Сустрэча з удзельнікамі фінальнага тура рэспубліканскага конкурсу "Настаўнік года - 2004"

  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 верасня сустрэўся з пераможцамі і лаўрэатамі рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2004". 

Прэзідэнт павіншаваў Ігара Якіменку, настаўніка інфарматыкі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3, які прызнаны лепшым у сваёй прафесіі. Ва ўрачыстай абстаноўцы яму быў уручаны сімвал конкурсу - хрустальны журавель і падарунак  ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - аўтамабіль.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што і сёння памятае і высока цэніць свой вопыт педагагічнай работы, які налажыў адбітак на яго будучыню. "Для мяне як Прэзідэнта вельмі важны той фундамент, які быў закладзены ў час работы ў школе, у ходзе гутарак з дзецьмі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у беларусаў настаўнік заўсёды быў самым паважаным і аўтарытэтным чалавекам. І сёння, адзначыў Прэзідэнт, без педагогаў немагчыма правесці ніводнае мерапрыемства, у тым ліку палітычнага характару. У сувязі з гэтым ён не пагадзіўся з меркаваннем, што статус настаўніка прыніжаецца.

 Школа застаецца цэнтрам не толькі навучання, але і выхавання чалавека. Сёння, каб грамадства  магло процістаяць выклікам сучаснасці, настаўнікі павінны растлумачваць сваім падапечным, "што такое добра і што такое дрэнна". "Галоўнае - гэта выхаванне чалавека. Мы знаходзімся ў хвалі камерцыялізацыі, утрыманства, негатыўных праяўленняў, якія раней не былі ўласцівыя нашаму грамадству, такіх, як наркаманія. І менавіта вы, настаўнікі, павінны даносіць да падрастаючага пакалення, якіх з'яў быць не павінна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў беларускім грамадстве неабходна захаваць стабільнасць, як бы гэта цяжка ні было. Прэзідэнт нагадаў, што з 1 лістапада адбудзецца чарговае павышэнне мінімальнай заработнай платы. "Усё, што мы зможам даць народу, мы дадзім, і не дзеля папулізму. Ніхто не раскрадзе дзяржаўныя сродкі, і мы будзем паступова ажыццяўляць тыя праграмы развіцця краіны, якія вызначылі, у тым ліку па адраджэнні вёскі", - сказаў беларускі лідар.

Сваю пільную ўвагу да пытанняў развіцця адукацыі Прэзідэнт растлумачыў тым, што гэта сфера - адзін з галоўных інструментаў для пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі. Няма нічога больш каштоўнага для чалавека, чым адукацыя. Толькі адукаваны чалавек на аснове новых навуковых дасягненняў можа дасягнуць тых мэт, якія мы цяпер ставім, перакананы Кіраўнік дзяржавы.

"Мы павінны зрабіць усё, каб узняць на больш высокі ўзровень якасць адукацыі і ні ў якім разе не зніжаць планку, устаноўленую ў савецкія часы", - заявіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што патрабаванне з педагогаў будзе ўзмацняцца, каб школа была храмам не толькі ў адукацыйным, але і маральным плане. "Тут мы не дапрацоўваем", - прызнаў Кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў надзею, што прагрэсіўныя тэхналогіі навучання і выхавання, якімі авалодалі ўдзельнікі конкурсу "Настаўнік года", паслужаць рэальнаму павышэнню эфектыўнасці працы педагога, выхаванню новых грамадзян нашай краіны.

Прэзідэнт заявіў, што ў краіне будзе працягвацца інтэнсіўная работа па мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў, павышэнні прафесійнага ўзроўню педагогаў і выхавацеляў, стварэнні новага пакалення падручнікаў і навучальна-метадычных матэрыялаў. Пры гэтым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на змястоўны бок працэсу адукацыі. "Гэта для нас вельмі важна сёння. І тут будуць канцэнтравацца асноўныя сродкі", - сказаў ён.

Па выдзяленні сродкаў на адукацыю Беларусь займае адно з вядучых месц у свеце. "Вядома, там, на месцах, можа, і не хапае. Таму што ў канцы  80-х - пачатку 90-х наогул нічога ў школу не ўкладвалі, і ўсё правалілася  - і будынкі, і зарплаты настаўнікаў. Цяпер, калі настаўнік хоча зарабіць, ён можа зарабіць. Але гэта яшчэ не тое, што павінна быць. Я з гэтым згодны. Правал быў значны, і мы вымушаны ўкладваць такія вялікая грошы ў адукацыю. Ні на абарону, ні на ахову здароўя, ні на якую іншую сферу мы не выдзяляем столькі сродкаў, колькі на адукацыю", - заявіў беларускі лідар. Пры гэтым ён падкрэсліў, што якой бы ні была дзяржаўная падтрымка, яна не можа быць дзейснай без самаадданай і творчай работы педагогаў. "Настаўнік заўсёды быў і застаецца ў цэнтры ўвагі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Найвялікшым здабыткам" Кіраўнік дзяржавы назваў тое, што Беларусь захавала традыцыі савецкай сістэмы адукацыі, чаго не ўдалося зрабіць ніводнай іншай краіне на постсавецкай прасторы. "А ўспомніце, як мяне крытыкавалі, калі я яшчэ маладым Прэзідэнтам у пачатку 90-х заявіў аб тым, што ні ў якім разе нельга адысці ад савецкай школы. Тады нашы нацыяналістычна настроеныя кіраўнікі схапіліся, перш за ўсё, за рэформу школы - яны ўсё зламалі. Давялося аднаўляць. А сёння і Расія, і іншыя постсавецкія рэспублікі вяртаюцца да гэтага", - сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, у той час менавіта настаўнікі падтрымалі яго ў намеры захаваць вопыт сістэмы адукацыі савецкіх часоў.

Прэзідэнт станоўча ацаніў цяперашні ўзровень адукацыі на ўсіх узроўнях. Аб высокай якасці сярэдняй ступені навучання гаворыць той факт, што ў вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі паступаюць больш як палова ўсіх выпускнікоў школ. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў хуткім часе ВНУ Беларусі ўзнімуцца на адну ступень з вядучымі заходнімі універсітэтамі.

Конкурс "Настаўнік года", які праводзіцца ў рэспубліцы ўжо шосты раз, садзейнічае выяўленню эфектыўных методык і тэхналогій навучання і выхавання, удасканаленню механізмаў ацэнкі педагагічнай працы. У чатырох этапах агляду прынялі ўдзел амаль 3 тысячы чалавек. У фінал выйшаў 21 педагог. Яны прадстаўляюць як сталічныя ліцэі, так і маленькія вясковыя школы. Прэзідэнт Беларусі заўсёды ўдзяляў асаблівую ўвагу конкурсам, якія праводзяцца на ўзроўні дзяржавы. Ён растлумачыў гэта імкненнем зрабіць так, каб любое спаборніцтва было сумленным, аб'ектыўным і справядлівым. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў лаўрэатаў з перамогай, пажадаў поспехаў у далейшай педагагічнай творчасці, і галоўнае - любві і прызнання вучняў і іх бацькоў.

Напярэдадні Дня настаўніка Кіраўнік дзяржавы выказаў самыя шчырыя пажаданні ўсім педагогам Беларусі.

У сваім слове ў адказ пераможца конкурсу Ігар Якіменка падзякаваў Прэзідэнту за ўвагу да сістэмы адукацыі і запэўніў, што "настаўніцкі корпус - гэта людзі, на якіх дзяржава можа абаперціся. Бо яны стаяць ля вытокаў дзяржавы, таму што вучаць новае пакаленне грамадзян".

У рамках сустрэчы адбылася цёплая і шчырая гутарка беларускага лідара з педагогамі. Настаўнікі выказалі сваю падтрымку рэформе сістэмы адукацыі, якая праводзіцца ў рэспубліцы. Гучалі станоўчыя водгукі аб новым камплекце падручнікаў для 12-гадовай школы, рабоце спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Дзякавалі за папулярызацыю здаровага ладу жыцця, развіццё спорту, адраджэнне вёскі. "Мы адчуваем падтрымку дзяржавы, што за спінай ёсць апора, а наперадзе - надзея", - гаварылі педагогі.