Сустрэча з Міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу
- 6
- 4:44
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка правёў сустрэчу ў Мінску з Міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу, які прыбыў у беларускую сталіцу ў развіццё нядаўніх дамоўленасцей паміж кіраўнікамі дзяржаў.
"Расстаючыся пасля апошніх перагавораў з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. - Заўвага), мы дамовіліся, што Вы са спецыялістамі прыедзеце ў Беларусь, і мы сядзем з Вамі, абмяркуем пытанні бяспекі Беларусі. Вы ведаеце, на ВДС я ўжо ўзнімаў гэта пытанне. Але да гэтага мы абмеркавалі гэта пытанне з Уладзімірам Уладзіміравічам", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што заходнія краіны не выконваюць дамоўленасці аб гарантыях бяспекі, якія даваліся ў рамках Будапешцкага мемарандума ў абмен на вывад ядзернай зброі. "Недзе пасля 1994-га года, вядомага Будапешцкага мемарандума, дзе кляліся ўсе заходнія дзяржавы і Расія прадаставіць поўную бяспеку Казахстану, Украіне і Беларусі. Зразумела, Вы ведаеце, што заходнія дзяржавы растапталі ўсе гэтыя дагаворы, пагадненні і заявы, і ніякай бяспекі няма. Мелася на ўвазе эканамічная бяспека ў тым ліку. Ну якая эканамічная бяспека, калі яны ўводзяць супраць нас, Расіі санкцыі?! - адзначыў беларускі лідар. - Таму я гэта пытанне ўзняў у перагаворах з Прэзідэнтам Расіі. Ён абсалютна мяне падтрымаў па ўсіх напрамках. І, гаворыць, нам трэба прарэвізаваць усе нашы дагаворы і пагадненні - Беларусі і Расіі, - паглядзець, які нарматыўны прававы акт міждзяржаўнага характару трэба прыняць цяпер, каб забяспечыць поўную бяспеку Беларусі".
"Увогуле гэта гучала на перагаворах так, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расійская Федэрацыя абараняе Беларусь як уласную тэрыторыю. Вось такія нам патрэбны (гарантыі. - Заўвага) бяспекі", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што на Захадзе забылі пра свае абавязацельствы. "Ну якія нам гарантыі бяспекі Амерыка можа прадаставіць? Ды ніякіх. Акрамя пабуджэння да агрэсіі супраць нас, як бачым мы цяпер. Нам ад нашай брацкай Расіі патрэбны поўныя гарантыі бяспекі. І вось мы з Пуціным, расстаючыся, яшчэ раз закранулі гэта пытанне і дамовіліся, што Вы са спецыялістамі прыедзеце сёння і мы гэта пытанне сур'ёзна абмяркуем у кантэксце той сітуацыі, якая складваецца вакол нас сёння. У тым ліку і спецыяльнай ваеннай аперацыі. Таму я дзякую Вам, што Вы прыехалі да нас. Думаю, мы сёння абмяркуем усе пытанні, якія датычацца нашых двухбаковых адносін і сітуацыі, што складваецца ў Беларусі і Расіі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адна тэма, якую Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з Сяргеем Шайгу, датычыцца баявой падрыхтоўкі і зладжвання сумеснай саюзнай групоўкі, у складзе якой ёсць і расійскія ваеннаслужачыя, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. "Я вам удзячны, што пры ўсіх складанасцях вы тут трымаеце некалькі тысяч расійскіх ваеннаслужачых. Мы, наколькі гэта трэба, падключыліся да гэтага працэсу. І рыхтуем разам з вашымі афіцэрамі гэтых хлопцаў, баявое зладжванне праводзім. Рыхтуем так, як належыць. Таму што расслабляцца нам тут не трэба. Вы бачыце, што палякі, літоўцы тут шавяліцца пачалі ў нашым напрамку. Таму гэта добрая такая падмога і апора для беларускай арміі, якая на заходнім флангу абараняе Саюзную дзяржаву", - заявіў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Сяргей Шайгу пацвердзіў, што прыбыў па выніках дамоўленасцей прэзідэнтаў. "Маю, зразумела, адпаведныя паўнамоцтвы і даручэнні нашага Прэзідэнта, Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Асобныя словы ўдзячнасці хацеў бы выказаць вашаму Міністэрству абароны, Вам асабіста. Прадастаўлены пяць палігонаў на тэрыторыі Беларусі. Яны абсталяваны, аснашчаны. Больш таго, прыцягваецца дастатковая колькасць інструктараў - афіцэраў беларускіх Узброеных Сіл для падрыхтоўкі ў тым ліку і нашага папаўнення. Сапраўды тут даволі вялікая групоўка. І мы, вядома, сёння разгледзім усе пытанні яе далейшага і знаходжання, і падрыхтоўкі, і, напэўна, пашырэння рамак, якія Вы абмяркоўвалі разам з Уладзімірам Уладзіміравічам", - сказаў Міністр.