Сустрэча са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым
- 8
- 4:07
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў больш актыўна прапагандаваць дасягненні айчынных вучоных. Аб гэтым ён заявіў 18 кастрычніка на сустрэчы са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым.
Кіраўнік дзяржавы даручыў прыкладна ў канцы лістапада - пачатку снежня бягучага года арганізаваць выстаўку навуковых дасягненняў: "Каб мы недзе вызначыліся і правялі выстаўку дасягненняў вучоных Акадэміі навук. Мы гэта ўмеем рабіць. Вы не раз гэта арганізоўвалі. Падбяром добрую залу. Не толькі для таго, каб зрабілі справаздачу, далажылі аб поспехах, але і як мага больш народу паказаць, што мы можам і што навука ў нас многае можа. На жаль, мы мала прапагандуем не толькі Акадэмію навук, але і дасягненні нашай навукі".
"Таму трэба прадумаць разам з Адміністрацыяй, Урадам, дзе мы можам паказаць людзям, што мы ўмеем рабіць. А паказаць ёсць што", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка даручыў пасля гэтай сустрэчы ўжо расказаць народу ў першым прыбліжэнні аб дасягненнях і рабоце Акадэміі навук. "З улікам таго, што мы павінны арганізаваць гэту маштабную выстаўку. Магчыма, нават у суседнім будынку (выставачны комплекс па суседстве з Палацам Незалежнасці. - Заўвага). Месца там дастаткова. Проста кампактна вынесці туды асноўныя нашы дасягненні акадэмічнай навукі. Ну і нядрэнна было б і прыкладной навукі. Ды і студэнты ўжо сёе-тое навучыліся рабіць, паглядзець бы там. Прадумайце, як гэта лепш зрабіць", - сказаў Прэзідэнт.
Што датычыцца тэматыкі рабочай сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць аб тым, як рэалізуюцца і выконваюцца даручэнні Прэзідэнта па асноўных напрамках. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы, дзе вялася размова і аб новай пародзе жывёлы, новых сартах раслін і гэтак далей.
Яшчэ адзін важны напрамак, які знаходзіцца ў веданні НАН, - распрацоўка айчынных аўтамабіляў.
"Што вельмі актуальна, пра гэта будзем і ў пятніцу гаварыць, гэта нашы беспілотнікі. Як вы тут канкурыруеце з прыкладной навукай і з прадпрыемствамі, ствараючы новыя беспілотныя лятальныя апараты? Яны вельмі актуальныя, зыходзячы з урокаў вайны ва Украіне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
На абмеркаванне ў ходзе сустрэчы таксама быў вынесены праект абноўленага статута Акадэміі навук. "Мне падабаецца, што вы ідзяце па шляху дэбюракратызацыі, каб менш было валакіты. Гэта таксама ўрок канфлікту Расіі ва Украіне. Толькі ў іншым вымярэнні. Вось валакіты быць не павінна. Таму разгледзім асноўныя элементы статута. Ну а потым, у адпаведнасці з нашай працэдурай, я думаю, да канца года мы абавязкова павінны зацвердзіць новы статут Акадэміі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Работа Нацыянальнай акадэміі навук за апошні час зменена ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта, яна строга арганізавана і нацэлена на самастойнае забеспячэнне фінансавымі сродкамі, расказаў Уладзімір Гусакоў Кіраўніку дзяржавы.
"Цяпер гэта ўжо не чыста бюджэтная арганізацыя, як яна была традыцыйна, і ўсе сядзелі, чакалі бюджэту. Я за бюджэтам цяпер не хаджу. І шэраг гадоў усе ведаюць, што нават пры недахопе сродкаў мы нацэльваем, каб людзі зараблялі грошы. І так на самай справе яно і ёсць", - падкрэсліў кіраўнік НАН.
Паводле яго слоў, за апошнія гады Акадэмія навук выконвала даведзеныя паказчыкі. "У нас не было ні зніжэння, ні зрыву. Гэта і аб'ёмы вытворчасці, продажу, выкананне ўсіх праграм, інвестыцыі ў асноўны капітал, гэта значыць набыццё прыбораў і абсталявання, гэта і заработная плата, і ўсе паказчыкі па бізнес-планах", - удакладніў Уладзімір Гусакоў.