Сустрэча з губернатарам Краснаярскага края Расіі Міхаілам Кацюковым

  • 12
  • 4:49

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 мая сустрэўся з губернатарам Краснаярскага края Расіі Міхаілам Кацюковым.

Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу звярнуў увагу на гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне краіны з расійскім рэгіёнам. "Павінен заўважыць, што мы нядрэнна супрацоўнічаем. Аб гэтым сведчыць рост тавараабароту - у межах $200 млн мы заўсёды знаходзімся, недзе крыху менш, больш", - сказаў Прэзідэнт. - Але гэты паказчык мы можам значна павялічыць у сувязі з тым патэнцыялам, які маюць вобласць і наша рэспубліка".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напрамкі развіцця супрацоўніцтва добра вядомы. Да ключавых належаць, напрыклад, пастаўкі тэхнікі, абсталявання для гарнаруднай прамысловасці. "Такой тэхнікі, у тым ліку БЕЛАЗаў, у нас дастаткова, і з вамі, і з іншымі абласцямі Расійскай Федэрацыі, дзе гэта магчыма, мы гатовы і будзем супрацоўнічаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама абазначыў гатоўнасць Беларусі пастаўляць у Краснаярскі край іншую грузавую тэхніку, прадукцыю "АМКАДОРа" і МАЗа, якая ўжо добра зарэкамендавала сябе на расійскім рынку.

"Асобая тэма апошнім часам у Беларусі і ў Расіі - замена ліфтавага абсталявання. Тут нікуды не дзенешся. Тыя ліфты, якія мы некалі ўстанаўлівалі ў савецкі час, ужо свой тэрмін адслужылі, таму мы шмат пастаўляем ліфтаў па ўсім былым Савецкім Саюзе, і перш за ўсё ў Расійскую Федэрацыю. Ведаю, што патрэбнасць такая ёсць у вашай вобласці. Можаце на нас разлічваць", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца развіцця супрацоўніцтва ў сферы аўтатранспартных перавозак, Прэзідэнт адзначыў патэнцыял айчынных прадпрыемстваў па вытворчасці і пастаўцы на экспарт тэхнікі, у тым ліку і на газаматорным паліве. Размова ішла таксама пра гатоўнасць выпрацоўваць новыя формы ўзаемаразлікаў, у тым ліку пастаўкі па лізінгу.

"Супрацоўніцтва ў сферы аграпрамысловага комплексу і пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі - вельмі перспектыўная, наша, беларуская тэма. Калі вам трэба будзе, мы заўсёды гатовы падставіць плячо вашай вобласці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў і зацікаўленасць з боку Беларусі ў супрацоўніцтве ў галіне будаўніцтва: "Нашы магчымасці вы добра ведаеце. Таму можаце на нас разлічваць".

"Словам, вы і вашы калегі нядрэнна ведаеце магчымасці Беларусі. Калі мы можам недзе падставіць вам плячо або супрацоўнічаць разам на перспектыву, ведайце, што мы да гэтага гатовы", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.