыць каля 40%). Маецца сапраўдны правал па вучоных ва ўзроставай катэгорыі 40-50 гадоў. Нам патрэбна пераемнасць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што любыя веды і тэхналогіі старэюць. У той жа час, навуковыя школы, падсілкаваныя інтэлектам маладых, - гэта своеасаблівы вечны рухавік. "Я ўжо неаднаразова гаварыў: кожны з вас, перш за ўсё дактары, прафесары, члены-карэспандэнты, акадэмікі, павінен рыхтаваць сабе змену", - падкрэсліў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, у кожнага доктара і кандыдата навук павінны быць вучні-паслядоўнікі. З сённяшняга дня гэта не толькі мера асабістага поспеху вучонага, які адбыўся, але і яго прафесійная прыдатнасць, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Гэта таксама важнейшы крытэрый для атрымання вучоных званняў або выбрання акадэмікам або членам-карэспандэнтам НАН Беларусі.
"Павінна быць змычка вопыту і маладосці. А што мы маем? Колькасць даследчыкаў вышэйшай навуковай кваліфікацыі зніжаецца, у асобных галінах ужо наблізілася да ніжняй мяжы прымальнага ўзроўню. Яе далейшае скарачэнне можа выклікаць крытычны спад узроўню кампетэнтнасці асобных арганізацый і навуковай сферы ў цэлым і стаць перашкодай на шляху мадэрнізацыі эканомікі", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Як мяне інфармуюць, дысертацыйныя працы далёка не заўсёды адпавядаюць прыярытэтным напрамкам навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Тэмы ўсіх навуковых работ павінны адпавядаць часу і актуальным патрэбнасцям эканомікі і сацыяльнай сферы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў адзін з нядаўніх прыкладаў: "У адным са зваротаў, якія мне паступілі, тэма - "Метад педагагічнага маўчання як сродак развіцця пазнавальнай самастойнасці замежных студэнтаў". Наколькі гэта актуальна і прымяняльна потым у педпрактыцы або ў жыцці, цяжка сказаць. І такіх выпадкаў нямала. Асабліва ў гуманітарнай сферы".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на той факт, што адна і тая ж тэматыка можа пад рознымі соусамі перапісвацца з дысертацыі ў дысертацыю. А часам навуковыя працы і зусім змяшчаюць яўны плагіят, што, паводле слоў Прэзідэнта, недапушчальна.
"Вам, Аляксандр Яўгенавіч (Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандр Гучок. - Заўвага), даручалася ў свой час навесці парадак з атэстацыяй навуковых кадраў і забяспечыць аб'ектыўны падыход да працэсу абароны дысертацый. Дзейнічайце, гэта актуальна і сёння. Вы дзейнічаеце правільна, але не трэба ўсё ператвараць у пракурорскі нагляд - гэта ж вучоныя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці аднаго з рашэнняў абазначанай праблемы Прэзідэнт прапанаваў наступны варыянт. "Няхай галіновы міністр узгадняе тэмы дысертацый. Асобныя, або ўсе, або неяк яшчэ - паглядзіце. Нам прасцей будзе іх фінансаваць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы і даручыў прапрацаваць гэта пытанне.
"Неабходна павышаць узровень і плённасць узаемадзеяння ўніверсітэцкай, акадэмічнай і галіновай навукі, фарміраваць сумесныя міждысцыплінарныя кластары і лабараторыі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Напрыклад, пакуль не вельмі відаць роля НАН у медыцынскай навуцы, і аб гэтым гаварылася на адным з пасяджэнняў рабочай групы па аналізе дзейнасці НАН. "Вы прайгралі канкурэнцыю, як сцвярджаецца, універсітэтам і РНПЦ. Хоць і там зорак з неба не хапаюць", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў вывучыць сітуацыю і пры неабходнасці прыняць рашэнні. У прыватнасці, гэта датычыцца бюджэтных затрат. "Мы не можам распыляцца. Лішніх грошай няма. Сам час патрабуе ад нас кансалідацыі намаганняў на магістральных напрамках, якія забяспечаць для беларускай дзяржавы ўстойлівасць і высокую якасць жыцця нашых людзей", - заявіў беларускі лідар.
Акадэміі навук Прэзідэнт паставіў задачу сканцэнтраваць намаганні на вырашэнні праблем рэальнага сектара эканомікі. "Гэта закон, які павінен жалезна выконвацца", - падкрэсліў ён.
Па-першае, трэба ўзмацніць узаемадзеянне з галіновікамі і вялікімі прадпрыемствамі. Інавацыйны разрыў паміж лабараторыяй і вытворчасцю недапушчальны, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Па-другое, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на праблему тэматычнага дубліравання і драбнатэмнасці ў навукова-тэхнічных праграмах. "Прапанаваныя тэмы часта не забяспечваюць атрымання новых ведаў і гатовых да тыражавання тэхнічных распрацовак", - сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што пры барацьбе з "драбнатэмнасцю" трэба не ўпусціць хоць і асобныя на першы погляд, але важныя тэмы. Паколькі без умоўнай новай шасцярэнькі часам немагчыма выпусціць якасны ўзор новай тэхнікі.
"Можа, прагучыць груба, дзяржпраграмы - гэта не кармушка! Галоўная задача, перш за ўсё для ДКНТ, - перастаньце выконваць незапатрабаваныя даследаванні і ствараць бесперспектыўную прадукцыю! - запатрабаваў Прэзідэнт. - Тады пытанне з абаронай дысертацый само адпадзе. Кожнае заданне ў навукова-тэхнічных праграмах - гэта тэма дысертацыі. Выканаў заданне - атрымай навуковую ступень". Яшчэ адна важная ўмова - напаўненне праграм такімі заданнямі, якія паказваюць вынік не ў далёкай перспектыве, а цяпер. Акрамя таго, трэба нарэшце вызначыцца з тым, хто выступае заказчыкамі гэтых праграм.
"Як я ўжо заяўляў, плаціць будзем за вынік!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што адказнасць за эфектыўнае выкарыстанне сродкаў у поўнай меры ляжыць на ДКНТ, які выконвае функцыі Камітэта дзяржкантролю ў навуцы. "У наступным праграмным цыкле ваша задача - правесці жорсткую, але аб'ектыўную экспертызу заданняў, арганізаваць работу, нацэленую на вынік, а не на распыленне дзяржаўных сродкаў", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Ён даручыў перамясціць прыярытэт на тэхналогіі, якія працуюць на ўсю эканоміку, на так званыя скразныя тэхналогіі. "Ні для каго не сакрэт, што менавіта яны даюць магчымасць краіне заставацца ў авангардзе глабальнай гонкі і пазбягаць тэхналагічнага адставання", - заўважыў беларускі лідар.
"Трэба ствараць умовы, пры якіх інвестыцыі ў гэтыя базавыя тэхналогіі прынясуць максімальны эфект для ўсёй эканомікі", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прапрацаваць механізм, калі вучоны-распрацоўшчык бярэ на сябе камерцыялізацыю вынікаў навукова-даследчых работ, а потым з прыбытку выплачвае дзяржаве ўсе зрасходаваныя бюджэтныя сродкі або іх частку. "Вы падумайце над гэтым механізмам. У рыначнай эканоміцы жывём", - заўважыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён перасцярог ад негатыўных прыкладаў, якія ёсць цяпер. Напрыклад, калі за некаторыя распрацоўкі, якія выконваюцца для заказчыкаў з-за мяжы, узнагароджанне атрымлівае канкрэтны чалавек у Беларусі - кіраўнік групы або вучоны. Хоць адукацыю гэты чалавек атрымаў у Беларусі, выкарыстоўваў для выканання распрацоўкі айчыннае абсталяванне і лабараторыі. "Мы гэта бачым. Усё, мужыкі, дурніца скончылася. Пачуйце мяне. Я не супраць, каб вы зараблялі. Але не такім чынам - не за кошт чужой працы, абсталявання і іншага, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Да з'езда вучоных вы гэта выкараніце".
У той жа час Прэзідэнт даручыў прадумаць, як можна заахвоціць, заплаціць тым, хто сапраўды сумленна працуе, выконваючы замежныя заказы, і прыцягвае ў краіну валюту. "Падумайце, як мы заплаціць за гэта павінны. І шкадаваць грошай не трэба на гэта", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Абсалютна ўсім суб'ектам трэба прымаць непасрэдны ўдзел у рэалізацыі і правядзенні ў жыццё навуковай і інавацыйнай палітыкі дзяржавы", - звярнуў увагу беларускі лідар. Паводле яго слоў, гэта датычыцца і прадпрымальніцкага сектара, і мясцовай выканаўчай улады. Дарэчы, удзел апошняй у дзяржаўных навукова-тэхнічных і інавацыйных праграмах пакуль застаецца фармальным, заўважыў Прэзідэнт.
"Ваша задача - сумесна з універсітэтамі, навуковымі інстытутамі, канструктарскімі бюро больш актыўна ўключацца ў генерацыю новых буйных праектаў, якія стануць сімваламі эканомікі будучыні, - арыентаваў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі Аляксандр Лукашэнка. - Гэта не толькі атамная станцыя. Галоўны крытэрый - вынік: стварэнне новых рабочых месцаў і зніжэнне тэхналагічнай залежнасці. Персанальная адказнасць за гэта ляжыць на губернатарах".
Акрамя таго, Прэзідэнт ставіць задачу больш шырока выкарыстоўваць патэнцыял тэхнапаркаў, дзе калектывы вучоных сумесна з канструктарамі і інжынерамі змогуць атрымаць практычную карысць з уласных распрацовак. Цяпер у Беларусі каля 15 тэхнапаркаў. "Не трэба забываць і пра дзіцячыя цэнтры навукова-тэхнічнай творчасці. Вось адтуль трэба пачынаць арыентаваць у навуку", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў па-новаму, свежым поглядам звонку, паглядзець на кіраўніцкую вертыкаль у навуковай сферы: Акадэмію навук, ДКНТ, ВАК і іншыя дзяржорганы. "Неабходна прыцягваць спецыялістаў-практыкаў з канкрэтных вытворчых сфер. Тады і рэалізацыя стратэгічных праектаў будзе арыентавана на ўкараненне навуковых вынікаў у вытворчасць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што выказаныя на нарадзе прапановы і прынятыя рашэнні трэба давесці да шырокага кола вучоных і кіраўнікоў. Каб яны разумелі, па якіх правілах і парадках ім давядзецца жыць і працаваць далей.
"Магчыма, не ўсе прыхільнікі пошукаў чыстых навуковых ведаў разумеюць, што праславутая эпоха канцэптаў адкрытых інавацый, інавацыйных саюзаў і іншых прыгожых пасылаў аб сусветнай прыналежнасці навуковых адкрыццяў закончылася або, можа, заканчваецца", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Паводле яго слоў, тая эпоха змянілася трэндам на адасабленне, закрыццё граніц для высокіх тэхналогій, выключэнне вучоных не тых краін (для "перадавога" Еўрасаюза) са сфарміраваных і паспяхова працуючых даследчых кансорцыумаў. "Усе пачалі закрывацца", - канстатаваў Прэзідэнт. Найбольш выразна гэта прасочваецца ў мікраэлектроніцы (ствараюцца бар'еры пры пастаўках сродкаў вытворчасці, кампанентнай базы і камплектуючых, уводзяцца санкцыі на пастаўкі высокатэхналагічных рашэнняў у недружалюбныя краіны).
"Беларускае грамадства чакае ад вучоных новых прарыўных ідэй, утрымання лідзіруючых пазіцый у традыцыйных напрамках навуковай спецыялізацыі, пашырэння кампетэнцый у сусветных вектарах навукова-тэхнічнага прагрэсу, якія фарміруюцца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка абазначыў ключавыя задачы для Нацыянальнай акадэміі навук. "Гэтыя задачы трэба пачынаць вырашаць без разварушвання і махровай бюракратыі, якой Акадэмія навук Беларусі славіцца на ўсю краіну", - сказаў ён.
Першае і самае важнае, паводле слоў Прэзідэнта, - хуткі трансфер тэхналогій у рэальны сектар. Магчыма, з дзеючай штатнай колькасці НАН неабходна стварыць асобную структуру або офіс пры Акадэміі з асноўнай функцыяй па суправаджэнні ўкаранення самых перспектыўных распрацовак на канкрэтных прадпрыемствах. У такой структуры трэба паставіць задачу стварыць каталог інавацый, які пастаянна абнаўляецца і даступны бізнесу і дзяржструктурам.
Другое, на што звярнуў увагу Прэзідэнт, - правядзенне галіновых дзён навуковых інавацый, што дасць магчымасць павысіць пазнаваемасць. "Вазьміце за правіла праводзіць на рэгулярнай аснове (дапусцім, раз на квартал) галіновыя дні навуковых інавацый для прадстаўнікоў прамысловасці, вёскі, будаўніцтва, сферы паслуг", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.
Такой інфармацыі цяпер не хапае. Напрыклад, Прэзідэнт здзівіўся, калі ў час наведвання аднаго з вядучых прадпрыемстваў - саўгаса "Рассвет імя Арлоўскага" - спытаў кіраўніка, якія сарты там высяваюць, і высветліў, што той не ведае пра многія айчынныя сарты, не знаёмы з дырэктарам Інстытута бульбаводства, выкарыстоўвае імпартныя сарты.
Трэцяя задача ад Прэзідэнта датычыцца фінансавання распрацовак. "Шмат гадоў ідзе балбатня пра так званае венчурнае фінансаванне, якое, нібыта, у нашай краіне наогул не развіваецца. Растлумачу проста: гэта прамыя бюджэтныя грошы на распрацоўку (стартап), якая, магчыма, і не будзе паспяховай", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі ўжо цяпер сабраліся і павышаем ролю Акадэміі навук, гатовы разгледзець прапанову аб кансалідацыі ўсіх венчурных рэсурсаў пад дахам Акадэміі навук. Падумайце, трэба ці не трэба, і, як дамовіліся з Аляксандрам Генрыхавічам (Турчыным, Прэм'ер-міністрам. - Заўвага), ва Урад унясіце прапановы, Прэм'ер даложыць, - адзначыў Прэзідэнт. - З заўтрашняга дня - гэта адказнасць Уладзіміра Сцяпанавіча (Караніка. - Заўвага). Ён чалавек дзяржаўны. А мы праз год ці два паглядзім, ці зрушылася нешта ў гэтай сферы, калі вы прыміце гэта рашэнне. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы перасцярог ад карупцыі і кумаўства: "Я добра разумею права на рызыку, але за прамы крадзеж адкажаце галавой".
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця навуковай сферы агучыў установачныя задачы ключавым ігракам.
Першай Прэзідэнт абазначыў тэму ўдасканалення механізмаў фінансавання навукі. "Тут перш за ўсё пытанне навукаёмістасці ВУП, якое нагнала аскоміну. Гэта суадносіны затрат на навуку да ВУП", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што тут яшчэ важна і методыка падліку, каб усё было аб'ектыўна і адпавядала рэальнаму стану спраў.
Прэзідэнт заявіў аб неабходнасці канкрэтных рашэнняў для павышэння навукаёмістасці ВУП за кошт розных крыніц. "Трэба ісці да таго, каб было больш за адзін працэнт, а лепш за два (ад ВУП. - Заўвага)", - сказаў ён.
"Неабходна паглядзець, ці аптымальны пералік напрамкаў расходавання рэсурсаў інавацыйных фондаў і як выкарыстанне гэтых сродкаў уплывае на навукаёмістасць ВУП. Нагадаю, інавацыі - гэта інвестыцыі ў навацыі. Ці заўсёды ў нас так?" - абазначыў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Па-другое, па-ранейшаму існуе сітуацыя, калі навуковыя даследаванні выконваюцца па прынцыпе "робім, што можам, а не тое, што трэба". "У сваю чаргу прадпрыемствы замест заказу распрацовак у Беларусі ўкладваюць велізарныя сродкі ў імпарт замежных тэхналогій і абсталявання, трапляючы пры гэтым у залежнасць. А рабіць можам усё, і нават без дыктатуры. Можа для пачатку і трэба (імпартаваць тое ці іншае абсталяванне. - Заўвага). Але трэба потым лакалізоўвацца. І паўтарыць гэта на больш высокім узроўні. Да гэтага павінны імкнуцца, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - А на асобных прадпрыемствах увогуле праглядаецца тэндэнцыя работы без развіцця, калі ніякія інавацыі не патрэбны. Так быць не павінна".
Каб змяніць гэту сітуацыю, Аляксандр Лукашэнка даручыў кожнаму міністэрству штогод фарміраваць "задачнік распрацовак" для сваёй сферы і перадаваць яго прадстаўнікам акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі. "Пры гэтым, калі такая распрацоўка будзе адпавядаць усім зададзеным крытэрыям, заказчык будзе абавязаны забяспечыць яе ўкараненне. І адказнасць за гэта таксама будзе ляжаць на ім. Але і навука павінна прапаноўваць свае напрацоўкі ў праактыўным рэжыме", - сказаў Прэзідэнт.
Ён даручыў кіраўніку НАН адбудаваць гэтыя працэсы за першае паўгоддзе 2026 года. "Тады адразу зразумеем, ці можа наша навука забяспечыць патрэбнасці рэальнага сектара і куды трэба імкнуцца", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Трэцяя задача датычыцца кадравых пытанняў. "Неабходна выпрацаваць пакет сістэмных мер для вырашэння праблемы старэння і вымывання навуковых кадраў. Калі я гавару "старэнне", я не маю на ўвазе ўзрост. Справа не ва ўзросце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, для вучоных галоўнае - каб "працавала галава" і было жаданне дасягаць новых вынікаў і рухаць навуку наперад. І той ці іншы ўзрост у гэтым плане часта не мае значэння.
"Я ўжо гаварыў, што некаторыя ў нас вучонымі нібыта сталі, дысертацыі абаранілі, нават імкнуліся або імкнуцца нешта адкрыць, а кланяюцца гэтай заходняй навуцы. Непажадана, вядома, каб з'язджалі. Ну едзьце, пройдзеце праз "пасудамыйку", вобразна кажучы. Магчыма, нешта і атрымаецца. Але дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Пачынай працаваць тут і даваць рэзультат", - арыентаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў сувязі з гэтым звярнуў увагу, што да канца жыццёвага шляху людзі, як правіла, вяртаюцца на радзіму. "Таму трэба падумаць, куды мы вернемся", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.
"Вучонаму трэба дапамагаць, я не спрачаюся. Адкрыцці і вынаходствы не з'яўляюцца адразу або за адзін месяц. Трэба падумаць, як мы будзем авансаваць, падтрымліваць. Але толькі па тых праграмах, па якіх ДКНТ з вамі вызначыцца, і яны нам патрэбны будуць, - адзначыў Прэзідэнт. - За ўсё, што нам сёння патрэбна, трэба плаціць. Для гэтага грошы ёсць заўсёды. Проста мы, беларускія людзі, не прывыклі раскідвацца грашыма. Верталётных грошай няма".
Ураду сумесна з НАН Беларусі даручана пастаянна сачыць за ўзроўнем зарплат у навуцы і адукацыі і не дапускаць дыспарытэту.
"Патрабаванні да навукі будзем толькі ўзмацняць, а за вынікі дастойна плаціць. Я хачу, каб вы разумелі мае падыходы. Яны зямныя: дай тавар - атрымай грошы. Аванс? Калі заслугоўваеш даверу - дадзім аванс, і немалы. Гарантыі павінны быць, - сказаў беларускі лідар. - Нам трэба сур'ёзна разварушыцца, паглядзець, што адбываецца вакол, і падумаць, ці хочам мы апынуцца там, куды нас спрабуюць зацягнуць асобныя лялькаводы сусветнай палітыкі. Ці мы хочам мірна працаваць і дастойна жыць?.. Калі так, тады трэба па-сапраўднаму працаваць!"
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што без навукі і інавацый прадукцыйнасць працы ў два разы павялічыць не ўдасца. Таму ў вучоных асаблівая роля ў гэтых працэсах.
Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў аб неабходнасці ў наступным годзе правесці чарговы з'езд вучоных: "Мы чакаем, калі вы ў будучым годзе будзеце гатовы правесці з'езд вучоных. Гэта будзе залежаць не толькі ад мяне. Я падладжуся. Вызначайце час. Але галоўнае, да з'езда вучоных, - мы павінны адысці ад тых праблем і вырашыць тыя задачы, якія перад намі сёння стаяць. Мы іх у агульным плане абазначылі. Цяпер за работу!"


