Сустрэча з фельдмаршалам і вярхоўным галоўнакамандуючым Лівійскай нацыянальнай арміяй Халіфой Белкасімам Хафтарам

  • 12
  • 4:35

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 лютага сустрэўся з фельдмаршалам і вярхоўным галоўнакамандуючым Лівійскай нацыянальнай арміяй Халіфой Белкасімам Хафтарам.

"Спадар Хафтар, прашу лічыць, што Вы прыехалі да сваіх сяброў, да сябе дадому. Шмат пра Вас чытаў, шмат чуў, шмат расказвалі мне. Але, на жаль, сустракаюся ўпершыню. Я хачу, каб Вы ведалі, што мы вельмі добра інфармаваны пра сітуацыю ў Лівіі, вельмі добра ведаем Лівію. У мяне да вашага народа асаблівае стаўленне, я бываў у Лівіі ў свой час. Вядома, сёння гэта іншая Лівія. Але вы павінны ведаць, што мы гатовы зрабіць для вас усё, што вы ўбачыце карыснага ў Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Усё, аб чым мы дамовімся сёння, у гэтыя дні, якія Вы будзеце ў Беларусі, мы выканаем своечасова. Таму дазвольце Вас вітаць у Беларусі і ўсіх суправаджаючых - членаў дэлегацыі. Мы гатовы да работы", - дадаў беларускі лідар.

У сваю чаргу Халіфа Хафтар падкрэсліў, што таксама рады сустрэчы: "Мы вельмі рады наведваць Беларусь. Вялікі Вам дзякуй за запрашэнне. Мы вельмі рады і хочам супрацоўнічаць з вамі".

Высокі замежны госць адзначыў, што ў Беларусі ідзе актыўнае развіццё розных сфер, а абстаноўка на працягу многіх гадоў застаецца мірнай і спакойнай, нягледзячы на тое, што вакол краіны ёсць шмат кропак напружанасці. Уменне захоўваць мір і спакой, як гэта робіць Беларусь, з'яўляецца прыкладам, да якога імкнуцца многія іншыя дзяржавы, сказаў камандуючы Лівійскай нацыянальнай арміяй.

Паводле яго слоў, мудрае кіраўніцтва краінай зрабіла з Рэспублікі Беларусь высокатэхналагічную дзяржаву, дзе забяспечваецца вытворчасць рознай сучаснай тэхнікі, у тым ліку прамысловай і аграрнай. "Усё ў вас развіваецца на высокім узроўні", - заявіў Халіфа Белкасім Хафтар.

"Мы вельмі хочам развіваць супрацоўніцтва з вамі, каб гэта было ўзаемавыгадна, на карысць дзвюх краін і народаў, - сказаў камандуючы Лівійскай нацыянальнай арміяй. - У нас вельмі вялікае жаданне стварыць стратэгічнае супрацоўніцтва паміж намі, спадар Прэзідэнт, на будучыню".

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падарыў Халіфу Белкасіму Хафтару сертыфікаты на 10 аўтобусаў "МАЗ 206" і на столькі ж трактароў "BЕLARUS 820". Кіраўнік дзяржавы таксама падарыў лівійскаму госцю карзіну з рознымі беларускімі прадуктамі харчавання і ласункі. "Захоўваць доўга нельга. Без кансервантаў (ласункі. - Заўвага)", - папярэдзіў ён.

У адказ Халіфа Хафтар падарыў беларускаму лідару традыцыйную шаблю.

"Прыязджайце ў любы час да нас. Будзем рады. Але я ў Лівію прыеду", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.