Сустрэча з дырэктарам Службы знешняй разведкі Расіі Сяргеем Нарышкіным
- 7
- 4:48
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў станоўчыя вынікі супрацоўніцтва спецслужбаў Беларусі і Расіі, у тым ліку ў частцы тэхнічнага перааснашчэння. Аб гэтым ён заявіў 4 красавіка на сустрэчы з дырэктарам Службы знешняй разведкі Расіі Сяргеем Нарышкіным.
"У сувязі з рознымі падзеямі ў свеце, і не апошняя прычына тут і антытэрарыстычная, СВА Расійскай Федэрацыі - аперацыя, якая прымусіла нас з усіх бакоў паглядзець на ўсе структуры сілавога блока. Як я часта гавару, не было б гэтага, дык трэба было б прыдумаць, каб нас недзе падштурхнуць. У сувязі з гэтым працаваць пачалі актыўна. Але пагрозы вельмі сур'ёзныя. Часам неймаверныя", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спецслужбы часам не могуць за ўсім угнацца з улікам імклівага развіцця розных тэхнічных сродкаў. У сувязі з гэтым часам могуць узнікаць пэўныя пытанні. Ён падзякаваў расійскаму боку за дапамогу, што аказваецца ў перааснашчэнні і аснашчэнні беларускай службы. "Вы, напэўна, гэта заўважылі, што апошнім часам мы разведданымі абменьваемся больш інтэнсіўна. І якасць інфармацыі палепшылася. Гэта перш за ўсё звязана з актывізацыяй дзейнасці Камітэта дзяржбяспекі. Але і немалаважная роля ў тым, што расіяне вельмі сур'ёзна, і вы перш за ўсё, дапамагаеце нам у тэхнічнай разведцы. Што тут утойваць, сёння без тэхнікі наўрад ці можна атрымаць добрую, дакладную, праўдзівую інфармацыю", - сказаў Прэзідэнт.
"Але людзі павінны разумець: мы не ад Госпада Бога, усё мы прадугледзець не можам, - адзначыў беларускі лідар. - І ў нас, і ў вас з'яўляюцца розныя адмарозкі менавіта ўнутры грамадства, на якіх робяць стаўку замежныя тэрарысты. Іх інакш не назавеш. Гэта не разведка, не контрразведка, гэта проста нашы ворагі. Яны (апаненты і ворагі за мяжой. - Заўвага) знаходзяць у нашым лагеры, як прынята гаварыць, адпаведных людзей, робяць на іх упор".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб нядаўнім факце затрымання тэрарыста, які "па ўказцы выконваў заданні Службы бяспекі Украіны". "Самае галоўнае, што мяне больш за ўсё абурае, мы затрымалі ўжо больш за 30 саўдзельнікаў. Яны адкуль? Яны былая і цяперашняя сволач, што жыве ў нашым грамадстве (інакш іх, мярзоту гэту, назваць не магу), дапамагаюць учыняць проціпраўныя дзеянні. Тым больш тэракты на ўласнай зямлі, супраць сваіх жа суайчыннікаў", - сказаў Прэзідэнт.
"Таму работы ў нас вельмі шмат. Але я хачу вас запэўніць, што мы абсалютна адкрыты для супрацоўніцтва. Вы гэта адчуваеце і бачыце. І ўдзячныя вам за тую інфармацыю, якую вы нам пастаўляеце, і своечасова нас напружваеце па асобных пытаннях. Думаю, што наперадзе ў нас больш глыбокае супрацоўніцтва і на нас вы можаце разлічваць па тых напрамках, дзе мы нешта можам", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Сяргей Нарышкін падзякаваў за магчымасць сустрэчы. "Вельмі рады, што зноў апынуўся на гасціннай беларускай зямлі. Сёння разам з Іванам Станіслававічам (Старшынёй КДБ Беларусі Іванам Тэртэлем. - Заўвага) правядзём чарговае сумеснае пасяджэнне калегій дзвюх нашых спецыяльных службаў. Хацеў бы падкрэсліць, што наша ўзаемадзеянне раўнацэннае, яно ўяўляе ўзаемны інтарэс. Нешта ёсць больш моцнае ў нас, нешта мацнейшае ў нашых беларускіх калег, - сказаў ён.- Мы сапраўды ў апошнія гады вельмі сур'ёзна ўзмацнілі ўзаемадзеянне ў мэтах выяўлення і прадухілення ўсіх знешніх пагроз, што стаяць перад нашымі краінамі, перад Саюзнай дзяржавай Беларусі і Расіі. У нас даволі сур'ёзныя планы ў гэтым напрамку рухацца, каб дапамагаць, перш за ўсё палітычнаму кіраўніцтву нашых краін, на аснове разведінфармацыі, якую мы здабываем, прымаць вывераныя, дакладныя стратэгічныя рашэнні".