Сустрэча з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў

  • 16
  • 24:03

Стымуляванне развіцця прадпрымальніцкага сектара эканомікі абмеркавалі 17 лютага на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў.

На сустрэчу былі запрошаны амаль два дзясяткі прадстаўнікоў бізнесу - гэта кіраўнікі розных кампаній і прадпрыемстваў, якія працуюць у Беларусі. У іх ліку кіраўнік сялянскай гаспадаркі "СПАРТАН-АГРА" Ігар Абрамчык, дырэктар унітарнага прыватнага навукова-вытворчага прадпрыемства "Тэхналіт" Аляксандр Бадзяка, дырэктар ТАА "ПАЖСНАБ" Алег Дзярабін, заснавальнік маркетплэйса Wildberries Таццяна Кім, гендырэктар ТАА "ФРЭШПАК САЛЮШЭНС" Уладзімір Пахомаў, гендырэктар ТАА "Машынабудаўнічае прадпрыемства "КОМПА" Валянцін Пікуль, дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю "АлюмінТэхна" Сяргей Саветнікаў, дырэктар прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Вітбудтэхмаш" Андрэй Сідараў.

Сярод удзельнікаў таксама кіраўніцтва Урада, Нацыянальнага сходу, Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыні аблвыканкамаў.

"Я запрасіў сёння вас для таго, каб пагаварыць аб надзённых праблемах, калі яны ёсць, або пытаннях, якія трэба вырашаць нашай прыватнай супольнасцю. Прытым прашу звярнуць увагу перш за ўсё чыноўнікаў (ва Урадзе і Адміністрацыі): у нас тут няма недзяржаўных прадпрыемстваў. У нас у краіне ёсць прыватнай і дзяржаўнай формы ўласнасці прадпрыемствы. Недзяржаўных людзей тут няма", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб удзельніках сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прасіў запрасіць паспяхова працуючых прадпрымальнікаў. "Таму што хто як не вы, якія прайшлі, як некаторыя кажуць, усю прывабнасць і пекла прадпрымальніцкай дзейнасці, ведаеце, што патрэбна для развіцця прыватнага бізнесу і прадпрымальніцтва ў Беларусі, - адзначыў Прэзідэнт. - Разам з вамі я маю магчымасць сёння абмеркаваць шляхі далейшага развіцця прадпрымальніцтва. Вы ўсе маеце салідны вопыт работы і на ўнутраным, і на знешніх рынках. Прайшлі праз пераадоленне посткавідных наступстваў, навучыліся спраўляцца з санкцыйным націскам з боку недружалюбных нам краін, іншымі бар'ерамі. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прыватны бізнес займае немалую долю беларускай эканомікі. Гэты сектар фарміруе палову ВУП, забяспечвае 37% прамысловай вытворчасці, менавіта на яго прыпадае трэць усіх інвестыцый.

"Таму развіццё камфортнага бізнес-асяроддзя - адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай эканамічнай палітыкі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней у Беларусі былі прыняты такія прарыўныя дакументы, як Дырэктыва № 4 і Дэкрэт № 7, уведзены цэлы комплекс спрашчэнняў і новаўвядзенняў. "Як я ведаю, яны былі высока ацэнены вамі, далі магчымасць кардынальна ажывіць ініцыятыву прадпрымальніцтва. Вось толькі не магу зразумець, што ж стрымлівае гэту ініцыятыву. Хацелася б ад вас пачуць гэта, - сказаў Прэзідэнт. - Ды і ў апошнія гады мы істотна рушылі наперад у развіцці экасістэмы для бізнесу: перавялі ў электронны фармат, як вы патрабавалі, усе паслугі па рэгістрацыі і ліквідацыі бізнесу; пашырылі магчымасці прымянення лічбавага подпісу; асучаснілі закон аб прадпрымальніцкай дзейнасці, які дае магчымасць маштабаваць бізнес без лішняй бюракратыі. Гатовы, калі трэба, яшчэ раз зрабіць крок у гэтым напрамку".

Таксама дзяржава па меры магчымасці падстаўляе малому і сярэдняму бізнесу фінансавае плячо.

"Разам з тым любая сфера патрабуе якаснай мадэрнізацыі. І, як мне дакладваюць, ёсць пытанні, на якія варта звярнуць самую пільную ўвагу", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Па-першае, Аляксандр Лукашэнка ўказаў на празмерную зарэгуляванасць.

"Пасля двухгадовай работы Урада па аптымізацыі адміністрацыйных працэдур іх колькасць скарацілася прыкладна да тысячы (нейкая страшная лічба). Але амаль 10% адносяцца да будаўнічай сферы. Мы асобна з гэтым разбіраемся і, думаю, разбяромся. Найбольш запатрабаваныя працэдуры па-ранейшаму не пераведзены ў паўнацэнны лічбавы фармат", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Напрыклад, так і не створана сістэма аднаго акна па такіх напрамках, як знешнеэканамічная дзейнасць, здзелка з нерухомай маёмасцю, рэгістрацыя права на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. "Усё гэта патрабуе папяровай цяганіны", - заўважыў Прэзідэнт.

Па-другое, ёсць прабелы ва ўсёабдымнай ацэнцы рэгулюючага ўздзеяння асобных прававых актаў.

"Гэты інстытут, які мы ўвялі яшчэ ў 2019 годзе, сёння працуе недастаткова эфектыўна. Хоць дамаўляліся, што па кожным прававым акце будзе належным чынам падлічана рэальная карысць (або шкода) уводзімых новаўвядзенняў для ўсёй эканомікі. Такая ацэнка павінна мець сілу не ніжэйшую за юрыдычную ацэнку прававых актаў", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Па-трэцяе, сярод пытанняў, на якія цяпер трэба звярнуць асаблівую ўвагу, Кіраўнік дзяржавы назваў дэкрыміналізацыю эканамічных рызык.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сярод прадпрымальнікаў, як і ў любой іншай сферы, трапляюцца нядобрасумленныя дзялкі і адзінкавыя выпадкі кідаюць цень недаверу на ўсю бізнес-супольнасць. "Але я хачу падкрэсліць: ніякіх штучных бар'ераў з-за некалькіх жулікаў дзяржава ўзводзіць не будзе. Да ўсяго трэба падыходзіць, абапіраючыся на прагматычнасць і разважлівасць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Думаю, што і мы павінны зыходзіць выключна з інтарэсаў сваёй эканомікі. Улада ў роўнай ступені зацікаўлена, каб прыватны і дзяржаўны сектары, а таксама замежныя прадпрыемствы працавалі на агульную карысць людзей і краіны, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта сведчыць аб тым, што мы павінны паставіць у роўныя ўмовы прыватныя і дзяржаўныя формы ўласнасці прадпрыемстваў. У роўныя ўмовы".

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, Прэзідэнт спытаў, якія фактары, на іх думку, стрымліваюць развіццё прыватнага сектара эканомікі, што перашкаджае прадпрымальнікам маштабна, шматразова нарошчваць інвестыцыі, пашыраць вытворчасць, ствараць высокапрыбытковыя працоўныя месцы, асабліва ў рэгіёнах. Паколькі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, відавочна, што нельга ўсіх збіраць у Мінску, таму што такая канцэнтрацыя працоўных кадраў у адным горадзе створыць, безумоўна, вельмі некамфортныя ўмовы для жыцця.

"Я вельмі разлічваю на ваш актыўны ўдзел і сумленны дыялог", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы пытанне падрыхтоўкі да сустрэчы з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў, Прэзідэнт звярнуў увагу Прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі і першага віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова на адсутнасць актыўнай дзейнасці з боку Савета па развіцці прадпрымальніцтва, які, на думку Аляксандра Лукашэнкі, павінен быў бы сабрацца, абмеркаваць праблемы прыватнага сектара і пытанні, што патрабуюць вырашэння на ўзроўні Прэзідэнта, данесці да Кіраўніка дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, прапанаваў ім выказацца наконт найбольш актуальных для прыватнага бізнесу праблем, выступіць з прапановамі аб далейшым развіцці экасістэмы для бізнесу. "Ёсць пытанні - абазначайце іх, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - І няхай іншыя, хто не трапіў сюды з вамі, спытаюць, калі вы паседзіце і разыдзецеся, баючыся абазначыць тую ці іншую праблему". Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што адносіны да прадстаўнікоў прыватных прадпрыемстваў з боку прадстаўнікоў дзяржавы павінны быць адпаведныя. А калі раптам здарыцца так, што нехта "накаціў" або лішні раз прыйшоў, зняважыў, то гэта не павінна заставацца без увагі. "Вы давядзіце да мяне (у нас гэта няцяжка зрабіць), і тады разборкі будуць жалезабетонна. Ніхто нікога не павінен зневажаць і прыніжаць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт зрабіў акцэнт на адказнасці бізнесу перад краінай і яе грамадзянамі, асабліва ў тым, што датычыцца выкарыстання валютных сродкаў. "У нас некаторыя, асабліва замежныя кампаніі, тут працуюць, людзі карачацца (не толькі кіраўнікі), так, па-народнаму кажучы, зарабляюць грошы, а кіраўнікі выводзяць за мяжу, - прывёў адзін з негатыўных прыкладаў Аляксандр Лукашэнка, запатрабаваўшы спыніць такую практыку. - Калі хочаце нешта купіць за мяжой, калі ласка, давайце выпрацуем сістэму, каб да вас ніхто не чапляўся. Але калі вы хаваеце за мяжой грошы, заробленыя тут, маё стаўленне да вас якое павінна быць?"

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ў Беларусі будуць стварацца роўныя ўмовы для ўсіх, хто працуе на народ, працуе сумленна і ў адпаведнасці з Законам.

Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова, прыватны бізнес актыўна падтрымаў ініцыятыву Прэзідэнта "Адзін раён - адзін праект" і рэалізуе больш за палову праектаў у рэгіёнах. "З 208 рэалізуемых праектаў у рэгіёнах 116 рэалізуюцца малым і сярэднім бізнесам. Аб'ём інвестыцый у гэтыя праекты - 40% ад агульнага аб'ёму і 65% - гэта колькасць ствараемых працоўных месцаў ад агульнага аб'ёму, або амаль 7 тыс.", - прывёў даныя статыстыкі першы віцэ-прэм'ер.

"Гэта значыць, тут ствараецца больш за палову прыватных прадпрыемстваў. Дзяржаўнай формы ўласнасці вы дапамагаеце з рэспубліканскага бюджэту, а прыватнікам не?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

"Не, тут мы дапамагаем усім. У гэтым выпадку ўмовы роўныя. Створаны адзіны фінансавы прадукт (фінансаванне пад 8% гадавых на восем гадоў), ён аднолькавы для ўсіх", - растлумачыў Мікалай Снапкоў.

"Я гэта спецыяльна падкрэсліў, каб прадпрымальнікі, бізнесмены разумелі, што, калі дзяржава вызначае якую-небудзь праграму, як "Адзін раён - адзін праект", мы ў аднолькавыя ўмовы ставім усіх - і прыватнікаў, і прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці, - заявіў Прэзідэнт. - Калі вас задавальняюць такія ўмовы, выраўноўвайцеся з прадпрыемствамі дзяржаўнай формы ўласнасці і працуйце. Калі не, глядзіце самі. І потым, не трэба раўняцца з дзяржаўнымі. Дзяржаўным прадпрыемствам мы часам навязваем такія адваротныя патрабаванні, якія вам не сніліся. Але тым не менш гэта галоўнае, каб вы разумелі: роўныя ўмовы для ўсіх, хто працуе на дзяржаву, на народ, сумленна працуе, у адпаведнасці з Законам і выплачвае падаткі".

"Не толькі роўныя ўмовы. Мы прыватны сектар будзем падтрымліваць. Гэта маё асабістае стаўленне. Хто сумленна працуе, вобразна кажучы, тых будзем жорстка падтрымліваць. І вы толькі скажыце, хто вам перашкаджае - галава адразу зляціць з любога, у пагонах ён, без пагонаў або дзяржаўны служачы. Толькі скажыце, але самі вы павінны быць чыстыя і празрыстыя, як шкло. Вось адзінае, што я ад вас прашу. Ніхто ў вас бізнес не адбярэ, ніхто вас нахіляць не будзе, дзяліць нешта не будзе. Гэта я вам гарантую. Але дзяржаўны інтарэс перш за ўсё. Я чалавек такі, але справа не ў гэтым. А справа ў тым, што краіна ў такой сітуацыі, што мы можам выжыць, толькі сумленна мабілізаваўшыся", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нядаўна яму паступіла пісьмо з Урада, якое датычыцца развіцця дзейнасці маркетплэйса Wildberries у Беларусі.

"Яны гатовы пашырацца тут і прадаваць. Пытанне: што прадаваць? "Мы імкнёмся да імпартазамяшчэння. Наш рынак невялікі, але мы хацелі б заняць гэты рынак сваёй вытворчасцю". І гэтак далей, і да таго падобнае. Калі так - калі ласка. Але яшчэ трэба ўлічыць адну рэч. Я не хачу, каб зніклі магазіны крокавай даступнасці, маленькія магазіны і гэтак далей. Я не хачу, каб была манаполія буйных сетак. І не хачу, каб у кагосьці былі такія ўмовы, а ў гэтых - гэтакія. Але калі нехта мадэрнізаваўся і рушыў наперад у будучыню, а Wildberries працуе менавіта так (я ўжо баюся, што ўвесь гандаль хутка пяройдзе ў інтэрнэт), такія прадпрыемствы мы будзем падтрымліваць. Але любое прадпрыемства павінна працаваць на Беларусь, на дзяржаву. Тады ў мяне не будзе да вас прэтэнзій", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў агучыў простую формулу ўзаемаадносін з бізнесам: "Працуйце сумленна. Вы для нас не чужыя. Вось для мяне асабіста. Таму калі нехта парушае гэту лінію, давядзіце да мяне пазіцыю гэтых людзей. І не бярыце чужое. Тады мы з вамі будзем у добрых адносінах. Асабліва не залазьце ў дзяржаўную кішэню. Таму давайце па-чалавечы выбудоўваць адносіны. Але я заўсёды гатовы абараніць прыстойнага, сумленнага чалавека. І асабліва прадпрымальніка. Яны ж на нас працуюць, на краіну. А мы павінны вас абараняць і на вас працаваць. Простая формула адносін".

"Няма больш адказнага, выбачайце за нясціпласць, Прэзідэнта ў плане вытворчасці і бізнесу, чым у Беларусі. Няма і не будзе. Таму што вы мне не плаціце. У нас няма тых, якія на паверхах сядзяць і з вас збіраюць даніну, як гэта было ва Украіне. Я гэта добра ведаю. Гэтага ніколі не будзе. Дык цаніце вы гэта", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што паняцці справядлівасці і сумленнасці часам нават больш шырокія, чым можна прапісаць у законе. Гэта, напрыклад, датычыцца сацыяльнай адказнасці бізнесу, дабрачыннасці.

"Тым, хто трапіў у цяжкую сітуацыю, часам не па сваёй віне, ну дапамажыце. Чыста па-чалавечы. Калі можаце. Я ж не прымушаю вас дапамагаць. Але мы бачым, калі вы недзе дабрачыннасцю займаецеся і дапамагаеце, - дзякуй вам, стаўленне да вас будзе адпаведнае, - сказаў Прэзідэнт. - Таму што вы дапамагаеце маім людзям. Я за іх адказваю. За вас і за іх - за грамадства ў Беларусі. Вы - за свае прадпрыемствы, за людзей, якія ў вас працуюць і гэтак далей. А я - за ўсіх за вас. Таму, калі вы дапамагаеце маім людзям, чаму я вам не павінен дапамагчы? Вось такія простыя ўзаемаадносіны павінны быць".

Адначасова Прэзідэнт папярэдзіў, што розныя схемы, пры якіх, напрыклад, выводзяцца грошы з дзяржаўнай казны, недапушчальныя, і ў плане адказнасці за правапарушэнні таксама ўсе ў роўных умовах.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў сфарміраваць пералік добрапрыстойных бізнесменаў.

"Наконт праверак гэтых і іншага. Давайце падумаем аб тым, каб спіс (скласці. - Заўвага) прыстойных бізнесменаў. Добрасумленных. Давайце зробім і апублікуем яго. З'явіліся яшчэ два чалавекі - дабавім. Але дадзім каманду Камітэту дзяржкантролю і іншае, каб яны прыходзілі да вас, цікавіліся, работнікі падатковых органаў нават, адзін раз у тры гады. Але там павінна быць жалезабетонна. Таму што сёння не парушалі, заўтра - парушылі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы гатовы з вашай падачы: вось спіс, я яго падпішу і перадам кантралюючым і іншым органам. Ніхто да вас не прыйдзе. Калі дабавіліся прыстойныя людзі, якія не парушаюць, да якіх прычапіцца няма да чаго, - мы іх туды дабавім".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў пытанні кантролю прыватнага бізнесу трэба разумець, што калі размова ідзе аб роўных умовах з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, то і кантроль павінен быць аналагічны. "Дык мы кантралюем, ды яшчэ як. Ну дык і вас будзем кантраляваць, калі вы гэтага заслугоўваеце. Так у любой дзяржаве. Але ў той жа час, падкрэсліваю, мы гатовы не кантраляваць. Як дамовімся. Калі вы будзеце падаткі выплачваць. Гэта - галоўнае. І не будзеце крыўдзіць людзей - звычайных рабочых, сялян, якія ў вас працуюць. Гэта галоўныя дзве ўмовы", - заявіў Прэзідэнт.

"Разам прыдумайце і ўнясіце мне прапанову. Вось мы і вырашым гэта пытанне. Калі хтосьці не хоча сумленна працаваць, мы вас таксама не пакараем, пакуль не знойдзем за што. Не злоўлены - не злодзей. Не я прыдумаў. Таму падумайце разам, як гэта зрабіць. Але не агулам. Агулам нават і не прапаноўвайце нічога", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гатовы асабіста дапамагаць бізнесменам ва ўстанаўленні партнёрскіх сувязей на замежных рынках. "Ёсць у вас інтарэс у Амане, Эміратах, у Саудаўскай Аравіі, у Афрыцы недзе… Вы скажыце, за што там можна зачапіцца. Я гатовы пры збегу акалічнасцей паляцець і гаварыць на гэту тэму. Я гатовы вам дапамагаць. Толькі і вы зразумейце, што вы не святыя і мы на вас, як на ікону, маліцца не збіраемся. Вы пайшлі ў бізнес - ведайце, што гэта цяжка, адказна. Але павінна быць сумленна", - сказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца разнастайных агульных скаргаў на відавочныя і невідавочныя празмерныя праверкі з боку кантралюючых органаў, Аляксандр Лукашэнка заклікаў да большай канкрэтыкі.

"Ні адзін інспектар, як раней, кубак кавы да прадпрымальніка зайсці не можа выпіць. Ён павінен атрымаць накіраванне свайго кіраўніка пісьмова. І калі да вас нехта прыйшоў і вы нешта западозрылі, вы праінфармуйце нас. Мы праверым, хто яго туды накіраваў. Ніводнай такой інфармацыі не было, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта значыць, сістэма створана. Знайдзіце магчымасць праінфармаваць. Мы вас возьмем пад кантроль, каб да вас потым "дружкі" яго не прыйшлі - дзяржслужачага або кантралёра. Я вам гарантую, асабіста гэта зраблю. Я асабіста буду вывучаць гэтыя праблемы. Чырканіце ў інтэрнэце - памочнікі ўсё гэта манітораць і мне на стол кожную раніцу. Я рэагую".

"У нашай дзяржаве пры такім падыходзе Прэзідэнта да гэтых пытанняў вы заўсёды можаце знайсці падтрымку. Заўсёды. Асабліва тыя, хто займаюцца вытворчасцю. Я хачу, каб вы мяне пачулі. Усё законамі, нарматыўна-прававымі актамі не адрэгулюеш. Таму ёсць яшчэ вось гэтыя рэгулятарныя прынцыпы чалавечых адносін. Давядзіце да майго ведама. Паверце, у мяне дастаткова ўлады, каб паставіць любога на месца", - заявіў беларускі лідар.

"Гэта вельмі важна, каб вы разумелі, што няма з боку Прэзідэнта, а ён вызначае гэту лінію, нейкага негатыўнага стаўлення да прыватніка. Наадварот. Калі мы недзе можам, мы ствараем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў у прыклад ствараемыя ў краіне тэхнапаркі, адзін з якіх у Мінску Прэзідэнт нядаўна наведваў. Там у першую чаргу працуюць невялікія прыватныя прадпрыемствы, якія вырабляюць запатрабаваную ў Беларусі і за мяжой прадукцыю. І размова ідзе аб тым, каб маштабаваць гэты бізнес. "Цяпер асабліва надаём гэтаму значэнне і ўвагу. Гэта для таго, каб бізнесмен, які толькі пачынае, прыходзіў і з малога пачынаў і развіваў. Там і арэнда, там умовы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што жадаючыя займацца бізнесам павінны разумець меру адказнасці і цвяроза ацэньваць свае здольнасці: "На руках насіць мы нікога не будзем. Усе сёння рванулі ў бізнес: "Ах, бізнес, вялікія грошы!" Але перш чым туды лезці, ты падумай, ці зможаш ты там працаваць. Гэта няпростая дарога".