Даклад аб стане спраў у будаўнічай галіне
- 7
- 4:25
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 студзеня заслухаў даклад аб стане спраў у будаўнічай галіне і спытаў, як рэалізуецца задача па спрашчэнні працэсу будаўніцтва для розных катэгорый аб'ектаў.
Пачынаючы размову аб праблемных пытаннях, звязаных з будаўнічай галіной, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Проста гаварыльня тут нікому не патрэбна. Мяне цікавіць першае пытанне (мы з вамі аб гэтым дамаўляліся) - спрашчэнне працэсу будаўніцтва. Дык, як зрабілі па прыватным будаўніцтве".
Адносна ўзвядзення прыватнага жылля патрабаванні былі значна спрошчаны, нагадаў Прэзідэнт, і гэта было станоўча ўспрынята многімі людзьмі. "Участак ёсць у чалавека - будуй. Ты будуеш для сябе, нясеш за гэта адказнасць, і, як бачым, людзі самі пайшлі і ў МНС, і ў нейкі нагляд, і да вас для таго, каб вы падказалі, як лепш. Так павінна быць. Чалавек павінен вызначацца, як яму будаваць дом, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Тыя, хто будуе, - гэта 100% думаючыя людзі. Яны вызначацца, як будаваць. Трэба - папросяць нас, каб мы ім падказалі і дапамаглі".
"Астатняе жыллё, будаўнічыя аб'екты - мы дамаўляліся, што на працягу года (вы мне гаварылі да гэтага года) вы ўсё ўладзіце і ніхто не будзе крыўдзіцца ні з кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія будуюць новыя цэхі, ні прыватныя асобы, ні дзяржслужачыя, ні тыя, хто сабе жыллё будзе будаваць або купляць у шматпавярховых дамах кватэру, - яны крыўдзіцца на нас не будуць за празмерныя, непатрэбныя патрабаванні, - заявіў Прэзідэнт. - Што мы адрэгулюем гэтыя нормы, правілы і патрабаванні. Мне хацелася б пачуць сёння: вы гэта зрабілі ці не зрабілі".
Яшчэ адной тэмай, якая абмяркоўвалася ў Кіраўніка дзяржавы, сталі вынікі работы будаўнічай галіны ў 2022 годзе. "Яны нас у будаўнічай галіне, прама скажам, не радуюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы зноў пачынаеце даўгабуды параджаць у краіне, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да адказных асоб. - У вас незавершаныя будаўніцтвам аб'екты з'яўляюцца. І нават жылыя аб'екты. Па-мойму, аж 22 жылыя дамы, 19 у Мінску. Гэта непарадак. Мы людзям паабяцалі, што ўвядзём своечасова аб'ект, жылыя дамы, а мы іх не ўводзім. Ёсць і іншыя аб'екты недабудаваныя. За гэта спагнанне будзе сур'ёзнае".
На гэты момант сітуацыя з даўгабудамі па краіне вымушае жадаць лепшага. "Не наведзены парадак з даўгабудамі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Калі гэта не так, вы мне скажыце".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка перасцярог ад паўтарэння сітуацыі, якая склалася некаторы час таму, калі давялося прымаць жорсткія рашэнні, каб сітуацыя з даўгабудамі зрушылася з месца.
У якасці яшчэ адной важнай тэмы Прэзідэнт акрэсліў перспектывы развіцця будаўнічай галіны, асабліва з улікам планаў па першачарговым забеспячэнні жыллём ваеннаслужачых, шматдзетных сем'яў і іншых катэгорый.
Як далажыў Міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, работа міністэрства ў 2022 годзе была накіравана на забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання будаўнічага комплексу краіны, безумоўнага выканання задач у жыллёвым будаўніцтве, дыверсіфікацыі рынкаў збыту будаўнічай прадукцыі, а таксама прадаўжалася работа над удасканаленнем нарматыўна-прававой базы ў будаўніцтве.
"Увод жылля ў эксплуатацыю ў 2022 годзе чакаецца ў аб'ёме 4,2 млн кв.м, што адпавядае мэтаваму паказчыку дзяржаўнай праграмы на 2022 год, - даў справаздачу кіраўнік Мінбудархітэктуры. - Практычна палова пабудаванага жылля - індывідуальнае. Калі канкрэтней, 45%. Жылля з дзяржпадтрымкай у 2022 годзе ўведзена на 100 тыс. кв.м больш, чым было запланавана, - 1,3 млн кв.м. Таксама перавыкананы планы па будаўніцтве арэнднага жылля - на 60% і па будаўніцтве электрадамоў - на 35%".