Сустрэча з даверанымі асобамі на праведзеных прэзідэнцкіх выбарах

  • 9
  • 10:49

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 лютага сустрэўся з даверанымі асобамі на праведзеных прэзідэнцкіх выбарах.

"Карыстаючыся выпадкам, я перш за ўсё хачу, падзякаваўшы вам за работу, падзякаваць нашым людзям. І беларускі народ павінен ведаць, пра гэта будзе сказана яшчэ на інаўгурацыі, што мы будзем старацца зрабіць усё для таго, каб людзі не пашкадавалі, што прагаласавалі за нас", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі замахнуліся на правядзенне своеасаблівых і, можна сказаць, арыгінальных выбараў. "Вы паглядзіце: ціха, спакойна, не так, як нехта хацеў. І нашаму палкоўніку (гаворка пра ваеннага камісара Гомельскай вобласці Андрэя Крываносава. - Заўвага) ужо не трэба было са сцягам выходзіць і там змагацца з імі. Ціха, спакойна прайшлі выбары. Яны (апаненты. - Заўвага), разявіўшы рот, да гэтага часу ходзяць і думаюць, як гэта так магчыма. Краіна ў цэнтры Еўропы! Магчыма. Калі ёсць нармальны дыялог і дамоўленасць, кампраміс нармальны з народам. Але гэта трэба нам апраўдаць, чаго б нам ні каштавала", - сказаў Прэзідэнт.

"Вам за мяне сорамна не будзе. Гэта я вам адназначна гавару. Што там пра мяне ні пісалі б і ні гаварылі б. Усе чакалі, што я памру, хворы. Выбары прайшлі. Аказваецца - не хворы. Гэта значыць, гэта быў план адпаведны, дзе адзін з пунктаў - ціснуць на гэта. І думалі, што народ наш за гэта схопіцца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даў пазітыўную ацэнку дакументальна-аналітычнаму цыклу Белтэлерадыёкампаніі "Час выбраў нас": "Эйсмант (старшыня Белтэлерадыёкампаніі і вядучы праекта Іван Эйсмант. - Заўвага) сваімі серыямі знішчыў іх (апанентаў. - Заўвага) начыста. Калі людзі бачаць, з чаго мы пачыналі… Нават я ўжо забыў, гляджу: "Так, сапраўды, гэта ж было". І калі гэта людзі, моладзь бачаць, ад чаго мы ішлі і да чаго прыйшлі, яны пачынаюць разумець сітуацыю, якая ў нас складваецца".

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз папрасіў давераных асоб не адыходзіць ад актыўнай работы ў грамадстве, бо гэта ў адносінах да людзей было б нават непрыстойна. "Вы ж нямала сустрэч правялі з людзьмі. Людзі ж падумаюць: "Вось, прыйшлі, пагаварылі і пайшлі, іх не відаць". Вас павінна быць усюды многа. Вось ваша задача. Убачылі недахопы - праінфармуйце органы ўлады. Не - далажыце мне, будзем прымаць меры. Мы дамаўляліся аб тым, што вы акумулюеце ўсе пытанні, якія ў выніку сустрэч з людзьмі ў працоўных калектывах, арганізацыях, установах вам паступілі. Тыя пытанні, за якія мы адказваем, мы іх павінны абавязкова рэалізаваць. Гэта такі першы крок работы з людзьмі", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што грамадзяне на выбарах аказалі вельмі высокую падтрымку. "Прэзідэнцкія выбары завяршыліся. Вынікі афіцыйныя аб'яўлены. Можам парадавацца, як часта я чую, - ашаламляльная падтрымка, такога не было ў гісторыі і гэтак далей. З аднаго боку, так, можам радавацца гэтаму і гэтак далей. Але не забывайце іншы бок. Такая падтрымка патрабуе ад нас адпаведнай аддачы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў давераным асобам за падтрымку, якую яны аказалі ў перыяд правядзення выбараў, і папрасіў прадоўжыць грамадскую работу. "Я хацеў бы, каб вы сваю работу прадоўжылі. Дзе можаце вырашыць якое-небудзь пытанне, вырашайце. Але калі не, вы мяне своечасова праінфармуйце. Вы павінны быць аб'ектыўнымі і справядлівымі. Вы праінфармуйце мяне па пытаннях, на якія я павінен рэагаваць", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што перад сустрэчай з даверанымі асобамі ў яго адбылася размова з Генеральным пракурорам Андрэем Шведам. Ён узначальвае сістэму, якая сочыць за аднастайным і дакладным выкананнем заканадаўства ў краіне. "І трэба аддаць належнае, Андрэй Іванавіч - ён такі чалавек аб'ектыўны. Нават калі разумее, што нехта там у пагонах на яго можа пакрыўдзіцца, ён на гэта не глядзіць, ён Прэзідэнту дакладвае аб'ектыўную карціну. Таму прашу вас падключыцца да такой работы і быць у грамадстве для таго, каб праінфармаваць мяне аб мерах, якія я павінен прымаць", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

"Ну, а за мной не заржавее. Я разумею адказнасць. Велізарны працэнт людзей. І я разумею, што маглі б і больш прагаласаваць. Але лічылі, што "і так добра, падтрымаюць, не абавязкова хадзіць (на выбары. - Заўвага)". Лічыце за 90% насельніцтва нас адназначна падтрымлівае. Мы павінны людзям, як бы ні было складана, адказаць на іх чаканні. Вельмі важна. Мы гэта можам зрабіць. Але патрэбна жалезная выканальніцкая дысцыпліна і гэтак далей", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Будзем вырашаць па Урадзе. Хацелася б, каб і вы сваё слова, у каго яно ёсць, сказалі па Урадзе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Трэба стварыць камісію з вышэйшых службовых асоб. Урад выконвае ў нас абавязкі (склаў паўнамоцтвы). Трэба цяпер паглядзець па спісе, пачынаючы ад Прэм'ер-міністра да кіраўніка канцэрна і губернатараў. На гэтай камісіі Качанава, Сергяенка (кіраўнікі палат парламента. - Заўвага), Генеральны пракурор і гэтак далей - вось гэта верхавіна. Хацелася б, каб вы свае прапановы ўнеслі, ваша меркаванне мы разгледзім пры прыняцці рашэнняў", - даручыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ліку давераных асоб ёсць людзі, якія могуць кампетэнтна выказаць меркаванне па тых ці іншых сферах. Напрыклад, Дзмітрый Шаўцоў і Алег Румо вельмі паглыблены ў пытанні аховы здароўя і могуць выказаць кампетэнтную ацэнку, бо ведаюць у дэталях, што адбываецца ў гэтай сферы. "Не хочаце, каб гэта было публічна, напішыце мне і ў канверце перадайце. Акрамя мяне ніхто не чытае і не раскрывае, нават памочнікі. Я асабіста гэта раблю", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Цяпер вельмі важна сфарміраваць Урад моцны, які не будзе хадзіць і плакацца, што там складана, там цяжка. Усюды складана, цяжка і будзе няпроста. Але трэба варушыцца, трэба працаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што многіх міністраў ён назначыў да выбараў: "Гэта натуральны працэс быў. Але гэта не значыць, што яны атрымалі індульгенцыю. Гэта ваш (давераных асоб і членаў будучай камісіі. - Заўвага) пункт гледжання. З вашага пункту гледжання, хто працуе, хто не працуе. Вазьміце ў камісію гэта меркаванне і потым, сфармуляваўшы, даложыце".

"Мне хацелася б, каб не адзін я там росчыркам пяра гэта ўсё рабіў і не па той схеме, як гэта звычайна ў нас прынята. Але каб мы атрымалі інфармацыю ў дэталях па ўсіх. У вас павінна быць інфармацыя і ад журналістаў, і ад звычайных людзей. Усё трэба ўзяць, прааналізаваць для таго, каб унесці адпаведныя прапановы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў час даклада Генеральнага пракурора закраналася пытанне вываду валюты за межы краіны. Высветлілася, што за год за мяжу былі выведзены не дзясяткі мільёнаў грашовых сродкаў, як дакладвалася раней Прэзідэнту, а сотні. "Далажылі, што няма праблем: калі і вывелі за год, 15 мільёнаў або вось столькі. Аказваецца, не мільёны, а сотні мільёнаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Гэта насуперак таму, што Прэзідэнт даручаў не дапускаць, каб замежныя інвестары, якія сыходзяць з Беларусі, неабгрунтавана выводзілі валютныя сродкі, заробленыя тут. "Сыходзіце - ідзіце", - такім было і застаецца асноўнае патрабаванне Кіраўніка дзяржавы.

"Дывідэнды выводзяць. Яны што, асабіста самі зарабілі гэтыя грошы? Мізэрную зарплату нашым людзям заплацілі, самі зматаліся за мяжу і вывелі яшчэ грошы. Гэта што, нармальна?" - крытычна выказаўся пра сітуацыю, якая склалася, Аляксандр Лукашэнка.

"У бліжэйшы час мы разбяромся з Урадам, як яны рэалізоўвалі тыя рашэнні, якія мною былі прыняты", - сказаў Прэзідэнт.