Сустрэча з лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім
- 14
- 4:05
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 ліпеня запрасіў да сябе ў госці на малую радзіму беларуса і Героя Расіі касманаўта Алега Навіцкага. У Кіраўніка дзяржавы ён пабываў разам з дачкой Янай, а дзень таму, таксама па запрашэнні Прэзідэнта, наведвалі фестываль у Александрыі.
Кіраўнік дзяржавы паказаў гасцям домік сваёй маці, дзе ён рос. Побач з домам - велізарная вярба з шырокім тоўстым ствалом. Аляксандр Лукашэнка і Алег Навіцкі разам паспрабавалі яе ахапіць, прыхіліўшыся да дрэва. Для Аляксандра Лукашэнкі яно асабліва памятнае. Дрэву амаль 120 гадоў, але яно стойка пераносіла ўсю непагадзь. "І ламала, глядзі. І ўраган нейкі, потым навальніца… Я, калі прыязджаю, я заўсёды абдымаю яе", - падзяліўся патаемным беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка з гасцямі гутарыў на розныя тэмы. Алег Навіцкі прыйшоў на сустрэчу ў кашулі з нацыянальным арнаментам. У сувязі з гэтым, напрыклад, пагаварылі пра лён і перавагу вырабаў з яго.
Яшчэ адна памятная мясціна для Прэзідэнта на малой радзіме - гэта Трафімава крыніца. У свой час крыніцу ўладкаваў дзед Прэзідэнта - цясляр Трафім. Па яго імені людзі і сталі называць гэта месца. А ў 2013 годзе Трафімава крыніца была адноўлена і добраўпарадкавана па даручэнні Прэзідэнта. Вада ў ёй асвячоная і ўнікальна чыстая па сваіх уласцівасцях. Вядома, што крыніца была адной з любімых мясцін адпачынку Аляксандра Лукашэнкі ў дзяцінстве.
Кіраўнік дзяржавы падрабязна расказаў госцю, як адраджалася крыніца, удзел у рабоце прымалі і сыны Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт і касманаўт разам акунуліся ў крыніцу і, вядома, паспыталі вельмі смачнай сцюдзёнай вады. "Па-нашанску. Каб здаровымі былі. Каб колькі было палётаў туды, столькі было і пасадак", - прапанаваў тост Кіраўнік дзяржавы.
"Халодная вада, вельмі добрая", - сказаў Алег Навіцкі.
Цікава, што прыехалі Аляксандр Лукашэнка з Алегам Навіцкім на крыніцу на рарытэтным аўтамабілі ГАЗ-69. За рулём быў сам Кіраўнік дзяржавы. "Ачмурэць, проста ачмурэць!" - сказаў касманаўт, сядаючы ў машыну.
Прэзідэнт, зразумела, не пакінуў гасцей без пачастунку. Больш таго, сам у ролі шэф-повара прыгатаваў сваю фірменную салату "Маладосць. Антыкавідная". Сярод яе інгрэдыентаў - зялёная цыбуля, свежыя агуркі, вараныя яйкі.