Сустрэча з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Юрыем Слюсарам
- 16
- 16:13
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада сустрэўся з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Юрыем Слюсарам.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэта яго першая сустрэча з Юрыем Слюсарам на пасадзе кіраўніка рэгіёна, але раней яны ўжо сустракаліся - у час візіту Прэзідэнта Беларусі ў Іркуцкую вобласць у чэрвені 2024 года, калі Аляксандр Лукашэнка наведваў Іркуцкі авіяцыйны завод (ІАЗ), а Юрый Слюсар займаў пасаду кіраўніка ПАТ "Аб'яднаная авіябудаўнічая карпарацыя".
"Літаральна кароткая размова з вамі, нават не па канкрэтнай тэме… Вы тады ўзнялі вельмі важную тэму, звязаную з прамысловасцю, машынабудаваннем. Вы крылатую фразу сказалі: "Калі няма станкоў, дык пра якое машынабудаванне, самалётабудаванне можна гаварыць?" - нагадаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што абсалютна згодны з такім пунктам гледжання.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што яшчэ ў часы Савецкага Саюза ў Беларусі актыўна развівалася вытворчасць станкоў. "Усе прадпрыемствы, якія тады былі ў Саюзе, мы захавалі. І нават рушылі наперад, наколькі гэта магчыма", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. І цяпер у краіне вырабляецца якасная прадукцыя станкабудавання, якая найбольш запатрабавана і неабходна на рынках. "У сродках масавай інфармацыі ўсё часцей кажуць: ах, вось станкі з ЛПК, ах там вось нейкія "касмічныя" станкі, якія мы толькі бачылі і вырабляць не ўмеем, а вырабляюць паўтары-дзве краіны. Магчыма. Але ж такіх станкоў няшмат трэба. Усё астатняе мы ўмеем рабіць. І ў Расіі, і асабліва ў нас. Я ведаю дакладна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Гэты напрамак неабходна развіваць, упэўнены Прэзідэнт, і Беларусь да гэтага гатова.
Яшчэ адзін напрамак сумеснай дзейнасці, які абазначыў Аляксандр Лукашэнка, - прамысловы блок, які ўключае і сумесныя праекты, і пастаўкі прадукцыі. Супрацоўніцтва ў гэтай галіне ўяўляе ўзаемны інтарэс, асабліва з улікам геаграфічнага становішча Растоўскай вобласці і блізкасці новых рэгіёнаў Расіі, якія ў далейшым трэба будзе аднаўляць. "Нікуды не дзенецца Расія і кіраўніцтва Расіі ад таго, каб развіваць гэты рэгіён. З улікам таго, што давядзецца вельмі шмат пасля вайны ўкладвацца ў гэтыя ўсходнія рэгіёны", - заўважыў беларускі лідар.
"Мы прынялі адназначнае рашэнне, што мы там павінны прысутнічаць, усёй сваёй прадукцыяй, у якой вы і суседзі (бліжэйшыя да Растоўскай вобласці рэгіёны. - Заўвага) будуць мець патрэбу і маюць патрэбу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў аб рашэнні пабудаваць у гэтым расійскім рэгіёне мультыбрэндавы цэнтр айчыннай тэхнікі. "Нам трэба падумаць, каб усё было ў адным цэнтры і бліжэй, наколькі гэта магчыма. Каб мы маглі прадаваць сваю тэхніку, свае запасныя часткі па выгаднай, канкурэнтнай цане", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы гатовы туды ісці і прапанаваць умовы лепшыя, чым іншаземцы. Але гэта залежыць ад вас, нават не ад нас. У нас прынята рашэнне, і мы ў гэтым напрамку будзем дзейнічаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Станоўча ён ацаніў і ход рэалізацыі сумесных праектаў, у тым ліку ў сферы самалётабудавання, энергетыкі, прамысловай кааперацыі. І такое цеснае супрацоўніцтва дае свае вынікі. Так, напрыклад, тавараабарот за апошнія пяць гадоў вырас удвая. "Тыя тэхналогіі, якія мы захавалі і прымножылі, сабраўшы з усяго свету, мы без праблем перадаём вам, будзем разам там працаваць. І гэта ж не дабрачыннасць, мы не бясплатна працуем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Аналагічна Беларусь гатова дзейнічаць і ў развіцці супрацоўніцтва ў аграпрамысловым сектары, тым больш што айчынныя прадукты харчавання ўжо маюць добрую рэпутацыю на расійскім рынку дзякуючы сваёй выдатнай якасці. "Не накарміўшы, не апрануўшы людзей (а нават у цёплай Растоўскай вобласці часам зімой бывае і халодна), размаўляць пра якую-небудзь палітыку няма чаго. Мы гатовы падключыцца да гэтага (забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання. - Заўвага), калі ў вас будзе такое жаданне, - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. - Усё, што мы можам (вырабляць у гэтай сферы. - Заўвага), можа і Расія, але Расія велізарная, а Растоў побач (на параўнальна невялікай адлегласці ад Беларусі. - Заўвага). Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць па ўсіх напрамках. Галоўнае - дамовіцца".
Для Беларусі як краіны з экспартна арыентаванай эканомікай, безумоўна, важнае значэнне маюць пастаўкі прадукцыі, перш за ўсё на традыцыйныя рынкі, да якіх адносіцца і расійскі. "Гэта пытанне нумар адзін - эканоміка. Яна ўсюды адыгрывае найважнейшую ролю, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Калі будзе ваша падтрымка, мы гатовы прадаставіць комплекс паслуг і тавараў, якія вельмі патрэбны будуць вам і вашым суседзям".
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць захавання і развіцця ўзаемаадносін дзвюх краін, асабліва ў цяперашніх няпростых умовах. "Націск звонку каласальны. Не называю адрасы, паролі, яўкі. Вы гэта добра ведаеце. Таму нам трэба ўтрымаць сваё. Беларусь і Расія былі разам і будуць. Ніхто не зможа разарваць наша адзінства, як бы камусьці ні хацелася. Гэтага не дазволяць людзі, народы. Гэта трэба вытрымаць, гэта трэба ўтрымаць. Гэта галоўнае", - сказаў беларускі лідар.
У аснове такога супрацоўніцтва - мноства фактараў, уключаючы культурную, гістарычную агульнасць, міжасобасныя кантакты, але перш за ўсё, на думку Прэзідэнта, павінна быць эканоміка. Яна адыгрывае найважнейшую ролю, гэта галоўнае, што павінна аб'ядноўваць дзве дзяржавы. "А не хадзіць тут з "Рассупрацоўніцтвам" і агітаваць за Расію. Не трэба. Беларусаў за Расію агітаваць не трэба. Трэба эканамічна звязваць нашы дзяржавы і народы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці прыкладу эфектыўных рашэнняў, якія садзейнічаюць развіццю супрацоўніцтва, Прэзідэнт прывёў павелічэнне колькасці рэйсаў вельмі запатрабаваных паяздоў "Ластаўка" па маршруце паміж Масквой і Мінскам. "Гэтыя ашалелыя закрылі граніцу на захад. Ну, добра. Нашы ездзілі ў Піцер, у Маскву... У Казань паехалі людзі з Мінска (у тым ліку пабалець за мінскае "Дынама" на хакейным матчы з "Ак Барсам" 16 лістапада ў Казані. - Заўвага) - да сябе дадому. Ніхто іх не стрымлівае. Самалёты, верталёты, паязды, аўтобусныя маршруты - яны вельмі ў нас запатрабаваны. А ў расіян запатрабавана Беларусь", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, расіяне - на першым месцы сярод наведвальнікаў турыстычных аб'ектаў у Беларусі. Вялікім попытам карыстаюцца і беларускія гасцініцы, запатрабаваны медыцынскія паслугі.
"Літоўцы вішчаць, верашчаць цяпер: адкрыйце граніцу. Мы яе не закрывалі. І мы ніколі дрэнна ні да палякаў, ні да літоўцаў, ні да латышоў не ставіліся. Гэта нашы суседзі, куды дзявацца? Так, яны сёння кіруюцца звонку, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Ведаеце, жыццё прымусіць. Прыйдуць да ўлады іншыя людзі, якія будуць бачыць інтарэсы ў Беларусі і Расіі, як гэта было раней. Навошта (было. - Заўвага) губляць гэтыя рынкі, страчваць такія добрыя адносіны?"
Гаворачы пра рашэнні, якія нашкодзілі Літве, кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад закрыцця Ігналінскай АЭС. "Калі яны ўгробілі Ігналінскую атамную станцыю пад выглядам зялёнай эканомікі, мы іх папярэджвалі: не рабіце гэтага, яна вам патрэбна будзе. Не, закрылі, угробілі, раскралі. І перашкаджалі нам будаваць гэту станцыю (гаворка пра Беларускую АЭС. - Заўвага)", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым, адзначыў беларускі лідар, у час будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі ён запрашаў у краіну літоўскіх спецыялістаў у гэтай сферы, якія аказаліся незапатрабаванымі ў сваёй краіне. "Мы яе будавалі, і я запрасіў спецыялістаў літоўскіх (з імі была праблема ў Літве): прыязджайце на нашу станцыю, будзем працаваць. Тым больш, мы мелі патрэбу ў кадрах. Яны думалі, мы без іх не абыдземся. Мы разам з расіянамі вырашылі гэту праблему. На нашай станцыі тысячы тры працуе, і яшчэ тысяча патрэбна будзе для трэцяга энергаблока", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з расійскім партнёрам "Расатамам" абмяркоўвалася будаўніцтва новай атамнай станцыі. "Вырашылі, што трэці блок пабудуем і будзем весці дыялог па будаўніцтве другой атамнай станцыі - зноў жа на ўсходзе (Беларусі. - Заўвага)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі мы пабудуем на паўднёвым усходзе Беларусі другую атамную станцыю... Можа, гэта трэба будзе і паўднёваму захаду Расіі. Усялякае можа быць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар заявіў, што таксама абмяркоўваў гэта пытанне з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным падчас тэлефоннай размовы 15 лістапада: "Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам абмяркоўвалі пазаўчора гэта пытанне, дамовіліся, што прадоўжым абмеркаванне".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімір Пуцін падтрымаў ідэю будаўніцтва трэцяга энергаблока Беларускай АЭС. "Мы гатовы пабудаваць трэці блок. Непрымання ў Прэзідэнта няма абсалютна - адчуваю, ведаю яго падтрымку. У кіраўніка "Расатама" абсалютная падтрымка. Вядома, яны ў гэтым зацікаўлены, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Тым больш што мы гатовы самі працэнтаў на 85-90 пабудаваць гэту станцыю. Ну а інжынірынгі, рэактар - гэта расіяне. Асноўныя гэтыя элементы возьмем у Расіі, усё астатняе мы ўмеем рабіць. Нас расіяне навучылі пры будаўніцтве гэтай першай станцыі".
Гаворачы аб кампетэнцыях беларускіх спецыялістаў, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што яны дапамагаюць расіянам у будаўніцтве станцый за мяжой. У прыватнасці, айчынныя спецыялісты працуюць на будаўніцтве АЭС у Венгрыі і Егіпце. "У Расіі сёння дэфіцыт кадраў, як і ў нас. Але ў нас ёсць гэтыя спецыялісты, і вось 3 тыс. працуюць з вашымі спецыялістамі на аб'ектах. Гэта вы нам тэхналогіі перадалі і навучылі нас гэтаму", - падкрэсліў ён.
У сваю чаргу Юрый Слюсар адзначыў, што для яго і членаў дэлегацыі Растоўскай вобласці вялікая радасць пабываць у Беларусі. "Я ў новай якасці. Напэўна, у мяне першы такі міжнародны візіт", - сказаў ён.
Кіраўнік рэгіёна растлумачыў, што шмат бываў у Беларусі на былых пасадах. Ён выказаў словы павагі і ўдзячнасці за той перыяд супрацоўніцтва з партнёрамі з Беларусі, у тым ліку па лініі прадпрыемстваў і міністэрстваў. "Заўсёды сапраўды высокая і вытворчая культура, і дысцыпліна, і адказнасць - тое, што вызначала нашых беларускіх партнёраў. Я вельмі ўдзячны за магчымасць у той перыяд папрацаваць, пасупрацоўнічаць", - адзначыў губернатар.
Гаворачы пра сваю работу на папярэдняй пасадзе прэзідэнта ПАТ "Аб'яднаная авіябудаўнічая карпарацыя", Юрый Слюсар выказаў упэўненасць, што калегі прадоўжаць рэалізацыю пачатых праектаў, у тым ліку па лініі супрацоўніцтва з прадпрыемствамі Беларусі: "Гэта датычыцца і рамонту, наменклатуры. Авіяцыя будзе паспяхова развівацца. І ў ваенным, і грамадзянскім (напрамках. - Заўвага). У нас няма іншага варыянта. Мы ніколі ўжо ў Расіі на "Боінгі" і "Эйрбасы", спадзяюся (і ўпэўнены), не перасядзем".
Юрый Слюсар падкрэсліў, што чым больш будзе ў гэтым плане праектаў у сферы авіяцыі, тым больш будуць у тым ліку запатрабаваны тыя заводы, магчымасці і кампетэнцыі, якія ёсць у Беларусі.
"У тым ліку мы з Вамі гаварылі, што датычыцца станкабудавання. На самай справе мы крыху ўпусцілі (гэты напрамак. - Заўвага). Добрыя станкі нямецкія, японскія і швейцарскія, якія куплялі. Але, не асвоіўшы іх у сябе, гаварыць аб тым, што машынабудаванне стаіць моцна на нагах, вядома, не даводзіцца", - падкрэсліў губернатар.


