Сустрэча з прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх цэркваў у Ватыкане кардыналам Клаўдзіа Гуджэроці
- 9
- 3:55
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 кастрычніка сустрэўся з прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх цэркваў у Ватыкане кардыналам Клаўдзіа Гуджэроці.
"Я азнаёмлены ў дэталях з Вашым візітам. Вельмі рады, што Вы ўспомнілі Беларусь і Вам спадабалася Беларусь, спадабаліся нашы людзі. Усе. Не толькі католікі, праваслаўныя. І іншыя людзі. І нават мусульмане вельмі добра ўспрынялі Ваш візіт. Гэта сведчыць аб тым, што той след Ваш у Беларусі, выбачайце за таўталогію, не бясследны, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму я вельмі рады сустрэцца з Вамі. Я памятаю ўсе нашы сустрэчы, размовы, перагаворы, абавязацельствы, якія мы выконваем, выканалі або нешта не выканалі - мы сёння з Вамі адкрыта па-сяброўску пагаворым пра гэта. Я вельмі рады сустрэцца і абмеркаваць усе пытанні, якія, магчыма, назбіраліся ў нашых адносінах".
Кардынал Клаўдзіа Гуджэроці наведваў Беларусь у якасці спецыяльнага пасланніка Папы Рымскага Льва XIV для ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды святкавання 100-годдзя Пінскай епархіі. Яна была заснавана 25 кастрычніка 1925 года і цяпер з'яўляецца адной з чатырох каталіцкіх епархій у Беларусі, ахопліваючы тэрыторыю Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Прадстаўнік Ватыкана ў 2011-2015 гадах займаў пасаду Апостальскага нунцыя ў Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Клаўдзіа Гуджэроці з вельмі паспяховай службай: "Таксама назіраю ўважліва. Я вельмі рады за Вас. І заўсёды лічу, што ў Вашым поспеху ёсць маленькая часцінка беларускай душы. Таму мы Вас вітаем тут. У любы час прыязджайце. Я не ведаю, якая віза яму патрэбна. Ён у нас беларус фактычна".
У сваю чаргу Клаўдзіа Гуджэроці ўсё ж пацвердзіў, што віза патрабуецца і яе атрымання даводзіцца чакаць прыблізна 15 дзён.
"Не, мы вырашым пытанне, каб Вы прыязджалі ў Беларусь у любы час без усялякіх 15 дзён. Вы нам не чужы чалавек", - запэўніў беларускі лідар.
Клаўдзіа Гуджэроці адзначыў, што яму вельмі прыемна, што Папа Рымскі выбраў менавіта яго для паездкі ў Беларусь на святочныя мерапрыемствы. "Магчыма таму, што ведае, што мне падабаецца Беларусь", - сказаў ён.
"Такое свята ў Пінску, Брэсце, Гомелі. Сустрэча з людзьмі была цудоўная. Таму што відаць, што ўсміхаюцца. Адчуваю, што надзея ёсць. Маладыя ёсць. Хлопчыкі, дзеці ёсць. Гэта значыць, што разумеюць, што будучыня бліскучая, калі мы ўсе працуем разам", - падкрэсліў Клаўдзіа Гуджэроці.
Гаворачы аб існуючых у Еўропе і свеце праблемах, прадстаўнік Ватыкана звярнуў увагу, што тыя ці іншыя адрозненні не павінны перашкаджаць дыялогу. "Дыялог - гэта важна. Глядзець у вочы адзін аднаго, разумець, што ў нас ёсць тое ж самае - душа. Тады ўсё магчыма, калі ты адчуваеш, што паважаеш і любіш чалавека. Будучыня ў нашых руках і руках Божых", - заявіў ён.
"Цалкам згодны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


