Сустрэча з Генеральным сакратаром АДКБ Імангалі Тасмагамбетавым

  • 10
  • 4:31

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада сустрэўся з Генеральным сакратаром АДКБ Імангалі Тасмагамбетавым.

"У нас з Вамі адказны перыяд. Нам трэба дастойна правесці сесію нашай ваенна-палітычнай арганізацыі. І я хацеў бы перш за ўсё ад Вас пачуць, калі гэта ёсць, пэўныя нюансы напярэдадні гэтага мерапрыемства. Вельмі адказнага мерапрыемства. Мы вельмі сур'ёзна рыхтуемся да гэтага мерапрыемства", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца АДКБ, Прэзідэнт канстатаваў наяўнасць няпростага перыяду на постсавецкай прасторы. Перш за ўсё гэты перыяд характарызуецца некаторымі канфліктнымі сітуацыямі на гэтай прасторы, у тым ліку ў зоне адказнасці арганізацыі. "Але мы да гэтага гатовы, і я спадзяюся, што гэта мерапрыемства ў рамках ваенна-палітычнай арганізацыі ў Мінску будзе якраз садзейнічаць нарошчванню нашых намаганняў па абароне і бяспецы членаў АДКБ", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку таму факту, што ў гэты момант на поўдні ў Цэнтральнай Азіі ўдалося знайсці развязкі некаторага канфлікту, які існаваў паміж Таджыкістанам і Кыргызстанам.

Скончылася таксама процістаянне паміж Арменіяй і Азербайджанам. "Трэба думаць пра будучыню - як уладкоўваць там жыццё дзвюх дзяржаў", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Зразумела, што і там, і там праблемы збіраліся не адзін год, не два, не тры і не пяць. Гэта даўнія вострыя праблемы. Але намеціўся пазітыў у гэтых адносінах. Гэта не таму, што мы старшынствавалі (у АДКБ у цяперашнім міжсесіённым перыядзе.- Заўвага). Але на гэты перыяд прыпалі вось гэтыя добрыя захады, прыпаў такі момант, рух, трэнд да заспакаення сітуацыі на постсавецкай прасторы. Яшчэ раз падкрэсліваю, у зоне адказнасці АДКБ. Таму што і Арменія, і Кыргызстан з'яўляюцца членамі АДКБ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Імангалі Тасмагамбетаў выказаў удзячнасць Кіраўніку дзяржавы за магчымасць абмеркаваць напярэдадні важных мерапрыемстваў бягучую работу ў АДКБ і праблемныя пытанні ў дзейнасці арганізацыі. Як вядома, 22 лістапада ў Мінску адбудуцца пасяджэнні саветаў міністраў абароны, замежных спраў і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ. На 23 лістапада запланавана правядзенне сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

"Што датычыцца выканання плана мерапрыемстваў па рэалізацыі рашэнняў Савета калектыўнай бяспекі лістападаўскай сесіі мінулага года і прыярытэтных напрамкаў Беларусі, з 34 мерапрыемстваў 32 выкананы. Два мерапрыемствы, на жаль, выканаць не маглі. Гэта перш за ўсё нашы міжнародныя кантакты з еўрапейскімі міжнароднымі арганізацыямі, такімі як АБСЕ. З прычыны іх пазіцый. І другое пытанне - гэта даручэнне Савета калектыўнай бяспекі па дапрацоўцы рашэння па дапамозе Арменіі. Армянскі бок, хоць усе астатнія саюзнікі падтрымалі гэта рашэнне, не выказваў ніякага свайго інтарэсу да гэтага дакумента і, больш таго, у завяршальнай частцы нашай работы яны папрасілі яго наогул зняць з парадку дня", - сказаў Генеральны сакратар АДКБ.