Сустрэча з Прэзідэнтам Лаоса Тханглунам Сісулітам

  • 10
  • 3:34

Беларусі і Лаосу трэба інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 верасня на сустрэчы з Прэзідэнтам Лаоса Тханглунам Сісулітам на палях саміту ШАС у Бішкеку.

"Я думаю, нам трэба пачынаць больш інтэнсіўную работу паміж дзвюма краінамі. Нам ёсць што прапанаваць вашай краіне, асабліва на гэтым этапе развіцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адным з напрамкаў супрацоўніцтва ён назваў машынабудаванне. Пры гэтым размова ідзе не толькі аб гандлі, але і стварэнні сумесных вытворчасцей. "Як машынабудаўнічая краіна, мы гатовы працаваць з вамі не толькі ў галіне гандлю машынабудаўнічай прадукцыяй, але і ствараць сумесныя прадпрыемствы на аснове кааперацыі", - запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

"Разам з перадачай нашых тэхналогій мы гатовы абучыць вашых спецыялістаў нашым тэхналагічным працэсам", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўказаў на харчовую сферу: "Ведаю, што ваша краіна мае патрэбу ў пэўных прадуктах харчавання. Мы таксама гатовы ў гэтым удзельнічаць".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. "Мы гатовы прымаць вашых дзетак на аздараўленне ў Беларусь", - сказаў ён.

"Інакш кажучы, спадар Прэзідэнт, закрытых тэм у нас у супрацоўніцтве няма. Пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання і заканчваючы ваенна-прамысловым комплексам. Мы гатовы ў гэтым плане з вамі працаваць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Рады будзем бачыць Вас у Беларусі ў зручны для Вас час".

Прэзідэнт Лаоса Тханглун Сісуліт у сваю чаргу сказаў: "Мы можам сумесна працаваць у галіне здабычы карысных выкапняў, золата. Мы маглі б сумесна пабудаваць завод па перапрацоўцы золата. Такое прадпрыемства ў нас ужо ёсць, але мы можам пабудаваць яшчэ адзін. Нам вельмі хацелася б супрацоўнічаць з вамі ў гэтай сферы, у вас вельмі багаты вопыт".

Прэзідэнт Лаоса запрасіў у краіну прадстаўнікоў Беларусі для вывучэння іншых перспектыўных напрамкаў сумеснай работы. "Мы чакаем інвестыцый ад Беларусі. У нас шмат рэсурсаў, і мы гатовы падзяліцца прыбыткам", - запэўніў ён.

Тханглун Сісуліт таксама падзякаваў беларускаму лідару за арганізацыю адпачынку для дзяцей з Лаоса ў адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня". Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь і ў далейшым гатова прымаць на аздараўленне лаоскіх дзяцей.