Сустрэча з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым

  • 8
  • 25:56

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым. Галоўная тэма - маючае адбыцца пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якое плануецца правесці 26 лютага. Падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства таксама была ў цэнтры ўвагі ў ходзе нядаўняй тэлефоннай размовы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. На пасяджэнні ў ліку асноўных пытанняў давядзецца абмеркаваць асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады, а таксама намеціць перспектывы па распрацоўцы новага аналагічнага дакумента на перыяд 2027-2029 гадоў. Акрамя разгляду непасрэдна саюзнай тэматыкі, Аляксандр Лукашэнка скарыстаўся выпадкам, каб адказаць на канспіралогію і развянчаць фэйкі, якія датычацца некаторых аспектаў міжнароднай палітыкі.

"Вядома - 26-га па ўзгадненні з Прэзідэнтам Расіі (пройдзе пасяджэнне ВДС. - Заўвага). Апошні раз мы абмяркоўвалі гэта пытанне, гэта было асноўнае пытанне тэлефоннай нашай размовы. Хоць тут канспіралогія вялікая пасля гэтай размовы. Тым больш што гэта пытанне супала якраз з Саветам міру, які Дональд Трамп будзе праводзіць у Вашынгтоне, і маім запрашэннем на гэты Савет. Таму ўсе нашы перагаворы, размовы з Прэзідэнтам Пуціным вяліся вакол гэтага пытання. Тым не менш галоўнае, асноўнае пытанне, якое мы абмяркоўвалі, - гэта пасяджэнне вышэйшага органа нашай Саюзнай дзяржавы і далейшыя кантакты нашы з Прэзідэнтам Расіі і перагаворы па тых пытаннях, якія датычацца Беларусі і Расіі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да Сяргея Глазьева ў пачатку сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Скарыстаюся нашай сустрэчай для таго, каб на гэту канспіралогію адказаць. Тым больш што я выпісаў асноўныя пытанні, якія да гэтага часу вісяць, як журналісты кажуць, на старонках асноўных інфармацыйных рэсурсаў. Я, можа, і не звяртаў бы на гэта ўвагі. Але некаторыя, нават расіяне, пачалі на гэта рэагаваць. І, я заўважыў, нават Марыя Захарава (афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ. - Заўвага), якую я пастаянна чую, прыслухоўваюся да яе заяў. Паколькі гэта, хутчэй за ўсё, заявы майго даўняга сябра - Міністра замежных спраў Расійскай Федэрацыі. Ну і многіх іншых".

Аб маючым адбыцца пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета

"Напярэдадні Вышэйшага дзяржсавета ў нас шмат праблем, якія мы павінны абмеркаваць, прыйсці, магчыма, да адзінага пункту гледжання, калі зможам. Мне здаецца, такіх няма пытанняў, дзе мы не можам нашы пазіцыі суаднесці і прыняць адзінае рашэнне", - адзначыў беларускі лідар.

"Мы сур'ёзна настроены працаваць з Расіяй настолькі, наколькі здольная да гэтага Расія. Вы разумееце больш, чым хто-небудзь, што мы ў пэўных пытаннях вельмі далёка адышлі адзін ад аднаго. І ў эканоміцы. Ну, добра што ў палітыцы, дыпламатыі, жыццё нас прымусіла ў ваенна-прамысловым комплексе, у абароннай прасторы быць разам. Хоць я заўсёды прапаноўваў не выпускаць гэта пытанне з-пад увагі. І быў час, калі кіраўніцтва Расіі, ваенныя лічылі: "Ну а што там Беларусь, мы можам без Беларусі справіцца". Час паказаў, што сяброў у нас - раз-два і ўсё. І адзін без аднаго абысціся не можам. І дзякуй богу, што гэты час паставіў усіх на месца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца парадку дня маючага адбыцца пасяджэння ВДС, Прэзідэнт сказаў, што ў яго ёсць пытанні, але адзначыў станоўчы факт: "Добра, што вы нарэшце, у адрозненне ад былых апаратчыкаў, прапанавалі сем прымальных пытанняў. Ну, слухайце, ну хто абмяркуе 27 пытанняў?"

"У нас усё ўзгоднена, Аляксандр Рыгоравіч", - сказаў Сяргей Глазьеў.

Аб непарушным адзінстве з Расіяй і важнасці адносін з Кітаем

"Сёння агляд атрымаў: у Расіі некаторыя кажуць, што нехта спрабуе адарваць Беларусь ад Расіі. Я не буду нават каменціраваць. Скажу толькі адно: няма той сілы, якая сёння здольна адарваць Беларусь ад Расіі і Расію ад Беларусі. Абставіны так склаліся, што яны нас разам звязалі, напэўна, на доўгія-доўгія дзесяцігоддзі і стагоддзі. Хоць, увогуле, нас няма ў чым папракнуць - Беларусь - мы заўсёды былі арыентаваны на Расію. Там наша многае, калі не ўсё. Там нашы рэсурсы, там наш рынак, калі пра эканоміку. У нас поўнае адзінства ў гэтым плане. Ды і ў палітычных (адносінах. - Заўвага), - сказаў Прэзідэнт. - Спроба выбудаваць адзіную саюзную прастору - гэта таксама зыходзіць з нашых векавых сувязей. Што тут гаварыць пра нейкія сілы, якія імкнуцца адарваць Беларусь ад Расіі".

Аляксандр Лукашэнка згадаў аб перагаворах Беларусі з ЗША. "Нам удаецца ў гэтых перагаворах вырашаць свае праблемы. Але ні ў якім разе мы не вырашаем гэтыя праблемы за кошт брацкай і роднай нам Расіі. Я не ведаю ўжо, якія будуць прэзідэнты ў Беларусі, але ўсё больш схіляюся да таго, што такія будуць, як Лукашэнка. Яны ад Расіі не адыдуць, - сказаў ён. - Калі хтосьці спадзяецца, што тут нехта прыйдзе (гэтыя нашы "ціхушкі-лахушкі" і іншыя), нашы прэзідэнты вось тут - у Беларусі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што толькі на першай сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй па яго ініцыятыве было закранута пытанне Расіі. "Я яго закрануў. І адразу папрасіў амерыканцаў на гэту тэму не разважаць. Менавіта ў такім плане сказаў: мы з Расіяй даўно вызначыліся, усе аб гэтым ведаюць, і мы разам будзем дзейнічаць, і не спрабуйце ўбіць паміж намі клін і неяк адарваць. На што амерыканцы сказалі: "У нас нават такой тэмы не было ў перагаворах, мы добра разумеем, што такое Расія для Беларусі і Беларусь для Расіі". Праз коску - Кітай".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на Захадзе ў свой час, у тым ліку ЗША, зачынілі перад Беларуссю дзверы і "нават у акно не прапанавалі ўлезці". "Кітайцы і расіяне заўсёды трымалі свае дзверы адчыненымі. Мы што не так зрабілі? Мы што, супраць Амерыкі неяк дзейнічалі? Не. Усё зразумела. Вось наша пазіцыя: Расія і Кітай - гэта жыццёва неабходныя для існавання Беларусі дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Вы ж гэта цудоўна разумееце. Таму ўсялякія разважанні нават Машы Захаравай. Або там вось намеснік Міністра замежных спраў выказаўся, што яны нам па-таварыску нешта раяць, рэкамендуюць. Слухайце, я 30 з лішнім гадоў працую Прэзідэнтам. Мы з вамі даўным-даўно знаёмыя. Слухайце, я бачыў розных прэзідэнтаў. Нехта палічыў, што пяцярых амерыканскіх прэзідэнтаў бачыў. Я бачыў розныя сітуацыі. І мяне абвесці на роўным месцы або некуды схіліць убок немагчыма, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У мяне ў гэтым плане вялікі вопыт. Я многім-многім расіянам, а калі вы падключыцеся, - мы многім можам параіць, як сябе паводзіць у адносінах да гэтага шалёнага Захаду, асноўнай часткай якога з'яўляюцца Злучаныя Штаты Амерыкі".

Вяртаючыся да тэмы беларуска-расійскага супрацоўніцтва, Прэзідэнт сказаў: "Таму з Расіяй у нас зразумела. Галоўнае, каб Расія падтрымлівала Беларусь у патрэбны момант і, не дай бог, не адвярнулася ад Беларусі. А адарваць нас ад Расіі... Слухайце, мы ўдваіх засталіся. Удваіх з Пуціным - Беларусь і Расія".

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым кантэксце згадаў шэраг сярэднеазіяцкіх рэспублік, кіраўнікі якіх маюць намер прыняць удзел у першай сустрэчы ў рамках ініцыяванага Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам Савета міру. "Гасподзь з імі. Гэта суверэнныя, незалежныя дзяржавы. І я, і Пуцін гэта прызнаём, і яны маюць права вызначаць сваю палітыку. Што датычыцца Расіі, я абсалютна ўпэўнены: гэтыя дзяржавы нікуды не дзенуцца - ад нас, ад Расіі. Мы гэта бачым. І дзякуй богу. Эканоміка, жыццё будуць вырашаць усё, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Кітай яны бачаць недалёка ад сябе. Зразумела, Кітай побач, дапамагаюць кітайцы. Але кітайцы ніколі не пойдуць супраць Расіі, уразрэз з інтарэсамі Расіі. Я добра ведаю кіраўніцтва Кітая і Сі Цзіньпіна больш за 20 гадоў. Гэта спакойны (чалавек. - Заўвага), разумны. Ну і кітайцы - яны ж вельмі асцярожныя людзі".

Аб жыцці ў агульным доме і Айчыне ад Брэста да Уладзівастока

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расія шмат у чым залежаць адна ад адной, але саюзніцкія адносіны не перашкаджаюць ім выбудоўваць суверэнную палітыку. "Мы даўно вызначыліся ў формуле: у нас адзіная Айчына ад Брэста да Уладзівастока. Ну, нядрэнна было б, калі б ад Лісабона да Уладзівастока - хаця б эканамічная. Але не ад нас гэта залежыць. А вось ад Брэста да Уладзівастока - гэту Айчыну нам страціць нельга. Мы яе стагоддзямі, не толькі ў апошняй вайне, разам абаранялі, адваёўвалі. І яна не Пуціну і Лукашэнку належыць. Мы "саплівыя" яшчэ ў параўнанні з тым, што стагоддзямі абаранялі нашы продкі. Мы не маем права яе парваць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Але ў гэтай Айчыне дзве дзяржавы. Дзве суверэнныя, залежныя адна ад адной дзяржавы". 

"Так здарылася: мы пачалі будаваць сваю дзяржаву, Расія будуе сваю. Мы ў агульным доме. У Расіі вялікая кватэра, у нас - менш. Але ў кожнага свая. І мы як добрыя суседзі добра жывём. Нармальна жывём, разумеем адзін аднаго. І калі будзе больш вызначанасці з боку расійскага ўрада, мы і нашу прастору эканамічную абаронім. З агню ў полымя ўскочыць не павінны. І не ўскочым. Ведаеце, аб чым размова. Не выбудоўваючы палітыку супраць некага. Але мы, як любая дзяржава, павінны абараняць сваё. І мы ў гэтым напрамку будзем рухацца. Нікога там не нахіляючы, не ўключаючы Расію ўнутр Беларусі, а Беларусь у Расію. У нас розуму хопіць, каб у гэтай сітуацыі зманціраваць сапраўдны саюз, які будзе непадзельны, і нікому не будзе дазволена адарваць каго-небудзь куды-небудзь. Тым больш Беларусь ад Расіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

"Час такі, калі нам трэба быць разам, бачыць свае інтарэсы, адстойваць іх. У нас ёсць усё для таго, каб гэтыя інтарэсы абараніць і адстаяць. Ну, дурасці таксама хапае. Але мы бачым гэту дурасць, яна нам не патрэбна, мы ад гэтага здольны сысці", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аб удзеле ў Савеце міру

Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы выказаўся на тэму ўдзелу ў Савеце міру - як на ўзроўні Беларусі ў цэлым, так і асабіста Кіраўніка дзяржавы.

"Мы сур'ёзна маем намер працаваць у Савеце міру. Вельмі сур'ёзна. Не лізаць кагосьці там, не падладжвацца пад некага, а займаць сваю пазіцыю, суверэнную пазіцыю", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь традыцыйна трансліруе мірны парадак дня, заўсёды выступае за мірнае ўрэгуляванне канфліктаў, і ў дадзеным кантэксце яна гатова ўдзельнічаць у Савеце міру. "У нас флаг адзін - мір. Мы хочам міру, і перш за ўсё там, дзе наш лёс - Украіна, - заявіў Прэзідэнт. - Мы ўсе хочам там міру. І не толькі ва Украіне, але ў іншых кропках. Думаю, што нам будзе там дарэчы (знаходзіцца ў Савеце міру. - Заўвага)".

Раней у адрас Прэзідэнта Беларусі паступіла запрашэнне на першую сустрэчу лідараў у рамках Савета міру, якая запланавана на 19 лютага ў Вашынгтоне. Беларускі бок праінфармаваў, што Аляксандр Лукашэнка не зможа прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве. Пасля чаго ўзніклі розныя фэйкі і хлуслівыя версіі таго, што адбываецца. На іх у ходзе сустрэчы адрэагаваў сам кіраўнік дзяржавы, расставіўшы ўсе кропкі над "i".

У першую чаргу Прэзідэнт адзначыў лагістычныя цяжкасці, якіх, напрыклад, не было ў прадстаўнікоў сярэднеазіяцкіх рэспублік. "Так, яны паехалі ў Вашынгтон. Напэўна, ім больш зручна. А я што, павінен быў у сувязі з гэтымі санкцыямі праз Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку ляцець у Вашынгтон? - рытарычна спытаў Прэзідэнт. - Калі вы хацелі мяне там бачыць, вырашыце пытанне, каб я мог спакойна прыляцець і паляцець адтуль".

Гучала таксама версія, што асабістаму ўдзелу Кіраўніка дзяржавы нібыта перашкодзілі пытанні бяспекі. "Ах, Лукашэнка пабаяўся, там пытанне бяспекі". Слухайце, гэта не да Лукашэнкі пытанне. Я ніколі не баяўся нікога і баяцца не збіраюся. Гэта поўнае глупства. "Вось, Лукашэнку там нехта схопіць і дадому не выпусцяць". Ну тупасць поўная. Я нават не ўяўляю, што магло такое здарыцца з любым іншым Прэзідэнтам ці са мной. Таму абмяркоўваць няма чаго", - сказаў наконт гэтага беларускі лідар.

Яшчэ адзін інфармацыйны ўкід - нібыта на рашэнне Прэзідэнта Беларусі паўплываў Прэзідэнт Расіі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на момант размовы з Уладзімірам Пуціным яшчэ нават не ведаў, што запрошаны на Савет міру. Аднак аўтары фэйку нават не змаглі гэтыя факты супаставіць. "І потым, Пуцін такі чалавек, што ён ніколі… Ён будзе акуратна нешта выбудоўваць, неяк намякаць. Але каб не пусціць... Ён наадварот сказаў бы: слухай, ты там будзеш на Савеце, перадай Дональду гэта, гэта, гэта. Гэта значыць, неяк прадставіць… Ну, не інтарэсы Расійскай Федэрацыі, як там Пяскоў гаварыў, што вось, нам не трэба, каб нехта прадстаўляў (і нават Беларусь) інтарэсы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён не выключыў, што ў будучым Расія далучыцца да Савета міру і зможа заняць там лідзіруючыя пазіцыі. Калі гэта структура пакажа пэўную рэзультатыўнасць. Тым больш што рана ці позна замест Дональда Трампа прыйдзе іншы Прэзідэнт і Злучаныя Штаты адмовяцца ад таго, каб быць вечным старшынёй у Савеце міру.

Разам з тым, з'яўляючыся саюзнікамі Расіі, мы гатовы разам супрацоўнічаць па гэтай тэматыцы. "Зразумела, гэта пазіцыя - і Расіі, і Беларусі - будзе адзіная. Мы выпрацуем гэту пазіцыю, таму што ў нас аднолькавыя пункты гледжання", - растлумачыў Прэзідэнт.

Дзейнасць у Савеце міру - гэта адна з тэм маючых адбыцца перагавораў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. "Абавязкова гэта пытанне абмяркуем з Прэзідэнтам Пуціным. Можа, на Вышэйшым дзяржсавеце. Але потым у нас цэлыя суткі яшчэ перагаворы будуць з ім. Мы абавязкова закранём гэта пытанне. Мы супаставім нашы пазіцыі, нашы пункты гледжання. Магчыма, у мяне зменіцца ў нечым пазіцыя ў сувязі з аргументацыяй Уладзіміра Уладзіміравіча. Можа, ён ад мяне пачуе нешта новае для сябе. Але гэта пытанне мы абавязкова абмяркуем", - сказаў беларускі лідар.

Што датычыцца ўдзелу Беларусі і асабіста Кіраўніка дзяржавы ў дзейнасці Савета міру, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў: "Я вельмі спадзяюся, што тыя мерапрыемствы, якія будуць праходзіць у далейшым... Мы абавязкова на ўзроўні Прэзідэнта будзем удзельнічаць у гэтым Савеце, абавязкова будзем удзельнічаць".

"Магчыма, не ў Вашынгтоне. Недзе ў Еўропе або на Блізкім Усходзе, можа, у Ізраілі, бліжэй тут, у Турцыі адбудуцца далейшыя пасяджэнні гэтага Савета. Мы будзем удзельнічаць у ім", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб ААН і бяздзейнасці АБСЕ

У прадаўжэнне тэмы аб дзейнасці Савета міру Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў існуючае меркаванне, што гэта структура нібыта імкнецца замяніць Арганізацыю Аб'яднаных Нацый. "Адкрыта гавару: калі б знайшлася такая арганізацыя, якая можа замяніць Арганізацыю Аб'яднаных Нацый, я перахрысціўся б, узрадаваўся б", - заўважыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у дзейнасці ААН дастаткова пустых, нікому не патрэбных мерапрыемстваў. А сапраўды важныя пытанні, якія патрабуюць умяшання, так і застаюцца нявырашанымі. Адзін з актуальных прыкладаў - сітуацыя з Палесцінай і сектарам Газа. "Было прынята рашэнне аб утварэнні дзяржавы палесцінскай. Даўно. Вырашана? Не вырашана. Пастаянныя сутыкненні, пастаянная вайна. Хоць адзін канфлікт прадухіліла ААН? Ніводнага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Але мы рэалісты. Іншай арганізацыі сёння няма, дзе збіраліся б усе прадстаўнікі сусветных дзяржаў, усяго свету. Яе няма, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму мая пазіцыя такая, што Арганізацыя Аб'яднаных Нацый - гэта нікчэмная арганізацыя, ніякіх пытанняў не вырашае і не вырашыць. Ну, іншай няма".

Прэзідэнт адзначыў, што пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН сітуацыя ў арганізацыі, магчыма, і задавальняе, хоць цяпер ужо і там робяцца пэўныя спробы нешта змяніць. Зрэшты, пакуль без бачных вынікаў.

Напрыклад, вяліся размовы аб магчымым павелічэнні колькасці пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, але гэты крок пры існуючай сістэме прыняцця рашэнняў наўрад ці дасць эфект. "Хочуць костку кінуць - сем-восем зрабіць. Але гэта нічога не зменіць. Пры тых рашэннях, якія прымаюцца кансэнсусам, дзе ёсць права вета... А зрабіць так, каб не было права вета, ні ў якім разе нельга пры той сітуацыі, якая сёння складваецца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прывёў прыклад і яшчэ адной структуры, чыя эфектыўнасць выклікае вялікія сумненні, нягледзячы на заяўленыя ў назве пасылы, - Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). "Што зрабіла АБСЕ, каб у нас у Еўропе спакойная, бесканфліктная была сітуацыя?" - рытарычна спытаў Аляксандр Лукашэнка. Замест рэальных дзеянняў на карысць міру з боку гэтай структуры, наадварот, гучаць ілжывыя абвінавачванні ў бок прэзідэнтаў Расіі і Беларусі.

Больш таго, Заходняя Еўропа адмаўляецца ад супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю, нават насуперак уласнай выгадзе. "Вы вазьміце цяпер гэту Еўропу. Яе рвуць на часткі - раздзяліць, разбіць, каб ні еўра не было, ні эканомікі, нічога не было", - заўважыў Прэзідэнт. Такім чынам, моцныя ігракі спрабуюць прыпыніць эканамічнае развіццё Еўрасаюза як магутнага эканамічнага рэгіёна і саліднага канкурэнта для астатніх.

"Адзіная, з кім яны маглі ўзаемадзейнічаць, дружыць і размаўляць - сказана мною год ці паўгода таму, - Расія. Тут - рэсурсы, у вас - найвышэйшыя тэхналогіі. Давайце разам супрацоўнічаць. Вось гэта - Еўразійскі рэгіён, і гэта была б самая магутная арганізацыя", - расказаў Аляксандр Лукашэнка пра магчымы варыянт, адзначыўшы нежаданне Еўрасаюза ісці гэтым шляхам.

"Цяпер спахапіўся Макрон ці яшчэ нехта на схіле сваёй кар'еры: будзем устанаўліваць з Расіяй кантакты, будзем размаўляць. Дык ад гэтага ніхто не адмаўляўся. Я быў у эпіцэнтры гэтага. Некаторыя пытанні непасрэдна праз мяне вырашаліся. Французы сюды прыязджалі. Я перадаваў ім меседж не толькі ад сябе, але і ад Пуціна, што ну, давайце. Не трэба", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.

"Вось Трамп паспрабаваў да міру нас наблізіць ва Украіне. А ім (у ЕС. - Заўвага) не трэба гэта", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяпер, калі ў Еўропе такая турбулентнасць і трэба "ўціхамірыць гэты рэгіён", можна было б актыўна задзейнічаць рэсурсы АБСЕ. Аднак гэтага не адбываецца.

"Таму мы не балеем тэмай, што Савет міру заменіць Арганізацыю Аб'яднаных Нацый. Але, як амерыканцы кажуць, step by step", - сказаў Прэзідэнт.

Аб прапанове Дональда Трампа па Венесуэле

Прэзідэнт Беларусі расказаў, што ў перагаворах з амерыканскім бокам заўсёды адкрыта выказвае сваю пазіцыю: "Ім пастаянна адкрыта гавару, дзе яны зрабілі няправільна. З Мадурам зрабілі няправільна - глупства ўчынілі. Я папярэджваў. Па прапанове амерыканцаў (не я сам - яны мяне папрасілі) я быў уцягнуты ў гэту праблему. І я ім прапанаваў ідэальны варыянт. Ідэальны варыянт! Але яны пайшлі сваім шляхам. Дональд хацеў неяк дагадзіць ваенным".

"Ну і што яны зрабілі? Заўсёды трэба думаць: крок зрабіў, а што потым? Ну што цяпер? Якую можна прышыць віну ў наркагандлі Мадуру? У чым яго можна абвінаваціць? Ну дакажыце, што ён узначальваў нейкі там картэль. А тое, што наркатой гандлюе ўвесь свет, дык гэта так, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І калі ўжо аб наркотыках, я таксама нядаўна амерыканцам, разважаючы з імі, гаварыў аб тым, што так, як паводзіць сябе Еўропа, - гэта кашмар. Яны ж нам сінтэтычныя наркотыкі (завозяць. - Заўвага). Ну больш у Расію, вядома, праз нас падкідваюць. І мы нядаўна цэлы аўтамабіль - там больш за тону, па-мойму, канфіскавалі наркотыкаў. Адзін аўтамабіль вёз. Таму ўвесь свет гэтым гандлюе. З гэтым трэба змагацца. Магчыма, так, як у Беларусі. А не вінаваціць там, што, вось, Мадура…"

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што тым не менш, галоўнай прычынай дзеянняў ЗША ў Венесуэле быў не Мадура, а нафта. "І гэта пытанне можна было вырашыць спакойна. Тым больш, тая нафта, якую здабывае Венесуэла, - яна цяжкая, сярністая, густая нафта. І магутнасці для перапрацоўкі толькі ў Злучаных Штатах Амерыкі. Што, нельга было вырашыць гэта пытанне? Можна было", - упэўнены беларускі лідар.

"Правялі нейкую аперацыю, схапілі чалавека. Ну і што? Усяму свету паказалі, хто ёсць хто. Але галоўнае - а што далей? Таму гэта яшчэ тэма для майго абмеркавання з кіраўніцтвам Злучаных Штатаў Амерыкі. У мяне ёсць прапанова па выхадзе з гэтай сітуацыі. І калі яны хочуць дастойна і прыгожа выйсці з гэтай сітуацыі, мы гатовы з Дональдам адносна гэтага працаваць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Ён прагматычны чалавек. Я таксама. Таму, думаю, што мы абмяркуем гэту праблему. Я не хачу сказаць, што я тут галоўны дарадчык і я тут магу з ім вырашыць нейкую праблему. Не. Але свой пункт гледжання я магу выказаць".

Аб тактыцы амерыканскага Прэзідэнта, Грэнландыі і дактрыне Манро

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб тактыцы ў палітыцы Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

"Не трэба перажываць наконт яго палітыкі. Ён жа адразу сказаў: мір праз сілу. А тактыка такая: націснуць, потым адступіць. Гэта яго тактыка. Моцная краіна, магутная, лідар у свеце. Ну такая тактыка ў яго. І не трэба тут на яго "накатваць", навальвацца і іншае. Я яго тут не абараняю, але гэта сапраўды так. Гэта яго тактыка. Мы гэта цудоўна адчуваем па перагаворах са Злучанымі Штатамі Амерыкі. І нам удаецца ў гэтых перагаворах вырашаць свае праблемы", - заявіў беларускі лідар.

Згадаў Аляксандр Лукашэнка і пра амерыканскую дактрыну Манро, якую адміністрацыя Дональда Трампа зноў вярнула ў публічную прастору.

"Што датычыцца Злучаных Штатаў Амерыкі. Дактрына Манро… Сяргей Юр'евіч, мы з вамі вопытныя людзі. Калі гэта было ўжо?! Ну, можна яе мадэрнізаваць неяк. Ну, калі нам жыць у 19-м ці 18-м стагоддзі, то нам заўтра сапраўды трэба з Еўропай ваяваць. Але мы такіх мэт не ставім перад сабой. Тое ж самае і Злучаныя Штаты Амерыкі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Ну вось разумеем іх заклапочанасць па Грэнландыі. Тым больш яны маглі ўкласціся добра ў Грэнландыю. Ну вось такім спосабам - што гэта выклікала? Непрыманне. Нават унутры Злучаных Штатаў Амерыкі большасць насельніцтва кажа: "Не, мы не хочам". Хоць гэта гераічныя людзі ў ЗША, вы ведаеце, як фарміравалася гэта нацыя і гэтак далей. Туды не простыя людзі прыязджалі з Еўропы. Гэта людзі, нацэленыя на барацьбу і гэтак далей. Сказалі: "Не, так не трэба". З Еўропай сутыкнуліся, не кажучы пра Данію і гэтак далей. Я бачу, Дональд адступіў", - сказаў Прэзідэнт.