Сустрэча з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым
- 10
- 19:34
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 ліпеня сустрэўся з дэлегацыяй Санкт-Пецярбурга на чале з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым.
"Я вельмі цаню, як і ўсе беларусы, нашы добрыя цёплыя адносіны з Санкт-Пецярбургам", - падкрэсліў беларускі лідар.
Гаворачы на тэму 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якое адзначаецца ў гэтым годзе, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што самыя пацярпелыя людзі ў гэтай вайне - беларусы і ленінградцы. І менавіта ленінградцы ў пасляваенны перыяд аказалі істотную падтрымку беларусам і гораду Мінску ў аднаўленні і адраджэнні. "Менавіта ленінградцы першымі прыйшлі да нас на дапамогу. Ад Ленінграда і навука ў Акадэміі навук (Беларусі. - Заўвага) часткова зараджалася і праходзіла аднаўленне разбуранай краіны. Таму ў нас вельмі істотная глыбіня нашых адносін, заснаваная на гэтым братэрстве", - сказаў Прэзідэнт.
"Ленінград для нас, Піцер - прыярытэт прыярытэтаў", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што гэта звязана не толькі з нядрэнным узроўнем развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Прэзідэнт разлічвае, што ў бліжэйшы час бакі ў гэтым плане перасягнуць адзнаку $2,5 млрд. "Мы гэта можам зрабіць. Справа не толькі ў гэтым. А справа ў гэтай духоўнасці, ідэйнасці, якая з'яўляецца асновай нашых узаемаадносін", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб сферах супрацоўніцтва, Прэзідэнт у першую чаргу звярнуў увагу на прадукцыю машынабудаўнічай галіны, якую ў краіне захавалі з савецкіх часоў і дадаткова развілі ў суверэнны перыяд гісторыі. У Санкт-Пецярбург з Беларусі пастаўляецца, напрыклад, пасажырская тэхніка. "Мы будзем старацца так, каб нават тыя, хто ў гэтым вельмі зацікаўлены - апазіцыйныя так званыя СМІ, - не піярыліся на тым, што недзе нейкая няспраўнасць у нашай тэхнікі".
Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане прапанаваў пры неабходнасці наладзіць якаснае тэхнічнае абслугоўванне беларускай тэхнікі ў Санкт-Пецярбургу, каб поўнасцю адказваць за гэту сферу.
Ёсць цікавасць у Санкт-Пецярбургу і да беларускай камунальнай тэхнікі. Для патрэб расійскай паўночнай сталіцы нават зрабілі спецыяльны ўзор тэхнікі для ўборкі вуліц, якая ў бліжэйшы час прыбудзе для доследнай эксплуатацыі.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прадаўжаць супрацоўніцтва па пастаўках ліфтавага абсталявання.
Беларускі бок таксама гатовы ствараць у Санкт-Пецярбургу сумесныя прадпрыемствы па ўсіх напрамках, якія цікавяць: "Галоўнае - нам патрэбны гарантыі. Калі ёсць гарантыя губернатара, што вось гэта развіваем вось тут, прыходзьце працуйце, мы з задавальненнем ідзём пад вашы гарантыі. Нам гэта больш важна, чым фінансавыя нейкія гарантыі".
Прэзідэнт упэўнены, што пры стварэнні такіх сумесных прадпрыемстваў можна ўжо на месцы забяспечыць і значную долю лакалізацыі, роўна як і беларуская прадукцыя часткова вырабляецца з выкарыстаннем расійскіх камплектуючых. "Калі мы нават арганізуем зборачную вытворчасць на пачатковым этапе ў вас, то яна на 50% будзе расійскай. Яна ўжо будзе лакалізавана", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Санкт-Пецярбургу таксама спадабалася пажарная тэхніка, якая вырабляецца ў Беларусі, і ёсць гатоўнасць працаваць з адпаведнай кампаніяй. "Мы ўсяляк будзем падтрымліваць гэтыя праекты", - запэўніў беларускі лідар.
Традыцыйная экспартная пазіцыя Беларусі ў Санкт-Пецярбург - прадукты харчавання. "Мы гатовы і далей супрацоўнічаць, ствараць там базы, магазіны для таго, каб патанніць прадукцыю. У асноўным гэта пастаўкі дзяржаўных кампаній, перапрацоўчых кампаній. Мы не збіраемся нажывацца на павышэнні цэн і можам вам даказаць, што наша прадукцыя будзе заўсёды таннейшая за любую прадукцыю, якая ў вас у Піцеры на паліцах. Пра якасць я не гавару. Стаўленне беларусаў да якасці вы добра ведаеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Асобны напрамак супрацоўніцтва - гэта стварэнне ў расійскай паўночнай сталіцы ўласных беларускіх партовых магутнасцей.
"Хачу вам падзякаваць за тую падтрымку, якую вы аказвалі і мне, і Беларусі, і нашай кампаніі, што займаецца будаўніцтвам там порта ў Бронцы. Нямала зроблена. Нават вельмі шмат зроблена", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што ў свой час з прапановай аб будаўніцтве партовых магутнасцей для Беларусі выступіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін: "Я здзівіўся, што ён да метра ведае ўсю гэту партовую тэрыторыю. Паказаў мне: "Вось, калі ласка, калі хочаш, давай тут Беларусі выдзелім месца, будуйце".
"Многае ўжо там зроблена. Думаю, што разам з вамі мы яшчэ больш зможам зрабіць. Але на гэтым этапе мы вельмі ўдзячныя за тую падтрымку, якую вы аказваеце. Мы перавязём у бягучым годзе праз гэты порт амаль 7 млн тон розных грузаў. І сыпучых грузаў, і нафтапрадуктаў. Будзем грузіць усё. Будзем развіваць гэты порт, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы плануем (7 млн тон - гэта зусім няшмат для нас) яшчэ і ў Мурманск выйсці. Гэта рэзервовае такое месца, але там трэба будаваць гэты порт, і на гэта спатрэбіцца нямала гадоў. Таму для нас гэта (порт у Санкт-Пецярбургу. - Заўвага) асноўная дарога ў свет для нашай прадукцыі".
У час размовы Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў пытанні цэнаўтварэння, расказаўшы пра беларускі вопыт работы ў гэтай сферы. Галоўнае ў гэтай рабоце - забяспечыць справядлівасць, не ўшчамляючы нічые інтарэсы, вытворца гэта, перапрацоўшчык, гандаль ці спажывец.
"Мы не адмаўляемся ад работы на дзяржаўным узроўні. Гляджу, і вы ўжо не толькі на бульбу, але і ў цэлым спрабуеце цэны адрэгуляваць. Хоць нас крытыкавалі ў мінулым годзе, што мы рэгулюем цэны, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы нічога не рэгулявалі. Мы проста хацелі ўстанавіць правілы. Як я галоўнаму нашаму цанавіку гавару, не трэба нічога рэгуляваць, мы не ўмеем гэта рабіць, і гэта немагчыма цяпер у гэтым хаосе. Трэба цану справядлівасці ўстанавіць".
"Але адчуваю, што са змяненнем Урада пасля выбараў там пачаліся свавольствы. Я гэта бачу. Мне людзі пішуць кожны дзень. А прэс-служба аналізуе гэта і ўсё мне на стол. Таму рыхтуйцеся, будзеце дакладваць мне па цане справядлівасці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускага боку на сустрэчы. У іх ліку былі першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
"Цяпер галоўнае пытанне ў нас і ў Расіі - справядлівасць. Людзі хочуць справядлівасці. Яны далёкія ад нашай гэтай эканомікі. Гэта ім і не трэба. Але яны хочуць справядлівасці. Каб, прыйшоўшы ў магазін, ён не адчуваў сябе як у музеі - паглядзеў на "экспанат" і пайшоў, таму што ў кішэні няма грошай, - падкрэсліў беларускі лідар. - Я абсалютна ўпэўнены, што і Расія да гэтага прыйдзе. Нашы народы славянскія - Украіна, Беларусь, Расія перш за ўсё - яны несправядлівасці не пацерпяць. Хочам мы гэтага ці не, мы вымушаны будзем гэту справядлівасць ствараць. Неабавязкова такім шляхам. Нейкім іншым".
"На гэтых прынцыпах мы заўсёды працавалі. І бачу, што гэта дае свой плён і ў Піцеры. Абяцаю вам, пры нашай дамоўленасці, будзем дакладна выконваць свае абавязацельствы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт у размове з губернатарам Санкт-Пецярбурга закрануў розныя аспекты справядлівасці ў гандлі. І гэта не толькі цэны, але і зарплаты работнікаў. "Не так, каб на Блакітным беразе жывот грэць і атрымліваць $70 тыс. у месяц, у той час як Br500-700 кантралёр-касір у гандлі атрымлівае. Вось, ён - вялікі гаспадар, заснавальнік. Гэта справядліва? Гэта несправядліва", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
З іншага боку, на цэнаўтварэнне ўплываюць пытанні рэнтабельнасці і сабекошт вытворчасці на прадпрыемствах, над чым таксама можна працаваць. Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане лічыць магчымым устанавіць пэўную планку для вытворцаў, прывёўшы ў прыклад работу малакаперапрацоўчага прадпрыемства, працу якога абмяркоўваў у час даклада аднаго з кіраўнікоў абласцей. "Нядаўна ў суботу мне адзін з губернатараў далажыў, што ён працуе з адной прыватнай кампаніяй, - сказаў Прэзідэнт. - Кажа, сяляне задаволены, аплата своечасовая, цэны нармальныя, перапрацоўшчык не церпіць страты і іншае, іншае. Ён у галіне малочных прадуктаў (працуе. - Заўвага). Чаму мы не можам узяць гэту сістэму? Усе задаволены. І я тым больш буду задаволены, і народ будзе задаволены. Цэны не задзіраюць".
"Не, у нас цялёпкаюцца. Ну я разбяруся, чаму цялёпкаюцца, чаму не могуць узяць тыпавую гаспадарку, дзе, як я сказаў, па ланцужку ўсе задаволены, і ўстанавіць гэты парог: працуйце, як яны. Вось і ўся рэгуліроўка. Нехта недацягвае да гэтай рэнтабельнасці - гэта вашы праблемы, гэта працуйце з сабекоштам. Гэта не толькі цана, па якой мы прадаём, гэта не толькі прыбытку сабе ў кішэню нагрэбці", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


