Сустрэча з паслом Пакістана ў Беларусі Саджадам Хайдэрам Ханам

  • 9
  • 3:30

Беларусь гатова рухацца па шляху стварэння новых сумесных вытворчасцей у Пакістане. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 красавіка на сустрэчы з паслом Пакістана ў Беларусі Саджадам Хайдэрам Ханам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць далейшыя перспектывы беларуска-пакістанскага супрацоўніцтва. Прэзідэнт нагадаў, што двойчы наведваў з візітам Пакістан і ў Беларусі складваліся добрыя адносіны як з ранейшым Урадам, так і з цяперашнім.

"Нягледзячы на тую сітуацыю, якая складваецца сёння ў Пакістане, я абсалютна перакананы, што ў пакістанскага кіраўніцтва, эліты Пакістана дастаткова мудрасці, каб у гэты вельмі складаны перыяд захаваць гэту гіганцкую ядзерную дзяржаву, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У нас ёсць аснова для нашага супрацоўніцтва. Як мяне інфармуюць, у Пенджабе пачало функцыянаваць наша сумеснае прадпрыемства па вытворчасці тэхнікі. Мы гатовы і далей рухацца. Я ўпэўнены, што Вы добра ведаеце нашы магчымасці і чым мы можам быць карысныя для Пакістана. Калі ў вас ёсць цікавасць да нашай эканомікі, магчымасцей, вароты любога прадпрыемства, любой установы для вас адкрытыя".

У час сустрэчы таксама была закранута сітуацыя ў рэгіёне, у тым ліку ў кантэксце канфлікту паміж Расіяй і Украінай.

"Аб тым, што адбываецца ў гэтым рэгіёне ў сувязі з канфліктам у тым ліку Расіі і Украіны, Вы добра інфармаваны. Але, калі ў Вас будуць нейкія пытанні, я гатовы на іх адказаць. Але нашу прынцыповую пазіцыю Вы павінны ведаць: Расія з'яўляецца нашым саюзнікам, надзейным саюзнікам. Мы заўсёды былі разам з Расіяй і будзем у любой сітуацыі, у любых складанасцях і цяжкасцях", - заявіў Прэзідэнт.

"Мы за мірнае ўрэгуляванне гэтага канфлікту (Расіі і Украіны. - Заўвага). Мы не прымаем ніякай вайны, у нас гэта на генетычным узроўні. Мы прайшлі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя цяжкае дзесяцігоддзе, яно нам каштавала трэці насельніцтва. Таму беларускі народ ніякай вайны і ніякага канфлікту і процістаяння не прымае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"На гэтым заснавана і цяперашняя наша пазіцыя, якая заключаецца ў тым, што пытанні, якія абмяркоўваюцца так ці інакш на нейкіх міжнародных пляцоўках, не могуць абмяркоўвацца і рашэнні не могуць быць прыняты без уліку інтарэсаў беларускага боку, - сказаў Прэзідэнт. - Мы будзем і ў далейшым прытрымлівацца гэтай пазіцыі".

Пасол Пакістана ў сваю чаргу заявіў, што яго краіна разглядае Беларусь як сябра і саюзніка ў гэтым рэгіёне. Ён адзначыў, што за апошнія некалькі гадоў паміж краінамі было падпісана больш за 80 двухбаковых пагадненняў, яшчэ дзесяць дакументаў знаходзяцца на стадыі разгляду.