Сустрэча са старшынёй Савета Міністраў Тога Форам Эсазімнам Гнасінгбэ
- 7
- 5:32
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня сустрэўся са старшынёй Савета Міністраў Тога Форам Эсазімнам Гнасінгбэ на палях саміту ШАС у Бішкеку.
"Мы грунтоўна пагаварылі па асноўных напрамках нашага супрацоўніцтва. Але, думаю, афіцыйна будзе не лішнім абмеркаваць некаторыя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння", - сказаў беларускі лідар.
"Закрытых тэм няма, вы для нас вельмі добрыя сябры - упэўнены, ужо цяпер, а не ў будучым. І я вас запрашаю да больш актыўнага супрацоўніцтва з нашай высокатэхналагічнай краінай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Я ведаю, вы зацікаўлены ў напрамку высокіх тэхналогій, медыцыны, аховы мацярынства і дзяцінства, аховы здароўя, да супрацоўніцтва ў гэтых галінах. Мы гатовы да гэтага, - падкрэсліў ён. - Мы чакаем больш маштабнага супрацоўніцтва ў рамках банкаўскіх сістэм, сферы адукацыі".
Прэзідэнт таксама прапанаваў старшыні Саўміна шырэй прыгледзецца да лінейкі беларускай тэхнікі, асабліва велікагрузнай: "Наша краіна машынабудаўнічая, і свой вопыт мы гатовы перадаваць вам".
Беларусь закупляе ў Тога какава-бабы. З улікам таго, што ў Беларусі развіта прамысловасць, дзе выкарыстоўваецца гэта сыравіна, Аляксандр Лукашэнка абазначыў гатоўнасць да больш маштабных закупак.
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы прапанаваў старшыні Савета Міністраў правесці ў Беларусі бізнес-форум: "Каб вашы спецыялісты, бізнесмены прыехалі ў Беларусь на некалькі дзён, вывучылі, паглядзелі на нашу эканоміку перш за ўсё. І зрабілі для сябе адпаведныя высновы".
Ён выказаў упэўненасць, што такое мерапрыемства садзейнічала б фарміраванню дарожнай карты Беларусі і Тога на перспектыву. "У час вашага візіту да нас альбо майго візіту ў Тога мы маглі б такую карту зацвердзіць", - сказаў Прэзідэнт.
"Вы вырашаеце вельмі важную задачу забеспячэння харчовай бяспекі і бяспекі ў цэлым сваёй дзяржавы. Вы ўжо зразумелі (і за гэта мы вам удзячныя), што Беларусь у вырашэнні гэтай задачы можа быць для вас карыснай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускі бок пастаўляе Тога не толькі прадукты харчавання, але і ўсё неабходнае для вытворчасці харчовых тавараў. "У прыватнасці, у вашу краіну паступае наша сельгасабсталяванне, сельскагаспадарчая тэхніка, уносячы свой уклад у харчовую бяспеку. Мы і далей гатовы дзейнічаць у гэтым плане і ствараць з вамі сумесныя прадпрыемствы ў вашай краіне", - запэўніў беларускі лідар.
"Вы прапанавалі цікавы для нас праект распрацоўкі фасфарытаў і будаўніцтва завода па вытворчасці комплексных угнаенняў. У час візіту вашага міністра замежных спраў у Беларусь мы прадставім вам свае інвестыцыйныя прапановы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Тога для Беларусі - гэта яшчэ адна апорная краіна на Афрыканскім кантыненце, абапіраючыся на дружалюбныя адносіны з якой можна ісці далей у развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў рэгіёне Заходняй Афрыкі, выкарыстоўваць сумесныя для гэтага магчымасці. Зыходзячы з гэтага, кіраўнік беларускай дзяржавы абазначыў шэраг напрамкаў, па якіх Беларусь і Тога маглі б развіваць супрацоўніцтва.
У сувязі з гэтым ад тагалезскага боку прагучала прапанова правесці больш глабальны бізнес-форум, запрасіўшы на яго прадстаўнікоў і іншых краін Афрыкі.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў старшыні Савета Міністраў Тога за арганізацыю візіту Міністра замежных спраў Беларусі ў гэту краіну і запрасіў кіраўніка МЗС Тога ў Мінск з візітам у адказ.


