Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Індыі ў Беларусі Ашокам Кумарам

  • 6
  • 6:06

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 лістапада сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Індыі ў Беларусі Ашокам Кумарам.

"Пытанне супрацоўніцтва Беларусі з Індыяй вельмі актуальнае цяпер і знаходзіцца на асаблівым кантролі. Мы далёка не ўсё рэалізавалі і нават блізка да таго не падышлі, каб рэалізаваць тыя магчымасці, якімі мы сёння валодаем. Хоць мы і ў два разы павысілі наш тавараабарот, дасягнуўшы паўмільярда долараў, але ў нашых адносінах гэта амаль нішто. І тая планка, да якой мы імкнёмся, - $2-3 млрд тавараабароту ў год - гэта цалкам рэальна і дасягальна. Таму галоўнае пытанне - гэта актывізацыя нашага супрацоўніцтва", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Наш Міністр замежных спраў даложыць, якія ў гэтым напрамку намі прымаюцца меры. Але мы хацелі б, каб і індыйскі бок да гэтага працэсу актывізацыі нашага гандлёвага абароту падключыўся грунтоўна. Я ведаю, што вы гэта зрабіць можаце. У нас вялікі вопыт назапашаны, вялікая перадгісторыя нашых адносін яшчэ з савецкіх часоў. Таму мы хацелі б з вамі актывізаваць гандлёва-эканамічныя адносіны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца палітычных, дыпламатычных адносін, Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што яны знаходзяцца на даволі высокім узроўні. Але гандлёва-эканамічныя адносіны маглі б даць гэтаму сур'ёзнае паскарэнне і штуршок, упэўнены ён.

"Былі б рады вітаць у Беларусі Прэм'ер-міністра Модзі. Мы заўсёды гатовы яго прымаць, чакаем яго ў Беларусі. Гэтак жа, як і ўвесь беларускі народ. Я ўпэўнены, што беларусы хацелі б убачыць тут Прэм'ер-міністра, вельмі вопытнага і вельмі ўплывовага чалавека", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў яго асабіста склаліся вельмі добрыя і цёплыя адносіны з Нарэндрам Модзі. "Мы пастаянна з ім сустракаемся на міжнародных пляцоўках, як гэта было апошнім часам у Кітаі на пасяджэннях ШАС", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы гатовы з вамі працаваць пад вашым старшынствам у БРІКС і гатовы зрабіць усё неабходнае для таго, каб ваша старшынства было паспяховым. Мы ўдзячныя вам за тую дапамогу і падтрымку, якую вы аказалі нам пры ўступленні ў ШАС, а таксама за партнёрства ў БРІКС. Мы з задавальненнем абапіраемся на вашу дапамогу і падтрымку. І вы ніколі нам у гэтай дапамозе і падтрымцы не адмаўлялі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь таксама імкнецца наладжваць з Індыяй гуманітарнае супрацоўніцтва. "Пачалі з кінематографа. Гэта зразумела. Таму што ў вас гэта сфера вельмі развіта. На "Лістападзе" ў нас вашы фільмы прадстаўлены. Мы дзякуем вам за тое, што вы прымаеце ў гэтым удзел", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падзякаваў індыйскаму боку і за ўдзел на вельмі высокім узроўні ў праведзенай нядаўна Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы: "Мы гэта заўважылі і вельмі цэнім".

"Словам, спадар пасол, ёсць шмат чаго цікавага, адштурхваючыся ад чаго мы можам актывізаваць наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. А эканоміка з'яўляецца базай для нарошчвання па іншых напрамках нашага ўзаемадзеяння", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Пасол Індыі Ашок Кумар у сваю чаргу сказаў: "Для мяне вялікая пашана прысутнічаць сёння на сустрэчы з Вамі. Цалкам згодны з Вамі, што гісторыя нашых адносін даволі працяглая, нашы адносіны цёплыя і сардэчныя".

Дыпламат адзначыў, што зусім нядаўна намеснік Міністра замежных спраў Індыі Сібі Джордж прымаў удзел у ІІІ Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. Ён таксама правёў шэраг сустрэч у МЗС Беларусі, у тым ліку сустрэчу з Міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым, адбыліся двухбаковыя палітычныя кансультацыі. У цэнтры ўвагі абодвух бакоў былі як ужо дасягнутыя вынікі супрацоўніцтва, так і наступныя крокі па далейшым развіцці ўзаемадзеяння.

Пасол, спасылаючыся на выступленне намесніка кіраўніка МЗС Індыі на пленарным пасяджэнні канферэнцыі ў Мінску, абазначыў пазіцыю яго краіны адносна бачання глабальнага светаўладкавання. Паводле яго слоў, адносіны трэба будаваць па аналогіі з тым, як гэта адбываецца ў вялікай сям'і. "Такая была старажытная мудрасць, і мы павінны яе развіваць і жыць такім чынам разам", - сказаў дыпламат.