Сустрэча з Міністрам абароны КНР Лі Шанфу
- 11
- 5:44
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 жніўня сустрэўся з членам Цэнтральнага ваеннага савета, Дзяржаўнага савета, Міністрам абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі генерал-палкоўнікам Лі Шанфу.
У пачатку сустрэчы Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў Лі Шанфу ў Беларусі, назваўшы яго самай медыйнай персонай ва ўсім свеце. "Я не дарэмна пачаў гэту размову аб тым, што вы самая медыйная персона сёння ў свеце, таму што вашу актыўнасць, актыўнасць Кітайскай Народнай Рэспублікі па пашырэнні сваіх інтарэсаў, асноўных ідэй па светаўладкаванні сёння чуе ўвесь свет. Асноўныя ідэі сучаснага і будучага - перспектыўнага светаўладкавання Кітайскай Народнай Рэспублікі і Беларусі - супадаюць абсалютна. Мы гэта з вамі дэманструем на працягу апошніх трох дзясяткаў гадоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы абсалютныя прыхільнікі шматпалярнага свету, тэрытарыяльнай цэласнасці і адзінства граніц і тэрыторый, якія склаліся пасля Другой сусветнай вайны. Мы за неўмяшанне ва ўнутраныя справы дзяржавы. Словам, уся тая палітра, на якой заснавана знешнепалітычная дзейнасць Кітая, уласціва і нашаму кіраўніцтву. Вы павінны ведаць, што мы заўсёды на працягу больш як 30 гадоў падтрымлівалі Кітай ва ўсіх яго імкненнях, таму што лічым унутраную і знешнюю палітыку Кітайскай Народнай Рэспублікі абсалютна справядлівай, нацэленай на мірнае вырашэнне ўсялякіх спрэчак і канфліктаў", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Не па нашай віне свет сёння абсалютна нестабільны. Праходзяць вельмі магутныя турбулентныя падзеі ў свеце. І нам даводзіцца быць моцнымі. Таму што так склалася, што сілу заўсёды паважаюць. У нашай палітыцы мы грунтуемся на моцнай эканоміцы, магутнай дыпламатыі. І я вельмі вам удзячны за вашу падтрымку ў сферы ваенна-тэхнічнага і ваеннага супрацоўніцтва. Мы ў гэтым плане перш за ўсё абапіраемся на нашых сяброў. І перш за ўсё Расійскую Федэрацыю і Кітай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што цяперашні візіт першы для Лі Шанфу ў Беларусь. "Спадзяюся, не апошні. Вельмі важны для нашай Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
"Усё наша супрацоўніцтва, а яно вельмі значнае (мы яго не ўтойвалі ні ад каго), ні ў якім разе не будзе накіравана супраць трэціх краін. Нам гэта не патрэбна. Нам трэба засцерагчы ад небяспекі свае дзяржавы і свае народы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам склаліся добрыя і дружалюбныя адносіны: "Я бязмерна паважаю свайго сябра. Мы даўно знаёмы з ім. Я вельмі прашу Вас перадаць ад імя беларускага народа самыя цёплыя і добрыя пажаданні яму, яго сям'і за ўсё тое, што Кітай апошнім часам зрабіў для Беларусі".
Ён таксама папрасіў перадаць добрыя пажаданні жонцы лідара КНР Пэн Ліюань.
У сваю чаргу Лі Шанфу ад імя Старшыні КНР перадаў Аляксандру Лукашэнку найлепшыя пажаданні і цёплае прывітанне. Ён адзначыў вялікія поспехі ў развіцці Беларусі і ролю ў гэтым кіраўніка беларускай дзяржавы. "Дазвольце выказаць шчырую і глыбокую павагу за ваш высокі ўклад у забеспячэнне міру і развіццё ва ўсім свеце", - сказаў Міністр абароны Кітая.
Ён нагадаў, што ў пачатку года адбыўся дзяржаўны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай, у ходзе якога кіраўнікі дзяржаў дасягнулі важных дамоўленасцей па далейшым умацаванні двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва, уключаючы ваенную сферу. "Мэтай майго візіту ў Беларусь з'яўляецца менавіта рэалізацыя важных дамоўленасцей на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і далейшае ўмацаванне двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва", - сказаў Лі Шанфу.