Сустрэча са Старшынёй Сената Олій Мажліса Узбекістана Танзілой Нарбаевай
- 13
- 8:43
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 верасня сустрэўся са Старшынёй Сената Олій Мажліса Узбекістана Танзілой Нарбаевай.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што візіт праходзіць у год 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Узбекістанам. "Нямала зроблена, але ёсць куды імкнуцца ў гэты няпросты час, калі ў міжнародных адносінах мы знаходзімся на разломе", - ахарактарызаваў узровень супрацоўніцтва Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, Беларусь гатова развіваць адносіны і дзяліцца любымі тэхналогіямі. Асабліва Кіраўнік дзяржавы адзначыў эфектыўнае ўзаемадзеянне дзвюх краін і падтрымку адзін аднаго на міжнародных пляцоўках і ў інтэграцыйных аб'яднаннях, выказаў удзячнасць за падтрымку ў пытанні паскоранага атрымання Беларуссю членства ў ШАС. "Мы вас заўсёды будзем падтрымліваць, таму што ваш курс на міралюбнасць, на дружалюбныя адносіны з суседзямі і іншымі краінамі - гэта і наш курс", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт лічыць, што сваю ролю ў развіцці адносін дзвюх краін адыграе Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум, які праходзіць гэтымі днямі ў Мінску. "Я вельмі хацеў бы, каб мы перайшлі да рэгіянальнага супрацоўніцтва (як з Расійскай Федэрацыяй, вопыт ужо ёсць), асновай якога з'яўляецца эканоміка. Для нас гэта важна, для Узбекістана - яшчэ важней з пункту гледжання тэхналогій. Пачынаючы ўжо не з простага гандлю, а ўжо з кааперацыі прадпрыемстваў, пераносу нашых тэхналогій ва Узбекістан - для вас гэта было б вельмі цікава. Мы гатовы ў гэтым напрамку абсалютна адкрыта працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі вельмі цёпла ставяцца да Узбекістана і ўзбекаў, якія падобныя да беларусаў у галоўным - гэта вельмі працавітыя людзі, якім давялося ў сваёй гісторыі пераадолець многія выпрабаванні.
Гаворачы аб сваім асабістым стаўленні да краіны, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што доўгі час уважліва, пільна назірае за развіццём Узбекістана і лічыць, што з цяперашнім кіраўніком - Прэзідэнтам Шаўкатам Мірзіёевым - народу пашанцавала: "У вас вельмі добры Прэзідэнт. Я і ў вочы яму гавару: ты не павінен падвесці народ, які табе так давярае і верыць".
"Пашанцавала ў тым плане, што ён вельмі хоча зрабіць для Узбекістана і ўзбекаў жыццё лепшым, - дадаў беларускі лідар. - Ва Узбекістана вялікая будучыня. І мая вам парада: пастарайцеся як мага даўжэй зберагчы свайго Прэзідэнта. Яму патрэбны час, каб разгарнуцца".
Цяперашні візіт парламенцкай дэлегацыі Узбекістана ў Мінск праходзіць пасля важных унутрыпалітычных падзей, якія адбыліся там, - канстытуцыйнага рэферэндуму і датэрміновых выбараў Прэзідэнта. "Малайцы. Акуратна. Былі непаладкі нейкія напярэдадні, вы своечасова прыгожа адрэагавалі (я гаварыў Шаўкату Мірзіёеву аб гэтым). Людзі на вас не пакрыўджаны. Нашы наглядальнікі там былі і бачылі, што ўсё было дастойна, - сказаў беларускі лідар. - Вы малайцы ў гэтым плане. Нам гэта важна, таму што мы таксама ўдасканальваем свой Асноўны закон, заканадаўства аб выбарах".
Прэзідэнт растлумачыў, што ў бліжэйшы час Беларусі таксама трэба будзе правесці выбары, адзіны дзень галасавання, сфарміраваць не толькі палаты парламента, але і вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя - Усебеларускі народны сход. У гэтым кантэксце для краіны цікавы нядаўні вопыт Узбекістана. "Для нас Ваша парада, на што звярнуць увагу ў цяперашняй сітуацыі, вельмі важная", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што неаднаразова наведваў Узбекістан, не так даўно разам з Шаўкатам Мірзіёевым пабываў на поўдні гэтай рэспублікі, дзе надзвычай прыгожыя мясціны. Кіраўнік узбекскай дзяржавы зноў запрасіў беларускага калегу ў сваю краіну, але, як прызнаўся Прэзідэнт Беларусі, яму хацелася б пабываць у горных рэгіёнах гэтай краіны зімой: "Я пастараюся вырвацца ў бліжэйшы час, каб пабываць у вас у гарах". У сваю чаргу Танзіла Нарбаева перадала прывітанне ад Прэзідэнта Узбекістана і запрашэнне наведаць краіну: беларускага лідара чакаюць ва Узбекістане ў канцы бягучага або пачатку наступнага года.