Сустрэча са спікерам парламента Кыргызстана Нурланбекам Шакіевым
- 6
- 5:16
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 кастрычніка правёў сустрэчу са спікерам парламента (Жагорку Кенеша) Кыргызстана Нурланбекам Шакіевым.
"Мне вельмі прыемна сустрэцца з Вамі. Мы, нібыта, краіны не гіганцкія, не вызначаем ход сусветнай палітыкі. Але любая краіна незалежна ад яе памераў, маштабаў уплывае на той ландшафт, які сёння складваецца на нашай планеце. Тое, што для нас гэта да лепшага, - 100%. Тое, што гэта лепш для ўсёй планеты, таксама карысць вялікая - у сувязі з тым, што мы фарміруем шматпалярны свет. А калі ў гэтым свеце шмат полюсаў, няма манапалізму, значыць, напэўна, краіны і малыя, і вялікія, і сярэднія ад гэтага будуць мець толькі карысць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што і Беларусь, і Кыргызстан прытрымліваюцца менавіта такой палітыкі. Абедзьве дзяржавы выступаюць за шматполюснае развіццё. "У гэтым будучыня ўсяго свету", - заявіў беларускі лідар.
"У нас нямала агульных інтарэсаў, пачынаючы з насення цукровых буракоў, якое мы, на жаль, не ўмеем так вырабляць, як вы, і заўсёды закуплялі яго ў вас. І заканчваючы пытаннямі машынабудавання і наогул супрацоўніцтвам у прамысловасці, не толькі ў сельскай гаспадарцы. Ёсць куды расці. Вы гэта разумееце не горш за мяне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Перш за ўсё, звярнуў увагу Прэзідэнт, Беларусі і Кыргызстану трэба ўзмацняць рэгіянальнае супрацоўніцтва. Кіраўнік дзяржавы расказаў аб вопыце такога ўзаемадзеяння з Расіяй. Раней Беларусь актыўна працавала ў гэтым напрамку з Украінай.
"Хацелася б, каб гэты вопыт быў перанесены і на беларуска-кыргызскія адносіны. Тым больш што гэта ў нас у полі зроку парламента", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У Кыргызстане сёння паспяхова рэалізуецца шмат інфраструктурных праектаў. "Калі мы можам быць вам чым-небудзь карысныя ў будаўніцтве інфраструктуры вашай дзяржавы, у эканоміцы, калі ласка, мы гатовы. Скажыце кіраўнікам парламента (яны ў нас вышэйшыя службовыя асобы), праінфармуюць, мы даручым Ураду, будзем гэтым займацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Беларусь і Кыргызстан знаходзяцца ў Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама з'яўляюцца членамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіны цесна ўзаемадзейнічаюць на гэтых пляцоўках і закрытых тэм паміж імі сёння няма.
"У нас вельмі добрыя ўзаемаадносіны па ўсіх лініях. І на ўзроўні прэзідэнтаў, і на ўзроўні Урада. Гаварыце - будзем усяляк садзейнічаць таму, каб Кыргызстан не быў нейкай там краінай на водшыбе. Гэта нацыя вельмі актыўная, вельмі развітая. Я добра ведаю кыргызаў - гэта людзі вельмі разумныя. Таму мы знойдзем новыя агульныя інтарэсы. У гэтым напрамку мы будзем з вамі працаваць, калі вы ў гэтым будзеце зацікаўлены", - заявіў беларускі лідар.
Нурланбек Шакіеў у час сустрэчы перш за ўсё падзяліўся сваімі ўражаннямі ад учарашняй гульні мінскага "Дынама" з піцерскім хакейным клубам СКА. Госці з Санкт-Пецярбурга, якія вялі ў першым перыядзе 2:0, у выніку ўступілі мінчанам з лікам 2:4.
"Два нуль! Яны камбэк зрабілі канкрэтны. Уся наша дэлегацыя балела за "Дынама-Мінск". Ваша каманда паказала характар беларускага народа", - заявіў парламентарый.
"Асабліва ў апошнім перыядзе. Адна з лепшых пакуль гульняў", - пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка.