Сустрэча з губернатарам Прыморскага края Расіі Алегам Кажамякам

  • 8
  • 1:20

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 сакавіка правёў сустрэчу з губернатарам Прыморскага края Расіі Алегам Кажамякам.

"Павінен адзначыць, Алег Мікалаевіч, што Вы - чалавек слова. Прыехалі ў Беларусь, прыехалі да Прэзідэнта - абмеркавалі пытанні. Можа, нешта новае прыдумаем з Вамі ў нашым супрацоўніцтве. Пракантралюем, як выконваюцца старыя (дамоўленасці, дасягнутыя раней. - Заўвага)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады магчымасці сустрэцца асабіста з кіраўніком расійскага рэгіёна, якога многае звязвае з нашай краінай: "Як я гавару, зямля далёкая, але наша. Уладзівасток і Прымор'е ніколі не былі для нас чужымі".

Прэзідэнт прапанаваў губернатару не спяшацца з вяртаннем у Прымор'е, а скарыстаць час знаходжання ў Беларусі ў тым ліку і для адпачынку. "Беларусь якраз тое месца, дзе Вы можаце адпачыць. Не спяшайцеся дадому, мы рады Вас бачыць у Беларусі", - сказаў ён.

У сваю чаргу Алег Кажамяка павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з нядаўнім перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта: "Гэта найвышэйшы давер, які аказаў беларускі народ, зыходзячы з Вашай паслядоўнай работы, дадатнай дынамікі, якую дэманструе рэспубліка на працягу многіх гадоў і ў эканамічнай, культурнай, сацыяльнай сферах. Вядома, для нас вельмі важна і Ваша шматгранная дзейнасць у міжнародным плане, тыя крокі, якія накіраваны на ўмацаванне дружбы паміж нашымі народамі, паміж Расіяй і Рэспублікай Беларусь".