Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам
- 5
- 1:53
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня на палях саміту ШАС у Бішкеку правёў сустрэчу з Прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам.
"Дзякуй, што знайшоў час сустрэцца і абмеркаваць некаторыя праблемныя пытанні, якія ў нас узнікаюць у адносінах. Праблемы ёсць і заўсёды будуць, але няма тых праблем, якія мы не змаглі б з вамі пераадолець. Давайце ў гэтым напрамку дзейнічаць", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Шахбаза Шарыфа.
"Мы з вамі дамаўляліся аб тым, што павінны падтрымліваць добрыя палітычныя адносіны і рэалізоўваць эканамічныя праекты. Калі шчыра гаварыць, то з палітыкай у нас усё нармальна. У нас добрыя палітычныя адносіны, добрыя асабістыя адносіны. Мы сябры, што тут казаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым, звярнуў увагу ён, у мінулым годзе аб'ём узаемнага гандлю паміж краінамі крыху прасеў. "Мы крыху з тавараабаротам праваліліся, працэнтаў на 20. Але ў жніўні бягучага года ўсё ж такі ў плане выканання даручэнняў зрухі ёсць. Нашы і вашы спецыялісты атрымалі пэўныя задачы. Я думаю, што будучы год у нас павінен быць больш актыўным", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама папрасіў Прэм'ер-міністра Пакістана перадаць самыя добрыя пажаданні свайму брату Навазу Шарыфу: "Самае галоўнае - здароўя. Я думаю, у бліжэйшай будучыні мы знойдзем час, каб сустрэцца ў вас у Пакістане. Зразумела, калі ў яго і ў вас будзе хоць якая-небудзь магчымасць пабываць у Беларусі - мы вас будзем чакаць".
У сваю чаргу Прэм'ер-міністр Пакістана павіншаваў беларускага лідара з днём нараджэння і выказаў самыя цёплыя пажаданні. "Тут прысутнічаюць камеры, таму я не адважуся спытаць, колькі вам гадоў. Але калі б камер не было, я пацікавіўся б вашым узростам", - пажартаваў Шахбаз Шарыф.
"Я вам потым без камер раскажу", - усміхнуўся Аляксандр Лукашэнка.
Прэм'ер-міністр Пакістана таксама перадаў найлепшыя пажаданні Прэзідэнту Беларусі ад свайго брата Наваза Шарыфа.
У час сустрэчы беларускі лідар і Прэм'ер-міністр Пакістана абмеркавалі розныя напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння. Інтарэс з пакістанскага боку быў выказаны да супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы сельскай гаспадаркі і высокіх тэхналогій. Размова таксама ішла аб падрыхтоўцы кадраў. Было адзначана, што ў хуткім часе група спецыялістаў з Пакістана прыедзе ў Мінск.
Акрамя таго, увага была ўдзелена канфлікту ЗША і Ірана, а таксама сітуацыі ў рэгіёне ў цэлым.


