Рабочая сустрэча з Кіраўніком спраў Прэзідэнта Віктарам Шэйманам
- 4
- 2:13
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка правёў 11 чэрвеня рабочую сустрэчу з Кіраўніком спраў Прэзідэнта Віктарам Шэйманам.
У цэнтры ўвагі былі пытанні, якія курыруе Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Раней па даручэнні Кіраўніка дзяржавы Віктар Шэйман вывучаў стан спраў у Аршанскім раёне і на прадпрыемствах рэгіёна. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем Кіраўніка спраў аб цяперашняй сітуацыі на гэтым напрамку. "Усё ж такі гэта пілотны праект быў. Па гэтым шляху ідуць ужо 11 буйных гарадоў Беларусі", - адзначыў ён.
Прыводзячы канкрэтны прыклад, Прэзідэнт закрануў дзейнасць Аршанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, дзе прапануецца стварыць яшчэ адну вытворчасць - па пашыве абутку. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што галоўнае ў гэтым пытанні - захаваць цяперашнюю спецыялізацыю фабрыкі, а потым ужо думаць аб дадактовых вытворчасцях. "Калі мы ў свой час "Белмастацпромыслы" стваралі, галоўная мэта была - выратаваць рукадзельнікаў, якіх усё менш і менш становіцца. Нельга страціць традыцыйныя вытворчасці на гэтай фабрыцы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прыняў рапарт Віктара Шэймана з просьбай адправіць яго ў адстаўку з пасады Кіраўніка спраў Прэзідэнта Беларусі. Гэта пытанне таксама было абмеркавана ў час іх рабочай сустрэчы ў Палацы Незалежнасці.
"Ты шмат разоў пісаў рапарт аб адстаўцы. Я не згаджаўся з гэтым. Але я разумею, што некалі час надыходзіць, табе хапіла ў жыцці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я шчыра ўдзячны табе за ўсё, што зроблена. Мы знойдзем час сустрэцца для таго, каб я яшчэ раз падзякаваў табе".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Віктар Шэйман мае вялікі жыццёвы вопыт і прайшоў доўгі кар'ерны шлях. З маладога лейтэнанта, які прайшоў Афганістан, ён вырас да генерал-палкоўніка. Гэта самае высокае воінскае званне ў Беларусі, і Віктар Шэйман сёння адзіны, хто носіць гэтыя генеральскія пагоны, знаходзячыся на службе ў дзяржавы.
"Я разумею, што і сям'я, і дзеці, і шмат-шмат яшчэ пытанняў. Таму я згодны з тваёй новай старонкай у жыцці, скажу так. Але вельмі прасіў бы не адыходзіць далёка (і наогул не адыходзіць ад дзяржавы) і падставіць плячо там, дзе гэта патрэбна будзе. Як ты заўсёды гэта рабіў, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Пакуль вельмі папрасіў бы ўзяць на сябе, як заўсёды было, Кубу, Венесуэлу і тыя "хвасты" ў Афрыцы, пакуль ты не перадаў Ураду. Прашу гэта пакінуць за сабой, пакуль я не вызначу, хто будзе далей гэтым займацца. Ну і яшчэ раз гавару: далёка не адыходзь. Бачыш, якая сітуацыя вакол Беларусі. Не дай бог нам з табой яшчэ ўзяць аўтамат у рукі і абараняць краіну. Сітуацыя няпростая".