Сустрэча з губернатарам Пензенскай вобласці Расіі Алегам Мельнічэнкам
- 10
- 8:05
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка сустрэўся з губернатарам Пензенскай вобласці Расійскай Федэрацыі Алегам Мельнічэнкам.
Кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы звярнуў увагу, што яна праходзіць напярэдадні некалькіх важных свят. І размова не толькі пра Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі (2 красавіка) і пра светлае свята Вялікадня, якое з радасцю адзначаюць жыхары Беларусі і Расіі, але перш за ўсё пра значную юбілейную дату, што адзначаецца ў гэтым годзе. "Самае галоўнае наша свята - 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Асабліва хачу падкрэсліць дату 80-годдзя. Для нас яна вельмі важная не толькі ў плане цяперашніх падзей. Мы з вамі як гісторыкі (Алег Мельнічэнка скончыў Пензенскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя В.Р.Бялінскага па спецыяльнасці "гісторык". - Заўвага) разумеем, што праз пэўны прамежак часу, на жаль, падзеі паўтараюцца. Але для нас вельмі важна, каб дзеці і ўнукі памяталі гэту дату, і на гэтых вялікіх датах, падзеях мы выхоўваем новае пакаленне".
Прэзідэнт падкрэсліў, што, наведваючы Беларусь, дэлегацыя расійскага рэгіёна прыбыла да сваіх сяброў, вобразна кажучы, як да сябе дадому. "Будзьце ўпэўнены, што ўсё, аб чым мы дамовімся, будзе выканана. І нават яшчэ больш эфектыўна і аператыўна, чым у самой Расіі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што магчымасці і рэзервы для развіцця супрацоўніцтва ў абодвух бакоў яшчэ немалыя. "Гэтыя рэзервы трэба рэалізоўваць цяпер з прычыны той існуючай сітуацыі, якую мы назіраем, - заўважыў ён. - Але, павінен вам сказаць, ці тое яшчэ будзе. Усё не так проста і не так лагодна, як, можа, некаму здавалася гэта".
"Чарговы раз трэба сказаць, што ўсё будзе залежаць ад нас. Трэба арыентавацца толькі на свае магчымасці. А калі нешта прыбудзе звонку, мы будзем толькі рады. Але ўжо з галавой павінны падыходзіць да таго, што нам прапануюць (за мяжой. - Заўвага). Таму што мы ўжо наеліся гэтай беганіны: "Ах, там якасць, інвестыцыі і гэтай далей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Цяпер грошы ўкралі, арыштавалі і ў Расіі, і ў нас. Дзе тыя інвестары і дзе тая якасць, на якія мы маліліся? Урок атрымалі салідны. Трэба арыентавацца на сваё. Мы здольныя многае зрабіць".
Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер неабходны час і цярпенне для таго, каб сумеснымі намаганнямі выйсці з сітуацыі, якая склалася. "Куды дзявацца? Раз упусцілі пэўны перыяд часу, цяпер трэба цярпець, але арыентавацца на сваё. Такая наша пазіцыя, Алег Уладзіміравіч. Упэўнены, што і ў Расіі гэта разумеюць яшчэ больш, чым мы. Давайце разам супрацоўнічаць і рабіць адну справу, якая патрэбна для нашых народаў, Беларусі і Расіі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што гэта асабліва важна напярэдадні значнага свята - 2 красавіка, Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.
Што датычыцца практычнага боку супрацоўніцтва з Пензенскай вобласцю, то тут Прэзідэнт адзначыў поспехі двух бакоў па нарошчванні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. "Павінен сказаць, што ў нас тавараабарот значны (нягледзячы на тое, што мы гігантамі не з'яўляемся ў гэтым працэсе). Усё ж такі рост вялікі ў мінулым годзе - амаль 10%. І гэта толькі тое, што мы змаглі ўлічыць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы арыентаваны на прамысловую кааперацыю з Расіяй і з вашай вобласцю".
У прыватнасці, Прэзідэнт згадаў пра супрацоўніцтва двух буйных машынабудаўнічых прадпрыемстваў - беларускага МАЗа і расійскага завода ГРАЗ, размешчанага ў Пензенскай вобласці. Наладжана і развіваецца таксама ўзаемадзеянне "Магілёўліфтмаша" з суб'ектамі гаспадарання расійскага рэгіёна, якія займаюцца вытворчасцю матораў і рухавікоў. "Ёсць перспектывы развіцця, таму што нікуды не падзецца - і ў нас, і ў вас ліфты старыя, трэба мяняць. І гэта па ўсім былым Саюзе (Савецкім Саюзе. - Заўвага). Таму попыт вельмі вялікі, нам трэба развіваць гэты напрамак", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама абазначыў зацікаўленасць Беларусі ў пастаўках пасажырскай тэхнікі на рынак расійскага рэгіёна і запэўніў у гатоўнасці нарошчваць гэтыя аб'ёмы, калі будзе такая неабходнасць для вобласці. Ён удакладніў, што размова ідзе пра многія віды тэхнікі (уключаючы тралейбусы, аўтобусы, трамваі) на розных відах паліва, у тым ліку на газаматорным.
Перспектыўным напрамкам Аляксандр Лукашэнка назваў супрацоўніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. "Мы можам прадставіць увесь набор тэхнікі для таго, каб вы маглі эфектыўна працаваць у гэтай сферы", - адзначыў ён. Акрамя таго, узгадвалася аб магчымасцях па далейшым развіцці патэнцыялу ўзаемадзеяння ў такіх традыцыйных галінах, як сельская гаспадарка, у прыватнасці аб павелічэнні экспарту беларускіх харчовых тавараў. "Калі трэба пашыраць гэты напрамак супрацоўніцтва, мы будзем гэта рабіць", - запэўніў Прэзідэнт.
На заканчэнне размовы ён падзякаваў расійскай дэлегацыі за візіт: "Думаю, будзе (магчымасць у час візіту. - Заўвага) не толькі аб нечым пагаварыць, але і нешта новае ўбачыць, што будзе патрэбна для вашай вобласці".


