Сустрэча са Старшынёй Цэнтральнага банка Расіі Эльвірай Набіулінай
- 9
- 3:45
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 мая правёў сустрэчу са Старшынёй Цэнтральнага банка Расіі Эльвірай Набіулінай.
"Хацеў бы сяму-таму "падвучыцца", задаць шэраг пытанняў, якія сёння на вуснах у многіх кіраўнікоў дзяржаў. Вы бачыце гэта ў нашых выступленнях. Напэўна, мы многае гаворым, але калі і разумеем сёе-тое (накшталт рэзервовая валюта і гэтак далей), але не зусім разумеем, калі гэта будзе і як гэта будзе развівацца. Таму такія пытанні мяне больш за ўсё цікавяць. Ваш пункт гледжання, пункт гледжання вашых спецыялістаў", - сказаў Прэзідэнт.
"Тое, што ў нас працуе Міжбанкаўскі валютны савет (Цэнтральнага банка Расіі і Нацыянальнага банка Беларусі. - Заўвага), тут пытанняў няма. Я часта прыводжу Вашы, нашага Старшыні цытаты на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, калі размова ідзе аб стварэнні адзінай валюты і гэтак далей, што гэта няпросты працэс. І, напэўна, не сённяшняга дня, як мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што "некаторыя патрыятычна настроеныя людзі ў Расіі і Беларусі часта ўзнімаюць гэта пытанне". "Я хацеў бы пачуць таксама Ваш пункт гледжання на сённяшні дзень. Той даўні пункт гледжання я добра ведаю, - сказаў ён. - Што датычыцца валютнага савета, дзякуй Вам вялікі. Вы агульнапрызнаная фігура. Нават нашы ворагі прызнаюць, што Эльвіра Набіуліна вельмі хутка разабралася з пытаннямі эканомікі ў Расіі і валютнымі праблемамі, асабліва ва ўмовах санкцый. Гэта я амаль працытаваў нашых ворагаў".
"Таму я прасіў бы Вас таксама спыніцца на пытанні - шмат пра гэта гавораць - лічбавага рубля. Што гэта такое, як будзем рухацца ў гэтым напрамку. Але самае галоўнае для мяне - гэта ўсё ж такі рэзервовая валюта", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер адбываецца дэдаларызацыя міжнароднай эканомікі. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся меркаваннем кіраўніка Цэнтрабанка, наколькі глыбока зайшоў гэты працэс. "Зразумела, што з'явяцца новыя рэзервовыя валюты. Я ўвесь час сваіх калег падштурхоўваю, што трэба бегчы, бегчы, бегчы цяпер, каб не адстаць. Вось тут можна бегчы ці ўсё ж такі гэта доўгі працэс?" - удакладніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў Эльвіры Набіулінай разгледзець шэраг іншых пытанняў, якія раней ужо абмяркоўваліся паміж бакамі. "Я з задавальненнем паслухаў бы Вас па тых праблемах, якімі жывуць сёння цэнтрабанкі і Беларусі, і Расіі. І калі ёсць якія-небудзь пытанні, Вы скажыце, мы будзем працаваць над гэтымі пытаннямі, каб іх зняць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы ж па валютным саюзе (размова пра Міжбанкаўскі валютны савет Нацыянальнага банка Беларусі і Цэнтральнага банка Расіі. - Заўвага) два разы ў год сустракаемся. Не толькі ў Мінску, мы сустракаемся ў розных месцах. Абмяркоўваем усе пытанні, тое, аб чым Вы сказалі", - адзначыла Эльвіра Набіуліна.
Кіраўнік Цэнтрабанка прыбыла ў Беларусь напярэдадні. Паводле яе слоў, яна была ўражана прыродай і дагледжанасцю краіны. "Учора проста прыехала крыху раней. І мы праехаліся - вядома, уражвае. Паглядзелі на палі - гэта захапленне, - падзялілася Эльвіра Набіуліна сваімі ўражаннямі. - Вельмі дагледжана ўсё, вельмі прыгожа. Усё засеяна, усё працуе. Вядома, уражвае".
"Падобна да Вашай радзімы (Эльвіра Набіуліна родам з Уфы, сталіцы Башкортастана. - Заўвага). Я заўсёды гавару: лячу на самалёце, падлятаю да вас - адзін у адзін. Адзін у адзін прырода", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.