Сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

  • 5
  • 6:46

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 верасня сустрэўся з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

"Перш за ўсё хачу Вас павіншаваць з такім сур'ёзным этапам электаральнага цыкла - адзіны дзень галасавання ў многіх рэгіёнах прайшоў. Вынікі зразумелыя, не хачу нават іх аналізаваць. Напэўна, наогул ніколі такіх вынікаў не было. Усе Вашы кандыдатуры на пасаду губернатараў народам былі падтрыманы. Гэта вялікі поспех", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прагназуе ў наступным годзе выхад на дасанкцыйны ўзровень работы эканомікі.

"Мы вырашаем гэтыя ўсе пытанні. І невялікія, і значныя. Вы маеце рацыю. Спрабавалі нас моцна нахіліць - нічога не атрымалася. Наадварот, неяк мы мабілізаваліся нават нечакана. Я ведаю і для Вас, і я не чакаў, што мы можам выстаяць. Так, трошкі бядней жывём, зусім крыху. Думаю, што будучы год у нас будзе добрым годам, і мы выйдзем на дасанкцыйны перыяд работы нашай эканомікі. Дробныя ўсе пытанні, пачынаючы ад ВПК і іншае, звязаныя з украінскім канфліктам, - усе гэтыя пытанні практычна вырашаны. Калі засталося нешта, то мы ведаем, у якім напрамку нам рухацца", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Што датычыцца інтэграцыйнага супрацоўніцтва, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што службовыя асобы абедзвюх краін нядрэнна папрацавалі, выконваючы даручэнні кіраўнікоў дзяржаў. "Больш як 80% задач выканана, якія мы паставілі перад урадамі. Яшчэ тры месяцы ёсць (размова пра работу над Асноўнымі напрамкамі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады і 28 саюзнымі праграмамі. - Заўвага). Думаю, што даціснем і гэтыя пытанні", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў аб дзеяннях па стабілізацыі сітуацыі на паліўным рынку па просьбе расійскага боку. "Хачу Вас праінфармаваць - былі некаторыя складанасці на рынку па паліве - стабілізавалі сітуацыю, паставілі столькі, колькі трэба было Расійскай Федэрацыі. Колькі Урад папрасіў. Па-мойму, па 60 тыс. дызпаліва і бензіну. Сітуацыю стабілізуем на нашых агульных рынках. Калі трэба будзе яшчэ скараціць пастаўкі на знешнія рынкі і для ўнутранага спажывання павялічыць - гэта не праблема", - запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

Уладзімір Пуцін на сустрэчы заявіў, што ўзаемаадносіны дзвюх краін стабільна і надзейна развіваюцца.

"Мы з вамі прадаўжаем кантакты, кансультацыі наконт нашых адносін і наконт узаемадзеяння, перш за ўсё ў сферы эканомікі. Тут усё стабільна, надзейна развіваецца, дзякуй богу", - сказаў Кіраўнік расійскай дзяржавы ў пачатку сустрэчы.

Ён таксама праінфармаваў аб тым, што ў Расіі завяршаецца бюджэтны працэс: "У нас усё стабільна, надзейна, што не можа не радаваць. Чаму пра гэта гавару? Таму што (мы з Вамі добра ведаем) стан расійскай эканомікі, вядома, уплывае на наша ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы. У нас ёсць у сувязі з гэтым узаемныя пытанні, абавязацельствы. Ёсць неабходнасць, мне здаецца, зверыць гадзіннікі па некаторых пытаннях".

Гаворачы пра супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы, Уладзімір Пуцін выказаўся наконт уплыву санкцый, уведзеных краінамі Захаду. "Еўрапейскія кампаніі адмовіліся пастаўляць абсталяванне і кампетэнцыі (відаць, разлічвалі, што ў нас не хапае). Мы аднавілі ўсе кампетэнцыі. Усе абсалютна, - канстатаваў ён. - Велізарныя, сусветнага маштабу, прадпрыемствы будуць уведзены ў бліжэйшы час".

Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што самі былыя еўрапейскія партнёры Расіі гавораць аб тым, што яны вымушаны былі згарнуць работу, хоць нясуць страты ў вялікіх маштабах. "Больш таго, у некаторых буйных высокатэхналагічных кампаніях даводзіцца скарачаць персанал на 50%, а тое і на 70%. А мы аднаўляем. У нас з'яўляюцца дадатковыя інжынерныя кампетэнцыі. Гэта вельмі добра, - звярнуў увагу Прэзідэнт Расіі. - Выйгрыш у гэтым сэнсе відавочны". Паводле яго слоў, расійскаму боку, безумоўна, ёсць яшчэ над чым працаваць, асабліва ў галіне высокіх тэхналогій, і шмат у чым да гэтага падштурхнуў санкцыйны націск.

Акрамя таго, ён згадаў сваю нядаўнюю сустрэчу з лідарам КНДР, які знаходзіўся ў Расіі з візітам. "Хацеў Вас таксама праінфармаваць, як прайшла дыскусія па сітуацыі ў рэгіёне, што таксама немалаважна", - адзначыў расійскі лідар.

Прэзідэнт Расіі таксама заявіў аб сваім намеры паразмаўляць з беларускім калегам "па нашым самым вострым пытанні - па сітуацыі на ўкраінскім напрамку" і вакол украінскага крызісу.

"Я вельмі рады Вас бачыць. Дзякуй, што згадзіліся прыехаць", - рэзюмаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу таксама выказаўся наконт развіцця супрацоўніцтва з КНДР: "Назіраў уважліва за апошнімі вашымі цяжкімі гэтымі працоўнымі днямі. Прыемна было бачыць Вас з Кім Чэн Ынам на касмадроме Усходні. Таму што сам быў там. Мы з Вамі наведвалі гэты касмадром раней. Я думаю, што мы можам падумаць і аб супрацоўніцтве недзе на траіх. Паўночная Карэя, Расія... Ведаю, што інтарэс вялікі ў карэйцаў да вас. Я думаю, кусок работы і Беларусі там знойдзецца. З улікам тых праблем, якія існуюць", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб намеры расказаць расійскаму калегу аб супрацоўніцтве з краінамі Афрыканскага кантынента, асабліва з улікам нядаўняга візіту ў Беларусь Прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі. "Вельмі вядомы чалавек. І дасведчаны чалавек. Ёсць таксама сумесная работа па афрыканскім напрамку", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Словам, здавалася, што мы ўжо вырашылі ўсе пытанні. А яны ўсё збіраюцца і збіраюцца. Таму ёсць неабходнасць своечасова і параіцца, - выказаўся Аляксандр Лукашэнка, наконт актуальнасці сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі. - Я ўдзячны, што вы знайшлі час, каб параіцца і абмеркаваць дзеянні на будучае".

Лідары Беларусі і Расіі таксама сумесна паразмаўлялі з журналістамі.

Адно з пытанняў Уладзіміру Пуціну датычылася заяў на Захадзе аб тым, што яго нядаўняя сустрэча з лідарам КНДР Кім Чэн Ынам садзейнічае напружанасці ў рэгіёне і нібыта расійскі бок прасіў накіраваць карэйскіх добраахвотнікаў для ўдзелу ў СВА. Прэзідэнт Расіі абвергнуў такія заявы, назваўшы іх поўным глупствам.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заходнікам трэба самім палічыць спачатку, колькі яны накіравалі ўжо сваіх наёмнікаў для ўдзелу ва ўкраінскім канфлікце, перш чым спрабаваць у нечым папракаць Расію. "Напэўна, ім трэба гэта зрабіць. А, па-другое, гэта небяспечная заява з іх боку (Захаду. - Заўвага). Таму што яны спяць і бачаць там свае рэгулярныя воінскія часці. У Польшчы ўжо сфарміраваны каля граніцы, вы пра гэта таксама гаварылі, воінскія часці, гатовыя зайсці ва Украіну. У сваё вока трэба паглядзець і там пашукаць якое-небудзь бервяно, а не папракаць іншых", - заўважыў беларускі лідар.

"Абсалютна згодны. Цалкам. Дарэчы, мы фіксуем і на полі бою, і ў падраздзяленнях, у якіх праводзіцца падрыхтоўка, замежных наёмнікаў, замежных інструктараў. Па-мойму, учора ці пазаўчора некага ў палон узялі чарговы раз. У нас няма такой неабходнасці - запрашаць для баявых дзеянняў людзей збоку", - сказаў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнта Расіі таксама папрасілі пракаменціраваць заяву дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена наконт магчымых мірных перагавораў з Украінай. Высокі прадстаўнік амерыканскага істэблішменту нядаўна вобразна выказаўся, заявіўшы, што Расіі і Украіне ў канчатковым выніку давядзецца "станцаваць танга".

"Што датычыцца амерыканцаў, то яны самі не ўмеюць танцаваць гэта танга. Гэта, вядома, цудоўная дзівосная музыка і рухі прыгожыя, але ЗША ўсё спрабуюць вырашаць з пазіцыі сілы. Або з дапамогай эканамічных санкцый, або фінансавых абмежаванняў, пагрозы прымянення ваеннай сілы, або яе прымяненнем. Яны спрабуюць кагосьці вучыць, а самі гэтага рабіць не ўмеюць або не хочуць. Хутчэй за ўсё, проста не хочуць", - сказаў Уладзімір Пуцін.

Ён падкрэсліў, што Расія ніколі не адмаўлялася ад перагавораў. "Таму калі ласка, калі другі бок хоча, няхай скажа пра гэта адкрыта", - заявіў расійскі лідар.

Разам з тым Прэзідэнт Расіі заўважыў: "Танга - гэта, вядома, добра, але для Украіны важна гапак не забыць. Вось гэта важна. А тое так будуць увесь час пад чужую музыку і пад чужую дудку скакаць. А скакаць усім так ці інакш давядзецца "Барыню". Ну ці ў лепшым выпадку "Казачок".

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу сказаў: "Нібыта ж і танцаваць пачалі. Тры раўнды перагавораў прайшлі ў Беларусі, потым у Стамбуле. А потым Блінкен з Осцінам Зяленскаму каманду далі - той забараніў весці перагаворы. Факты на стале. Факты ў наяўнасці. Таму чаго тут папракаць некага".

"Дэкрэт падпісаў, які забараняе (весці перагаворы з Расіяй. - Заўвага)", - пагадзіўся Уладзімір Пуцін.

"Сам сабе забараніў", - пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.